Перайсьці да зьместу

Віленскае біскупства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Віленскае біскупства, Віленская дыяцэзія — царкоўна-адміністрацыйная адзінка Рымска-Каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім з цэнтарам у Вільні.

Прызначалася для ліцьвінаў (тым часам для жамойтаў у ВКЛ існавала Жамойцкае біскупства[a]) і ахопліва амаль усе парафіі Літвы, апроч Берасьцейскага ваяводзтва. У XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўлучала Аршанскі, Ашмянскі, Бабруйскі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Вішнеўскі, Гарадзенскі, Лідзкі, Менскі, Наваградзкі, Радашкавіцкі, Ражанскі, Сьвірскі, Слонімскі і Полацкі дэканаты[3].

Утварылася паводле прывілею вялікага князя Ягайлы ад 17 лютага 1387 году. У 1388 годзе дыяцэзію зацьвердіў Папа Рымскі Урбан VI. З 1418 году падпарадкоўвалася гнезьненскаму арцыбіскупу. На чале стаяў біскуп віленскі, першы біскуп — Андрэй Васіла.

Прывілей, выдадзены ў 1447 годзе вялікім князем Казімерам Літве перад ад’ездам на караляваньне ў Польшчу, вымагаў прызначаць сьвятарамі ў касьцёлы Літвы адно прыродных ліцьвіноў: «Каторая ж то царква галоўная, зборная, кляштырная, іж бы пуста была, а пастыра не дзяржала, <…> ня інага, а люба ня іных, пастыра, а люба пастыраў даваці маем, ніжлі Вялікага Княства Літоўскага прырожанага, аж дастойнымі абычаі найдзен будзець…»[4].

У другой палове 1388 году познаньскім біскуп Дабрагост паводле булы Папы Рымскага Урбана VI на згоду Ягайлы стварыў Віленскую капітулу. У яе ад пачатку ўваходзілі пробашч, дэкан, 10 канонікаў, з 1397 году — кусташ, з 1345 году — арцыдзяк, з 1522 году — прэлят-кантар. Дзеля разьвязаньня важных падзеяў духоўнага жыцьця біскуп склікаў сыноды духавенства. Першы сынод адбыўся ў канцы 1520 або пачатку 1521 году. Штодзённымі справамі біскупа займаўся двор (курыя), які падзяляўся на канцылярыю, духоўны суд і прыватны двор біскупа (маршалак, падскарбі, кухмістар, ключнік ды іншыя).

У 1387—1430 гадох на аснове фундушаў утварылася 27 парафіяльных касьцёлаў, у 1431—1500 гадох — 99 касьцёлаў, у першай палове XVI ст. — 129 касьцёлаў. У сярэдзіне XVI ст. у 17 паветах Вялікага Княства Літоўскага дзейнічала 259 парафіяў (касьцёлаў), у 1790 годзе — 277 касьцёлаў, у тым ліку 62 у Ашмянскім павеце, 49 у Гарадзенскім, 29 у Наваградзкім.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) маскоўская гаспадыня Кацярына II выдала загад аб далучэньні Віленскага біскупства да Інфлянцкага, што не прызнаў Папа Рымскі. У 1798 годзе маскоўскі гаспадар Павал I загадаў утварыць Віленскае біскупства ў новых межах[5].

Першы біскуп Андрэй Васіла (памёр у 1398 годзе) у сваім лацінскім тэстамэнце пакінуў словы «нашыць» (naszycsz, нашыўка на святочную сукню) ды «лысы жрэбеч» (lyssy szrzebyecz), запісаўшы, што гэта словы «простанароднай» (лац. vulgariter) мовы віленцаў[6]. Другі біскуп Якуб Пліхта (1398—1407), абраны на сваю пасаду капітулай, паходзіў «зь Літвы, зь ейнага народу і мовы»[7] (лац. «Johannis dicti Plychta… vero vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue»[8]), яго наступнікам стаў Мацей зь Вільні (1422—1453) «родам ліцьвін» (лац. «origine Lytwanum»). Тым часам пра «народную» беларускую мову ліцьвінаў-каталікоў сьведчылі ў сваіх наданьнях касьцёлам вялікі князь Вітаўт (vulgariter lukno szescipedne — «па-народнаму „лукно шасціпяднае“» — у грамаце для Віленскай катэдры 1423 году) і князь Жыгімонт Кейстутавіч (vulgariter dicitur pud vosku — «што па-народнаму называецца „пуд воску“» — у грамаце для касьцёла ў Геранёнах 1411 году)[9].

