Перайсьці да зьместу

Тульгавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тульгавічы
трансьліт. Tuĺhavičy
Першыя згадкі: 1506
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Судкоўскі
Насельніцтва: 0 чал.
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247620
СААТА: 3254816076
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°47′3″ пн. ш. 29°40′35″ у. д. / 51.78417° пн. ш. 29.67639° у. д. / 51.78417; 29.67639Каардынаты: 51°47′3″ пн. ш. 29°40′35″ у. д. / 51.78417° пн. ш. 29.67639° у. д. / 51.78417; 29.67639
Тульгавічы на мапе Беларусі ±
Тульгавічы
Тульгавічы
Тульгавічы
Тульгавічы
Тульгавічы
Тульгавічы

Тульгавічы[1] — былая вёска ў Беларусі, на рацэ Віці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 1 чалавек. Знаходзілася за 30 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Ламачы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ці не ўпершыню паселішча згадана ў прывілеі караля Аляксандра князю Васілю Мунчы на «село Тулеговичи в Мозырскомъ повете», датаваным 24 траўня 1506 году[2]. На той час гэта была тэрыторыя Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Даволі хутка, 26 траўня 1508 году маёнтак князя Мунчы, які выступіў супраць караля Жыгімонта Старога ў мяцежы князя Міхала Глінскага, быў аддадзены пану Васілю Пятровічу[3], а зь ліста-пацьверджаньня ад 22 сьнежня 1510 году даведваемся, што гэта былі менавіта Тульгавічы: «Билъ нам чоломъ дьякъ нашъ Васко Петровичъ и въказывалъ перед нами листы, данину нашу, што есмо дали ему люди в Мозырскомъ повете на имя Тулеговичы, што держалъ зрадца нашъ Мунча…»[4].

Тульгавічы ў «Апісаньні Мазырскага замку». 1552 г.

З апісаньня Мазырскага замку 1552 году вынікае, што ўжо з 1512 года Тульгавічамі ў Загальскай нядзелі[a] Мазырскай воласьці валодалі наваградзкія зямяне Заройскія. Іх жыхары ад 1532 году перасталі выконваць павіннасьці на карысьць замку. Напярэдадні складаньня дакумэнту Заройскія прадалі сяло з пятнаццацьцю сялянамі-гаспадарамі пану Герасіму Калантаю[5]. У 1567 годзе пан Стафан Рыгоравіч Лавейка з маёнткаў сваіх, сярод якіх і Тульгавічы, ставіў у войска Вялікага Княства Літоўскага 3 узброеных вершнікаў і 2 драбаў з ручніцамі[6].

Пасьля падпісаньня Люблінскай уніі, зь сярэдзіны 1569 году, Тульгавічы ў складзе Мазырскага павету былі далучаны да Менскага ваяводзтва. Шляхцічы Лавейкі трымалі «sioło i dwór Tulhowicze» яшчэ і ў 1622 годзе, калі каронныя і вялікакняскія камісары ў чарговы раз спрабавалі разьмежаваць Кіеўскае ваяводзтва Кароны з Мазырскім паветам Вялікага Княства Літоўскага[7].

Герб уласны роду Абуховічаў (паводле апісаньня К. Нясецкага).

25 чэрвеня 1643 году шляхціч Мікалай Абуховіч запісаў сваёй жонцы пані Зофіі, народжанай Глухоўскай, сяло Тульгавічы ў Мазырскім павеце[8].

У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 году і 20 сьнежня 1688 году маюцца зьвесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасьцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых зьбілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, але гэтага не зрабіў. Таму za Dekretem Kommissarskim Wileńskim асуджаны на вечную баніцыю, што актыкавана было ў Мазырскім гродзкім судзе[9]. Вось пасьля гэтага Тульгавічы і дасталіся юравіцкім езуітам, і менавіта таму прэтэнзіі паноў Абуховічаў апошнім удавалася надалей пасьпяхова апратэстоўваць у судох, пра што пісаў ксёндз Станіслаў Залэнскі[10]. Магчыма, ўсё ж айцы-езуіты і да касацыі іх закону ў 1773 годзе неяк дзялілі Тульгавічы з панамі-шляхтай альбо застаўлялі апошнім хоць бы дзеля забясьпечаньня іхнай недатыкальнасьці. Ёсьць сьведчаньне пра тое, што ардынаваны яшчэ ў 1765 годзе пінска-тураўскім япіскапам Ю. Булгакам на пароха ўніяцкай царквы ў Тульгавічах Мазырскага павету сьвятар Мацей Юхневіч на працягу 13 гадоў (1778) ня быў зацьверджаны ўладальнікам сяла панам Адамам Стоцкім. Парафія налічвала ўсяго 30 досыць бедных дымоў (×6 — каля 180 жыхароў). Гэткай жа беднай плябанія заставалася і праз 9 гадоў (1787), калі парохам быў сын нябожчыка а. Данііл Юхневіч[11]. У вопісе Сьвята-Георгіеўскай царквы 1796 году сказана, што драўляны будынак яе ўзьведзены ў 1749 годзе тутэйшай грамадой[12].

