Перайсьці да зьместу

Жыровічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыровічы
лац. Žyrovičy
Панарама мястэчка і манастыра
Панарама мястэчка і манастыра
Герб Жыровічаў


Магдэбурскае права: 1652
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Слонімскі
Сельсавет: Жыровіцкі
Вышыня: 149 м н. у. м.
Насельніцтва: 2570 чал. (2005)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1562
Паштовы індэкс: 231822
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°0′47″ пн. ш. 25°20′41″ у. д. / 53.01306° пн. ш. 25.34472° у. д. / 53.01306; 25.34472Каардынаты: 53°0′47″ пн. ш. 25°20′41″ у. д. / 53.01306° пн. ш. 25.34472° у. д. / 53.01306; 25.34472
Жыровічы на мапе Беларусі ±
Жыровічы
Жыровічы
Жыровічы
Жыровічы
Жыровічы
Жыровічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Жыро́вічы[1] (афіцыйная назва — Жыро́віцы[1]) — вёска ў Беларусі, каля ракі Шчары (за 1 км ад яе). Цэнтар сельсавету Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2005 год — 2570 чалавек. Знаходзяцца за 10 км на поўдзень ад Слоніму, за 138 км ад Горадні; на аўтамабільнай дарозе, што злучае Слонім з шашай Менск — Берасьце.

Жыровічы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс колішняга базылянскага манастыра з саборнай царквой Прачыстай Багародзіцы[a] (барока і клясыцызм), цэрквамі Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа і Божага Яўленьня (віленскае барока), а таксама могілкавай царквой Сьвятога Юрыя (традыцыйная беларуская драўляная архітэктура), помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Жыровічы ўтварыўся да прозьвішча Жыровіч[2].

Традыцыйная форма назвы мястэчка — Жыро́вічы[3], афіцыйная — Жыро́віцы[1]. Існуе меркаваньне, што апошняя ўзьнікла пад польскім уплывам (ад польск. Żyrowice)[4].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Маці Божая Жыровіцкая

Упершыню Жыровічы ўпамінаюцца ў XV ст., калі вялікі князь Казімер надаў маёнтак падскарбію вялікаму А. Солтану. Новы ўладальнік збудаваў царкву на месцы, дзе паводле легенды, у 1470 годзе зьявіўся абраз Маці Божай. Каля царквы пачало фармавацца паселішча.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Жыровічы ўвайшлі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. З 1565 году тут пачалі праводзіцца кірмашы[5]. Пад 1587 годам упершыню ўпамінаецца Жыровіцкі манастыр. З 1610-х паселішча знаходзілася ў валоданьні Л. Сапегі, потым І. Мялешкі. Пад 1609 годам упамінаецца недабудаваная мураваная Прачысьценская царква (ст.-бел. Пречистой Святой Богородицы).

Рэльефны абразок Жыровіцкай Божай Маці

У 1624 годзе Жыровічы атрымалі статус мястэчка, а ў 1652 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў паселішчу Магдэбурскае права. Неўзабаве Жыровічы сталі буйным гандлёвым мястэчкам, што карысталася ўласным гербам: «у блакітным полі выява двух мужчынскіх постацяў — правая стаіць на каленях, левая трымае ў працягнутых руках кнігу»[6]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе казацкія загоны спалілі мястэчка і манастыр[5].

19 верасьня 1730 году ў Жыровічах адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай. Карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, ахвяравала княгіня Ганна Кацярына Радзівіл. Абраз захоўваўся пад шклом у залачоных шатах[7].

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Жыровічаў ліцьвінамі: паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Язэп Навакоўскі (Josephus Novakouski) азначаецца як Lithuanus, Zyrovice in Districtu Slonimiensi (1785 год)[8].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жыровічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У 1810—1828 гадох тут знаходзілася рэзыдэнцыя грэцка-каталіцкага япіскапа берасьцейскага.

У 1828—1839 гадох Жыровічы былі цэнтрам Літоўскай уніяцкай япархіі, а ў 1840—1845 гадох — Літоўскай япархіі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1880-я гады ў мястэчку дзеялі 3 царквы; працавалі расейскія духоўная і жаночая народная вучэльні, 3 крамы, 3 шынкі; штогод праводзіліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Жыровічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жыровічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Жыровіцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Жыровічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[10]. У 1919—1920 гадох мястэчка пераходзіла з рук у рукі — ад бальшавікоў да польскага войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Жыровічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Жыровічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Слонімскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут было 430 двароў, на 1994 год — 650, на 1997 год — 646. У 2000-я гады Жыровічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку». 24 ліпеня 2014 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб мястэчка[11].

1 верасьня 2021 году на асабістую просьбу ярэя Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Яўгена Саланкова да дзяячкі рэжыму Лукашэнкі Натальлі Качанавай Жыровіцкую школу перавялі зь беларускай мовы на расейскую[12].

  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 226 муж., зь іх шляхты 22, духоўнага стану 11, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 187, жабракоў 6[13]; 1885 год — 516 чал.[14]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 508 чал.[15]; 1971 год — 2597 чал.[16]; 1994 год — 3500 чал.[17]; 1997 год — 2577 чал.[18]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 2570 чал.

У Жыровічах працуюць дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж (з 1945), сярэдняя школа (з 1966) і школа мастацтваў, дашкольная ўстанова.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і амбуляторыя.

12 гандлёвых прадпрыемстваў, філія «Беларусбанку» і пошта.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыжаўзьвіжанская царква, помнік архітэктуры віленскага барока

Жыровічы — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня. Уваходзяць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоньня», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровічаў»[19].

У Жыровічах разьмяшчаецца архітэктурны комплекс колішняга манастыра базылянаў, які складаецца з наступных будынкаў:

Апроч таго, на паўночнай ускраіне мястэчка, на могілках, захавалася драўляная царква Сьвятога Юрыя (канец XVIII ст.).

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сядзіба «Старыя Жыровічы»

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • У Жыровічах забаранялася сяліцца жыдам; паводле дакумэнту часоў Яна Казімера (захоўваўся яшчэ ў канцы XIX ст.) жыдам не дазвалялася нават спыняцца тут на начлег, а ў часе праезду празь мястэчка яны мусілі ісьці пешшу, зь непакрытай галавой і басанож[20]
  1. ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі. Цяперашні афіцыйны тытул: «Сабор Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы»
  1. ^ а б в Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 326.
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 124.
  3. ^ Жыровічы(недаступная спасылка) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  4. ^ Чыгрын С. Назвы нашых вёсак // Газета Слонімская. № 653, 9 сьнежня 2009 г.
  5. ^ а б Шаблюк В. Жыровічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 634.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  7. ^ Бутэвіч А. Цудатворная і збаўча-моцная абярэжніца Беларусі(недаступная спасылка) // Звязда. № 98—99, 18 траўня 2001 г.
  8. ^ Надсан А. Беларусы ў Грэцкай калегіі // Запісы БІНіМ. Т. 30. — New York — Miensk, 2006. С. 175.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ^ «Об учреждении гербов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской и Гродненской областей». Указ Президента Республики Беларусь от 24 июля 2014 г. № 373(недаступная спасылка) (рас.)
  12. ^ Жыровіцкую школу Качанава перавяла на расейскую мову, Беларускае Радыё Рацыя, 2 кастрычніка 2021 г.
  13. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  14. ^ Krzywicki J. Żyrowice // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 897.
  15. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII, Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  16. ^ Шаблюк В., Ярашэвіч А. Жыровічы // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 386.
  17. ^ Шаблюк В., Ярашэвіч А. Жыровічы // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 385.
  18. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 472.
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  20. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 48.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]