Перайсьці да зьместу

Тэхналёгія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Да сярэдзіны XX стагодзьдзя разьвіцьцё касьмічных тэхналёгіяў дазволіла чалавеку дасягнуць космасу і дасьледаваць ягоную прастору.

Тэхналёгія (ад стар.-грэц. τέχνη — «мастацтва, майстэрства, хітрасьць» , і -λογία — «навука») — у шырокім значэньні, гэта выкарыстоўваньне ведаў, прыладаў, машынаў, тэхнікі, рамёстваў, сыстэмаў і мэтадаў іхнай арганізацыі, а таксама майстэрства для кантролю, прыстасаваньня і пераўтварэньня навакольнага асяродзьдзя. Тэхналёгія можа таксама ставіцца да збору такіх прыладаў, у тым ліку машынаў, правядзеньня мадыфікацыяў, новых мераў і працэдураў. Тэхналёгіі істотна паўплывалі на здольнасьць чалавека кантраляваць і адаптаваць да сябе натуральнае асяродзьдзе. Гэты тэрмін ужываецца як у агульным значэньні, гэтак і ў канкрэтных галінах жыцьця, напрыклад «будаўнічыя тэхналёгіі», «мэдычныя тэхналёгіі», «перадавыя тэхналёгіі».

Чалавек пачаў разьвіваць тэхналёгіі зь пераўтварэньня прыродных матэрыялаў у простыя прылады. У старажытнасьці, адкрыцьцё мажлівасьці кантролю агню, дазволіла павялічыць крыніцы ежы, а вынаходніцтва кола, дапамагло людзям у вандроўках і разьвіцьці кантролю за навакольным асяродзьдзем. Сучасныя тэхналягічныя вынаходкі, напрыклад друкавальны прэс, тэлефон і інтэрнэт, зьнімаюць фізычныя бар’еры для зносінаў і дазволілі людзям узаемадзейнічаць на глябальным узроўні. Аднак, часьцяком тэхналёгіі выкарыстоўваюцца ня толькі ў мірных мэтах, але і для вынаходніцтва новых відаў зброі, якая зь цягам часу становіцца больш разбуральнай.

Тэхналёгіі паўплывалі на грамадзтва ў шэрагу кірунках. У шматлікіх грамадзтвах тэхналёгіі дапамаглі распрацаваць больш разьвітую эканоміку, у тым ліку сучасную глябальную эканоміку, а таксама паўплывала на рост вольнага часу чалавека. Многія тэхналягічныя працэсы вытворчасьці маюць непажаданыя пабочныя прадукты, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзя, а таксама выкарыстоўваюць прыродныя рэсурсы ў шкоду навакольнага асяродзьдзя Зямлі. Розныя рэалізацыі тэхналёгіяў уплываюць на каштоўнасьці грамадзтва, бо новыя тэхналёгіі часьцяком ставяць новыя этычныя пытаньні да грамадзтва. Прыклады ўключаюць уздым панятку эфэктыўнасьці ў пляне прадукцыйнасьці чалавека, тэрмін першапачаткова прымяняўся толькі да машынаў.

Філясофскія спрэчкі паўсталі па існым і будучым выкарыстаньні інфармацыйных тэхналёгіяў у грамадзтве, рознагалосьсі адбываюцца з нагоды пытаньня ўзьдзеяньня тэхналёгіі на стан чалавека. Нэалудызм, анарха-прымітывізм і іншыя падобныя рухі крытыкуюць паўсюднае выкарыстаньне тэхналёгіяў у сучасным сьвеце, выказваючы меркаваньне, што гэта наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю й адштурхвае людзей адзін ад аднаго. Прыхільнікі ідэалёгіяў, як то трансгуманізм і тэхна-прагрэсівізм, лічаць неабходным працягваньне разьвіцьця тэхнічнага прагрэсу, як выгаднага для грамадзтва і стану чалавека. Да нядаўняга часу лічылася, што разьвіцьцё тэхналёгіяў было абмежавана толькі людзьмі, але нядаўнія навуковыя дасьледаваньні паказалі, што іншыя прыматы і некаторыя дэльфіны распрацавалі простыя прылады і навучыўся перадаваць свае веды іншым пакаленьням.

Дагістарычны час

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Старажытнае рубіла ў руцэ чалавека.

