Глускі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Бэрнардынскі касьцёл пасярод Глускага бастыённага замку, XVIII

Глу́скі за́мак — драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаваньне XVI—XVІI стагодзьдзяў на беразе ракі Пціч, у другое палове XVІI ст. перабудаванае ў магутны бастыённы замак.

Драўляны замак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку XVI ст Юры Гальшанскі-Дубровіцкі сабраў у сваіх руках землі Глускай воласьці і пабудаваў драўляны замак, які стаў цэнтрам новаўтворанага мястэчка Глуск-Дубровіцкі (цяпер Глуск). Замак быў закладзены на месцы гарадзішча часоў Старажытнай Русі. Сыстэма абароны грунтавалася на драўляна-земляных фартыфікацыях: навокал замак быў абведзены ровам і земляным валам, на якім стаялі сьцены-гародні з бланкаваньнем. Замак меў дзьве драўляныя вежы, вежу-браму, а таксама невялікую фортку ў бок р. Пцічы.

Пасьля сьмерці ягонага сына князя Сямёна Юр'евіча ў 1558 годзе замак ажно да 1626 быў падзелены між нашчадкамі і ня меў адзінага ўладальніка. Усталяваць адзінаўладзьдзе ў мястэчку Глуск і яго замку атрымалася ў Канстанціна Аляксандравіча Палубінскага. У 1646 годзе замак успадкаваў ягоны сын Аляксандар Гіляры. Пад час вайны 1654—1655 гадоў драўляны замак быў у сакавіку 1655 году спалены казакамі.

Бастыённая фартэцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўночна-заходняя курціна фартэцыі, 2008
Рэшткі паўднёвага землянога бастыёна і археалягічныя раскопкі на яго тэрыторыі, 2008

Пасьля спаленьня Глуска казакамі соймам Рэчы Паспалітай яму былі нададзены падатковыя льготы. У сваю чаргу Аляксандар Палубінскі пачаў узвядзеньне на месцы былога драўлянага замку магутнай бастыённай фартэцыі. Паводле прывілея 1667 году на тэрыторыі фартэцыі было выдзелена месца для касьцёла, кляштару і саду манахаў бэрнардынаў.

Сам бастыённы замак мог быць узьведзены паміж 1670—1675 гадамі. Фартэцыя была збудавана ў традыцыях распаўсюджанай на той час у Рэчы Паспалітай старагаляндзкай школы фартыфікацыі: пяцігранны па форме ўнутраны двор акольвалі насыпаныя зь пяску і гліны курціны і бастыёны. Яны узвышаліся на ўзровень 5—7 мэтраў над дваром і прыкрывалі абаронцаў ад артылерыйскага абстрэлу. З боку мястэчка у курціне бліжэй да паўднёвага бастыёна была збудавана трохпавярховая мураваная вежа-брама, якая запіралася, акрамя варотаў з двух абітых жалезам палотнішчаў, таксама каванымі герсамі і пад'ёмным мастом-узводам. Унутры замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя памяшканьні, а таксама цэйхгаўз збудаваны ў тэхніцы «прускага муру» і комплекс мураваных касьцёла і кляштару бэрнардынаў. З боку Пцічы ў фартэцыю можна было патрапіць праз двухпавярховую Водную браму.

У 1690 годзе пасьля сьмерці дачкі Аляксандра Палубінскага Ганны Марыі Глуск і бастыённы замак пераходзяць у валоданьне да яе мужа Дамініка зь нясьвіскіх Радзівілаў. Яго ўнук Альбрыхт Радзівіл (17171791) адзіны з Радзівілаў абраў Глуск для сталага пражываньня. У 1784 годзе ён праз суд спрабаваў аспрэчыць права манахаў-бэрнардынаў на землю на тэрыторыі замку.

Пасьля XVIII ст. фартэцыя прыйшла ў заняпад.

Сучасны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1944 годзе на тэрыторыі замка быў узарваны бэрнардынскі касьцёл. Значныя пашкоджаньні нанесьлі будаўнічыя працы 1970-ых гадоў.

У 1988 на Глускай фартэцыі пачаліся археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Г. Сагановіча. У гэты ж час па ініцыятыве мясцовых уладаў на яго тэрыторыі пачалося будаўніцтва спартовага комплексу уключна са стадыёнам і крытым фізкультурна-аздараўленчым комплексам, што прывяло да значнага пашкоджаньня помніка. Пачынаючы з 1996 г. ініцыятыва ў дасьледаваньні Глускага замка перайшла да археоляга І. Ганецкай, якая плянамерна займаецца вывучэньнем гісторыі Глускага замка да сёньняшняга часу.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міхась Ткачоў. Глускі замак. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Ірына Ганецкая. Характарыстыка крыніц па вывучэньні Глускага замка. // Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002.
  • Ірына Ганецкая. Вежа-брама Глускага замка па дадзеных археалогіі і пісьмовых крыніц. // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000—2001. Materiały z konferencji, Białystok 6-7 grudnia 2001 roku. Białystok. 2002
  • Ірына Ганецкая. Глускі замак (гісторыя аднаго помніка у асобах) // Беларускі гістарычны часопіс № 9, 2006

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  513В000404

Commons-logo.svg Глускі замаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў