Уладзімер Альгердавіч
Уладзімер Альгердавіч лац. Uładzimier Algierdavič / Alhierdavič | |
Уладзімер Альгердавіч (уяўны партрэт), 1578 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1331 |
Памёр | па 1398 |
Бацька | Альгерд |
Уладзі́мер Альгердавіч (каля 1331 — па 1398) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь кіеўскі (1362—1394), князь капыльскі (1395 — па 1398). Першы кіеўскі князь з дынастыі Гедзімінавічаў.
Імя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валдмер, Валдэмар або Волдымар (Waldmer, Valdemar, Woldimar) — імя германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) паходзіць ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[2], а аснова -мер- (-мар-, -мір-) (імёны ліцьвінаў Мервін, Маргела, Нетымер; германскія імёны Mervinus, Mergell, Nitimerus) — ад гоцкага і бургундзкага meris 'славуты, выбітны'[3].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Володимеръ Ольгердовичь[4] (1362—1392 гады)[5]; Задвинскии ратныи грамоты со Володимером (7 лістапада 1367 году)[6]; per Woldemarum filium Algherden (7 лістапада 1367 году)[7]; Володимеръ Олгордовичь (Сафійскі першы летапіс)[8].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзін з старэйшых сыноў вялікага князя літоўскага Альгерда ад першага шлюбу зь віцебскай князёўнай Марыяй.
Відаць, быў пастаўлены ў Кіеве па перамозе Вялікага Княства Літоўскага над татарамі-манголамі ў бітве на Сініх Водах, калі Кіеўскае княства перайшло пад уладу ВКЛ[9]. На кіеўскім стальцы праводзіў самастойную палітыку, тытулаваўся вялікім князем кіеўскім, біў уласную манэту[10]. Гэта былі першыя манэты, адбітыя на тэрыторыі ВКЛ[11].
Па ўзыходжаньні на польскі сталец Ягайлы Ўладзімер падпісаў у 1386, 1388 і 1389 гадох тры дакумэнты пра сваю васальную залежнасьць і адданасьць каралю, каралеве Ядзьвісі і Кароне.
Па Востраўскім пагадненьні 1392 году, калі Вітаўт стаў вялікім літоўскім князем, ягоны хаўрусьнік Скіргайла запатрабаваў падпарадкаваньня Кіеўскага княства сабе. Калі Ўладзімер не падпарадкаваўся, Вітаўт рушыў да Дняпру, узяў Жытомір і Оўруч, а Скіргайла — Чаркасы ды Зьвянігарад (1393 год). Аднак неўзабаве было заключанае замірэньне, бо пачалася вайна з крыжакамі. Але ўжо ў 1395 годзе Вітаўт і Скіргайла падышлі да самога Кіеву. Уладзімер не чыніў ім аніякага супраціву. Замест Кіеву ён атрымаў Капыль (на Случчыне) з палоскай зямлі ад верхавінаў Нёману ракой Случчу да Прыпяці і ўздоўж яе.
Ажаніўся зь нейкай Ганнай[a], меў сыноў Алельку, Івана і Андрэя. Ад Алелькі пайшлі слуцкія князі Алелькавічы; ад Івана пайшлі князі Бельскія.
Апошні раз упамінаецца ў 1398 годзе як сьведка ўмовы Вітаўта з Тэўтонскім ордэнам. Далейшы лёс невядомы. Перад сьмерцю прыняў схіму[b].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1509.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 125.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 37.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
- ^ Договор между Тевтонским орденом в Ливонии и ВКЛ о пограничном режиме на реке Двине (1367), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 239.
- ^ Rowell S. C. Уздым Літвы: Паганская імпэрыя ва Ўсходне-Цэнтральнай Эўропе, 1295—1345 = Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295-1345. — Cambridge University Press, 1994. — С. 100. — (Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series). — ISBN 9780521450119
- ^ Petrauskas R., Kiaupienė J. Lietuvos istorija. Nauji horizontai: dinastija, visoumenė, valstybė. — Baltos lankos, 2009. — Т. IV. — С. 373–374. — ISBN 978-9955-23-239-1 (лет.)
- ^ Sajauskas S. Pirmųjų Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės monetų ypatybės // Часопіс «Pinigų studijos». — 2004. — С. 83–84. (лет.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Войтович Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І.Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1