Побач зь сялом існавала паселішча Тульгавіцкая Рудня, жыхары якой займаліся апрацоўкай жалеза. Больш раньнія згадкі пра яе сустракаюцца пачынаючы з 1789 году ў хросных і шлюбных мэтрычных запісах Юравіцкага парафіяльнага касьцёлу. Уніяцкім парохам у Тульгавічах заставаўся айцец Даніэль Яхневіч (Юхневіч), але ў Рудні абрады часьцей выконвалі юравіцкія ксяндзы-дамініканы[13].

У складзе Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тульгавічы — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага [[Рэчыцкі павет (Расейская імпэрыя)|Рэчыцкага павету], Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. У 1795 годзе ў Тульгавічах налічвалася 70 двароў, 306 жыхароў. Тады сяло з рудняй належала войскаму мазырскаму Адаму, сыну Казімера, Стоцкаму[15]. Паводле рэвізіі 1811 году, Сьвята-Георгіеўская прыходзкая царква была павернутая да расейскага праваслаўя ў 1795 годзе, а настаяцелем яе — усё той жа а. Данііл, сын Мацьвея, Яхневіч[16]. У 1845 годзе складзены інвентар маёнтку Тульгавічы паноў Солтанаў[17]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 294 жыхары сяла Тульгавічы абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы, 81 жыхар двара Тульгавічы (імаверна, разам з Рудняй Тульгавіцкай) зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[18].

Тульгавічы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. Сярэдзіна XIX ст.

У парэформавы пэрыяд сяло адміністрацыйна належала да Юравіцкай воласьці. На 1864 год згаданая прыходзкая, 6 класу, драўляная Георгіеўская царква ў Тульгавічах і прыпісная драўляная Траецкая царква ў Кажушках. Колькасьць вернікаў — 328 душ мужчынскага і 386 жаночага полу[19]. Частка жыхароў Тульгавічаў (пераважна з Рудні Тульгавіцкай) трымалася рыма-каталіцызму. У тым жа 1864 годзе яны (Шацілы, Лісоўскія, Гулевічы, Дудоўскія, Валасюкі, Краснабароды) разам з іншымі вернікамі зьвярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на знішчэньне парафіі і руйнаваньне касцёлу Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Юравічах[20]. У 1869 годзе стары лядашчы будынак царквы быў зачынены. У 1875 годзе пачалося ўзьвядзеньне новага, але ўвесну 1876 году ён быў знішчаны вялікім пажарам, які стаў бедствам для ўсяго сяла. Таму ў даведніку 1879 году сказана, што ролю прыходзкай пэўны час выконвала кажушкаўская прыпісная Сьвята-Траецкая царква[21]. У пачатку 1870 году ў Тульгавічах 162 мужчынскія душы сялян-уласьнікаў, прыпісаных да тутэйшага сельскага таварыства, 2-е аднадворцаў, прыпісаных да Юравіцкай воласьці[22]. На 1876 год у маёнтку Тульгавічы налічвалася 1468 дзесяцін зямлі. У 1882 годзе асьвечаны новы будынак Сьвята-Георгіеўскай прыходзкай царквы ў Тульгавічах[23]. На 1886 год у сяле 63 двары, 329 жыхароў[24]. Паводле сьпісу землеўладальнікаў Менскай губэрні на 1889 год панскія добра належалі Адольфу і Мікалаю, сынам Максыміліяна (адпаведна 610 і 600 дзесяцін), Атону, сыну Аляксандра (629 дзесяцін), Яўгеніі, дачцэ Юзафа (624 дзесяціны) Солтанам[25]. У 1897 годзе ў вёсцы 87 двароў, 630 жыхароў, царкоўна-прыходзкая школа, хлебазапасная крама, вятрак і конны млын, карчма. У суседняй вёсцы Тульгавіцкая Рудня было 26 двароў з 87 жыхарамі. Падчас пажару 8 траўня 1899 году ў Тульгавічах згарэў 51 двор. На 1909 год у Тульгавічах налічвалася 123 двары з 833 жыхарамі. Тут месьціліся фальваркі Канавалава (1 двор, 20 жыхароў) і Макушнікава (1 двор, 16 жыхароў), Солтана (1 двор, 15 жыхароў)[26]. У 1911 годзе маёнтак Тульгавічы дзялілі між сабой Мечыслаў, Іардан, Канстанцін, сыны Мікалая, Перасьвет-Солтаны (ува ўсіх па 454 дзесяціны), ды іх брат Браніслаў, доля якога складала 218 дзесяцін. Па 24 дзесяціны зямлі мелі ў Тульгавічах нашчадкі колішніх руднікаў, браты Іосіф і Ўладзімір, сыны Казімера, Краснабароды. Тамсама валодалі зямлёй Радзівон Васільевіч Канавалаў (906 дзесяцін), Георгій Міхайлавіч Макушнікаў (906 дзесяцін), Мікалай Аляксандравіч Максімоўскі (638 дзесяцін) і Марыя Іванаўна Максімоўская (639 дзесяцін); у гэты раз маёнткі ўсіх чатырох запісаныя пад назвай Новы Двор Юравіцкай воласці[27] (яшчэ Новы Двор, але больш за сотню гадоў існаваў у Алексічах).

