Перайсьці да зьместу

Юры І Яраславіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Яраславіч
Юры I
Князь тураўскі
1157 — 1167
Папярэднік Барыс Юр’евіч
Наступнік Іван Юр’евіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся не раней за 1112
Памёр каля 1168
Нашчадкі
Дынастыя Ізяславічы
Жонка Ганна, дачка гарадзенскага князя Усеваладка
Бацька Яраслаў Сьвятаполкавіч

Юры Яраславіч, Юры I (1102—1167) — князь тураўскі (1157—1167). Быў другім сынам Яраслава Сьвятаполкавіча, унукам Сьвятаполка Ізяславіча. Бацька Юрыя, Яраслаў Сьвятаполкавіч беспасьпяхова змагаўся з Уладзімерам Манамахам за сваю спадчыну — Тураўскае княства, у выніку чаго быў забіты наймітамі Манамаха падчас аблогі Ўладзімеру.

Прыход да ўлады

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1155 годзе Юры Даўгарукі перадаў Тураў свайму сыну Барысу. 1157 год (па летапісе — 1158 год) становіцца пераломным у гісторыі Тураўскай зямлі, У гэтым годзе памёр кіеўскі князь Юры Даўгарукі. На пахаваньне бацькі паехаў яго сын, тураўскі князь Барыс. Скарыстаўшыся гэтай акалічнасьцю, Тураў захапіў Юры Яраславіч, які ня меў свайго княжацкага ўдзелу й быў служылым князем у Юрыя Даўгарукага, пры гэтым карыстаўся ў яго даверам, уплывам і пашанай.

Барацьба за незалежнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Тураўцы горача падтрымалі прыход да ўлады энэргічнага й таленавітага князя, які лічыў сваёй вотчынай менавіта Тураўскае княства. Хутчэй за ўсё тураўцам надакучылі частыя зьмены на тураўскім стальцы прышлых і часовых князёў, што клапаціліся аб сваіх набытках і прыбліжаных, а ня аб дабрабыце княства й мясцовых жыхароў. Кіеў неадкладна запатрабаваў ад Юрыя Яраславіча пакоры, і калі князь не паслухаўся, — рушыў на расправу. У 1158 годзе да Тураву й Пінску падыйшла кааліцыя з шасьці рускіх князёў на чале зь Вялікім князем Ізяславам. Дзесяць тыдняў доўжылася аблога — самая працяглая асада гораду часоў Кіеўскай Русі, падчас якой абаронцы ня толькі добра бараніліся на гарадзкіх сьценах, але нават рабілі вылазкі. А калі ў кааліцыйным войску пачаўся паморак коняў, яно мусіла зьняць аблогу й сысьці. Другі па важнасьці горад Тураўскай зямлі Пінск таксама здолеў адбіцца.

Гарадзішча сярэдневяковага Турава і археалягічны музэй. Тураў, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць.

Дамова з кіеўскім князем не была заключаная. Больш за тое, праз два гады ў 1160 годзе паўтарыўся паход на Тураў пяці паўднёвых князёў. Тры тыдні стаялі яны аблогай пад Туравам, імкнучыся ўзяць горад. Аднак і гэты паход тураўцы здолелі пасьпяхова адбіць: «…и не всьпевше ему ничтоже возвратишася в свояси…».

І толькі ў 1162 годзе (фактычна ў 1161 годзе) кіеўскі князь Расьціслаў Мсьціславіч заключыў мір зь Юрыем Яраславічам і прызнаў незалежнасьць Тураўскай зямлі. Так былі адноўлены самастойнасьць Тураўскага княства й дынастыя Ізяславічаў на тураўскім прастоле (ад Ізяслава Яраславіча, яго сыноў Яраполка й Сьвятаполка). Перарванае Ўладзімерам Манамахам у 1113 годзе самастойнае палітычнае разьвіцьцё Тураўскага княства праз пакуты часовых падараваньняў і драбленьняў у 40-50-я гады было адноўлена ў 1157 годзе дзякуючы рашучасьці й мужнасьці нашчадка Ізяславічаў Юрыя Яраславіча, а таксама гарачай і адданай падтрымцы тураўскага насельніцтва. Як сьцьвярджае Мікола Ермаловіч, падзеі 1157 году, як і ранейшыя 1013, 1146 гг. паказваюць, што ў жыхароў Тураўскай зямлі, зьнешне ціхіх і пакорлівых, пад неаслабнай увагай Кіева — ніколі не замірала імкненьне да свабоднага палітычнага жыцьця.

