Царква Сьвятой Барбары (Слуцак)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятой Барбары
Барбарынская царква
Барбарынская царква
Краіна Беларусь
Места Слуцак
Каардынаты 53°02′23″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.03972° пн. ш. 27.55889° у. д. / 53.03972; 27.55889Каардынаты: 53°02′23″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.03972° пн. ш. 27.55889° у. д. / 53.03972; 27.55889
Канфэсія праваслаўе
Першае згадваньне 1794
Царква Сьвятой Барбары на мапе Беларусі
Царква Сьвятой Барбары
Царква Сьвятой Барбары
Царква Сьвятой Барбары

Царква́ Сьвято́й Барба́ры — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Слуцку. Знаходзілася на могілках у паўночна-ўсходняй частцы места, на Падзамчы. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы ўпамін пра царкву Сьвятой Барбары ў Слуцку датуецца 1482 годам, калі царква атрымала фундуш ад княгіні слуцкай Ганны[1]. Ад пачатку стаяла ў Старым Месьце на левым баку Ўсьцінаўскай вуліцы непадалёк ад Уваскрасенскай царквы. 20 сьнежня 1792 году будынак царквы згарэў у пажары.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, прыход канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), але яшчэ да 1870-х гадоў захоўваў пэўную самастойнасьць: заставаўся з сваім духавенствам і правам карыстацца фундушам, нададзеным яшчэ князем Юрыем Алелькавічам. Новая драўляная царква будавалася на могілках у 1794—1799 гадох. Да 1800 году яе цалкам скончылі і аздобілі[2].

У 1868 годзе праводзіўся рамонт будынка царквы. У 1875 годзе збудавалі (магчыма, аднавілі) царкоўную званіцу, якая стаяла з правага боку ад уваходнай брамы на могілкі. Да 1885 году царква была прыпісной да саборнай Прачысьценскай царквы, потым перайшла да Ўваскрасенскай царквы, пазьней — да востраўскай Міхайлаўскай царквы.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. За часамі Другой сусьветнай вайны набажэнствы ў царкве аднавіліся. Напярэдадні Вялікадня ў ноч з 7 на 8 красавіка 1953 году будынак царквы дашчэнту згарэў. Мяркуецца, што яе наўмысна падпалілі савецкія ўлады.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. Мела 3-зрубную ярусна-восевую кампазыцыю з вылучаным цэнтральным верхам. Галоўны цэнтральны аб’ём складаўся з чацьвярыка на чацьверыку, які завяршаўся васьмерыковым сьветлавым барабанам з купалам. Прастакутныя ў пляне, амаль аднолькавыя аб’ёмам прытвор і 5-гранная апсыда былі меншымі шырынёй, але роўныя вышынёй з зрубам сярэдняга чацьверыка і пакрываліся падобнымі схільнымі дахамі з вальмамі на тарцах. Купал, а таксама дахі апсыды і бабінца аздабляліся трыма дэкаратыўнымі купаламі-банямі. Вэртыкальна ашаляваныя сьцены праразаліся аркавымі аконнымі праёмамі. Галоўны ўваход вылучаўся портыкам: два слупы-апоры падтрымлівалі навісь з франтонам і 2-схільным дахам, на якім пасярэдзіне мясьцілася шатровая вежа. Існавалі дадатковыя ўваходы з абодвух бакоў галоўнага аб’ёма, вылучаныя 2-слуповымі портыкамі пад 2-схільнымі дахамі. Да алтарнай часткі з правага боку далучалася невялікая аб’ёмам рызьніца.

Усярэдзіне роўная столь пераходзіла ў падкупальныя скляпеньні празь ветразі. Інтэр’ер вылучаўся старажытным 4-ярусным іканастасам, падзелены пілястрамі і калёнкамі белай афарбоўкі з пазалотай. У ім разьмяшчаліся 20 абразоў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Скеп’ян А. Князі Слуцкія. — Менск, 2013. С. 22.
  2. ^ Ціткоўскі І. Храмы горада Слуцка. Мінуўшчына і сучаснасць // Інфа-Кур’ер. № 6, 31 студзеня 2003. С. 8.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.
  • Ціткоўскі І. Храмы горада Слуцка. Мінуўшчына і сучаснасць // Інфа-Кур’ер. № 6, 31 студзеня 2003. С. 8.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]