Перайсьці да зьместу

Рэнэсанс у Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рэнэсанс у Беларусі

У розных краінах Адраджэньне не супадала храналягічна і тыпалягічна. У адрозьненьне ад клясычнага італьянскага Адраджэньня, рэнэсансавую культуру ў некаторых краінах Заходніх і Цэнтральнай Эўропы — Нямеччыне(en), Скандынаўскіх краінах, Ангельшчыне(en) і да т. п. — называюць Паўночным Адраджэньнем, асаблівасьці якога: кампраміс зь сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнеэўрапейскае Адраджэньне, распаўсюджанае на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Летувы, дзе інтэнсіўна разьвіваліся нацыянальная самасьвядомасьць, навука і культура, значных посьпехаў дасягнулі літаратура і мастацтва.

Рэнэсанс на Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі ў XV — першай палове XVII ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для разьвіцьця культуры Адраджэньня: эканамічнае і сацыяльна-палітычнае ўзмацненьне гарадоў, актывізацыя прагрэсіўнага рэфармісцкага руху (аграрная, адміністрацыйная, судовая, ваенная рэформы 1550—1580-х гг.), у выніку якіх адбывалася палітычная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя беларуска-літоўскага грамадзтва. Сьведчаньнем Адраджэньня на Беларусі было фармаваньне беларускай народнасьці і рост яе самасьвядомасьці, пашырэньне міжнародных культурных сувязяў, гуманістычны і рэфармацыйны рух. Сэкулярызацыя духоўнага жыцьця тут выявілася ў разьвіцьці адукацыі, кнігадрукаваньня, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаваньні айчынных бібліятэк, мецэнацтва і ўзьнікненьня гуманістычных цэнтраў пры дварах буйных фэадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленьні антычнай культурай, станаўленьні беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, разьвіцьці гістарыяграфіі, філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўленчае мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэньне адбывалася ў спэцыфічных умовах узаемадзеяньня ўсходняй і заходняй рэлігійна-царкоўнай і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўленьня беларускай культуры ў складзе поліэтнічнага і рознарэлігійнага дзяржаўнага ўтварэньня (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасьці працэсаў нацыянальнай і дзяржаўнай дыфэрэнцыяцыі беларускага, украінскага і летувіскага народаў. Характэрнымі рысамі беларускага Адраджэньня была наяўнасьць у ВКЛ адноснай рэлігійнай талерантнасьці, узаемадзеяньне і ўзаемапранікненьне беларускай, украінскай, летувіскай, польскай і расейскай культур, разьвіцьцё і функцыянаваньне рэнэсансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контрарэфармацыі. Рэнэсансавы гуманізм тут часьцей выяўляўся як «хрысьціянскі гуманізм»: захоўваліся асноўныя прынцыпы хрысьціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленьні і паняцьці; фармаваўся беларускі менталітэт — спэцыфічны спосаб сьветаўспрыманьня і сьветаадчуваньня, які вызначаў нацыянальны характар і своеасаблівасьць духоўнай культуры Беларусі; разьвівалася філязофская і грамадзка-палітычная думка, літаратура, архітэктура, выяўленчае мастацтва, музыка, тэатар.

У разьвіцьці грамадзкай думкі эпохі Адраджэньня вылучаюць 3 пэрыяды: 1-ы (пач. XVI ст. — 1550-я гг.; ад Скарыны да Рэфармацыі) зьвязаны з пранікненьнем у грамадзкую сьвядомасьць ідэі аднаўленьня; 2-і (сярэдзіна — канец XVI ст.) — з сынтэзам рэфармацыйна-гуманістычнай тэорыі і сацыяльна-дзяржаўнай практыкі; 3-і (канец XVI — першая палова XVII стагодзьдзяў) — з рацыяналізацыяй рэнэсансава-гуманістычнай думкі і выхадам яе на агульнаэўрапейскую арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнэсансавых ідэй дзеячамі грамадзка-рэлігійнай барацьбы, якая разгарнулася пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году, культурай беларускага барока. У галіне анталёгіі, гнасэалёгіі і мэтадалёгіі ідэі Адраджэньня выяўляліся пераважна ў рэлігійна-тэалягічнай форме (рацыяналізм С. Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філязофскі спосаб фармулёўкі асноўных уяўленьняў (С. Лован, К. Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытаньні сутнасьці Бога, натуры Хрыста, паходжаньня сьвету (Берасьцейская Біблія, «Хроніка» М. Стрыйкоўскага), разуменьне цудаў, несьмяротнасьці душы(ru), замагільнага жыцьця(ru), суадносін ідэальнага(ru) і матэрыяльнага, пазнаньня, веры і розуму, багаслоўя і філязофіі ды інш. Вучэньне беларускіх мысьляроў пра мараль было заснавана на прызнаньні натуральнай прыроды чалавека, перакананьні ў магчымасьці яе ўдасканаленьня праз індывідуальныя намаганьні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцьця ідэі хрысьціянскай этыкі(ru), адраджаліся філязофска-этычныя вучэньні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэньне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяродзьдзя, грамадзтва ўзьнімаліся пытаньні шчасьця, сэнсу жыцьця, агульнага і індывідуальнага дабра, свабоды выбару, адказнасьці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканаленьня, грамадзянскага абавязку і інш. (Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Міхалон Літвін, С. Кашуцкі, Андрэй Волян, Якуб з Калінаўкі, Марцін Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асноўная праблема сацыяльна-палітычнай і прававой думкі беларускага Адраджэньня — удасканаленьне грамадзтва і дзяржавы (Францішак Скарына, Сымон Будны, Астафей Валовіч, Леў Сапега, Андрэй Волян). Геніяльным прадбачаньнем Міколы Гусоўскага сталі ідэі экалягічнага выхаваньня чалавека. У працэсе станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці на першым этапе (XVI стагодзьдзе) пераважалі этнакультурны кампанэнт і сэкулярызаваная канцэпцыя нацыянальных каштоўнасьцяў (Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі); на другім этапе (канец XVI — першая палова XVII стагодзьдзяў) нацыянальная сьвядомасьць выяўлялася пераважна ў працэсе рэлігійна-канфэсійнага самавызначэньня (С. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Іпацій Пацей і інш.). Праблемы нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту беларускага народа вырашаліся ў барацьбе за сьцьвярджэньне ў грамадзтве і дзяржаве прынцыпу талерантнасьці, верацярпімасьці (Сымон Будны, Леў Сапега, Мялецій Сматрыцкі).

Тытульны аркуш «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага — першай друкаванай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Кралявец. 1582

Характэрная рыса літаратурнага працэсу Беларусі эпохі Адраджэньня — узаемадзеяньне ўсходніх, бізантыйска-праваслаўных і заходніх, лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнэсансавых тэндэнцый. Побач з царкоўна-рэлігійнай літаратурай у XV—XVI стагодзьдзях усё больш выкарыстоўвалася жывая народная мова, якая падрывала манаполію царкоўнаславянскай мовы. Зьявіліся беларускія пераклады сьвецкіх твораў замежнай літаратуры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесьць пра трох каралёў»), кніг Бібліі.

Фрагмэнт Баркулабаўскага летапісу

Вялікую ролю ў станаўленьні нацыянальнай літаратуры Беларусі адыграла сьвецкае дзелавое пісьменства на старабеларускай мове (матэрыялы вялікакняскай і інш. канцылярыяў, дзяржаўныя прывілеі, граматы, Статуты Вялікага Княства Літоўскага і інш.), новыя беларускія летапісыБеларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гістарычнымі аповесьцямі. Высокімі літаратурна-мастацкімі якасьцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс.

Біблія Францішка Скарыны, першая друкаваная ўсходнеславянская кніга. Прага. 1517—1519
Тытульны аркуш «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага. 1523

Здабыткам беларускай літаратуры эпохі Адраджэньня  стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пачатку XVI ст. Міколы ГусоўскагаПесьня пра зубра») і Яна ВісьліцкагаПруская вайна»).

Важным этапам у разьвіцьці беларускай літаратуры эпохі Адраджэньня  была дзейнасьць Францішка Скарыны, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукаваньня. Ягоныя прадмовы і пасьляслоўі да біблейскіх кніг — высокамастацкія і арыгінальныя творы беларускай літаратуры пачатку XVI ст. Яны сьведчаць пра талент Скарыны як пісьменьніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу XV — пачатку XVII стагодзьдзяў у Вялікім Княстве Літоўскім утварыўся шэраг культурна-асьветных цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Берасьце, Нясьвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацак, Слуцак, Любча й інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалягічныя і літургічныя творы розных канфэсій, гістарычныя, філязофскія, палітычныя трактаты, творы антычных пісьменьнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы.

Васіль Цяпінскі, беларускі гуманіст-асьветнік, пачынальнік біблейскай (новазапаветнай) выдавецкай беларускамоўнай традыцыі

Рэфармацыйна-гуманістычны рух, рэлігійна-грамадзкая барацьба XVI — першай пал. XVII стагодзьдзяў спрыялі дзейнасьці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на беларускай, польскай, лацінскай мовах (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, С. Кашуцкі, Андрэй Волян, Леў Сапега, С. і Лаўрэнці Зізаніі, Іпаці Пацей, Л. Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Ян Казімер Пашкевіч, Язэп Руцкі, Афанасій Філіповіч, Беняш Будны, Андрэй Рымша, Ян Радван, Станіслаў Грахоўскі, Ян Казаковіч, Лявон Мамоніч, Гальяш Пельгрымоўскі, Фама Іяўлевіч, Ян Пратасовіч, М. Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.).

Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная літаратура розных жанраў: ліст (пасланьне), адказ (водпаведзь), слова (казаньне), лямант (плач), прадмова.