Імя Юрыя Яраславіча ня згадваецца ў летапісах у сувязі з усобіцамі й войнамі. Можна думаць, што яго княжаньне прынесла краю мір і спакой. Сьведчаньнем умацаваньня незалежнасьці Тураўскага княства пры Юрыі Яраславічы й яго нашчадках стала ўзьвядзеньне ў 1170—1175 гг. у Тураве мураванай царквы, якая па архітэктуры была блізкай тагачасным кіеўскім і ўладзімерскім храмам. На час яго княжаньня прыходзіцца дзейнасьць выдатнага дзеяча Кірылы Тураўскага. Каля 1169 князь Юры Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць біскупства.

Падмурак царквы на гарадзішчы ў Тураве, XII ст. Гісторыка-археалягічны комплекс «Старажытны Тураў».

Падчас кіраваньня Юрыя Яраславіча Тураўскае княства дасягнула вялікага культурнага й сацыяльнага ўздыму. Пры ім Пінск пачынае расьці, як буйны гандлёвы горад, у грамадзкім жыцьць узрастае роля веча. Сьведчаньнем моцнага вайсковага моцу дзяржавы зьяўляецца пасьпяховая вайна за незалежнасьць супраць кааліцыі рускіх князёў. Неагрэсіўная зьнешняя палітыка князя зьяўляецца сьведкам зацікаўленнасьці Юрыя Яраславіча менавіта ў культурным разьвіцьці, у адрозьненьне ад іншых князёў, ён не выкарыстоўваў рэсурсы княства на свае ўласныя мэты, за што карыстаўся вялікай падтрымкай з боку гараджан. Падчас праўленьня Юрыя Яраславіча й яго нашчадкаў Тураўскае княства ўжо болей не падпадала пад поўную залежнасьць Кіева. Болей таго Тураўскае й Пінскае княства пачынаюць адыгрываць важную ролю ў гэтым рэгіёне. Тураўскае княства працягвала падтрымліваць цесныя стасункі з Кіевам (перш за ўсё гандаль і культурнае супрацоўніцтва), але цяпер ужо ў якасьці незалежнага княства.

Галоўным хаўрусьнікам Тураўскага княства ў час Юрыя Яраславіча становіцца Гарадзенскае княства. Магчыма, Тураўскае княства канфліктавала з Андрэям Багалюбскім, пра што сьведчыць «справа Хвеадорца». Справа ў тым, што нейкі Хведар з Уладзімера-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя пляны князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі. Тураўскі біскуп Кірыла Тураўскі, які падтрымліваўся Юрыям Яраславічам, дасьціпна выкрыў ерась Хвеадорца й пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланьняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку дасьледчыка спадчыны Кірылы біскупа Яўгена, сваімі пасланьнямі да Андрэя Багалюбскага асьветнік імкнуўся па-хрысьціянску паўплываць на князя цэнтральнай Русі, куды перамяшчаўся цэнтар будучай Расеі.

Жонкай Юрыя стала дачка гарадзенскага князя гарадзенскага князя Ўсеваладка. У сям’і Юрыя было пяць сыноў і дзьве дачкі.

Юры Яраславіч апошні раз упамінаецца летапісцам у 1167 годзе ў сувязі з шлюбам яго дачкі Малфрыд з Усеваладам Яраславічам «… Ярослав Изяславич (сын Изяслава Мстиславича) поем дчерь Дюргия у Ярославича Малфрид ис Турова за сына Всеволода». Пазьней імя Юрыя Яраславіча ў летапісе не сустракаецца.

Памёр Юры Яраславіч дзесьці паміж 1167—1170 гг., перад гэтым ён верагодна падзяліў княства паміж сваімі сынамі: Іван стаў тураўскім князем, Сьвятаполк — пінскім, Яраслаў — клецкім, Глеб — дубровіцкім, Яраполк — гарадзецкім.

Папярэднік
Барыс Юр’евіч
Князь тураўскі
1157—1167
Наступнік
Іван Юр’евіч