Бібліятэкі Сапегаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Бібліятэ́кі Сапе́гаў — абагульнены назоў збораў Сапегаў, якія існавалі ў іхніх маёнтках у Дзярэчыне, Кодні, Ружанах, Слоніме ў XVI—XVIII стагодзьдзях. Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі пасьля бібліятэкі Радзівілаў у Нясьвіжы.

Пачатак кнігазбору дала ружанская бібліятэка вялікалітоўскага канцлера Льва Сапегі, згаданая ў ягоным тэстамэнце ў 1632 року. Ягоны сын, маршалак Казімер Леў павялічыў калекцыю, якая ў той час налічвала тры тысячы тамоў[1]. У 16441645 вялікую колькасьць кніг Казімер Леў Сапега ахвяраваў бібліятэцы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1784 року падчас мяшканьня ў замку Сапегаў бібліятэку наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Напрыканцы XVIII стагодзьдзя збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам і Францішкам Сапегамі. У 1834 дзярэчынская бібліятэка і архіў вывезеныя ў Санкт-Пецярбург.

Бібліятэка ў Кодні вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вялікалітоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найбольш поўна прадстаўленая літаратура па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалёгіі. Акрамя кнігазбору, меліся архіў старажытных актаў і калекцыя гравюраў. У 1810 Аляксандар Сапега перадаў коданскую бібліятэку варшаўскаму Таварыству аматараў навук(pl).

Захаваліся рэестры на некаторую частку збораў бібліятэк, эксьлібрысы некаторых уладальнікаў. Большая частка кнігаў у цяперашні час зьберагаецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы, бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту, рэшта — у бібліятэках Расейскай АН, Варшаўскага ўнівэрсытэту і іншых сховішчах.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Roman Aftanazy. Różana // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 338. — ISBN 9788304037014

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Иконников В. С. Опыт русской историографии. — Киев: 1891 Т. 1, кн. 1. — С. 784.
  • Иконников В. С. Опыт русской историографии. — Киев: 1892 Т. 1, кн. 2. — С. 1237—1238.
  • Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. — 1985. — № 7.