Варута

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Варута (Варуцкі замак) — летапісны горад. Як мяркуецца, сталіца Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Літоўскага ў час праўленьня караля Міндоўга ў XIII стагодзьдзі. Варута коратка згадваецца толькі аднойчы ў адзінай пісьмовай крыніце — Іпац’еўскім летапісу, і яе дакладнае месцазнаходжаньне невядома. Існуе мноства гіпотэз аб месцазнаходжаньні гораду. Нягледзячы на нявызначанасьці, канцэпцыя Варуты як сталіцы дастаткова папулярная ў сучаснай Летуве.

Гістарыяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міндоўг, першы і адзіны каранаваны кароль Літвы, абараняўся ў Варуце ў ходзе грамадзянскай вайны супраць сваіх пляменьнікаў Таўцівіла, Едзівіда і князя Жамойці Вікінта ў 1251 годзе. Гэтая інфармацыя, узятая з Іпацьеўскага летапіса, — адзіная пісьмовая згадка аб Варуце. Замак Міндоўга згадваецца яшчэ ў двух месцах, але ні назва замка, ні яго месцазнаходжаньне не ўдакладняецца. Не ясна, ці адносяцца гэтыя кароткія згадкі да аднаго і таго ж месца[1].

Тым ня менш, некаторыя гісторыкі ў XIX і XX стагодзьдзях называлі горад «першай сталіцай Літвы» і спрабавалі вызначыць яго месцазнаходжаньне. Увогуле было выказана ня менш за шаснаццаць вэрсій пра месцазнаходжаньне Варуты.

Беларускія меркаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарадзішча ў Баранавіцкім раёне

Беларускія навукоўцы лічаць, што радзіма Міндоўга не магла быць далёка ад першай сталіцы ВКЛ — Наваградка. Адным з такіх месцаў магло бы быць сучаснае гарадзішча каля мястэчка Гарадзішча ў Баранавіцкім раёне[2].

Беларускі гісторык другой паловы 19 — пачатку 20 стаг. Аляксандр Ельскі выказаў думку, што гэтая таямнічая Варута знаходзілася менавіта каля сучаснага Гарадзішча на Баранавіччыне, на гары «Гарадок», і каранацыя першага і апошняга караля прайшла таксама менавіта тут; у сучаснай вёсцы Канюшоўшчына былі стайні, а ў вёсцы Вялікае Сяло быў двор Міндоўга. Таксама ў свой час такую здагадку выказваў гісторык, археоляг і інжынэр 19 стаг. Тэадор Нарбут. Яшчэ такую думку выказалі і маскоўскія археолягі, якія праводзілі раскопкі на гары. Дарэчы, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, шмат чаго знайшлі, але ўсё вывезьлі ў Маскву, пакінуўшы толькі крэмніевыя скрабкі.

Мікола Ермаловіч у сваёй кнізе «Старажытная Беларусь» піша, што слова «Варута» магло ўтварыцца ў выніку памылкі перапісчыка, які злучыў прыназоўнік з назоўнікам у адзінае цэлае. Гэта значыць, у першапачатковым запісе храніста было так: «во град именем во Руту», што адпавядае кніжнай традыцыі даўніны. Пазьнейшы летапісец, устаўляючы Наваградзкі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова. Яшчэ Ермаловіч сьцьвярджае, што між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсьць невялікая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго зь іх знаходзілася Варута. Далей ён выказвае меркаваньне, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія разьмешчаны на р. Руце і дзе ёсьць гарадзішча[3].

Летувіскія меркаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Летувіскія навукоўцы лічаць, што верагодней за ўсё, горад знаходзіўся ў раёне памежжа Літвы і Лівоніі. У пачатку XXI стагодзьдзя гісторыкі праяўляюць павышаную цікавасьць да вэрсіі аб лякалізацыі Варуты на Шеймінішкельскім гарадзішчы ў (гэтай вэрсіі прытрымліваецца Томас Баранаўскас).[4].

Іншыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што Варута — гэта не рэальны горад, а проста няправільнае тлумачэньне слова, які азначае «ʼʼкапіталʼʼ». На думку Казімераса Бугі, аднаго з выдатных летувіскіх філёлягаў, слова «ʼʼварутʼʼ» проста азначае «ʼʼзамакʼʼ».

Сьпіс верагодных месцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шеймінішкельскае гарадзішча ў паўднёвай частцы Летувы, адно з магчымых месцазнаходжаннеў Варуты
Руіны Навагрудзкага замку на захадзе Беларусі, таксама магчымае месцазнаходжанне Варуты

Гэтыя месцазнаходжаньні былі прапанаваны рознымі гісторыкамі ў розны час:[5]

  1. Гарадзішча у Баранавіцкім раёне, па вэрсіі Ляксандра Ельскага
  2. Гарадзішча каля Наваградка, па вэрсіі Тэадора Нарбута
  3. Карэлічы побач з Навагрудкам, па вэрсіі Мікалая Ермаловіча
  4. Гальшаны, па вэрсіі Аляксандра Краўцэвіча[6]
  5. Варняны ў Гродзенскай вобласці Беларусі, па вэрсіі Юліюша Ляткоўскага
  1. Бярзгайняй у Укмергскім раёне, па вэрсіі Пятраса Тарасенкі
  2. Буцейкяй у Анікшчайскім раёне, па вэрсіі Казімераса Жэбрыса
  3. Кярнаве, паводле версіі па Фрыдэрыка Папее
  4. Лішкаў, паводле версіі Ёнаса Татарайціса
  5. Меднікі, паводле версіі Эвалдаса Гечаўскаса
  6. Рочышке ў Расейнскім раёне, па версіі Людзьвіка Кшівіцкага
  7. Шеймінішкельскае гарадзішча ў Анікшчайским раёне, паводле вэрсіі Эдуардаса Вальтэрыса
  8. Утурай у Расейнскім раёне, па вэрсіі Войцеха Кентшыньскага
  9. Вільня, па вэрсіі Ромаса Батуры
  10. Раён Даўгай-Варэна, па вэрсіі Генрыка Лаўмянскага
  11. Раён Медвегаліс-Варні, па вэрсіі Антанаса Сьцепанайціса

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mindaugas Edvardas, Gudavičius, 1998 isbn=9986-34-020-9
  2. ^ Легендарная Варута Миндовга могла располагаться в Барановичском районе, Заря, 19.10.2016
  3. ^ М.Ермаловіч «Старыжытная Беларусь», Менск «Мастацкая Літаратура», 1990 г.
  4. ^ Замок Ворута Томас Баранаўскас
  5. ^ Zabiela Gintautas «Lietuvos medinės pilys», Вільня, 1995, isbn=9986-23-018-7|ISBN=9986-23-018-7
  6. ^ Міндоўг. Пачатак вялікага гаспадарства, 2015-12-29