Рэал Авіеда
| Рэал Авіеда | |
| Поўная назва | Real Oviedo |
|---|---|
| Заснаваны | 1926 |
| Горад | Авіеда, Гішпанія |
| Стадыён | Карляс Тарт’ерэ Умяшчальнасьць: 30 500 |
| Прэзыдэнт | Хасэ Мартын Пэляэс Альварэс[d][1] |
| Кіраўнік | Grupo Carso[d], Grupu Pachuca[d] і Карляс Сьлім |
| Галоўны трэнэр | |
| Чэмпіянат | Ля Ліга |
| · 2024—2025 | Сэгунда, 3 месца (падвышэньне) |
realoviedo.es (гішп.) (анг.) | |
«Рэа́л Авіе́да» (па-гішпанску: Real Oviedo) — гішпанскі футбольны клюб з гораду Авіеда. Заснаваны ў 1926 годзе. Клюб гуляе на стадыёне імя Карляса Тарт’ерэ[2], які адчыніў свае дзьверы 30 верасьня 2000 году, і ўважаецца найбуйнейшым спартовым стадыёнам у Астурыі. Мясцовымі супернікамі клюбу лічыцца хіхонскі «Спортынг», процістаяньне зь якім вядомае як Астурыйскае дэрбі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб быў зафундаваны ў 1926 годзе ў выніку зьліцьця клюбаў «Авэтэнсэ» і «Рэал Дэпартыва Авіеда». Першы з памянёных клюбаў быў заснаваны маладымі людзьмі, якія навучаліся ў Ангельшчыне, дзе футбол ужо быў папулярны. А другі клюб быў створаны празь некалькі гадоў у выніку падзелу першага[3]. Карляс Тарт’ерэ быў першым прэзыдэнтам клюбу[4]. «Авіеда» ўпершыню дасягнуў Ля Лігі празь сем гадоў па стварэньні.

Квартэт нападнікаў у складзе Эміліна, Гале, Эрэрыты і Ісыдра Лянгары, а таксама Касука і Рыкарда Галярт мадэрнізавалі гульню сваёй хуткасьцю і бегам, дапасаваныя вострымі пасамі і футболам у адзін дотык. Склад гэтай каманды быў вядомы як «Электрычныя нападнікі». Усё гэта было павязанае з жорсткім рэжымам трэнаваньняў, распачатым былым мэнэджарам клюбу, англельцам Фрэдам Пэнтландам. Лянгара тры гады запар да грамадзянскай вайны выйграваў трафэй Пічычы, бо «Авіеда» скасоўваў усе рэкорды паводле колькасьці праведзеных галоў. Аднак з пачаткам ваенных дзеяў каманда распалася, бо Лянгара эміграваў у Паўднёвую Амэрыку, Эрэрыта і Эмілін падпісалі кантракты з «Барсэлёнай», Гале сышоў у сантандэрскі «Расінг», а Галярт стаў гульцом фэрольскага «Расінгу».
Калі футбол у краіне аднавіўся ў 1939 годзе, «Авіеда» ўжо ня мог згуляць. Іхняе поле лічылася непрыдатным для гульні, бо войскі Франсіска Франка за час вайны выкарыстоўвалі стадыён як склад боепрыпасаў. Цягам наступных дзесяцігодзьдзяў клюб вагаўся паміж першым і другім дывізіёнамі, а кульмінацыяй стала найлепшае ў гісторыі трэцяе месца ў сэзоне 1962—1963 гадоў. З нагоды правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе ў Гішпаніі ў 1982 годзе стадыён быў цалкам абноўлены. У 1988 годзе «Авіеда» вярнуўся ў найвышэйшы дывізіён, выгуляўшы «Мальёрку» ў плэй-оф, і заставаўся ў Ля Лізе ажно 13 сэзонаў запар. У сэзоне 1990—1991 гадоў каманда фінішавала на шостым радку, упершыню кваліфікаваўшыся ў эўрапейскія кубкавыя турніры. У першым жа раўндзе клюб быў выбіты італьянскім «Джэноа». У 1992 годзе «Рэал», як і большасьць гішпанскіх футбольных клюбаў, быў вымушаны стаць публічным акцыянэрным спартовым таварыствам. Пачатковы акцыянэрны капітал склаў 3,6 мільёнаў эўра[5]. 4 кастрычніка 1995 году дружына згуляла свой 1000-ы матч у Ля Лізе.
У 2000 годзе новы стадыён імя Карляса Тарт’ерэ на 30 500 месцаў стаў новай арэнай «Рэалу». Ён быў афіцыйна адкрыты 20 верасьня 2000 году матчам паміж «Авіеда» і сэрбскім «Партызанам», дзе гішпанцы саступіў гасьцям зь лікам 0:2.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 17 верасьня 2025 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://web.archive.org/web/20250102213939/https://www.realoviedo.es/junta-directiva
- ^ «Real Oviedo | Liga Española 2ª División 2019-20». RTVE.
- ^ «Real Oviedo fundado el 26 de Marzo de 1926. 90 años de historia». elSuperHincha.
- ^ «Don Carlos Tartiere». Real Oviedo.
- ^ «Real Oviedo History». Real Oviedo