Гарадзішча (Баранавіцкі раён)
| Гарадзішча лац. Haradzišča | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Берасьцейская |
| Раён | Баранавіцкі |
| Сельсавет | Гарадзішчанскі |
| Першыя згадкі | 1414 |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 201 м |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 53°19′20″ пн. ш. 26°00′48″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 1992 чал. (2018)[1] |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 163 |
| Паштовы індэкс | 225328 |
| СААТА | 1204812906 |
| Нумарны знак | 1 |
| Гарадзішча на мапе Беларусі ± Гарадзішча | |
Гарадзі́шча[2] — мястэчка ў Беларусі, у вярхоўі ракі Сэрвачы. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1992 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Баранавічаў, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Баранавічы-Палескія (лінія Берасьце — Менск); на аўтамабільнай дарозе Баранавічы — Наваградак.
Гарадзішча — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнікі архітэктуры барока, часткова зруйнаваныя расейскімі ўладамі ў выніку перабудоваў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Упершыню Гарадзішча ўпамінаецца ў сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя, калі паселішча ўжо далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 2-й палове XV стагодзьдзя яно ўпамінаецца як вялікакняскі двор. У 1494 годзе Ян Кезгайлавіч заснаваў тут касьцёл.
На мяжы XV—XVI стагодзьдзяў Гарадзішча знаходзілася ў валоданьні князя Сямёна Бельскага, з 1501 году — вялікай княгіні Алены Іванаўны. У XVІ—XVІІІ стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва і належала Няміравым, Хадкевічам, Гастомскім, Пацам і іншым. У 1640 годзе Каменскія збудавалі тут мураваны касьцёл. У канцы XVII стагодзьдзя мястэчка перайшло да Зяновічаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Гарадзішча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 годзе стала цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. На 1798 год тут дзеялі царква і касьцёл. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў графа Людвіка Паца. З 1833 году Гарадзішча знаходзілася ў валоданьні Бухавецкіх. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі мясцовы касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату). На 1866 год у Гарадзішчы было 60 двароў, дзеялі 2 цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (колішнія касьцёл і грэцка-каталіцкая царква), капліца, сынагога і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі народная вучэльня (адкрылася ў 1863 годзе), багадзельня, конная паштовая станцыя, цагельня, бровар і ўправа;, штогод праводзілася 2 кірмашы; працаваў лекар. На 1909 год у мястэчку і аднайменным маёнтку было 246 двароў, дзеялі 2 цэрквы, сынагога і 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі пошта і тэлеграф, народная вучэльня (у 1901 годзе 96 вучняў, зь іх толькі 9 дзяўчынак), аптэка, лякарня, валасная ўправа, цагельня, больш за 19 крамаў, багадзельня і конная паштовая станцыя, штогод праводзілася 2 кірмашы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Гарадзішча занялі войскі Нямецкай імпэрыі, у 1916 годзе каля мястэчка прайшла Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадзішча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Гарадзішчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[3]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Гарадзішча апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Наваградзкага павету. У гэты час тут было 165 двароў. У сярэдзіне 1930-х гадоў тут працавалі гмінная ўправа, школа, аптэка.
У 1939 годзе Гарадзішча ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1957 годзе адбылося аб’яднаньне Навамыскага і Гарадзішчанскага ў новы Баранавіцкі раён.
- Мястэчка на старых здымках
- Касьцёл па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.
- Царква па маскоўскай перабудове, 1915—1918 гг.
- Царква, 1915—1918 гг.
- Агульны выгляд, 1915—1918 гг.
- Рынак, 1916 г.
- Сынагога, 1916 г.
- Касьцёл, 1916—1917 гг.
- Вуліца, 1915—1916 гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 486 муж., зь іх шляхты 3, духоўнага стану 3, мяшчанаў-юдэяў 121, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 355, жабракоў 4[5]; 1886 год — 700 чал.[6]; 1886 год — 504 чал.; 1893 год — 747 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 2942 чал.; 1921 год — 1021 чал.; 1935 год — 4 тыс. чал.; 1969 год — 4,6 тыс. чал.; 1989 год — 2,9 тыс. чал.; 1993 год — 2520 чал.[7]; 1996 год — 2,5 тыс. чал.[8]; 1998 год — 2630 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 2,5 тыс. чал.[9]; 2008 год — 2,5 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 2,4 тыс. чал.; 2009 год — 2219 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 2040 чал.[11]; 2017 год — 2024 чал.[12]; 2018 год — 1992 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Гарадзішчы працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Мэдычнае абслугоўваньне ажыцьцяўляюць лякарня, амбуляторыя і вэтэрынарная лякарня.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
Апроч таго, у мястэчку працуюць лесьнікоўства, дом побыту, аўтавакзал, аптэка, банк.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
| Вежнаўца вуліца | Сталавіцкая вуліца |
| Едунова вуліца | Наваградзкая вуліца |
| Пралетарская вуліца | Татарская вуліца |
| Бяз назвы | Рынак пляц |
Паводле перапісу 1874 году, у Гарадзішчы таксама існавалі вуліцы Менская, Мірская[13], Слонімская[14]. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Царкоўная вуліца[15].
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У ваколіцах мястэчка — старажытнае гарадзішча (паводле меркаваньнях некаторых дасьледнікаў былая літоўская сталіца Варута)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (XVIII ст.)
- Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1764; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Могілкі: вайсковыя нямецкія часоў IСВ, юдэйскія
- Сынагога (канец ХІХ ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сядзібна-паркавы комплекс Пацаў (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Гарадзішча
- Гарадзішча
- Касьцёл, уваход
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 60.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ↑ Pawłowicz E. Horodyszcze // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 143.
- ↑ Крэнь І., Шаблюк В. Гарадзішша // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 476.
- ↑ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 42.
- ↑ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Городище - Карта Историко-Культурного Наследия
- ↑ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi by Deborah Glassman
- ↑ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 27.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. ISBN 985-6302-28-5.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||