Першыя інструмэнты былі распрацаваныя гамінідамі шляхам назіраньняў ды мэтадам спробаў і памылак[1]. Мільёны гадоў таму яны навучыліся рабіць першыя каменныя прылады, выбіваючы кавалкі з каменьня, стварыўшы рубіла ці ручную сякеру[2]. Гэтая практыка была ўдасканаленая тысячу гадоў таму дзякуючы тэхнікі адцісканьня, што дазволіла рабіць больш дакладныя прылады[3].

Здабыцьцё агню было апісанае Чарлзам Дарвінам як «магчыма, найвялікшая рэч калі-небудзь зробленая чалавекам»[4]. Археалягічныя, дыетычныя і сацыяльныя зьвесткі выявілі «бесьперапыннае выкарыстаньне [чалавекам] агню» як мінімум 1,5 мільёна гадоў[5]. Агонь, які распальваўся дровамі і драўляным вугалем, дазваляў раньнім людзям гатаваць ежу, каб павялічыць ейную засваяльнасьць, палепшыўшы пажыўную каштоўнасьць і пашырыўшы колькасьць прадуктаў, якія можна было зьесьці[6]. Паводле існай гіпотэзы здольнасьць гатаваць спрыяла павелічэньню памеру мозгу гамінідаў, але некаторыя дасьледнікі лічаць гэтыя доказы непераканаўчымі[7]. Археалягічныя сьведчаньні вогнішчаў датуюцца 790 тысяч гадоў таму, але дасьледнікі мяркуюць, што гэта, верагодна, паспрыяла інтэнсыфікацыі сацыялізацыі чалавека і, магчыма, паспрыяла зьяўленьню мовы[8][9].

Іншыя тэхналягічныя дасягненьні, якія былі дасягнутыя ў эпоху палеаліту, улучаюць зьяўленьне адзеньня і жыльля[10]. Бракуе адзінага меркаваньня аб прыблізным часе ўжываньня гэтых вынаходніцтваў, але археолягі маюць доказы таго, што адзеньне выкарыстоўвалася ўжо 90—120 тысяч гадоў таму[11], а жытло — 450 тысяч гадоў таму[10]. Цягам палеаліту жылыя памяшканьні рабіліся больш дасканалымі і складанымі, ужо 380 тысяч гадоў таму людзі будавалі часовыя драўляныя хаціны[12][13]. Адзеньне, вырабленае з футра і скуры паляваных жывёлаў, дапамагло чалавецтву пашырыць свой арэал у халодныя рэгіёны, таму людзі пачалі міграваць з Афрыкі каля 200 тысяч гадоў, першапачаткова рухаючыся ў Эўразію[14][15][16].

Нэалітычныя артэфакты, у тым ліку бранзалеты, аканечнікі сякераў, долаты і прылады паліраваньня.

Нэалітычная рэвалюцыя, вядома таксама як першая сельскагаспадарчая рэвалюцыя, стала рухавіком да паскарэньня тэхналягічных інавацыяў і адпаведнага росту сацыяльнай складанасьці чалавечых групаў[17]. Вынаходніцтва шліфаванай каменнай сякеры дазволіла рабіць высечку лесу зь вялікім ахопам тэрыторыі і заняцца сельскай гаспадаркай[18]. Такое дастасаваньне сякеры значна пашырылася ў нэаліце, але зьявілася яшчэ ў мэзаліце ў некаторых рэгіёнах, як то на востраве Ірляндыі[19]. Сельская гаспадарка пачала карміць большую колькасьць людзей, а пераход да аседласьці дазволіў адначасна выхоўваць больш дзяцей, бо немаўлятаў ужо ня трэба было насіць з сабой качэўнікам. Акрамя таго, дзеці маглі быць улучаныя ў працу па вырошчваньні ўраджаю з большым плёнам, чым яны маглі браць удзел у паляваньні ці зьбіральніцтве[20][21].

З гэтым павелічэньнем колькасьці насельніцтва і наяўнасьці працоўнай сілы павялічылася спэцыялізацыя працы[22]. Гэта выклікала пераход ад раньненэалітычных вёсак да першых гарадоў, такіх як Урук, і першых цывілізацыяў, як Шумэр. Дакладна невядома, што паўплывала на рост гарадоў, аднак лічыцца, што зьяўленьне ўсё больш герархічных сацыяльных структураў і спэцыялізаванай працы, гандлю і войнаў паміж сумежнымі плямёнамі, а таксама неабходнасьць калектыўных дзеяў дзеля пераадоленьня экалягічных пытаньняў, як то абвадненьня, адыгралі сваю ролю[23]. Вынаходніцтва пісьма прывяло да распаўсюду ведаў і стала асновай для разьвіцьця гісторычных ведаў, зьяўленьню бібліятэкаў, школаў і навуковых дасьледаваньняў[24].

Сталыя ўдасканаленьні прывялі да стварэньня печаў і кавальскіх мяхоў і ўпершыню далі мажлівасьць выплаўляць і каваць з золата, медзі, срэбра і волава, то бок самародных мэталаў, якія сустракаюцца ў адносна чыстым выглядзе ў прыродзе[25]. Перавагі медных прыладаў перад каменнымі, касьцянымі і драўлянымі сталі хутка відавочнымі раньнім людзям. Самародная медзь, верагодна, выкарыстоўвалася чалавекам амаль з пачатку нэаліту, то бок 10 тысяч гадоў таму[26], але ў прыродзе яна не сустракаецца ў вялікіх колькасьцях. Аднак, большы распаўсюд выкарыстаньне мэталаў набыло калі чалавек пачаў стопліваць медныя руды ў агню на дровах або драўняным вугалі. У рэшце рэшт апрацоўка мэталаў прывяла да адкрыцьця такіх стопкаў, як то бронза і латунь (блізу 4000 году да н. э.). Першае ўжываньне стопка жалеза, як то сталь, датуецца прыкладна 1800 годам да н. э.[27].

Старажытнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Кола было вынайдзенае блізу 4000 году дэ н. э.

Пасьля здабыцьця агню людзі знайшлі прыстасаваньне і іншым формам энэргіі. Самым раньнім вядомым выкарыстаньнем энэргіі ветру ёсьць ужываньне ветразевага судна, а першы вядомы запіс аб ягоным выкарыстаньні датуецца блізу 7000 году да н. э. на Ніле[28]. З дагістарычных часоў эгіпцяне, верагодна, выкарыстоўвалі сілу штогадовага разьліву Ніла дзеля арашэньня сваіх зямель, паступова навучыўшыся рэгуляваць водныя плыні з дапамогай адмыслова пабудаваных ірыгацыйных каналаў і «ўлоўных» басэйнаў[29]. Старажытныя шумэры ў Мэсапатаміі выкарыстоўвалі складаную сыстэму каналаў і дамбаў дзеля адводу вады з рэкаў Тыгр і Эўфрат дзеля абвадненьня сваіх угодзьдзяў[30].

Археолягі мяркуюць, што кола было вынайдзенае адначасна і незалежна адзін ад аднаго ў Мэсапатаміі на тэрыторыі сучаснага Іраку, на Паўночным Каўказе і ў Цэнтральнай Эўропе[31]. Ацэнкі прыкладнай даты вельмі разыходзяцца і лічыцца, што гэта адбылося паміж 5500 і 3000 гадамі да н. э., пры гэтым большасьць экспэртаў уважаюць 4000 год да н. э. як найбольш набліжаны да гэтага вынаходзтва[32]. Самыя старажытныя артэфакты з малюнкамі калясьнiцаў датуюцца прыкладна 3500 годам да н. э.[33] Зусім нядаўна ў 2002 годзе ў Люблянскім бар’і ў Славеніі было знойдзенае найстарэйшае вядомае драўлянае кола ў сьвеце. Аўстрыйскія экспэрты выявілі, што кола мае ўзрост ад 5100 да 5350 гадоў[34].

Частка старажытнага кола і восі, якія былі знойдзеныя ў Люблянскім бар’і у 2002 годзе.

Вынаходніцтва кола зрабіла рэвалюцыю ў гандлі і вайне. Чалавеку не спатрэбілася шмат часу, каб выявіць, што колавыя вазы можна выкарыстоўваць дзеля перавозкі цяжкіх грузаў. Старажытныя шумэры выкарыстоўвалі ганчарнае кола і, магчыма, вынайшлі яго[35]. Каменнае ганчарнае кола, знойдзенае ў горадзе-дзяржаве Ур, датуецца прыкладна 3429 годам да н. э.[36], аднак у тым жа рэгіёне былі выяўленыя нават больш раньнія фрагмэнты керамікі[36]. Хуткія ганчарныя колы дазволілі наладзіць раньнюю масавую вытворчасьць керамікі, але менавіта выкарыстаньне кола ў якасьці крыніцы энэргіі праз вадзяныя колы, ветракі і нават тапчакі зрабіла рэвалюцыю ў выкарыстаньні нечалавечых крыніцаў энэргіі. Першыя двухколавыя калёсы ўпершыню ўжылі ў Мэсапатаміі і Іране прыкладна ў 3000 годзе да н. э.[37]

Найстаражытнейшымі вядомымі пабудаванымі дарогамі ўважаюцца выбрукаваныя каменьнем вуліцы горада-дзяржавы Ур, датаваныя 4000 годам да н. э.[38] і драўляныя дарогі праз балоты Гластанбэры ў сучаснай Ангельшчыне, датаваныя прыкладна тым жа часам[38]. Першая міжгародняя дарога, якая пачала выкарыстоўвацца блізу 3500 году да н. э.[38], цягнулася на 2400 км ад Пэрсыдзкай затокі да Міжземнага мора[38], але не была высланая аніводным матэрыялам і абслугоўвалася толькі часткова[38]. Прыблізна ў 2000 годзе да н. э. мінойцы на грэцкім востраве Крыт пабудавалі 50-кілямэтровую дарогу, якая пралягала праз горы ад палаца Гортыны на паўднёвым баку вострава да палаца Кнос на паўночным баку вострава[38]. У адрозьненьне ад ранейшай дарогі, Мінойская дарога была цалкам брукаваная[38].

Адзін з старажытнарымскіх аквэдукаў.

Старажытныя мінойскія прыватныя дамы мелі вадаправод[39]. Ванна, практычна ідэнтычная сучаснай, была знойдзеная ў Кноскім палацы[39][40]. Некалькі мінойскіх прыватных дамоў таксама мелі прыбіральні, дзе была сыстэма змываньня вады ў каналізацыю[39]. У старажытных рымлянаў ужо было шмат грамадзкіх прыбіральняў са змываньнем[40], вада зь якіх трапляла ў досыць шырокую каналізацыйную сыстэму[40]. Галоўнай каналізацыйнай сыстэмай у Рыме была Клаака Максіма[40], будаўніцтва якой пачалося ў VI стагодзьдзі да н. э., і якая функцыянае і дасюль[40]. Старажытныя рымляне таксама стварылі складаную сыстэму аквэдукаў[41], якія выкарыстоўваліся дзеля транспартаваньня вады на вялікія адлегласьці[41]. Першы рымскі аквэдук быў пабудаваны ў 312 годзе да н. э.[41] Адзінаццаты і апошні зь іх быў узьведзены ў 226 годзе н. э.[41] У сукупнасьці рымскія аквэдукі мелі працяжнасьць большую за 450 км[41], але менш за 70 км зь іх была ўсталяваныя па-над зямлёй і падтрымліваліся аркамі[41].

Інавацыі працягваліся ў Сярэднявеччы з пашырэньнем вытворчасьці шоўку ў Азіі, а пазьней у Эўропе. Таксама былі вынайдзеныя хамут і падкова. Простыя мэханізмы, як то вагар, шруба і блёк, былі прыстасаваныя былі больш складаныя прылады, як тачку, ветракі і гадзіньнік[42]. Сыстэма ўнівэрсытэтаў разьвівала і распаўсюджвала навуковыя ідэі і практыку. Эпоха Адраджэньня дала шмат навінак, у тым ліку вынаходзтва ў Эўропе рухомага друкарскага прэсу, які спрыяў перадачы ведаў. Тэхналёгія ўсё больш знаходзілася пад уплывам навукі, што пачало цыкль хуткага прагрэсу[43].

Аўтамабіль зрабіў рэвалюцыю ў галіне асабістага транспарту.

Пачынаючы зь Вялікабрытаніі ў XVIII стагодзьдзі, адкрыцьцё парасілавой устаноўкі паклала пачатак Індустрыяльнай рэвалюцыі, у выніку якой быў зроблены шэраг тэхналягічныя адкрыцьцяў, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, горназдабыўной дзейнасьці, мэталюргіі і транспарту. Пачалі будавацца фабрыкі[44]. Праз стагодзьдзе адбылася Другая індустрыяльная рэвалюцыя, якая спрыяла большай колькасьці хуткіх навуковых адкрыцьцяў ды прывяла да разьвіцьця стандартызацыі і масавай вытворчасьці. Былі распрацаваны новыя тэхналёгіі, у тым ліку каналізацыйныя сыстэмы, паўстала электрычнасьць, зьявіліся электрарухавікі, чыгунка, аўтамабілі і самалёты. Гэтыя тэхналягічныя дасягненьні спрычыніліся да значнага разьвіцьця ў мэдыцыне, хіміі, фізыцы і тэхніцы[45]. Яны суправаджаліся сацыяльнымі зьменамі і хуткай урбанізацыяй[46]. Сувязь палепшылася з вынаходніцтвам тэлеграфа, тэлефона, радыё і тэлебачаньня[47].

У XX стагодзьдзі зьявілася мноства інавацыяў. У галіне фізыцы адкрыцьцё ядзернага дзяленнья прывяло як да стварэньня ядзернай зброі, гэтак і да ўкараненьня выкарыстаньня ядзернай энэргіі. Былі вынайдзеныя аналягавыя кампутары, якія дапамаглі чалавецтву ў апрацоўцы складаных зьвестак. У той час як вынаходніцтва вакуўмных лямпаў дазволіла застасаваць лічбавыя вылічэньні на такіх кампутарах як ЭНІАК, але іхны велізарны памер замінаў шырокаму ўжываньню машынаў, пакуль інавацыі ў квантавай фізыцы не дазволілі вынайсьці транзыстар у 1947 годзе, які істотна зьменшыў памеры кампутараў і прывёў да лічбавага пераходу. Інфармацыйныя тэхналёгіі, асабліва аптычнае валакно і валаконна-аптычныя ўзмацняльнікі, дазволілі наладзіць простую і хуткую міжгароднюю сувязь, што пачало эпоху інфармацыі і парадзіла Інтэрнэт. Касьмічная эра пачалася з запуску спадарожніка ў 1957 годзе, а пазьней з запускам экіпажаў на Месяц у 1960-я гады. Арганізаваныя намаганьні ў пошуку пазаземнага розуму палягалі на радыётэлескопы дзеля выяўленьня прыкметаў выкарыстаньня тэхналёгіяў або тэхнасыгнатураў, зробленых іншаплянэтнымі цывілізацыямі. У мэдыцыне былі распрацаваныя новыя тэхналёгіі дзеля дыягностыкі (КТ, ПЭТ і МРТ), лячэньня (напрыклад, апарат для дыялізу, дэфібрылятар, кардыёстымулятар і шырокі спэктар новых фармацэўтычных прэпаратаў) і дасьледаваньняў (напрыклад, клянаваньне інтэрфэрону і ДНК-мікрачыпы)[48].

Дзеля стварэньня і падтрыманьня больш сучасных тэхналёгіяў неабходны складаныя вытворчыя і будаўнічыя мэтады і арганізацыі. У выніку былі створаныя цэлыя галіны дзеля распрацоўкі наступных пакаленьняў усё больш складаных прыладаў. Сучасныя тэхналёгіі ўсё больш абапіраюцца на навучаньне і адукацыю, бо сёньня адмыслоўцы па абслугоўваньні і карыстаньні тэхналёгіяў часта патрабуюць складанай агульнай і спэцыяльнай падрыхтоўкі[49].

  1. Schiffer, M. B. (2013). «Discovery Processes: Trial Models». The Archaeology of Science. Manuals in Archaeological Method, Theory and Technique. Vol. 9. Heidelberg: Springer International Publishing. — С. 185—198. — doi:10.1007/978-3-319-00077-0_13. ISBN 978-3319000770.
  2. «Our earliest technology?». The British Museum.
  3. Minogue, K. (28.10.2010). «Stone Age Toolmakers Surprisingly Sophisticated». Science.org.
  4. Crump, Thomas (2001). «A Brief History of Science». Constable & Robinson. — С. 9. — ISBN 978-1841192352.
  5. Gowlett, J. A. J.; Wrangham, R. W. (1.03.2013). «Earliest fire in Africa: towards the convergence of archaeological evidence and the cooking hypothesis». Azania: Archaeological Research in Africa. 48 (1): 5—30. — doi:10.1080/0067270X.2012.756754.
  6. Stahl, Ann B. (1984). «Hominid dietary selection before fire». Current Anthropology. 25 (2): 151—168. — doi:10.1086/203106.
  7. Wrangham, R. (1.08.2017). «Control of Fire in the Paleolithic: Evaluating the Cooking Hypothesis». Current Anthropology. 58 (S16): S303—S313. — doi:10.1086/692113.
  8. Dunbar, R. I. M.; Gamble, C.; Gowlett, J. A. J., eds. (2014). «Lucy to Language: the Benchmark Papers». Oxford University Press. — ISBN 978-0199652594.
  9. Wade, Nicholas (15.07.2003). «Early Voices: The Leap to Language». The New York Times.
  10. 1 2 Shaar, Ron; Matmon, Ari; Horwitz, Liora K.; Ebert, Yael; Chazan, Michael; Arnold, M.; Aumaître, G.; Bourlès, D.; Keddadouche, K. (1.05.2021). «Magnetostratigraphy and cosmogenic dating of Wonderwerk Cave: New constraints for the chronology of the South African Earlier Stone Age». Quaternary Science Reviews. 259: 106907. — doi:10.1016/j.quascirev.2021.106907.
  11. Hallett, Emily Y.; Marean, Curtis W.; Steele, Teresa E.; Álvarez-Fernández, Esteban; Jacobs, Zenobia; Cerasoni, Jacopo Niccolò; Aldeias, Vera; Scerri, Eleanor M. L.; Olszewski, Deborah I.; Hajraoui, Mohamed Abdeljalil El; Dibble, Harold L. (24.09.2021). «A worked bone assemblage from 120,000–90,000 year old deposits at Contrebandiers Cave, Atlantic Coast, Morocco». iScience. 24 (9): 102988. — doi:10.1016/j.isci.2021.102988. ISSN 2589-0042. PMC 8478944. PMID 34622180.
  12. O’Neil, Dennis. «Evolution of Modern Humans: Archaic Homo sapiens Culture». Palomar College.
  13. Villa, Paola (1983). «Terra Amata and the Middle Pleistocene archaeological record of southern France». Berkeley: University of California Press. — С. 303. — ISBN 978-0520096622.
  14. Cordaux, Richard; Stoneking, Mark (2003). «South Asia, the Andamanese, and the Genetic Evidence for an 'Early' Human Dispersal out of Africa». American Journal of Human Genetics. 72 (6): 1586—1590. — doi:10.1086/375407. PMC 1180321. PMID 12817589.
  15. «'Oldest remains' outside Africa reset human migration clock». Phys.org.
  16. M.; Karakostis, Fotios A.; Grün, Rainer; Stringer, Chris; Karkanas, Panagiotis; Thompson, Nicholas C.; Koutoulidis, Vassilis; Moulopoulos, Lia A.; Gorgoulis, Vassilis G.; Kouloukoussa, Mirsini (2019). «Apidima Cave fossils provide earliest evidence of Homo sapiens in Eurasia». Nature. 571 (7766). Springer Science and Business Media LLC: 500—504. — doi:10.1038/s41586-019-1376-z. ISSN 0028-0836. PMID 31292546.
  17. Kuijt, i., ed. (2002). «Life in Neolithic Farming Communities: Social Organization, Identity, and Differentiation». Fundamental Issues in Archaeology. Springer New York. — ISBN 9780306471667.
  18. Coghlan, H. H. (1943). «The Evolution of the Axe from Prehistoric to Roman Times». The Journal of the Royal Anthropological Institute of Great Britain and Ireland. 73 (1/2): 27—56. — doi:10.2307/2844356. ISSN 0307-3114.
  19. Driscoll, Killian (2006). «The early prehistory in the west of Ireland: Investigations into the social archaeology of the Mesolithic, west of the Shannon, Ireland». Lithics Ireland.
  20. University of Chicago Press Journals (4.01.2006). «The First Baby Boom: Skeletal Evidence Shows Abrupt Worldwide Increase In Birth Rate During Neolithic Period». ScienceDaily.
  21. Sussman, Robert W.; Hall, Roberta L. (1972). «Child Transport, Family Size, and Increase in Human Population During the Neolithic». Current Anthropology. 13 (2): 258—267. — doi:10.1086/201274.
  22. Ferraro, Gary P. (2006). «Cultural Anthropology: An Applied Perspective». The Thomson Corporation. — ISBN 978-0495030393.
  23. Patterson, Gordon M. (1992). «The Essentials of Ancient History». Research & Education Association. — ISBN 978-0878917044.
  24. Goody, J. (1986). «The Logic of Writing and the Organization of Society». Cambridge University Press.
  25. Cramb, Alan W (1964). «A Short History of Metals». Nature. 203 (4943): 337. — doi:10.1038/203337a0.
  26. Hall, Harry Reginald Holland (1911). «Ceramics». In Chisholm, Hugh (ed.). Encyclopædia Britannica. Vol. 05 (11th ed.). Cambridge University Press. — С. 703—760.
  27. «Ironware piece unearthed from Turkey found to be oldest steel». The Hindu.
  28. Usai, Donatella; Salvatori, Sandro. «The oldest representation of a Nile boat». Antiquity. — С. 81.
  29. Postel, Sandra (1999). «Egypt’s Nile Valley Basin Irrigation». Pillar of Sand: Can the Irrigation Miracle Last? W.W. Norton & Company. — ISBN 978-0393319378.
  30. Crawford, Harriet (2013). «The Sumerian World». New York & London: Routledge. — С. 34—43. — ISBN 978-0203096604.
  31. Potts, D.T. (2012). «A Companion to the Archaeology of the Ancient Near East». — С. 285.
  32. Childe, V. Gordon (1928). «New Light on the Most Ancient East». — С. 110.
  33. Anthony, David A. (2007). «The Horse, the Wheel, and Language: How Bronze-Age Riders from the Eurasian Steppes Shaped the Modern World». Princeton: Princeton University Press. — С. 67. — ISBN 978-0691058870.
  34. Gasser, Aleksander (2003). «World’s Oldest Wheel Found in Slovenia». Republic of Slovenia Government Communication Office.
  35. Kramer, Samuel Noah (1963). «The Sumerians: Their History, Culture, and Character». Chicago: University of Chicago Press. — С. 290. — ISBN 978-0226452388.
  36. 1 2 Moorey, Peter Roger Stuart (1999) [1994]. «Ancient Mesopotamian Materials and Industries: The Archaeological Evidence». Winona Lake, Indiana: Eisenbrauns. — С. 146. — ISBN 978-1575060422.
  37. Lay, M G (1992). «Ways of the World». Sydney: Primavera Press. — С. 28. — ISBN 978-1875368051.
  38. 1 2 3 4 5 6 7 Gregersen, Erik (2012). «The Complete History of Wheeled Transportation: From Cars and Trucks to Buses and Bikes». New York: Britannica Educational Publishing. — С. 130. — ISBN 978-1615307012.
  39. 1 2 3 Eslamian, Saeid (2014). «Handbook of Engineering Hydrology: Environmental Hydrology and Water Management». Boca Raton, Florida: CRC Press. — С. 171—175. — ISBN 978-1466552500.
  40. 1 2 3 4 5 Lechner, Norbert (2012). «Plumbing, Electricity, Acoustics: Sustainable Design Methods for Architecture». Hoboken, NJ: John Wiley & Sons, Inc. — С. 106. — ISBN 978-1118014752.
  41. 1 2 3 4 5 6 Aicher, Peter J. (1995). «Guide to the Aqueducts of Ancient Rome». Wauconda, IL: Bolchazy-Carducci Publishers, Inc. — С. 6. — ISBN 978-0865162822.
  42. Davids, K.; De Munck, B., eds. (2019). «Innovation and Creativity in Late Medieval and Early Modern European Cities». Routledge. — doi:10.4324/9781315588605. ISBN 978-1317116530.
  43. Deming, D. (2014). «Science and Technology in World History, Volume 3: The Black Death, the Renaissance, the Reformation and the Scientific Revolution». McFarland. — ISBN 978-0786490868.
  44. Stearns, P. N. (2020). «The Industrial Revolution in World History». Routledge. — ISBN 978-0813347295.
  45. Mokyr, J. (2000). «The Second Industrial Revolution, 1870–1914». Northwestern University.
  46. Black, B. C. (2022). «To Have and Have Not: Energy in World History». Rowman & Littlefield. — ISBN 978-1538105047.
  47. Albion, Robert G. (1.01.1933). «The Communication Revolution, 1760—1933». Transactions of the Newcomen Society. 14 (1): 13—25. — doi:10.1179/tns.1933.002. ISSN 0372-0187
  48. Agar, J. (2012). «Science in the 20th Century and Beyond». Polity. ISBN 978-0745634692.
  49. Goldin, C.; Katz, L. F. (2010). «The Race between Education and Technology». Harvard University Press. ISBN 978-0674037731.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]