Казімер Нестар Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казімер Нестар Сапега
Казімер Нестар Сапега
Казімер Нестар Сапега

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 14 лістапада 1757
Берасьце
Памёр 25 траўня 1798
Вена
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Ян Сапега
Альжбета з Браніцкіх
Жонка Ганна з Цэтнэраў
Дзейнасьць вайсковец

Казімер Нестар Сапега (14 лістапада 1757, Берасьце — 25 траўня 1798, Вена) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, паэт. Генэрал артылерыі войска ВКЛ (1773—1793), маршалак літоўскай канфэдэрацыі Чатырохгадовага Сойму, удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794). Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1776) і Белага Арла (1779).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з коданскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Яна, генэрал-маёра, і Альжбеты з Браніцкіх. Бацька памёр праз 8 месяцаў па нараджэньні сына, выхаваньнем займаліся маці і дзядька Францішак Ксавэры Браніцкі. Да 10 год навучаўся ў школе тэатынаў у Варшаве. У 1767—1772 гадох працягваў адукацыю ў рыцарскай школе ў Варшаве, пазьней у вайсковай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, Страсбургу[2].

11 сакавіка 1772 году атрымаў патэнт на палкоўніка артылерыі Вялікага Княства Літоўскага. 28 красавіка 1773 году дзякуючы высілкам дзядзькі атрымаў патэнт генэрала артылерыі літоўскай. У 1773—1776 гадох падарожнічаў у Эўропе. У Францыі навучаўся майстэрству артылерыі, праву, філязофіі. У 1776 годзе на загад дзядзькі вярнуўся ў Рэч Паспалітую, хоць сам лічыў, што адукацыю яшчэ ня скончыў. У час падарожжа вёў дзёньнік.
Дзесьці ў той жа час стаў адным з 6 камандораў Мальтыйскага ордэна.

Ганна Цэтнэр

13 сьнежня 1776 году атрымаў Ордэн сьвятога Станіслава. У тым жа годзе спрабаваў паехаць на сойм ад Слонімскага павету. Але ня змог гэтага зрабіць. У 1777—1781 гадох займаўся эканомікай і правам з былым езуітам Губэртам Ваўтрынам. У 1778 годзе абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага павету дзякуючы падтрымцы караля і вялікага князя, але насуперак жаданьням А. Тызэнгаўза. На гэтым сойме абіраўся дэпутатам у Вайсковы Дэпартамэнт Пастаяннай Рады. 1 студзеня 1779 году атрымаў ордэн Белага Арла.

Яшчэ з 1775 году быў актыўным удзельнікам масонкіх ложаў. Спачатку парыскай ложы «De la Candeur», а потым адным з стваральнікаў кракаўскай ложы «Пад трыма шлемамі». У 1780 годзе на чарговым сойме (дзе быў паслом) пры падтрымцы караля выставіў сваю кандыдатуру на маршалка Пастаяннай Рады, але прайграў князю Станіславу Панятоўскаму.

У 1784 годзе ўдзельнічаў у сойме як берасьцейскі пасол, адзін з кіраўнікоў апазыцыйнай партыі. У 1786 годзе зноў удзельнічаў у сойме ў той жа якасьці. Яшчэ больш умацаваў свае пазыцыі, як кіраўнік апазыцыйнага руху супраць караля, разам з Ф. Браніцкім і Ш. Патоцкім. У 1788 годзе абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага павету. 7 кастрычніка яго абралі маршалкам літоўскай канфэдэрацыі на сойме. Як літоўскі маршалак часам кіраваў ходам сойму разам з каронным маршалкам С. Малахоўскім, а таксама зьбіраў у сябе дома літоўскія правінцыйныя сэсіі для абмеркаваньня пазыцыі шляхты ВКЛ на сойме.

Быў рэкардсмэнам паводле выступаў на сойме. За 4 гады браў голас 760 разоў. Пры гэтым меў добрыя аратарскія здольнасьці. Выкарыстоўваў «тэатральныя» моманты: на сойм хадзіў у традыцыйнай вопратцы, адкінуўшы ўсе новыя францускія завядзёнкі, на свае грошы ўтрымліваў «гучкаў» — арбітраў, якія назіралі за хадой сойму з балькона і падтрымлівалі яго выступленьні.

Сьпярша знаходзіўся ў лягеры гетманскай апазыцыі, якая кіравалася ягоным дзядзькам Ф. Браніцкім: выступаў супраць зьнішчэньня Пастаяннай Рады, крытыкаваў караля і прапрускую пазыцыю «патрыётаў». У 1790 годзе актыўна выказваўся супраць спадчыннага стальцу і абмежаваньня выбарчага права беднай шляхты. Аднак паступова пачаў ўсё шчыльней супрацоўнічаць з каралём і «патрыятычнай» партыяй.

Пра падрыхтаваны праект Канстытуцыі даведаўся толькі 3 траўня на паседжаньні. І хоць, як сам казаў, быў ня згодны зь некаторымі пунктамі дакумэнта, прысягнуў Канстытуцыі разам зь іншымі пасламі.

Заўсёды актыўна выступаў у абарону прэрагатываў Вялікага Княства Літоўскага. Асабліва гэта праявілася ў чэрвені — кастрычніку 1791 году, калі пад яго кіраўніцтвам шляхта ВКЛ абараняла свае правы на асобныя скарбовую, паліцэйскую камісіі, а таксама захаваньне Статуту 1588 году. Вынікам гэтага супрацьстаяньня было падпісаньне «Ўзаемных заручынаў абодвух народаў» 21 кастрычніка 1791 году.

У чэрвені 1792 году выступаў супраць далучэньня караля да Таргавіцкай канфэдэрацыі, але калі гэта адбылося, выехаў з краіны. У 1794 годзе актыўна ўдзельнічаў у паўстаньні, зь яго пачаткам праводзіў мабілізацыю ў Львове, Любліне, Берасьці[3]. Аднак пры гэтым адмаўляўся ўзначаліць паўстанцкі рух на Літве. Вызначыўся мужнасьцю пры абароне Вільні 11 жніўня 1794 году, калі артылерыйская батарэя пад яго камандваньнем абараніла Зялёны мост і змусіла непрыяцеля адступіць. У 1795—1798 гадох жыў у Вене, дзе і памёр.

Сучасьнікі ўспаміналі пра Казімера Нестара Сапегу як пра балбатуна і п’яніцу, кпілі зь ягонай пыхі і патэнта генэрала артылерыі, атрыманага ім у 16 год. Казімера Нестара Сапегу зьвінавачвалі ў выкарыстаньні дзяржаўных грошай на свае патрэбы. Аднак пры гэтым ён карыстаўся вялікай павагай сярод дробнай шляхты за сваё аратарскае майстэрства, шчырасьць і патрыятызм, асабліва ў пытаньнях асобнасьці Вялікага Княства Літоўскага.

У 1784 годзе ажаніўся з Ганнай Цэтнэр, удавой Сангушкі. Аднак таго ж году разышоўся. Працэс падзелу маёмасьці цягнуўся да 1788 году. Больш не жаніўся і дзяцей ня меў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малярства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.)Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 103. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
  2. ^ Грыцкевіч А.. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
  3. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 550.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]