Перайсьці да зьместу

Марцін Гаштольд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марцін Гаштольд

Герб «Габданк»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1428
Памёр 1483/1484
Род Гаштольды
Бацькі Ян Гаштольд
Дарота з Завішаў[d]
Жонка Невядомая з Гальшанскіх
Ганна з Гальшанскіх
Дзеці ад 2-га шлюбу: Альбэрт, Альжбета

Марцін Гаштольд (Гаштольтавіч; каля 1428—1483/1484) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік наваградзкі (1464—1471), ваявода кіеўскі (1471—1480) і троцкі (з 1480), адначасна маршалак земскі (1477—1479).

Значна павялічыў колькасьць родавых маёнткаў: набыў Задзьвею, Котлава, Трыседы на Меншчыне, Петрашава каля Вільні ды іншыя.

Формы імя ў гістарычных крыніцах: Martino Gastolthowicz (27 жніўня 1464 году)[1]; воевода троцкий пан Мартинъ Кгаштовтович (11 траўня 1481 году)[2], Мартин Кгастовтович (7 траўня 1486 году)[3].

Зь літоўскага баярскага роду Гаштольдаў гербу «Габданк», сын Яна (Івашкі), ваяводы віленскага.

Быў на службе ў вялікага князя Казімера. Па сьмерці свайго швагра, апошняга ўдзельнага князя кіеўскага Сямёна Алелькавіча, у 1470 годзе атрымаў прызначэньне на ваяводу кіеўскага. Неаднаразова адбіваў напады крымскіх татараў. У 1481 годзе браў удзе у судзе над праваслаўнымі князямі, што рыхтавалі змову[4].

Першы раз ажаніўся з дачкой князя Сямёна Гальшанскага, другі — з Ганнай, дачкой князя Юрыя Гальшанскага (Трабскага). У другім шлюбе меў сына Альбэрта і дачку Альжбету.

У сваім наданьні касьцёлу ў Дзевянішках, зробленым у 1471 годзе, упамінаў «народную» назву «камень» (alias camyen)[5]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[6].

  1. ^ Pergamentų katalogas. — Vilnius, 1980. P. 40.
  2. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 78.
  3. ^ Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 1, 1366—1506. — Lwów, 1887. S. 84.
  4. ^ Пазднякоў В. Гаштольды // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 518.
  5. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 318.
  6. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.