Каталіцкі катэхізм на беларускай мове, надрукаваны ў Вільні ў 1585 годзе[10]

У XV ст. польская мова не ўжывалася ў касьцёлах дыяцэзіі, бо ў той час яна не была мовай набажэнстваў у самой Польшчы[11]. Прытым найважнейшыя граматы, якія закраналі дзейнасьць дыяцэзіі, выдаваліся па-беларуску: прывілеі Касьцёлу караля Ягайлы 1389 году і грамата вялікага князя Вітаўта аб хросьце Літвы 1392 году. На беларускай мове ліставаліся міжсобку біскупы, касьцельныя ўраднікі і князі, на гэтай мове віленскія біскупы вялі свае лічбавыя кнігі[12]. Граматы ў беларускай мове, выдадзеныя ад імя і ў адрас капітулы, а таксама шматлікія выразы «народнае» (vulgariter) мовы ў лацінскіх лістох, выдадзеных ліцьвінамі-каталікамі ў Вільні, Упніках, Дзявілтаве і г. д., непахібна сьведчаць, што гэтая «народная» літоўская мова XV ст. была беларускай мовай[13].

У 1453 годзе ад пасады віленскага біскупа адмовіўся паляк Судзівой з Чэхла, бо заявіў вялікаму князю, што не ведае літоўскае мовы (лац. «Lithwanicum ydioma ignoro»). Тады гэтую пасаду атрымаў Мікалай Дзяжковіч з Салечнікаў, «родам Ліцьвін» (лац. «Nicolaus Dzierzgowicz dictus, natione Lituanus»)[14], пазьней віленскімі біскупамі былі Ян Ласовіч зь Вільні (1468—1481) «ліцьвін» (лац. «Lithuanus»), Андрэй Гасковіч зь Вільні (1481—1491) «з народу ліцьвінаў» (лац. «natione Lituanus»)[15].

У верасьні 1501 году біскуп Альбэрт Табар атрымаў ад вялікага князя Аляксандра грамату, паводле якой змог на свой погляд прызначаць ксяндзоў, пажадана такіх, якія б валодалі «літоўскай гаворкай». У грамаце пералічвалася 28 парафіяльных касьцёлаў, у тым ліку ў Лідзе, Беліцы, Быстрыцы, Слоніме, Валожыне, Красным Сяле, Маладэчне, Радашкавічах, Койданаве, а таксама тры касьцёлы на ПадляшшыГонядзі і ваколіцах)[16]. У 1521 годзе ліст з патрабаваньнем трымаць пры касьцёле Сьвятых Янаў у Вільні «літоўскага казнадзея»[b] (лац. «praedicatores vero plebanus Lithvanum») прысьведчылі сябры мескае рады Вільні на імя Бабіч, Мікалаевіч, Адзьвернік, Янушка Чорны, два Міхавічы, Сырамятнік, Воўк, Лаўрын і Мішусь[17]. Статут Віленскага біскупства 1528 году загадваў выкладаць навукі ў парафіяльных школах у літоўскай і польскай мовах (лац. «pariter utroque Lithuano et Polono idiomate)[18].

Складзеныя ў 1620—1752 гадох сьпісы навучэнцаў Папскай сэмінарыі ў Вільні разьмяжоўваюць літоўскую (лац. lingua lituanica) і жамойцкую (лац. lingua samogitica) мовы[19] — як і ліцьвінаў з жамойтамі[20].

У 1649 годзе капітула (у складзе канонікаў Гераніма Сангушкі, Аляксандра Хадкевіча, Адама Копаця, Юрыя Валовіча, Андрэя Грыгаровіча ды іншых) пастанавіла прымаць у сэмінарыю дыяцэзіі толькі моладзь, якая належным чынам ведала «літоўскую мову» (лац. linguae lituanicae)[21]. У статуце Віленскага біскупства 1669 году біскуп Аляксандар Казімер Сапега забараняў даваць бэнэфіцыі іншаземцам, якія не ведаюць літоўскай (лац. litvanica) мовы, і загадваў прамаўляць казані ў касьцёлах дыяцэзіі паводле чаргі «адну ў літоўскай мове, адну ў польскай» (лац. «alteram in litvanica, alteram in polonica»)[22][23]. Сыноды Віленскага біскупства 1717 і 1744 гадоў загадвалі прамаўляць казані ды навучаць люд у «народнай мове» (лац. «vernacula lingua»)[24].

У 1387 годзе вялікі князь надаў біскупству воласьць Таўрагіны на Браслаўшчыне, Бакшты на поўначы Меншчыны, Дуброўна каля Ліды і некалькі вёсак. Пазьней біскупства атрымала Стрэшын на Дняпры, Корань, Ганявічы і Ваўчу, воласьць Убарць (цяпер Лельчыцы) на Мазыршчыне, Параф’янава каля Докшыцаў ды іншыя маёнткі. У сярэдзіне XVI ст. уладаньні біскупства ўлучалі каля 300 вёсак. Яны падзяліліся на сталовыя біскупскія (прыбытак ішоў на патрэбы біскупа і яго памочнікаў), сталовыя капітульныя (на ўтрыманьне капітула) і прэстыманіяльныя (на патрэбы асобных канонікаў капітула). Найбольш значнымі біскупскімі маёнткамі былі Убарць і Ігумен, сталовымі капітульнымі Горваль і Стрэшын, прэстыманіяльнымі — Бакшты, Корань, Ганявічы, Ваўча (цэнтар маёнтку на пачатку XVII ст. перамясьціўся з Ваўчы ў Бягомель) ды іншыя[25].

  1. ^ Разам з тым, у склад Віленскага біскупства трапіла частка населеных жамойтамі земляў, пра што сьведчаць бесьперапынныя памежныя спрэчкі з Жамойцкім біскупствам[1] (у XIX ст. да яго, увогуле, далучылі значную частку колішняга Віленскага біскупства — з Коўнам і Вількамірам), а таксама створаны ў 1662 годзе жамойцкі пераклад акту веры для Мерацкага дэканату[2]
  2. ^ Г. зн. літоўскага прапаведніка
  1. ^ Krahel T. Spory graniczne między diecezją żmudzką i wileńską w XVII—XVIII wieku // SOTER Journal of Religious Science (SOTER — Religijos mokslo žurnalas). Nr. 31, 2009. S. 128—130.
  2. ^ Jablonskis K. Lietuviškas Tikėjimo Akto tekstas, pridėtas prie 1662 m. balandžio mėn. 28 d. Vilniaus vyskupo Jurgio Bialozoro rašto. Iš Merkinės dekanato (1659–1683) procesų knygos nuorašo. Jos pradžioje pavadinimas: Processus in decanatu Merecensi ab anno Domini 1659 // Bibliotheca Lituana. Nr. 10, 106. P. 533—535.
  3. ^ Насевіч В. Віленская рымска-каталіцкая епархія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 417.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 183.
  5. ^ Насевіч В. Віленская рымска-каталіцкая епархія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 418.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 13, 182.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 27.
  8. ^ Kodeks dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. Nr. 81. — Kraków, 1939. S. 61.
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 182.
  10. ^ Семянчук Г. Беларускі катэхізм ХVI ст., ARCHE Пачатак. № 2, 2005.
  11. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 183.
  12. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 184.
  13. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 175—178, 184—186.
  14. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 182, 184.
  15. ^ Fijałek J. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków etc.: Gebethner i Wolff, 1914. S. 152—158.
  16. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 32—33.
  17. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 184.
  18. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 184.
  19. ^ Grickevičius A. Popiežiškosios seminarijos Vilniuje studentų lietuvių ir žemaičių kalbų mokėjimas 1626−1651 m. // Lituanistica. Nr. 1, 1993. P. 61.
  20. ^ Litwin H. Przynależność narodowa alumnów Seminarium Papieskiego w Wilnie 1582—1798. Przyczynek do badań nad świadomością narodową w Rzeczypospolitej w czasach nowożytnych // Między Wschodem i Zachodem. Rzeczpospolita XVI—XVIII w. Studia ofiarowane Zbigniewowi Wójcickiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Warszawa, 1993. S. 64.
  21. ^ Fijałek J. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Kraków, 1914. S. 312.
  22. ^ Fijałek J. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Kraków, 1914. S. 312.
  23. ^ Віленскі сінод 1669 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 131.
  24. ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестник Западной России. Т. IV, кн. 12, отд. ІІ, 1869. С. 49.
  25. ^ Насевіч В. Віленская рымска-каталіцкая епархія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 417—418.