У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадзкае гучаньне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. Зьявіліся вершаваныя паэмы Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесьць пра ваенныя справы князя Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатырычныя творы, напісаныя сакавітай народнай мовай («Прамова Мялешкі»).

Цікавасьць да прыватнага жыцьця чалавека абумовіла разьвіцьцё мэмуарнай літаратуры (Ф. Еўлашоўскі, Ф. Кміта-Чарнабыльскі, А. Каменскі-Длужык, Я. Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узьнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладаньня (Л. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі). Помнікамі беларускай прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі літаратуры выкладчыкаў беларускіх калегіюмаў, Віленскай акадэмііПра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» Сігізмунда Лаўксміна і інш.).

Выяўленчае мастацтва і архітэктура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад уплывам рэнэсансавай культуры Заходняй Эўропы ў выяўленчым мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 стагодзьдзяў склаліся асяродкі гуманістычнай культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясьвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), разьвіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнэсансавае разуменьне асобы чалавека. На аснове сынтэзу заходнеэўрапейскіх формаў і бізантыйскай мастацкай спадчыны ўзьнік нацыянальны варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзэнтатыўным (партрэт Юрыя Радзівіла) і надзеленым рысамі псыхалягізму паўфігурным (партрэт К. Слуцкай-Радзівіл). Складаўся жанравы і батальны жывапіс (А. Вейдэ).

Рэлігійнае мастацтва разьвівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася плястычнасьцю формаў, яркасьцю палітры, элемэнтамі лінейнай пэрспэктывы, атрыбутамі гістарычнай моды («Пакланеньне вешчуноў», пасьля 1514). У іканапісе зь ягонай постбізантыйскай традыцыяй зьявілася наватарская плыня: у сюжэтную канву ўводзіліся бытавыя і этнаграфічныя дэталі, архітэктурныя краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэньне Марыі» з Маларыцкага раёну), узбагачаўся эмацыйны калярыт, арнамэнтыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі раён; «Лука і Сымон», Лунінецкі раён).

Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Якім і Ганна, Жабінкаўскі раён; Праабражэнскі касьцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі раён). Пашыралася партрэтная плястыка надмагільляў (Альбрэхта Гаштольда ў Вільні, Мікалая Крыштафа Радзівіла ў Нясьвіжы). Складалася мэдальерная школа (Я. Энгельгарт і інш.).

Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласьцю выкананьня вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданьнях Францішка Скарыны (Біблія, 1517—1519), у Берасьцейскай Бібліі (1563), Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Узьніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М. Р. Радзівіла, В. Цяпінскага), геральдычныя кампазыцыі. Т. Макоўскі і іншыя выконвалі архітэктурныя пейзажы, мапы, ілюстрацыі да навуковых трактатаў.

З 16 — першай паловы 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваныя тыповыя рысы эўрапейскага Адраджэньня, асабліва ў пашыраным на беларускіх землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юры Радзівіл, Соф’я Алелькаўна Радзівіл і інш.).

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэньня выявілася ў арнамэнтацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царкоўнага начыньня і параднай зброі эмалямі, каштоўнымі камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. Зьявілася кафля зь сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыцьцём. З заснаваньнем мануфактур (XV ст.) пашыраўся асартымэнт вырабаў са шкла.

У беларускім мастацтве першай паловы 17 стагодзьдзя формы Адраджэньня працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэньня зьвязаныя спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прастакутнікуу, авалу, паўавалу (Нясьвіж, Быхаў, Слуцак). Цэнтрам ягонай кампазыцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш.

Напачатку рысы рэнэсансу спалучаліся з элемэнтамі готыкі, але гатычныя формы збудаваньняў пачатку XVII ст. набывалі плястычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасьць, Мураванкаўская царква-крэпасьць). Сьвецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), зьявіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкаратыўнымі элемэнтамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпеньні — ляпнымі нэрвюрамі, якія ўтваралі дэкаратыўны ўзор (Чарнаўчыцкі Траецкі касьцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).

На Беларусі першыя эўрапейскія тэатральныя формы, як літургічная драма, школьны тэатар, зьявіліся ў XVI ст. празь дзейнасьць каталіцкай царквы. Пазьней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным тэатрам сталі важнымі кампанэнтамі беларускай тэатральнай культуры.

Старонка Берасьцейскага канцыянала. 1558

На Беларусі асноўнымі асяродкамі музычнага Адраджэньня зьяўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіюмы, дзе была добра пастаўленая музычная адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя сьпевы па 5-лінейнай нотнай сыстэме. Асноўным узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засьведчыў зьяўленьне нотадрукаваньня. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Берасьці (зборнік «Песьні хвал боскіх», 1558), Нясьвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі зьмяшчалі сьвецкія песьні.

Валянцін Грэф Бакфарк

Сярод музычных дзеячоў Адраджэньня на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Цыпрыян Базылік, Валянцін Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура беларускага канта, што стала значнай зьявай у прафэсійным сьвецкім і царкоўным мастацтве.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэнэсанс у Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў