Антонаў (Нараўлянскі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антонаў
трансьліт. Antonaŭ
Першыя згадкі: 1527 год
Былая назва: Антонавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Нараўлянскі
Сельсавет: Вербавіцкі
Насельніцтва: 135 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2355
Паштовы індэкс: 247793
СААТА: 3238804001
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°40′0″ пн. ш. 29°22′51″ у. д. / 51.66667° пн. ш. 29.38083° у. д. / 51.66667; 29.38083Каардынаты: 51°40′0″ пн. ш. 29°22′51″ у. д. / 51.66667° пн. ш. 29.38083° у. д. / 51.66667; 29.38083
Антонаў на мапе Беларусі ±
Антонаў
Антонаў
Антонаў
Антонаў
Антонаў
Антонаў

Анто́наў[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Славечне. Уваходзіць у склад Вербавіцкага сельсавету Нараўлянскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 135 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы захад ад Нароўлі, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (лінія Каленкавічы — Оўруч). Палявая дарога злучае вёску з шашой на Нароўлю.

Антонаў — даўняе сяло і двор гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Харугва роду Кмітаў

Згодна зь «Вялікім гістарычным атлясам Беларусі», упершыню Антонавічы згаданыя пад 1527 годам[a][4]. Наступны ўпамін пра патужнікаў з Антонавічаў Оўруцкай нядзелі[b] сустрэты ў апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 году[6]. У люстрацыі Оўруцкага замку таго ж 1552 г. сказана, што з дзьвюх службаў[c] сяла Антонавічы выплачваліся 100 грошаў і мёду 3 кадзі[7]. 5 сакавіка 1553 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў Антонавічы на ленных правах пану Сямёну Кміце[8]. У дакумэнце ад 23 сакавіка 1555 году сказана, што ў Антонавічах, якія месьціліся ў Кіеўскім ваяводзтве, было дзьве службы[d][9]. Недзе ў пачатку 1560 гадоў лен перайшоў да сына нябожчыка Сямёна пана Філона, пазьней вядомага як Кміта-Чарнабыльскі.

Герб Ліс роду Сапегаў
Антонавічы ў канцы XVI ст. на Генэральнай мапе Вялікага гістарычнага атлясу Баларусі.

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[10]. Антонаў у складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, мусіў быць выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва. Але з адпаведных квітаў вынікае, што паборы 1576 — 1578 гадоў зь яго працягвалі аддаваць да скарбу Кіеўскага ваяводзтва[9].

Смаленскі ваявода Філон Кміта спачыў 29 лістапада 1587 году. У 1596 годзе зяці нябожчыка Лукаш Сапега і Юры Горскі пакліканыя ў суд у справе незаконнага валоданьня Антонавам, бо сын Філона Лазар памёр беспатомным. Але яшчэ 6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза падараваў лен Антонавічы канцлеру Льву Сапегу[11]. Апошні ў 1598 годзе саступіў маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы і Завайць стрыечнаму брату каралеўскаму двараніну Лукашу Сапегу[8], што кароль і зацьвердзіў. Надалей мясцовыя інстыгатары пана Лукаша не турбавалі. У 1602 — 1605 гадох падаткі зь ягоных добраў выплачваліся да Кіева[9].

Партрэт Лукаша Сапегі. 1709 г.

У кнігах судовых Брацлаўскага ваяводзтва захаваліся кіеўскія дэкрэты ад 20 ліпеня 1604 году, калі пан Стэфан Лозка абвінаваціў панства Сапегаў, падданыя якіх антонаўскія напалі на яго слуг у пушчы, што за 2 мілі ад маёнтку паноў Служкаў Мухаедавічаў, ды тых апошніх паранілі і абрабавалі; 26 ліпеня 1604 году, паводле скаргі пана Яна Юндзіла на пана Лукаша Сапегу, людзі ягоныя антонаўскія і чарнобыльскія напалі на падданых вербкаўскіх, калі тыя аралі зямлю ў урочышчы Кланятычы, самых пабілі, забралі коней, валоў і інш.; упаўнаважаныя князя Януша Збараскага сьцьвярджалі, што людзі Сапегі забралі авечак, быдла і іншае дабро ў яго бабіцкіх сялянаў. З свайго боку, Л. Сапега у лісьце да канцлера Льва Сапегі, датаваным 8-м сакавіка 1606 году, паведаміў, як 28 лютага, за некалькі дзён да яго прыезду, слуга пана ваяводы брацлаўскага путны баярын Мазырскага павету Філон Міцкевіч зь нейкім Арлоўскім і ўраднікам бабіцкім Цыпрыянам Лебядзеўскім, узяўшы з сабой каля 30 баяраў альбо казакоў, напалі на яго падданых антонаўскіх, калі тыя вярталіся з кірмашу, адныя зь мястэчка Норынску, іншыя — з Оўруча. 6 чалавек люта зранілі, рукі і ногі паабцінаўшы, яшчэ двух з ручніц пастралялі, зь іх адзін, што даехаў да Антонава, 3 сакавіка памёр; усіх дашчэнту абрабавалі. Дадаў, што і дагэтуль «адважныя рыцары» жывуць у Бабічах і, далучыўшы да сябе сялян бабіцкіх, працягваюць пільнаваць на дарогах слуг і падданых Сапегі, каб гвалт учыніць, а праз тое і яго асобу зьняважыць[12].

21 жніўня 1609 году кіеўскі біскуп Крыштаф Казімерскі з усёй капітулай падаў скаргу на Лукаша і Зофію Сапегаў за насланьне імі падданых з добраў сваіх Чарнобыльскіх і з Антонаўкі на маёнтак касьцёльны Бабічы, дзедзічна ад князёў Збараскіх запісаны, і адабраньне азёраў Тонкі, Лютэц, Старая Рэчка ў людзей бабіцкіх. 26 жніўня 1609 году Лукаш і Зофія Сапегі праз суд выдалі Мікалаю Харлінскаму і жонцы яго Гальшцы Андраважаўне квіт што да грашовай кампэнсацыі за рабункі іх падданых антонаўскіх, смалігаўскіх, нараўлянскіх, за напад на маёнтак Нароўлю. 12 чэрвеня 1618 году гандляр Давід Хаімавіч, пры асыстэнцыі князя Януша Астроскага, паклікаў да судовага разбору панства Лукаша і Зофію Кміцянку Сапегаў з прычыны гвалтоўнага забраньня тавараў, калі ён ехаў праз добры Антонаў. 9 ліпеня т. г. пан Каспар Пэплоўскі, у справе разьмежаваньня сваіх добраў Мухаедавічы (!) і Антонава, заявіў пратэст панам Лукашу Сапегу, Аляксандру і іншым Служкам (уладальнікам вёскі Мухаедавічы) з прычыны заняцьця і прыўлашчваньня грунтоў Планінскіх, каля Мухаедавічаў leżących і аддадзеных яму ЯКМ пажыцьцёва. А і надалей у 1621 — 1624 гадох Сапегі мелі судовыя разборы з Малушыцкімі, Трыпольскімі і інш.[13].

Павятовае места Мазыр, сёлы Антонаў і Бабічы (Babica) на мапе ВКЛ і сумежных рэгіёнаў 1613 г.
На пачатак XVII ст. Антонаў — сяло з панскай сядзібай альбо замкам[e] (у легэндзе да мапы — pagus cum domo nobilis).
Антонаў нібыта ў Рэчыцкім павеце на мапе Алексіса Жубэра Жаліё. Парыж, 1685 г.

Маёнтак Антонаў прысутны на мапе Вялікага Княства Літоўскага 1613 году і іншых, нярэдка вытворных ад яе, мапах XVII — XVIII стст.

30 сьнежня 1621 году, калі каронныя і вялікакняскія камісары працягвалі разьмяжоўваць Кіеўскае ваяводзтва Кароны з Мазырскім паветам ВКЛ, высьветлілася — і ў 1616 — 1618 гады падаткі з Антонава аддаваліся Кіеўскаму ваяводзтву, што мазырскія ўраднікі паны Будзіла і Лозка кваліфікавалі як рабаўніцтва, бо насуперак Оўруцкай павятовай рэвізіі, у якой Антонаў і Смалігавічы прызнаныя оўруцкімі, у каралеўскім прывілеі пану Лукашу Сапегу з жонкай названы лен нададзены, каб служба земская, вайсковая адпраўлялася да ВКЛ. Тады паны камісары левабярэжжа Славечны[f] згодна засьведчылі прыналежным да Мазырскага павету, але супярэчлівыя дакумэнты, што да названых добраў, перадалі для разгляду на будучым сойме[9].

