Валеры Антоні Ўрублеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Валеры Антоні Ўрублеўскі
Walery Antoni Wróblewski.png
Slepowron.svg
Герб Сьлепаворан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 сьнежня 1836
Жалудок, Лідзкі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 5 жніўня 1908
Уарвіль, Францыя
Пахаваны Пэр-Ляшэз
Род Урублеўскія
Бацькі Антон Урублеўскі
Разалія зь Юроўскіх
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць рэвалюцыянэр, палітык, вайсковец, камунар, ліхтарнік і друкар

Валеры Антоні Ўрублеўскі (15 сьнежня 1836 — 5 жніўня 1908) — дзяяч беларускага, польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

В. А. Урублеўскі

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудку Лідзкага павету (цяпер у Шчучынскім раёне Беларусі) у сям’і мясцовага безьзямельнага шляхціца Антонія Ўрублеўскага і Разаліі з роду Юроўскіх. Бацька яго працаваў лесьніком, потым скарбнікам у графа Тызэнгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбурскі лясны інстытут. У час навучаньня ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянэры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе накіраваны інспэктарам лясной школы ў Саколку Гарадзенскай губэрні (цяпер Польшча). У 1861—1862 гадах актыўна ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газэту «Мужыцкая праўда».

У час паўстаньня 1863—1864 гадоў кіраваў паўстанцкімі аддзеламі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» — найбольш актыўных змагароў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі абшарніцкага землеўладаньня, роўных правоў усіх народаў краю. У час бою з казакамі 7 жніўня 1864 году быў пасечаны шаблямі.

Крыху падлячыўшыся, эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 году ў Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва рабочы ўрад Парыская камуна, як і многія іншыя яго суайчыньнікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненьні парыжан. У гэтым выступленьні бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры посьпеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Эўропе...». У званьні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстаньня) прапанаваў камунарам свае паслугі і плян ваенных дзеяў. Неўзабаве атрымаў званьне генэрала і узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існаваньня Парыскай камуны. Вэрсальцы завочна выраклі яго да пакараньня сьмерцю. З фальшывым пашпартам пераехаў у Вялікую Брытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. У гэты ж час здароўе ў выніку шматлікіх раненьняў моцна пахіснулася, яму зь цяжкасьцю ўдалося пазьбегнуць ампутацыі рукі.

Падлячыўшыся ў лякарні Лёнданскага ўнівэрсытэту, уступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 году яго абралі сябрам Генэральнай рады I Інтэрнацыянала, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Ідэі Інтэрнацыянала прапаведаваў у эмігранцкай арганізацыі «Люд польскі», створанай у Лёндане зь яго ініцыятывы. У 1871—1872 гадох быў старшынём судовай («трацейскай») камісіі, якая разьбірала канфлікты паміж сябрамі I Інтэрнацыянала. Па распадзе I Інтэрнацыянала і арганізацыі «Люд польскі» (1876 год) перабраўся ў Жэнэву. У 1878 годзе нелегальна прыяжджаў у Расею (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. Калі францускі ўрад абвясьціў амністыю ўдзельнікам Парыскай камуны, у 1885 годзе пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцца. У 1901 годзе францускі ўрад нават прызначыў яму пэнсію. Апошнія гады жыцьця правёў ва Ўарвілі (каля Парыжу) у хаце былога камунара земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз, ля сьцяны Камунараў.

Памяць ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Горадні імем Урублеўскага названа вуліца.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Чырвінскі В. Генерал Урублеўскі: каліновец, камунар, інтэрнацыяналіст // Наша гісторыя. №2, 2018. С. 16-17. ISBN 2617-2305