Андрэй Васіла
Андрэй Васіла лац. Andrej Vasiła | |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп, дыплямат |
---|---|
Нарадзіўся | XIV стагодзьдзе |
Памёр | 14 лістапада 1398 |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Андрэ́й Васіла, Андрэй Ястрабец, Андрэй з Кракава (? — 14 лістапада 1398) — каталіцкі рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, дыплямат, францішканін. Першы біскуп серацкі й віленскі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З малапольскага шляхецкага роду гербу Ястрабец. Прозьвішча Васіла памылкова надаў яму гісторык Ян Длугаш, бо Андрэй даў прывілей падляскаму гораду Васілеў. У 1354 годзе прапаведнік у Мазовіі, пазьней місіянэр на Літве. Прыбыў да вугорскага двару каралевы Альжбеты Лакеткаўны. Разам з францішканамі браў удзел у місіянэрстве ў Малдове, вынікам чаго было стварэньне 31 ліпеня 1370 году дыяцэзіі з цэнтрам у Сераце. Першы яе біскуп ад 9 траўня 1371 году. Ад 1372 году апякаў Галіцкую дыяцэзію. У 1376—1386 гадох біскуп-суфраган у гнезьненскай архідыяцэзіі.
Быў набліжаным да польскае каралевы Ядзьвігі, паўплываў на складаньне ёй шлюбу зь вялікім князем літоўскім Ягайлам. У 1388 годзе браў удзел у хрышчэньні Літвы, зрабіўся першым віленскім біскупам. Заснаваў касьцёлы ў Вільні (Катэдра), Вількаміры, Майшаголе, Немянчыне, Крэве, Абольцах, Гайне, кляштары францішканаў у Лідзе (1397 год) і Ашмянах. Быў адным з давераных асобаў Ягайлы, а пазьней і Вітаўта, браў удзел у складаньні Салінскае ўмовы 1398 году[1].
Мова і культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па-беларуску складаліся граматы караля Ягайлы біскупу Андрэю 1389 году аб фундацыі і ўпасажаньні касьцёлаў у Літве: «…Далі есьма Князю Біскупу па ўсёй зямле Літоўскай, гдзе ся яму палюбіць, паставіць цэркаў»[2].
Захаваўся ліст вялікага князя Вітаўта 1398 году біскупу Андрэю аб падзеле ловішчаў між ім і панам Вігайлам: «…Дасматрэлі есьма таго, жалаваў князь Біскуп на Вікгайла, а Вікгайла жалаваў на Біскупа, аб ловішча. И мы таго дасматрэлі, і разьдзялілі есьма імы голае балота на полы … . А на то на ўсё далі есьма біскупу сюю нашу грамоту і пячаць сваю прылажылі»[3].
У сваім лацінамоўным наданьні капліцы пры Віленскай катэдры ад 3 траўня 1397 году біскуп Андрэй упамінуў «народную» (vulgariter) назву рыбацкай мярэжы — «невад» (newoth)[4]. Таксама сьведчыў пра славянскую мову ліцьвінаў у сваім тэстамэнце: ён упамінуў «народныя» (vulgariter) словы віленчукоў «нашыць» (naszycsz) ды «лысы жрэбеч» (lyssy szrzebyecz)[5]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пазднякоў В. Андрэй // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 227.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. № 15, 16.
- ^ Грамоти XIV ст. / упорядкування М. М. Пещак. — Київ: Наукова думка, 1974. С. 137—138.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 49.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. № 33.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4