Маляга (футбольны клюб)
Маляга | |||||
Поўная назва | Málaga Club de Fútbol, S.A.D. | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1948 | ||||
Горад | Маляга, Гішпанія | ||||
Стадыён |
Ля Расаледа Умяшчальнасьць: 28 963 | ||||
Прэзыдэнт | Абдула бін Насэр бін Абдула Аль Агмэд Аль Тані[d] | ||||
Кіраўнік | Абдула бін Насэр бін Абдула Аль Агмэд Аль Тані[d] | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Сэгунда | ||||
· 2023—2024 | Прымэра дывізіён, група 1, 3 месца (падвышэньне) | ||||
| |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы malagacf.com (гішп.) (анг.) (кіт.) (ар.) |
«Ма́ляга» (па-гішпанску: Málaga Club de Fútbol) ― гішпанскі футбольны клюб з аднайменнага гораду, з правінцыі Андалюзія. «Маляга» лічыцца спадкаемцай іншага клюбу з Малягі «CD Málaga», што агулам правёў дванаццаць сэзонаў у Ля Лізе, дваццаць дзевяць у Сэгундзе й дзевяць сэзонаў у Тэрсэры, пасьля чаго ў 1992 годзе клюб быў скасаваны. Цяперашняя «Маляга» зьявілася як рэзэрва зьнікшай.
Найлепшае месца ў чэмпіянаце краіны, калі-небудзь займанае камандай, ёсьць 7, як «CD Málaga». У сэзоне 2002―2003 гадоў клюб здолеў дайсьці да чвэрцьфіналу Кубка УЭФА. У 2006 годзе былы прэзыдэнт мадрыдзкага «Рэалу» гішпанскі бізнэсовец Лярэнса Санс выкупіў 97 адсоткаў акцыяў клюбу ў сваю ўласнасьць. Ён прызначыў свайго сына Фэрнанда Санса, былога гульца й капітана «Малягі», прэзыдэнтам клюбу. Клюб на цяперашні час мае рэзэрвовую каманду «Атлетыка Малягуэньнё». Клюб быў зноўку прададзены ў чэрвені 2010 году, катарскаму інвэстару Абдулу бін Насэру бін Абдулу аль-Ахмэду эль-Тані, які выкупіў клюб у Санса.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак сучаснай «Малягі» варта шукаць у ейнай папярэдніцы — «Дэпартыва Маляга», чыёй рэзэрвовай камандай і быў цяперашні клюб. Ён быў заснаваны 25 траўня 1948 году, калі «Дэпартыва Маляга» рэфармавала дзіцяча-юнацкую каманду «Дэпартыва Томас» з мэтай стварэньня на ейнай базе сваёй рэзэрвовай каманды. Яна атрымала імя «Атлетыка Малагуэньнё», тым самым адрадзілася імя аднаго з двух клюбаў, якія сфармавалі «Дэпартыва Маляга» ў 1933 годзе.
На працягу сэзона 1959—1960 гадоў абедзьве каманды гулялі разам у трэцім дывізіёне. Паводле правілаў, «Атлетыка Малагуэньнё» павінен быў панізіцца ў клясе, адначасовая гульня асноўнай і рэзэрвовай каманды ў адным дывізіёне не дазваляецца. Каб пазьбегнуць гэтага, «Атлетыка Малагуэньнё» разарвала адносіны з «Дэпартыва Маляга» й зарэгістравала сябе як асобны незалежны клюб.
У 1992 годзе, калі «Дэпартыва Маляга» паводле фінансавых чыньнікаў спыніла сваё існаваньне, «Атлетыка Малагуэньнё» працягвала гуляць. У сэзоне 1992—1993 гадоў каманда гуляла ў 9-й групе Тэрсэры. Пасьпяхова прайшоўшы чэмпіянат, клюб здабыў сабе павышэньне ў Сэгунду Б. Аднак у наступным сэзоне клюб вылецеў і сутыкнуўся з сур’ёзнымі грашовымі праблемамі, стаяўшы на мяжы роспуску. На рэфэрэндуме 19 сьнежня 1993 году чальцы клюбу выказаліся «за» зьмену назвы, гэтак «Атлетыка Малагуэньнё» стаў клюбам «Маляга», стаўшы афіцыйным спадчыньнікам каманды-заснавальніка «Дэпартыва Маляга».
У 2000-х гадох клюб быў багаты таленавітай моладзьдзю й моцнымі гульцамі, а таксама прадставіў больш сучасны стадыён. І хоць «Маляга» ніколі не займала высокіх месцаў, яна мела некаторы посьпех пад кіраўніцтвам трэнэра Хаакіна Пэйра. Яны адзіны раз прымалі ўдзел у эўракубках, але здабылі трафэй — Кубак Інтэртота, пасьлядоўна выбіўшы «Гент», «Вілем II» і адолеўшы ў «гішспанскім фінале» «Вільярэал». Гэты посьпех дазволіў клюбу выйсьці ў Кубак УЭФА.
У гэтым турніры гульцы клюбу дайшлі да стадыі чвэрцьфіналу, саступіўшы «Баавішце» ў сэрыі пэнальці, але выбіўшы басьнійскі «Жалезьнічар», польскую «Аміку», ангельскі «Лідс Юнайтэд» зь лікам 2:1 дзякуючы дублю панамца Хуліё Дэлі Вальдэса, цяперашняга трэнэра зборнай Панамы, і атэнскі «АЕК». Пасьля сыходу Пэйра пачаўся павольны спуск уніз. Асноўныя лідэры, сярод іх уругваец Дарыё Сыльва, галяндзец Кікі Мусампа, панамец Хуліё Дэлі Вальдэс і брамнік Пэдра Кантрэрас пакінулі клюб.
Тытулы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладальнік Кубка Інтэртота: 2002
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт клюбу(недаступная спасылка)
- Сайт расейскамоўных заўзятараў клюбу