Будапэшцкая фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 47°30′9″ пн. ш. 19°3′7″ у. д. / 47.5025° пн. ш. 19.05194° у. д. / 47.5025; 19.05194

«Будапэшцкая фондавая біржа»
вуг. Budapesti Értéktőzsde
Тып таварна-фондавая
Разьмяшчэньне Будапэшт, Вугоршчына
Заснаваная 18 студзеня 1864 (160 гадоў таму)
Уладар Вугорскі нацыянальны банк
Ключавыя асобы Міхай Патаі, Фэрэнц Гэрхарт[1]
Валюта форынт
Тавары збожжа, золата, нафта, прыродны газ і срэбра
Колькасьць лістынгаў 40 (2021 год)[2]
РынКап 8,770 трлн форынтаў (9 траўня 2021 г.; 28,566 млрд $)
Аб'ём 6,703 трлн форынтаў (2020 год[3]; 21,77 млрд $)[4]
Індэксы «Букс», «БуМікс»
Сайт bet.hu

«Будапэ́шцкая фо́ндавая бі́ржа» («БФБ») — біржа Вугоршчыны, заснаваная ў студзені 1864 году ў якасьці «Вугорскай біржы».

На 2021 год месьцілася ў 5-й акрузе Будапэшту на плошчы Свабоды, д. 7[5]. Гандаль ажыцьцяўляўся ў будні з 8:15 да 17:20[6]. На безадкладным рынку гандлявалі паямі 40 прадпрыемстваў і аднаго біржавога фонду, 41 укладальніцкім і адным кампэнсацыйным білетам, 6 аблігацыямі скарбу (Міністэрсва фінансаў), 27 аблігацыямі ўраду, 42 закладнымі (іпатэчнымі) аблігацыямі і 53 карпаратыўнымі аблігацыямі, пасьведаньнямі на паі 9 прадпрыемстваў і 7 біржавых фондаў, ф'ючарсамі на золата, нафту, прыродны газ і срэбра, кантрактамі на продаж даляра ЗША, брытанскі фунта стэрлінгаў і эўра, а таксама ф'ючарсамі на эўрааблігацыі[2].

На рынку вытворнікаў гандлявалі ф'ючарсамі на 1 біржавы індэкс і паі 13 прадпрыемстваў, а таксама на 13 валютаў: аўстралійскі даляр, даляр ЗША, канадзкі даляр, нарвэскую крону, польскі злоты, расейскі рубель, турэцкую ліру, фунт стэрлінгаў, чэскую крону, швайцарскі франк, швэдзкую крону, эўра і японскую ену[7]. На таварным рынку прадавалі 8 ф'ючарсаў на збожжа[8].

Уласьнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 30 красавіка 2021 году пайшчыкамі біржы былі 74 асобы, найбольшыя зь якіх: 1) Вугорскі нацыянальны банк — 81,3 %, 2) Вугорскае аддзяленьне «Галоўнага крэдытнага банку» (Бэльгія) — 5,2 %, 3) Кіраўніцтва ўкладаньнямі «Канкорд» — 4,1 %, 4) банк «Народная ашчадная каса» — 2,6 %, 5) «Эрст-банк Вугоршчыны» — 2,3 %, 6) «Вугорская нафтагазавая прамысловасьць» («ВНГП») — 2,1 %, 7) брокерскі дом «Квэстар» — 1,2 %[9].

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год Управа і Назіральная рада «БФБ» налічвалі па 5 чалавек[10]. У складзе Ўправы налічвалася 7 аддзелаў: 1) інфармацыйнай бясьпекі; 2) інфармацыйнай распрацоўкі і дзейнасьці; 3) продажаў, маркетынгу і набыцьця эмітэнтаў; 4) гандлю, разьвіцьця занятасьці і эмітэнтаў; 5) прававы; 6) фінансавы; 7) Сакратарыят[11]. Пры Ўправе працавалі 3 прадстаўнічыя камісіі: 1) гандлёвая — ў асобе 11 прадстаўнікоў, 2) эмітэнтаў — у асобе 12 прадстаўнікоў, 3) прадстаўнік укладальнікаў[12]. Таксама дзейнічала 3 прафэсійныя камісіі: 1) разьлікаў — з 8 асобаў, 2) індэксная — з 8 асобаў, 3) адказнага карпаратыўнага кіраваньня — зь 17 асобаў[13].

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год на «Будапэшцкай фондавай біржы» налічвалася 23 сябры: Нацыянальны банк Парыжу «Парыба» (Францыя), «Сярэдне-эўрапейскі міжнародны банк», Вугорскае аддзяленьне «Сіцібанка Эўропы» (Ірляндыя), брокерскі дом «Канкорд», Вугорскае аддзяленьне «Нямецкага банку» (Франкфурт-на-Майне), «Эквілор», «Укладаньні Эрста», Вугорскае аддзяленьне банку «Міжнародная нідэрляндзкая група» (Амстэрдам), «Інтэрактыўныя брокеры Люксэмбургу», «Гандлёва-крэдытны банк», Вугорскае аддзяленьне «Галоўнага крэдытнага банку» (Бэльгія), «Вугорскі банк вонкавага гандлю», «Банк вугорскіх ашчадных каапэратываў», банк «Народная ашчадная каса», «Фінансы Айчыны», «Райфайзэн-банк» (Аўстрыя), «Цэнтрабанк Райфайзэн», «Выпадковы капітал», «Выпадковы капітал», «Агульнае таварыства» (Францыя), «Укладаньні СПБ», Вугорскі нацыянальны банк, «Унікрэдыт-банк Вугоршчыны», «Ўуд і кампанія» (Чэхія)[14].

Біржавы збор за гандаль паямі і пасьведчаньнямі складаў 0,015 % ад іх вартасьці, за гандаль аблігацыямі — 0,01 %, ф'ючарсамі на паі — 0,006 %, ф'ючарсамі на індэксы — 0,00375 %[15]. Рынкаўтваральнікамі выступалі 4 прадпрыемствы: банк «Народная ашчадная каса», «Вугорскі банк вонкавага гандлю», «Цэнтрабанк Райфайзэн» (Аўстрыя) і «Укладаньні Эрста»[16].

Індэксы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год «Будапэшцкая фондавая біржа» вылічала 3 індэксы паёў і 5 індэксаў аблігацыяў[17].

  • «Будапэшцкі біржавы індэкс» («Букс»). Даходны індэкс з улікам дывідэндаў, які пачалі вылічаць у кастрычніку 1999 году ад 1000 пунктаў на 2 студзеня 1991 году. Яго склад пераглядаецца двойчы на год у сакавіку і верасьні. Зьмяшчае паі да 25 найбольшых прадпрыемстваў паводле рынкавай капіталізацыі ў вольным абарачэньні. Вылічаецца цягам гандлёвага дня ў рэальным часе. На рынку вытворнікаў прадаюць апцыёны і ф'ючарсы на яго[18]. На 9 траўня 2021 году ўлучаў 16 прадпрыемстваў і меў вартасьць 44164,37 пунктаў[19].
  • «БуМікс». Даходны індэкс, які вылічаюць кожныя 5 сэкундаў з 4 студзеня 2004 году ад 1000 пунктаў. Улучае да 25 прадпрыемстваў з рынкавай капіталізацыяй да 125 млн форынтаў. Таксама прадаецца ф'ючарс на яго[20]. На 9 траўня 2021 году налічваў 16 прадпрыемстваў і вырас да 3696,3 пунктаў[21].
  • «Сярэдне-Эўрапейскі індэкс блакітных фішак» («СЭТоп»). Цэнавы індэкс, які стварылі 1 студзеня 2001 году ад 1000 пунктаў. Вылічаецца ў эўра аднойчы на дзень. Зьмяшчае да 25 найбольшых прадпрыемстваў, паямі якіх гандлююць на адной зь 7 такіх біржаў, як: «Біржа каштоўных папераў у Браціславе» (Славаччына), «Будапэшцкая фондавая біржа», «Бухарэцкая фондавая біржа» (Румынія), «Біржа каштоўных папераў у Варшаве» (Польшча), «Заграбская біржа» (Харватыя), «Люблянская біржа» (Славенія) і «Біржа каштоўных папераў Прагі» (Чэхія). Пры гэтым, у індэксе маглі прысутнічаць да 7 прадпрыемстваў з адной біржы[22]. На 9 траўня 2021 году ўлучаў 25 прадпрыемстваў і вырас да 2108,14 пунктаў[23].

Тры зь 5 індэксаў аблігацыяў тычыліся іпатэчных закладаў на жытло.

  • «Будапэшцкі індэкс закладных аблігацыяў сукупнага даходу» («БЗАкс СД»). Даходны індэкс зьмяшчаў аблігацыі, якія мелі цьвёрдую стаўку, вартасьць ад 3 млрд форынтаў за выпуск і звыш году да пагашэньня[24]. Пачаў вылічацца 30 лістапада 2018 году ад 100 пунктаў. На 9 траўня 2021 году вырас да 107,3151 пунктаў.
  • «Будапэшцкі індэкс закладных аблігацыяў 3-гадовага прыбытку» («БЗАкс 3ГП»). Вылічаецца з 3 сьнежня 2018 году ад 1,6399 пункту. На 9 траўня 2021 году ўпаў да 1,381 пункту.
  • «Будапэшцкі індэкс закладных аблігацыяў 5-гадовага прыбытку» («БЗАкс 5ГП»). Вылічаецца з 12 красавіка 2018 году ад 2,4526 пункту. На 9 траўня 2021 году ўпаў да 1,1385 пункту[25].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 студзеня 1864 году ў Пэшце (Аўстра-Вугоршчына) пачала дзейнічаць «Вугорская біржа», якую разьмясьцілі ў будынку Страхавога таварыства «Лойд». Першым старшынёй біржы стаў Фрыдзьеш Кохмайстар, які займаў пасаду 46 гадоў (1864—1900). Пры адкрыцьці біржы гандлявалі паямі 17 прадпрыемстваў, 11 валютамі, 9 дзяржаўнымі аблігацыямі і адной закладной (іпатэчнай) аблігацыяй. У 1868 годзе «Вугорская біржа» набыла Збожжавую палату, пасьля чаго пераўтварылася ў «Будапэшцкую таварна-фондавую біржу» («БТФБ»). У 1872 годзе міністар гандлю зацьвердзіў статуты 550 фінансавых і 15 прамысловых акцыянэрных таварыстваў, паі якіх разьмясьцілі на «БТФБ». У 1873 годзе біржу перамясьцілі ў новы будынак на рагу Вурмскай вуліцы і вуліцы Марыі Тэрэзіі. У траўні 1873 годзе адбыўся 1-ы абвал фондавага рынку, аднова вартасьці якога заняла 15 гадоў. У 1875 годзе гадавы гандаль збожжам на «БТФБ» вырас да 400 000 тонаў. Пасьля 1889 году цэны на паі, разьмешчаныя на «БТФБ», сталі абнародаваць на Венскай (Аўстрыя), Лёнданскай (Ангельшчына), Парыскай (Францыя) і Франкфурцкай біржах (Нямецкая імпэрыя). З 1890 году аблігацыі ўраду Вугоршчыны сталі перапрадаваць на Амстэрдамскай (Нідэрлянды), Бэрлінскай, Лёнданскай і Парыскай фондавых біржах. На пачатку 1900 году на «БТФБ» гандлявалі 310 каштоўнымі паперамі. У 1900 годзе гандаль збожжам на біржы дасягнуў 1 млн тонаў. У 1913 годзе гадавое абарачэньне біржы дасягнула 1 млн паёў, а абарачэньне «Будапэшцкага разьлікова-ашчаднага саюзу» — 2,7 млрд кронаў. Таксама ў 1913 годзе гандаль збожжам склаў каля 1,5 млн тонаў. На ліпень 1914 году на біржы гандлявалі паямі амаль 500 прадпрыемстваў[26].

