Навасёлкі (Хвойніцкі раён)
Навасёлкі | |
трансьліт. Navasiołki | |
Дата заснаваньня: | перад 1532 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Судкоўскі |
Насельніцтва: | 38 чал. (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247620 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°49′13″ пн. ш. 29°52′1″ у. д. / 51.82028° пн. ш. 29.86694° у. д.Каардынаты: 51°49′13″ пн. ш. 29°52′1″ у. д. / 51.82028° пн. ш. 29.86694° у. д. |
± Навасёлкі |
Навасёлкі[1] — вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Навасёлкі ўваходзяць у склад Судкоўскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў лісьце караля Жыгімонта Старога ад 3 сакавіка 1532 году[b], якім маёнткі нябожчыка пана Сямёна Палазовіча перадаваліся яго зяцю князю Дзьмітрыю Відэніцкаму (Любецкаму)[6]:
Воеводе киевъскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ нам дворянинъ нашъ княз Дмитреи Романовичъ Виденецкии о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкии тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовичъ наимя Ухобное, Углядковичи, Белыи Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые деи онъ вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королеи ихъ милости и нашими... и приказуемъ тобе, ажо бы еси тых именеи со всимъ с тымъ князю Дмитру поступилъ...
6 кастрычніка 1541 году паміж князем Аляксандрам Міхайлавічам Вішнявецкім, дзедзічам Брагінскіх добраў, і князем Дзмітрыем Раманавічам Відэніцкім, уладальнікам добраў Астраглядавіцкіх, было дасягнута пагадненьне, згодна зь якім, першы саступіў грунт для вёскі Навасёлкі, наўзамен чаго атрымаў грунты для вёсак Веляцін і Мікулічы[7].
У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гадоў была вызначана мяжа Кіеўскага павету на ўчастку, дзе знаходзілася Брагінская воласьць: «… Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча…_… а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра…»[8]. Навасёлкі — у Кіеўскім павеце і намінальна[c] ў Брагінскай воласьці.
Увогуле, ад свайго заснаваньня і да парэформавага пэрыяду ўжо ў Расейскай імпэрыі Навасёлкі належалі тым уладальнікам, што і Хвойнікі з Астраглядамі, г. зн. пасьля Любецкіх, — Харлінскім, Абрамовічу, Бжазоўскім, Шуйскім і Прозарам[10].
26 верасьня 1568 году ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабраньня грунту вёскі Навасёлкі і прылучэньня да ўгодзьдзяў вёскі Кажушкі біскупа кіеўскага Мікалая Паца[11]. Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Палазовічаўны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, якая пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з вышэйзгаданым Шчасным Харлінскім гербу Бонча, у сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[d], Остроглядовичи, Новоселки…»[12].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Навасёлкі) было далучана да Кароны Польскай[13].
Карона Каралеўства Польскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]7 днём верасьня 1572 году датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 года біскуп М. Пац зьвярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 года пазначана разьмежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[11]. 6 красавіка 1590 году ў Кіеўскі гродзкі суд накіраваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, на адрас князя Аляксандра Вішнявецкага, старосты чаркаскага, які наслаў быў некалькі соцень падданых сваіх брагінскіх на чале з ураднікам Кірыянам Вайніловічам на вёскі Навасёлкі, Храпкаў, Багушы і Руднае, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, а яны людзей зьбілі і скалечылі, каморы і іншыя будынкі пашкодзілі, начыньне рознае, худобу з быдлам пазабіралі і да ключа Брагінскага адвялі[14]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў. Крыху раней, 20 чэрвеня 1600 году, Ш. Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны: двор Астраглядавічы з «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Навасёлкі, Дворышча, Вялікі Бор і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку зь сямі пляцаў у Кіеве[15].
Пры разьмежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Навасёлкі і іншыя пана Мікалая Харлінскага, а таксама сёлы Брагінскай воласці за ракой Сычоўкай паны камісары згодна засьведчылі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага[16].
7 чэрвеня 1623 году датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Навасёлкі, Лаханію, Стралічаў, Малішаў[e][17]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добры Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[18], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з 8 дымоў вёсак Дворышча і Навасёлкі, якія былі ў заставе ў пана Зыгмунта Копэця, выплачвалася па 3 злотых[19]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[f] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названыя і Навасёлкі[20]. 16 красавіка 1637 году М. Абрамовіч за плату ў 12 000 злотых перадаў фальварак і сяло Руднае ды сёлы Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстаньне зямяніну Стэфану Воўку[21].
У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што вёска Навасёлкі ў складзе Хвойніцкай воласьці належала князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[22]. У 1754 годзе з 26 двароў (×6 — прыкладна 156 жыхароў) вёскі Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 4 злотых і 1 грош, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 16 злотых і 4 грошы[23].
13 і 15 лістапада 1773 году, паводле актаў Оўруцкага гродзкага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгодзьдзяў вёсак Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апякуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая, сына Рафала, Аскеркі. Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хвойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 году ў оўруцкія кнігі было нават занесена разьмежаваньне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 году датаваныя судовыя абвінавачваньні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў зьбілі-скалечылі, зьнішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 году ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацьверджана мапа пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Навасёлкі абозных Прозараў і Кажушкі стражніка Аскеркі[24].
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Навасёлкі — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[25].
30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[g]. Грунты хвойніцкіх Навасёлак у тым дакуменце ў чарговы раз разьмяжоўваліся з угодзьдзямі прылегласьці Barborowszczyzny Кажушак, а таксама Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[26].
Інвэнтар Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтку 1844 года засьведчыў прыналежнасьць Навасёлак з 68 сем'ямі ў складзе фальварку Дэлістаў пану Юзафу, сыну Караля, Прозару[27]. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што ў 1850 годзе ў вёсцы было 68 двароў, 494 жыхары. «Список населённых мест Минской губернии на 1857 год» паказвае, што 443 жыхароў Навасёлак зьяўляліся прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў[28].
У парэформавы пэрыяд Навасёлкі адміністрацыйна належалі да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў вёсцы налічвалася 218 гаспадароў зь сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Навасёлкаўскага сельскага таварыства[29].
Паводле перапісу 1897 года, у Навасёлках — 135 двароў, 819 жыхароў, капліца, школа граматы і хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы было 155 двароў, 913 жыхароў[30].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Навасёлкі, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[31].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Навасёлкаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 63 і 122 вучні[32].
1 сьнежня 2009 году сельсавет, у склад якога ўваходзяць Навасёлкі, перайменаваны з Дварышчанскага ў Судкоўскі[33].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1999 год — 168 чалавек
- 2010 год — 99 чалавек
- 2021 год — 26 двароў, 38 жыхароў[34]
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[2].
- ^ М. К. Любаўскі ў свой час памылкова атаясаміў сяло з Навасёлкамі Іпскай нядзелі[a] Мазырскай воласьці[3], аддадзенымі каралём у трыманьне пісару Федку Сьвятошу ў 1514 г.[4], а каля 1535 г. — князю Уладзімеру Пуціўльскаму. Тады як нашыя Навасёлкі месьціліся на тэрыторыі Брагінскай воласьці. Памылка была запазычана С. В. Марцэлевым[5].
- ^ Астраглядавічы і Хвойнікі, зь якімі Навасёлкі непарыўна зьвязаныя, вылучаныя з Брагінскай воласьці яшчэ ў 1504 г.[9]
- ^ Гэта ці ня першы вядомы выпадак выкарыстаньня ў пісьмовай крыніцы палянізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
- ^ Яшчэ названыя 14 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
- ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
- ^ Тут выкарыстана копія гранічнага дакумэнту, перааформленая ў Мазыры 13 сьнежня 1809 г., імаверна, для А. фон Гольста, бо разьмежаваньне праводзілася, калі маёнткам валодаў Я. Сівэрс; засьведчана подпісам менскага віцэ-губэрнатара С. Бэнэволенскага.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 314
- ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П. Г. Клепатский. Т. 1. Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 191
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 644
- ^ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 9 (1511–1518). Užrašymų knyga 9 / Metryka Litewska. Księga Nr 9 / 9 księga wpisów / Księga-kontynuacja (1508–1518). Wydał K. Pietkiewicz (Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu). – Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 478; Любавский, М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки / М. К. Любавский – Москва: Университетская типография, 1892. С. 238
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2005. С. 451
- ^ Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського. // Україна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8. С. 69 – 70
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 4
- ^ Русская историческая библиотека. Т. XXX. Литовская метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Т. 1. – Юрьев, 1914. Стб. 892, 893
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 3, 200. Sygn. 2. S. 78
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
- ^ а б AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 31—32
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 7
- ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 57, 60; АGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
- ^ ŹD. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
- ^ ŹD. T. XXI. S. 637
- ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 56
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. — С. 396—397
- ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
- ^ Sumariusz Metryki Koronnej. Księga wpisów MK184 z Archiwum Głównego Akt Dawnych [Electronic resource] / Oprac. Janusz Dąbrowski. № 62 – Mode of access: [1]
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. / Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 32—34
- ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 12. S. 17–24
- ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1481. А. 25 і наст.
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 136
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
- ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 (рас.)
- ^ Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавету на 01.01.2021г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.