Ян Ласовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Ласовіч

Ян Ласовіч (? — па 6 лютага 1481, Вільня) — рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Біскуп луцкі (з 1463) і віленскі (з 1468).

Жыцьцёпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Вільні, паходзіў зь мяшчанскага (паводле Яна Длугаша) або шляхецкага роду гербу «Сыракомля» (паводле пазьнейшых дасьледчыкаў). Афіцыйныя лісты менавалі яго "Johannes Lossowicz civilis Vilnensis Lithuanus" (Ян Ласовіч, мяшчанін віленскі, літвін)[1].

З 1442 г. навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, з 1449 г. быў канонікам віленскім[2]. Дакумэнты Кракаўскага ўнівэрсытэту падаюць імя па-бацьку біскупа Яна — Янавіч.

24 студзеня 1463 высьвечаны на біскупа луцкага. Перанёс рэзыдэнцыю біскупаў Луцкай дыяцэзіі ў мястэчка Порхаў (цяпер Янаў-Падляскі). Уваходзіў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага. 4 траўня 1468 высьвечаны на біскупа віленскага.

Апекаваўся пашырэньнем сеткі парафій, асьвяціў шматлікія новыя касьцёлы. Займаўся гаспадарчай дзейнасьцю. Браў удзел у вонкавай палітыцы дзяржавы, асабліва ў дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам[3].

Лісты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захаваўся (у пазьнейшай лацінскай транскрыпцыі) дарчы ліст князя Аляксандра Гальшанскага 1473 году, якім ён перадаваў частку свайго майна ў Сьвіранах пад апеку біскупа Яна Ласовіча: "...Я Александр князя Юръя сын Семеновича Гольшански ... полецаю и даю Богу и святому Станиславу костела виленского часть именья моего у Свиранах, дельницу отчызны моей... . А того именья пирвей выписаного князь Ян з Божей ласки бискуп Виленски нынейшы и его наместник потым будучы мають быть опекуны и державцы ... . А пры тым были князь Ян с Божей милости бискуп Виленски..."[4].

У нямецкай даручнай грамаце Паноў-Рады ВКЛ паслу Якубу Неміровічу да майстра Тэўтонскага ордэну ў 1472 г. трансьлітараваныя імёны біскупа Яна і іншых паноў-радных былі пададзены ў славянскай форме: біскуп віленскі Ян Ласовіч (Johanne Lossowitcz), канцлер Радзівіл Остыкавіч (Rodiwil Ostikowitcz), стараста жамойцкі Ян Кязгайлавіч (Johanne Kensgaylowitcz), маршалак і стараста гарадзенскі Сенька Судзівоевіч (Stenke Sudywogewitcz), стараста полацкі Алёхна Судымонтавіч (Olechno Sudymonthowitcz), маршалак дворны Івашка Ходзькавіч (Iwaschko Chodkowitcz), маршалак Ян Кучук (Johann Kuczuk)[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ x. J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. – Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. – Kraków, 1914. s. 152-161.
  2. ^ J. Ochmański. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Ustroj i uposażenie. Poznań, 1972. s. 33-34.
  3. ^ Krzysztof Rafał Prokop. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2001.
  4. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I, zesz. 1. / wyd. ks. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1932. №281.
  5. ^ И. Малиновский. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой Древней России. ч. ІІ. Рада Великого Княжества Литовского. вып. І. Томск, 1904. с. 105.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • J. Ochmański. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Ustroj i uposażenie. Poznań, 1972.
  • Krzysztof Rafał Prokop. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2001.