27 ліпеня 1914 году біржу зачынілі ў сувязі з пачаткам Першай сусьветнай вайны. У 1918 годзе «БТФБ» адчынілі. Гадавы гандаль перавысіў 7,2 млн каштоўных папераў. 14 ліпеня 1931 году біржу зачынілі ў сувязі з разарэньнем найбольшых банкаў Нямеччыны. У 1932 годзе аднавілі гандаль дзяржаўнымі аблігацыямі, пасьля чаго сталі гандляваць паямі 18 прадпрыемстваў. У 1941 годзе шматкроць вырасьлі цэны на паі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасьці ў сувязі з уступленьнем Вугоршыны ў Другую сусьветную вайну. У 1942 годзе ўрад Вугоршчыны забараніў пазабіржавы гандаль паямі і абавязаў абнародаваць зьвесткі пра ўласьнікаў і ўласнасьць прадпрыемстваў. 15 сьнежня 1944 году біржа прыпыніла гандаль у сувязі з савецкай аблогай Будапэшту. У жніўні 1946 году «БТФБ» аднавіла дзейнасьць пасьля ўвядзеньня форынта. Прадпрыемствы перасталі рабіць выплаты па аблігацыях і дывідэндаў у сувязі з ваеннымі разбурэньнямі, таму іх вартасьць падала. У 1948 годзе ўрад Вугоршчыны закрыў біржу і нацыяналізаваў яе ўласнасьць[27].

1 сакавіка 1990 году набыў моц Закон «Аб каштоўных паперах». 21 чэрвеня 1990 году адбыўся ўстаноўчы сход «Будапэшцкай фондавай біржы» («БФБ»), на якой пачаўся гандаль паямі прадпрыемства «Турыстычныя пуцёўкі, падарожжы і перавозкі» («ТПДП»). Заснавальнікамі выступіў 41 брокер. Празь біржу прыватызавалі такія прадпрыемствы, як сетка крамаў «Скала-Цоп», банк «Народная ашчадная каса», «Вугорская нафтагазавая прамысловасьць» («ВНГП»), «Вугорская сувязь», забудоўнік «Домус», гароднінакансэрвавы камбінат «Глёбус» і завод лекаў «Рыхтэр». У 1992 годзе біржавую пляцоўку перанесьлі з Гандлёвага цэнтру на вуліцы Вацы ў старадаўні будынак у 5-й акрузе Будапэшту па вуліцы Дэка Фэрэнца, д. 5. У 1995 годзе разам з адкрытым выкрыкам на пляцоўцы сталі выкарыстоўваць Шматрынкавую гандлёвую сыстэму (ШРГС) для аддаленых заявак. Адначасна запусьцілі рынак вытворнікаў, дзе гандлявалі апцыёнамі і ф'ючарсамі. 31 сакавіка 1995 году стварылі «Будапэшцкі індэкс» («Букс») і рынак ф'ючарсаў. У ліпені 1998 году на «БФБ» прадставілі кантракты на аснове асобных паёў. У верасьні 1999 году электронны аддалены гандаль цалкам замяніў выкрыкі заявак на пляцоўцы. У лютым 2000 году на рынку апцыёнаў зьявіліся вытворнікі. У красавіку 2002 году Рада «БФБ» вырашыла пераўтварыць біржу ў таварыства з абмежаванай адказнасьцю, якое стварылі 1 ліпеня 2002 году. 6 верасьня 2004 году запусьцілі 2-і індэкс «БуМікс» для сярэдніх і малых прадпрыемстваў. У сакавіку 2007 году біржу перамясьцілі ў былы Княскі палац па праспэкце Андрашы, д. 93. У студзені 2010 году «БФБ» стала ўдзельніцай «Холдынгу фондавых біржаў ЦУЭ» (Аўстрыя). 6 сьнежня 2013 году перайшлі на выкарыстаньне нямецкай гандлёвай сыстэмы «Ксэтра», якую выкарыстоўвалі ў 18 краінах Эўропы. У лютым 2015 году біржу перанесьлі ў будынак на плошчы Свабоды. 20 лістапада 2015 году Вугорскі нацыянальны банк выкупіў 68,8 % паёў «БФБ» у «Холдынгу фондавых біржаў ЦУЭ» і «Аўстрыйскага кантрольнага банку»[28].

