Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Сынковічы)
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
| |
![]() Царква Сьвятога Міхала
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Сынковічы |
Каардынаты | 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д.Каардынаты: 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе[d] і Беларуская праваслаўная царква |
Эпархія | Гарадзенская і Ваўкавыская япархія[d] |
Архітэктурны стыль | Готыка |
Статус | Ахоўная зонва |
Царква Сьвятога Міхала Арханёла на мапе Беларусі ![]() ![]() Царква Сьвятога Міхала Арханёла | |
![]() |
Царква́ Сьвято́га Міха́ла Арханё́ла[a] — помнік архітэктуры XV—XVI стагодзьдзяў у Сынковічах. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Сынковіцкая царква — адзін зь першых абарончых храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, адна з найбольш раньніх гатычных праваслаўных цэркваў Беларусі. Утварае адзіны ансамбль з званіцай, мастацкае аблічча якой пацярпела ад надбудовы купала-цыбуліны.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку рэстаўрацыйных працаў на фасадзе царквы выявілі літары, выкладзеныя паленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна тлумачыць як 320, хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра 1320 год[1].
Існуе легенда, што царкву заснаваў Вітаўт Вялікі ўва ўдзячнасьць за тое, што ў мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Аднак паводле пашыранай думкі, будаваньне вялося ў пачатку XVI ст., магчыма, на грошы слыннага гетмана Канстантына Астроскага, фундатара Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.
У дакумэнце 1760 году паведамлялася, што царкву заклалі ў пэрыяд кіраваньня каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 гадамі. У «Акце візытацыі сынковіцкай царквы за 1760 год» адзначаецца, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і зьнік, відаць, у час аднаго з рамонтаў. Існуюць зьвесткі пра тое, што ў кожнай кутняй вежы была крыпта. У 1760 годзе ўжо існаваў мураваны бабінец.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сынковічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзейнічаць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1841 годзе праводзіўся рамонт царквы[2].
У 1880—1881 гадох на царкве замянілі дах, прыбудавалі прытвор і купал над апсыдай, разабралі купал над цэнтральнай часткай[3][b]. У 1891 годзе перад царквой збудавалі бутава-цагляную 2-ярусную 4-гранную званіцу.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1926 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі перадалі царкву ўніятам. Яна стала філіяй езуіцкае місіі ў Альбэртыне (Слонім) і цэнтрам грэцка-каталіцкай парафіі.
У 1945 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву, а яе будынак адабралі пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988—1990 гадох царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.
У 2000 годзе помнік выявілі на памятнай манэце, адбітай Нацыянальным банкам Беларусі. У 2007 годзе ў выніку рэканструкцыі царкоўнай званіцай над ёй за грошы расейскага спонсара паставілі вялізны пазалочаны купал-цыбуліну, які спаскуджвае мастацкае аблічча помніка архітэктуры.
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. Гэта крыху перакошаны чатырохкутны ў пляне аб'ём памерам 17,5×13 м з 3-нэфавым падзелам. Усе нэфы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня муроў дасягае 1,5 м[4]. Чатыры абарончыя вежы, разьмешчаныя з кутоў, адрозьніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзьве заходнія вежы стаяць на квадратных падмурках, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрафорсы. Верхняя частка вежаў — васьміграньнік з трыма ярусамі байніцаў. Дзьве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсьць байніцы. У вежах знаходзяцца вітыя ўсходы, якія некалі вялі да байніцаў, разьмешчаных у франтоне.
Верхняя частка сьценаў, апроч усходняй, ахопліваецца магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам царквы сачыць за дзеяньнямі супраціўніка і весьці агонь на большыя адлегласьці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу дзеля абароны. Апроч таго, яны зьяўляюцца важным элемэнтам і сродкам упрыгожваньня царквы. Асабліва ўмацоўваецца заходняя сьцяна царквы. У шчыце франтону зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстоўваецца «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемэнт, які выконваў ролю назіральнага пункту.
У шчыце франтону неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражаньне цяжкаватасьці і масіўнасьці, надаюць будынку яркасьць і лёгкасьць. На ўсходніх вежах і алтарных апсыдах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе роўнай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэтае ўпрыгажэньне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсыдамі адпавядае форме ўсходняга франтону. Выразнымі элемэнтамі готыкі зьяўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпеньні правай апсыды храма і высокі двухсхільны дах.
Невялікая перакошанасьць пляну будынка, некаторая скрыўленасьць восі апсыдаў у адносінах да нэфаў даюць падставы меркаваць, што царкву ўзводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разьбіўкі пляну простыя, ня вельмі дакладныя вымяральныя інструмэнты.
У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць унутраную прастору на нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі з нэрвюрамі. Цэнтральная і паўночная апсыды перакрываюцца крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеньнямі. Атынкаваныя сьцены падзяляюцца прастакутнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі.
Перад царквой стаіць бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Старая графіка
Да замены 4-канцовых крыжоў на ўкосныя. В. Гразноў, каля 1867 г.
Ю. Ядкоўскі, 1915 г.
Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Старыя здымкі
Я. Булгак, да 1939 г.
Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сучасны стан
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Іншыя формы назвы царквы — Сьвятога Міхаіла Архангела, Сьвятаміхальская, Міхайлаўская
- ^ Гэтыя зьвесткі, аднак, супярачаць малюнку В. Гразнова 1867 году, на якім ужо ёсьць прытвор
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Прымак І., Чарнуха А. Як рэстаўрацыя «састарыла» царкву // Народная газета. — 19 сакавіка 2011.
- ^ Кушнярэвіч А. Сынковіцкая Міхайлаўская царква // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 648.
- ^ Багласаў С. Сынковіцкая царква-крэпасць // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 465.
- ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977. С. 67.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 410Г000282 |
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла ў Сынковічах, Radzima.org
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла, Globus.tut.by
- Сынковічы: праваслаўная готыка Беларусі
|
- Гісторыка-культурныя каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь
- Абарончыя храмы Беларусі
- Праваслаўныя храмы Зэльвенскага раёну
- Хрысьціянскія храмы Вялікага Княства Літоўскага
- Гатычныя збудаваньні Беларусі
- Гатычныя збудаваньні ВКЛ
- Цагляная готыка
- Храмы пад тытулам Сьвятога Міхала Арханёла
- Праваслаўныя храмы Гарадзенскай і Ваўкавыскай япархіі