Хуан Мата
Хуан Мата | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 28 красавіка 1988[1][2][3] (36 гадоў) | |
Рост | 170 см | |
Вага | 63 кг | |
Пазыцыя | флянгавы паўабаронца, нападнік | |
Клюбная інфармацыя | ||
Клюб | Ўэстэрн Сыднэй Ўандэрэрз | |
Нумар | 64 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2006—2007 2007—2011 2011—2014 2014—2022 2022—2023 2023 2024— |
Рэал Кастыльля Валенсія Чэлсі Манчэстэр Юнайтэд Галатасарай Вісэл Кобэ Ўэстэрн Сыднэй Ўандэрэрз |
2 (1) 129 (33) 82 (17) 196 (34) 16 (3) 1 (0) 0 (0) |
Зборныя | ||
2009—2016 | Гішпанія | 41 (11) |
¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі |
Хуан Мануэль Мата Гарсія (па-гішпанску: Juan Manuel Mata García; нарадзіўся 28 красавіка 1988 году, Бургас, Гішпанія) — гішпанскі футбаліст, атакуючы паўабронца аўстралійскага клюбу «Ўэстэрн Сыднэй Ўандэрэрз» і колішні гулец нацыянальнай зборнай Гішпаніі. Чэмпіён сьвету 2010 і чэмпіён Эўропы 2012 гадоў. Гуляе на пазыцыі ўінгера ці атакуючага паўабаронцы[4].
Мата пачаў сваю футбольную кар’еру ў клюбе «Рэал Авіеда», дзе правёўшы тры гады далучыўся да «Рэал Мадрыд». Далей ён прайшоў празь юніёрскія каманды й пасьпяхова скончыў моладзевую акадэмію клюбу. У сакавіку 2007 году ён падпісаў кантракт з «Валенсіяй» і правёў вялікую частку сваёй кар’еры ў гэтым клюбе, правёўшы ў ім 174 гульні, перад тым як быў падпісаны ангельскім клюбам «Чэлсі» ў жніўні 2011 году. Сума трансфэру склала £23,5 млн. 27 жніўня 2011 году Мата дэбютаваў і забіў гол за «Чэлсі» ў гульні супраць каманды «Норыдж Сіці», дзе ён выйшаў на замену. У 2014 году стаў гульцом «Манчэстэр Юнайтэд».
Клюбная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мата пачаў сваю футбольную кар’еру ў клюбе «Рэал Аўеда», дзе правёўшы тры гады далучыўся да моладзевай акадэміі «Рэал Мадрыд». Далей ён прайшоў празь юніёрскія каманды й пасьпяхова скончыў моладзевую акадэмію клюбу.
«Валенсія»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 2007 году Хуан падпісаў кантракт з «Валенсіяй», дзе дзякуючы траўмам асноўных гульцоў клюбу дэбютаваў за каманду. 20 сакавіка 2008 году Хуан двойчы забіў у браму «Барсэлёны» падчас кубкавага матчу, што дапамагло «кажанам» выйсьці ў фінал, дзе ў матчы супраць «Хэтафэ» Мата адкрыў лік галам валенсійскага клюбу. Падчас першага сэзону футбаліст быў абраны заўзятарамі клюбу як найлепшы малады гулец. Пачатак новага сэзону Мата зноўку адзначыўся голам, на гэты раз у браму мадрыдзкага «Рэалу», у першым матчы на Супэркубак краіны, аднак у выніку перамогу атрымалі гульцы сталічнага калектыву. Гэтак жа цудоўна складваліся справы маладога гульца й у чэмпіянаце, у матчы адкрыцьця супраць «Мальёркі» Мата забіў першы з трох галоў сваёй каманды, дзе «Валенсія» атрымала перамогу зь лікам 3:0[5]. Таксама Хуан адзначыўся ў матчы супраць «Асасуны», забіўшы адзіны гол у матчы зь перадачы Давіда Вільлі[6]. Гэтак жа эфэктыўна Мата дзейнічаў і ў дачыненьні да партнэраў, гэтак 25 верасьня 2008 году Хуан аддаў дзьве галявыя перадачы ў пераможнай зь лікам 0:2 выязной гульні супраць «Малягі»[7]. Праз тры дні пасьля гэтага ён дапамог клюбу атрымаць перамогу над «Дэпартыва», забіўшы адзін гол і аддаўшы тры галявыя перадачы, зрабіўшы такім чынам галоўны ўнёсак у хатнюю перамогу «кажанаў» зь лікам 4:2[8]. Свой першы паўнавартасны сэзон футбаліст скончыў з паказчыкам у 11 забітых мячоў і 13 перадачаў, саступіўшы па агульным паказчыку ў лізе толькі Чаві з «Барсэлёны». У наступных двух сэзонах Мата быў неад’емнай часткай стартавага складу клюбу й да гульца пачалі выказваць цікавасьць шэраг клюбаў ангельскай Прэм’ер-лігі.
