Беняш Будны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беняш Будны (другая палова XVI ст., Лоск? — першая палова XVII ст.[1]) — пісьменьнік, перакладнік і камэнтатар твораў антычных аўтараў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Родам з Лоска ці Віленшчыны[2]. Верагодна, пачатковую адукацыю атрымаў у адной з пратэстанцкіх навучальных установаў. Мажліва, у Лоскай арыянскай школе[3].Скончыў Кёнігсбэрскі пратэстанцкі ўнівэрсытэт, дзе ў 1588 запісаўся як «Веніямін Будны, родам зь Літвы»[4]. Жыў пры двары беларускіх магнатаў — Я. Кішкі, наваградзкага ваяводы Т. С. Тышкевіча і яго пляменьніка А. Храптовіча. 3 1594 служыў аканомам у М. К. Радзівіла «Сіроткі». Адначасова займаўся пісьменьніцкай і перакладніцкай дзейнасьцю.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклаў на польскую мову тры кнігі Цыцэрона «Пра старасьць» і напісаў да яго прадмову (1595, 2 выд. 1603) і «Пра сяброўства» (1603, 2 выд. 1606) і «Пра абавязкі» (1606)[5], у якіх зьмешчаны лацінскія і польскія эпіграмы самога перакладніка. У якасьці дэдыкацыі да першай кнігі зьмясьціў верш на польскай мове «Аўтар перакладу гэтых кніг да Сарматыі».

У 1599 у Вільні ў друкарні Яна Карцана выйшла фундамэнтальная праца Б. Буднага «Кароткія і ясныя аповесьці, якія па-грэцку называюцца „Апафэгматы“» — філязофска-этычныя сэнтэнцыі з нагоды вучэньня ці жыцьця антычных філёзафаў і палітычных дзеячаў з твораў Дыягена Лаэрцкага, Плютарха, Цыцэрона і інш. Вытрымала адзінаццаць выданьняў.

Характар пісьменьніцкай дзейнасьці Б. Буднага, яго творы сьведчаць пра сэкулярызацыю грамадзкага жыцьця і культуры Беларусі канца 16—пач. 17 ст., усё большую цікавасьць да сьвецкай думкі, антычнай філязофіі. Асаблівасьць аўтарскай інтэрпрэтацыі — тэндэнцыя да хрысьціянізацыі антычнай этыкі, збліжэньня яе з эвангельскім маральным вучэньнем. Б. Будны прыйшоў да высновы, што, каб весьці дабрачыннае жыцьцё, неабавязкова быць хрысьціянінам, але ж неабходна «валодаць сьветам натуральнага розуму»; лічыў, што чалавек павінен жыць у адпаведнасьці са сваёй прыродай — разумна і маральна.

Зрабіў спробу асэнсаваць грамадзкі інстытут мэцэнацтва. Ён пісаў, што быць апекуном вучоных і пісьменьнікаў — вялікі гонар, і толькі дабрачынны, адукаваны чалавек, які любіць сваю Бацькаўшчыну, можа заслужыць такі гонар.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 57. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. ^ БУДНЫ Беняш. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 19 ліпеня 2012 г.
  3. ^ В.С. Болбас, І.С. Сычова Папулярызатар этыка-педагагічных ідэй антычнасці на Беларусі // Адукацыі і выхаванне. — 2002. — № 4. — С. 54—61.
  4. ^ Будны Беняш // Энцыклапедычны даведнік. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. — Мн., 1995. — С. 186—188
  5. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 823

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]