Лукаш Сапега, ня маючы нашчадкаў мужчынскага полу, перад сконам запісаў Антонаў і ўсе Чарнобыльскія добры на Льва Сапегу. Пан ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі, у сваю чаргу, аддаў іх у трыманьне Паўлу, Яну і Андрэю, сынам Яна Пятра Сапегі, усьвяцкага старосты[14]. У 1627 годзе Андрэй Сапега за 3 500 злотых саступіў «wieczystem prawem» ленныя добры Антонаў з аднайменнай вёскай, а таксама Дзямідавічамі, Карпавічамі, паловай Галоўчыцаў і іншымі ў Мазырскім павеце пану Юзафу Корсаку, старосьце дзісьненскаму[15].

Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.
Пастанова Генэральнай Канфэдэрацыі Кароны і ВКЛ на канвакацыі Варшаўскай 1764 г.[16]
Антонаў, Нароўля і навакольлі ў канцы XVIII ст.[17]

Паводле нараўлянскага краязнаўца Васіля Чайкі, у фондах НГАБ у Менску захоўваецца дакумэнт, пазначаны 10-м лістапада 1682 году. У тэксьце яго вядзецца пра разьмежаваньне ўгодзьдзяў Антонава, Смалегавічаў (Смольговичей), Нароўлі, якія трымаў пан Дамінік Міхал Служка, староста рэчыцкі, з добрамі Вербкавічы і Канатоп, прыналежнымі Ксавэраўскаму[g] езуіцкаму калегіюму[19].

На францускай мапе 1685 году Алексіса Жубэра Жаліё Антонаў пазначаны нібы ў Рэчыцкім павеце (territoire de Rzeczica), хоць, як і належыць, — на правабярэжжы Прыпяці, каля Славечны, недалёка ад Мазыра[20].

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету, яго дзедзічным уладаньнем. Побач зь вёскамі Галоўчыцы, Карпавічы, Мухаеды, Вуглы «y dalszemi wszystkiemi attynencyami» названы і Антонаў[21].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антонаў, Галоўчыцы, Смалегавічы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Антонаў апынуўся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні. За ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году маёнтак Нароўля быў сканфіскаваны ў Мікалая Аскеркі і перададзены былому паслу Расеі ў Рэчы Паспалітай Якаву Сіверсу. На 1795 год у Антонаве налічвалася 26 двароў з 140 жыхарамі, дзейнічала драўляная царква Сьвятога Міколы. Побач існавала вёска Слабада Антонаўская, дзе было 5 двароў, 40 жыхароў[3]. На схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году Антонаў — толькі сяло; фальварку (двара) няма[h]. Так і надалей.

З 1825 году — уласнасьць Станіслава Горвата. На 1834 год тут было 16 двароў[3].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 133 жыхары вёскі Антонаў абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Дзямідавіцкай Раства-Багародзіцкай царквы, а 14 вяскоўцаў былі вернымі парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Кімбараўцы[22].

У парэформавы пэрыяд вёска Антонаў адміністрацыйна належала да Нараўлянскай воласьці Рэчыцкага павету. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, жыхары Антонава заставаліся ў прыходзе Дзямідавіцкай царквы[23]

Паводле перапісу 1897 году, у Антонаве было 73 двары, 439 жыхароў, існаваў хлебазапасны магазын[3]. На 1909 год у вёсцы налічвалася 87 двароў з 657 жыхарамі[24]. З 1917 году працавала народная вучэльня[3].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Антонаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісання Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Антонаў у складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[25].

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Антонаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе вёску вярнулі БССР. У 1931 годзе тут працавалі вадзяны млын і цагельня[3]. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Антонаве налічвалася 124 двары з 369 жыхарамі. 18 ліпеня 1942 году акупанты спалілі 123 двары[26]. На франтах загінулі 79 вяскоўцаў.