«Чэлсі»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 жніўня 2011 году «Валенсія» абвесьціла пра сваю дамову з «Чэлсі» на пераход гульца за 23,5 млн фунтаў стэрлінгаў пры ўмове пасьпяховага праходжаньня гішпанцам мэдычнага абсьледваньня[9][10]. 24 жніўня Мата падпісаў пяцігадовы кантракт зь лёнданскім клюбам. Гульцом быў абраны 10 нумар, які ён выкарыстоўваў у «Валенсіі», да гэтага ім у «Чэлсі» карыстаўся ізраільскі гулец Ёсі Бэнаюн, які пагадзіўся аддаць нумар свайму новаму партнэру. Мата дэбютаваў за лёнданцаў у гульні супраць «Норыдж Сіці» 27 жніўня 2011 году, выйшаўшы на 68 хвіліне на замену Флярану Малюда, і забіў трэці гол клюбу на 11 хвіліне пасьля выхаду на пляцоўку, гульня скончылася перамогаў «Чэлсі» зь лікам 3:1[11]. На наступную гульню 10 верасьня супраць «Сандэрлэнда» Хуан выйшаў у складзе першых адзінаццаці, але быў заменены Фэрнанда Торэсам на 74 хвіліне, пры гэтым гішпанец згуляў выключную ролю ў перамозе сталічным футбалістаў дзякуючы сваім актыўным дзеяньням па стварэньню нападаў на браму суперніка[12]. Хуан адразу стаў лідэрам каманды, адным з асноўных дырыгентаў нападаў «сініх», стала набіраючы асыстэнцкія пункты й забіваючы мячы. 6 сьнежня ў рамках Лігі чэмпіёнаў «Чэлсі» сустракаўся з былым клюбам Хуана — «Валенсіяй». У гэтай гульні Мата аддаў дзьве галявыя перадачы на Дыд’е Драгба[13], дзякуючы чаму ангельцы атрымалі перамогу зь лікам 3:0. Пасьля прызначэньня на пазыцыю часовага галоўнага трэнэра «Чэлсі» Рабэрта Ды Матэо, Мата пачаў гуляць на пазыцыі цэнтральнага атакуючага паўабаронцы, менш часу праводзячы на звыклым для яго левым флянзе. 10 траўня Хуан быў абраны найлепшым гульцом клюбу з боку заўзятараў клюбу, дзякуючы сваёй выдатнай форме асабліва ў першай часткі[14]. 19 траўня «Чэлсі» з «Баварыяй» гулялі паміж сабой у фінале Лігі чэмпіёнаў, дзе Мата на 88 хвіліне з падачы кутняга дапамог Драгба зрабіць лік нічыйным і перавесьці гульню ў дадатковы час, які скончыўся нічым. Лёс трафэю ў выніку вызначыўся ў сэрыі пэнальці, аднак гішпанец свой шанец ня выкарыстаў, ня здолеўшы перайграць Мануэля Ноера, аднак гэта ня стала перашкодай для «Чэлсі». Паводле вынікаў сэзону Мата стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў, уладальнікам Кубка Ангельшчыны, а таксама заняў другое месца ў Прэм’ер-лізе паводле колькасьці асыстэнцкіх балаў зь іхнай колькасьцю ў 14 пунктаў, саступіўшы першы радок свайму суайчыньніку Давіду Сыльве.
Мата прапусьціў усю падрыхтоўку «Чэлсі» да новага сэзону, з-за ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Лёндане, але вярнуўся ў клюб да ўдзелу ў матчы на Супэркубак Ангельшчыны, дзе выйшаў на замену на 74 хвіліне. Свой першы асыстэнцкі бал у сэзоне Хуан атрымаў 22 верасьня ў гульні супраць «Сток Сіці» ў Прэм’ер-лізе, а 25 верасьня забіў свой першы гол у кубкавым матчы ў браму «Ўулвэргэмптана»[15]. А праз чатыры дні Мата забясьпечыў перамогу «сініх» у лёнданскім дэрбі супраць «Арсэналу» спачатку аддаўшы галявую перадачу на Торэса на 20 хвіліне, а потым забіўшы пераможны гол на 53 хвіліне матчу[16]. Пасьля звальненьня Ды Матэо й прызначэньня Рафаэля Бэнітэса на пасаду галоўнага трэнэра Мата працягнуў набіраць выніковыя балы. 22 сьнежня 2012 году гулец падпісаў новы кантракт з клюбам да 2018 году[17]. 3 сакавіка 2013 году Хуан Мата правёў свой 100 матч у футболцы «Чэлсі» ў гульні супраць «Ўэст Бромўічу» на Стэмфард Брыдж[18]. 15 траўня браў удзел у фінальным матчы Лігі Эўропы супраць партугальскай «Бэнфікі», дзе стаў асыстэнтам пераможнага голу Браніслава Іванавіча, а на наступны дзень зноўку быў абраны заўзятарамі найлепшым гульцом сэзону.
Пасьля прыходу ў клюб Жузэ Маўрыньню Мата быў пазбаўлены статусу асноўнага гульца клюбу, стаўку партугальцам была зроблена на бразыльскага футбаліста Аскара. Маўрыньню спасылаўся на тое, што Мата ня здольны ўдзельнічаць акрамя нападаў у абарончых дзеяньнях клюбу[19]. Такім чынам гулец пачаў менш атрымоўваць гульнявой практыкі, выходзячы на поле на замены ці ўвогуле праводзячы ўсю гульню на лаўцы рэзэрвовых. Больш таго становішча гульца ўскладнілася прыходам у клюб бразыльскага паўабаронцы Віліяна, і з-за такіх абставінаў зьявіліся шматлікія зацікаўленасьці з боку іншых клюбаў. Да канца 2014 году сваю цікавасьць да Маты выказалі «Арсэнал», «Тотэнгэм», «Пары Сэн-Жэрмэн» і «Манчэстэр Юнайтэд».
«Манчэстэр Юнайтэд»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 студзеня 2014 году за некалькі дзён да закрыцьця трансфэрнага вакна Мата стаў гульцом «Манчэстэр Юнайтэд» за 37,1 млн фунтаў, кантракт паміж гульцом і новай камандай быў падпісаны да лета 2018 году[20]. 28 студзеня гулец дэбютаваў у складзе новага клюбу ў хатняй гульні супраць «Кардыф Сіці» й атрымаў адзін асыстэнцкі пункт, што садзейнічала перамозе манкуніянцаў зь лікам 2:0[21]. 1 лютага Мата зноўку адзначыўся асыстэнцкім балам, але на гэты раз клюб атрымаў паразу зь лікам 1:2.
Міжнародная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хуан выступаў юніёрскія й моладзевыя каманды Гішпаніі. 14 лістапада 2008 году Вісэнтэ дэль Боске выклікаў Мату да нацыянальнай зборнай на таварыскую гульню супраць зборнай Чылі, аднак на поле ён ня выйшаў. 28 сакавіка 2009 году ён, нарэшце, дэбютаваў у складзе зборнай у адборачным матчы да чэмпіянату сьвету 2010 году ў сустрэчы супраць зборнай Турэччыны, дзе гішпанцы трывалі перамогу зь лікам 1:0 у Мадрыдзе. Хуан выйшаў на замену Давіду Вільлі ў 63 хвіліне. У чэрвені 2009 году Дэль Боске ўключыў Мату на Кубак канфэдэрацыяў 2009 году, які стаў першым міжнародным турнірам у складзе зборнай для гульца. Ён выйшаў на поле на першых хвілінах у гульні супраць зборнай Іраку й выйшаў на замену ў паўфінальным матчы супраць зборнай ЗША.