У 2019 годзе выручка «Будапэшцкай фондавай біржы» вырасла да 2,652 млрд форынтаў (8,985 млн $), а прыбытак — да 1,496 млрд форынтаў (5,068 млн $)[29]. За 2020 год агульнае абарачэньне «Будапэшцкай фондавай біржы» на рэгуляваным і шматбаковым безадкладных рынках вырасла да 7,024 трлн форынтаў (22,813 млрд даляраў ЗША)[4], зь якіх 95 % прыпала на паі прадпрыемстваў[3]. Пагатоў, абарачэньне на вытворным рынку скарацілася да 3,741 трлн форынтаў (12,151 млрд $), зь якіх 14,6 % прыпала на біржавы індэксны фонд і 13,3 % на паі асобных прадпрыемстваў[30].

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Фрыдзьеш Кохмайстар (1864—1900)
  • Лаяш Бокраш (чэрвень 1990 — люты 1995)
  • Шандор Цырак (люты—красавік 1995)
  • Янаш Саз (красавік 1995 — красавік 1996)
  • Жыгмонд Яраі (красавік 1996 — чэрвень 1998)
  • Фарбод Лотфі (чэрвень—верасень 1998)
  • Андраш Шымор (верасень 1998 — красавік 2002)
  • Дзьёрдзь Яксіць (красавік 2002 — чэрвень 2004)
  • Атыла Шалаі-Бэрзэвіцы (чэрвень 2004 — чэрвень 2008)
  • Міхай Патаі (чэрвень 2008 — верасень 2011)
  • Міхаэль Бюль (лістапад 2011 — лістапад 2015)
  • Мартан Надзь (сьнежань 2015 — сакавік 2017)
  • Рыхард Вег (сакавік 2017 — травень 2019)
  • Міхай Патаі (з траўня 2019-га)[31]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Управа і Назіральная камісія (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  2. ^ а б Безадкладны рынак (паёў) (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  3. ^ а б Біржавое абарачэньне сябраў біржы на безадкладным рынку за 2020 год (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 29 красавіка 2020 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  4. ^ а б Статыстыка абменных курсаў (307,93 форынтаў за даляр у сярэднім за 2020 год) (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 29 красавіка 2020 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  5. ^ Галаўная сядзіба (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  6. ^ Час гандлю (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  7. ^ Вытворны рынак (тэрміновыя валютныя кантракты) (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  8. ^ Таварны рынак (ф'ючарсы на збожжа) (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  9. ^ Зьмены ва ўласнасьці на 30 красавіка 2021 году (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 4 траўня 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  10. ^ Арганізацыйная будова (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  11. ^ Арганізацыя (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  12. ^ Органы прадстаўленьня зацікаўленасьцяў (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  13. ^ Прафэсійныя камісіі (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  14. ^ Гандлёвыя прадпрыемствы (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  15. ^ Плата за зьдзелкі (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  16. ^ Цэнаўтварэньне (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  17. ^ Індэксы (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  18. ^ Індэкс «Букс» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  19. ^ Склад кошыка «Букс» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  20. ^ Індэкс «БуМікс» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  21. ^ Склад кошыка «БуМікс» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  22. ^ Індэкс «СЭТоп» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  23. ^ Склад кошыка «СЭТоп» (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  24. ^ Індэксы закладных аблігацыяў (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  25. ^ Агляд рынку, індэксы закладных аблігацыяў (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  26. ^ Тамаш Караньі, Нора Сэлеш. 1864—1914: біржа нарадзілася (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  27. ^ Тамаш Караньі, Нора Сэлеш. 1914—1948: ад Першай да Другой сусьветнай вайны (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  28. ^ Тамаш Караньі, Нора Сэлеш. З 1990-га па сёньняшні дзень: адраджэньне (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  29. ^ Сабо Гэргэй, Рыхард Вег, Каталіна Шамэль. Справаздача за 2019 год (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 29 красавіка 2020 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  30. ^ Абарачэньне брокерскіх прадпрыемстваў на вытворным рынку за 2020 год (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 29 красавіка 2020 г. Праверана 9 траўня 2021 г.
  31. ^ Сучасныя і ранейшыя старшыні (вуг.) // ТАА «Будапэшцкая фондавая біржа», 2021 г. Праверана 9 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]