Дом абшарніка-мешчаніна Хведара Радзівонавіча Канавалава ў Тульгавічах. Каля 1917 г.

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тульгавічы ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта |Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[28].

Тульгавічы, Ломыш, Буда на мапе 1924 г.

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 сьнежня 1926 году (да аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе) — цэнтр Тульгавіцкага сельсавету Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 году Хвойніцкага раёну, з 20 лютага 1938 году Палескай, з 8 студзеня 1954 году Гомельскай вобласьці.

У 1930 годзе арганізаваны калгасы «Чырванамайск» і «Чырвоны Кастрычнік», у вёсцы працавалі кузня, паравы млын, стальмашня.

У чэрвені 1943 годзе партызаны зьнішчылі нямецкі гарнізон, які месьціўся ў вёсцы. Карнікі зруйнавалі частку вёскі і забілі 22 чалавекі. На фронце загінулі 186 жыхароў. Вёска вызвалена 25 лістапада 1943 году.

Паводле перапісу 1959 году ў вёсцы налічвалася 1134 жыхары, тут месьцілася цэнтральная сядзіба калгасу імя А. А. Жданава, у складзе якога былі вёскі Буда, Ламачы, Ломыш. Існавалі камбінат бытавога абслугоўваньня, лясьніцтва, сярэдняя школа, клюб, бібліятэка, вэтэрынарны ўчастак, аддзяленьне сувязі, участковая бальніца, тры крамы.

Плян Тульгавічаў складаўся з дугападобнай вуліцы з шыротнай арыентацыяй, да цэнтра якой далучаліся 2 простыя паралельныя паміж сабой вуліцы. Жылыя дамы былі пераважна драўляныя сядзібнага тыпу[29].

  1. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці (Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190).
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Акты Литовской метрики. Собр. Ф. И. Леонтовичем. Т. 1. Вып. 2. — Варшава, 1897. № 747; Акты Литовско-Русского государства. Вып 1. Т. 2. (1390—1529). / Сост. М. Довнар-Запольский. — Москва, 1897. С. 119—120
  3. ^ Литовская Метрика. Книга записей 8. (1499—1514). / Подгот. А. Балюлис. — Вильнюс, 1995. С. 259
  4. ^ Литовская Метрика. Книга записей 8. — С. 392—393
  5. ^ Архив Юго-Западной России. — Ч. 7. — Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 644
  6. ^ Русская историческая библиотека. — Т. XXXІІІ: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1235
  7. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96
  8. ^ Опись актовой книги Киевского центрального архива № 30. Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1907. С. 13
  9. ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 43, 44
  10. ^ Załęski S. Jezuici w Polsce. Kraków, 1905. T. 4. Cz. 4: Kolegia i domy założone za królów Jana Kazimierza, Michała, Jana III, obydwóch Sasów i Stanisława Augusta. 1648—1773. S. 1550
  11. ^ Лісейчыкаў Д. В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг. / Д. В. Лісейчыкаў. – Мінск: Медысонт, 2011. С. 67 – 68
  12. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 44
  13. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 60. А. 37, 39адв., 41, 45–46адв., 47адв., 66адв.
  14. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  15. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 56-63; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71, 74
  16. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 338
  17. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп.1. Спр. 1473. А. 1 — 41
  18. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694
  19. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. — Санкт-Петербург, 1864. С. 305
  20. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 112. А. 2 — 3адв.
  21. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 134—136
  22. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68об.
  23. ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1882. № 17. С. 448–451
  24. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  25. ^ Список замлевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 375—376
  26. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 202
  27. ^ Список замлевладельцев Минской губернии. 1911. — Б. м. С. 2, 5, 45
  28. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  29. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.