9 верасьня 2009 году Мата забіў свой першы гол за зборную Гішпаніі, якая атрымала перамогу зь лікам 3:0 над зборнай Эстоніі, і, такім чынам, забясьпечыла сабе месца ў Кубку сьвету ў Паўднёвай Афрыцы. На чэмпіянаце сьвету Хуан меў ролю рэзэрвовага гульца, дзе зьявіўся толькі ў матчы супраць зборнай Гандурасу на апошнія 20 хвілін, тым ня менш гулец стаў чэмпіёнам сьвету. У 2011 годзе Мата гуляў выключную ролю на моладзевым чэмпіянаце Эўропы, стаўшы пераможцам спаборніцтва разам са сваёй камандай. Мата браў удзел таксама ў чэмпіянаце Эўропы 2012 году, дзе выйшаў на замену ў фінальным матчы супраць зборнай Італіі й забіў апошні гол у гульні, дзе пірэнэйскія гульцы былі мацней зь лікам 4:0.
Асабістае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мата навучаўся ў політэхнічным унівэрсытэце Мадрыду на факультэце журналістыкі. У вольны ад футболу час любіць гуляць у настольны тэніс.
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюбныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Валенсія»:
- Уладальнік Кубак Гішпаніі: 2008
«Чэлсі»:
- Уладальнік Кубка Ангельшчыны: 2012
- Пераможца Лігі чэмпіёнаў: 2012
- Пераможца Лігі Эўропы: 2013
«Манчэстэр Юнайтэд»:
- Уладальнік Кубка Ангельшчыны: 2016
- Уладальнік Кубка футбольнай лігі: 2017
- Уладальнік Супэркубка Ангельшчыны: 2016
- Пераможца Лігі Эўропы: 2017
«Галатасарай»:
- Чэмпіён Турэччыны: 2023
Міжнародныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гішпанія:
- Чэмпіён сьвету: 2010
- Чэмпіён Эўропы: 2012
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Juan Mata // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в MATA juan manuel // Argentine Soccer Database (гішп.)
- ^ а б в Juan Manuel Mata García // As (гішп.) — Madrid: PRISA, 1967. — ISSN 1888-6671
- ^ «Mata Profile - Chelsea». Chelsea FC official website.
- ^ Valencia 3–0 Mallorca(недаступная спасылка). ESPN Soccernet.
- ^ Valencia 1–0 Osasuna(недаступная спасылка). ESPN Soccernet.
- ^ Málaga 0–2 Valencia(недаступная спасылка). ESPN Soccernet.
- ^ Villa goals ensure Valencia victory. UEFA
- ^ Valencia agree to sell Juan Mata to Chelsea. BBC Sport.
- ^ Mata Deal Agreed. ChelseaFC.com.
- ^ Ten Canaries downed after Ruddy dismissal(недаступная спасылка). ESPN Soccernet.
- ^ Sunderland 1-2 Chelsea. BBC Sport.
- ^ Didier Drogba's double keeps Chelsea's Champions League dream alive. The Daily Telegraph
- ^ Mata the main man. Chelsea FC.
- ^ Chelsea 6–0 Wolves BBC Sport.
- ^ Arsenal 1–2 Chelsea BBC Sport.
- ^ [Juan Mata new contract: Chelsea tie down Spanish star to a new five-year deal]. Mirror.
- ^ A family Sunday. Grada360.
- ^ José Mourinho: Oscar better than Juan Mata… at the moment. Inside World Soccer.
- ^ Juan Mata: Manchester United sign Chelsea midfielder for £37.1m. BBC Sport.
- ^ Manchester United 2-0 Cardiff. BBC.com
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт
- Профіль на афіцыйным сайце «Валенсіі»
- Статыстыка на сайце FIFA
- Статыстыка на сайце UEFA
- Профіль на BDFutbol
- Нарадзіліся 28 красавіка
- Нарадзіліся ў 1988 годзе
- Нарадзіліся ў Гішпаніі
- Гішпанскія футбалісты
- Футбалісты зборнай Гішпаніі
- Гішпанскія футбалісты і футбалісткі на Алімпійскіх гульнях
- Футбалісты і футбалісткі на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 году
- Футбалісты клюбу «Рэал» Мадрыд
- Футбалісты клюбу «Валенсія»
- Футбалісты клюбу «Чэлсі» Лёндан
- Футбалісты клюбу «Манчэстэр Юнайтэд»
- Футбалісты клюбу «Галатасарай» Стамбул
- Футбалісты клюбу «Вісэл» Кобэ