З 8 студзеня 1954 году Антонаў — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы налічвалася 934 жыхары; у складзе калгасу імя М. Ф. Фрунзэ з цэнтрам у вёсцы Грушаўка[3].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1999 год — 218 чал.
  • 2004 год — 160 чал.[3]
  • 2010 год — 135 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Антонаве працуе клюб.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Антонава складаецца з паўвыгнутай, амаль шыротнай арыентацыі вуліцы, да цэнтру якой з поўначы далучаецца завулак. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Не пад 1595-м, як пісаў у 1997 г. М. Ф. Сьпірыдонаў (ён жа спачатку меркаваў, што Антонаў мог быць мястэчкам – «вер., м.»)[2], а пазьней паўтарыў С. В. Марцэлеў[3]
  2. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[5].
  3. ^ 1 службу складалі 2 двары і болей.
  4. ^ Адзінкі абкладаньня павіннасьцямі. 1 службу складалі 2 двары і болей.
  5. ^ Менавіта так, замак, бо ў тагачаснай традыцыі неўмацаваная панская сядзіба — non-sens.
  6. ^ Тут жа sioło i dwór Antonów.
  7. ^ У газэтным матэрыяле памылкова запісана, нібы ў Кіеўскім. Ксавэраў – сяло ў Малынскім раёне Жытомірскай вобласьці Украіны. У 1768 г. калегіюм пераведзены да Оўруча[18].
  8. ^ Але побач пазначаны фальварак Грушаўка з аднайменнай слабадой, якіх за паўстагодзьдзя раней не было.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 242.
  2. ^ Міхаіл Спірыдонаў. Беларусь на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 2. Навук. рэд. А. К. Краўцэвіч. Уклад. В. У. Шаблюк. – Мінск: Беларуская навука, 1997. С. 142, 146
  3. ^ а б в г д е ё ж Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 130
  4. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі (далей: ВГАБ) ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 193; 148 (мапа) 130
  5. ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190
  6. ^ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  7. ^ Архив ЮЗР. Ч. 4. Т. І. Акты о происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России. — Киев, 1867. С. 49
  8. ^ а б Sapiehowie: materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe (далей: Sapiehowie). T. 1. – Petersburg, 1890. S. 194
  9. ^ а б в г Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów–Bracław) / A. Jabłonowski. – Warszawa, 1894. Wykazy… S. 94 – 96
  10. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
  11. ^ Sumariusz Metryki Koronnej. Seria nowa. T. VIII. Księga wpisów podkanclerzego Jana Tarnowskiego MK 139 z Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie 1595 / opracował Krzysztof Chłapowski. – Warszawa: Bellerive-sur-Allier, 2016. № 187
  12. ^ Archiwum domu Sapiehów. T. I. Listy z lat 1575 – 1606. / Opracował dr. A. Prochaska. – Lwów,1892. S. 484 – 486
  13. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 152, 164, 284, 309, 372, 461, 471, 611, 632, 648
  14. ^ Генрік Літвін. З народу руського: Шляхта Київщини, Волині та Брацлавщини (1569–1648) / пер. з пол. Лесі Лисенко. – Київ: Дух і Літера, 2016. С. 373
  15. ^ Sapiehowie. T. 2. – Petersburg, 1891. S. 69
  16. ^ Konfederacya Generalna omnium ordinum Regni et Magni Ducatus Lituaniae na Konwokacyi Głowney Warszawskiey uchwalona, dnia siodmego miesiąca maja, roku Pańskiego tysiącznego siedmsetnego szesćdziesiątego czwartego. (Konstytucye Wielkiego Xięstwa Litewskiego…)
  17. ^ ВГАБ. Т. 2. С.121
  18. ^ Теодорович Н. И. Историко-статистическое описание церквей и приходов Волынской епархии / сост. Н. И. Теодорович. - Почаев, 1888. Т. 1. С. 329
  19. ^ Василий Чайка. 338 лет со дня первого упоминания о Наровле. // Прыпяцкая праўда. 10.11.2020
  20. ^ ВГАБ у 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 140
  21. ^ Volumina Legum. Tom VII. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1860. S. 87
  22. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 425адв., 715
  23. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 58
  24. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 4
  25. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  26. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 431

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]