Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя
(Баранавіцкая апэрацыя)
Karte Branowitschi 1916.jpg
Дата: 13 чэрвеня — 29 ліпеня 1916
Месца: ваколіцы Баранавічаў
Вынік: нявызначаны (скончылася безвынікова)
Супернікі
Расейская імпэрыяНямецкая імпэрыя
Аўстра-Вугоршчына
Камандуючыя
А. Е. Эверт
Аляксандар Рагоза
Леапольд Баварскі
Р. Войрш
Колькасьць
331 батальён, 128 соцен82 батальёны
Страты
80 000 забітымі і параненымі8000 забітымі і параненымі (па расейскіх крыніцах — 9000 забітымі і параненымі, 4000 — палоннымі)

Скро́бава-Гарадзі́шчанская апэра́цыя 1916 году (таксама, Баранавіцкая апэрацыя) — эпізод Першай сусьветнай вайны, што адбыўваўся на тэрыторыі Беларусі.

Хада апэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход нямецкага войска ў Баранавічы, 1915 год. Нямецкая паштоўка

Пасьля нямецкага наступу 1915 году расейскія войскі распачалі вялікае адступленьне ад самой Варшавы. Уначы з 23 на 24 верасьня 1915 году расейскія аддзелы пакінулі Баранавічы. Апоўдні наступнага дня ў горад увайшлі нямецкія часткі арміі генэрала Войрша. Фронт затрымаўся на рацэ Шчара, каля 6 км на ўсход ад Баранавіч.

Нямецкае войска адразу ж па спыненьні наступу распачало будаўніцтва абарончых умацаваньняў, названых пасьля «нямецкімі акопамі». У Баранавічах месьціўся штаб адрэзку нямецкага ўсходняга фронту, які аднойчы наведваў кайзэр Вільгельм ІІ.

У чэрвені 1916 распачаўся расейскі наступ па аўстрыйскім фронце, які прынёс вялікі посьпех і быў пасьля названы Брусілаўскім прарывам. На паўночным баку наступленьня баранавіцкі ўчастак зь нямецкага фронту быў найменш умацаваны. Абарону яго выконвалі ня кадравыя часткі, а Сылезкі ландверны корпус — гэтак званыя апалчэнцы. (Ландвер — гэта назва рэзэрву 2-й чаргі прызыву, у якім стаялі на ўліку пасьля войсковай службы да 39 год). Участак даўжынёю 136 км трымалі толькі тры нямецкія і дзьве аўстрыйскія дывізіі, маючы аднак значныя сілы артылерыі й добрыя ўмацаваньні. Таму расейскае камандваньне вырашыла нанесьці сюды галоўны ўдар, каб падтрымаць і разьвіць Брусілаўскі наступ па аўстра-вэнгерскім фронце.

1-я атака[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкія жаўнеры на вуліцы ў Баранавічах. Нямецкая паштоўка 1918 году

Першая атака на аўстра-нямецкія пазыцыі распачаліся а 5 гадзіне раніцы, у аўторак 13 чэрвеня 1916 году[1]. Праводзілі іх 3-я і 4-я расейскія арміі. Моцны артылерыскі абстрэл нямецкай 4-й ландвернай дывізіі між Скарчава і чыгункай Варшава — Масква цягнуўся 12 гадзін. Нямецкія часткі перачакалі яго ў бэтонных бліндажах. А 19 гадзіне расейскі корпус грэнадэраў і 81 дывізія пяхоты ўдарылі на ўчастку між Калдычэўскім возерам ды чыгуначнай лініяй Менск — Баранавічы. Мэтаю было прарыў нямецкага фронту і ўдар на Баранавічы. Немцы адкрылі заграджальны агонь па наступаючых расейскіх ланцугах.

Некаторым расейскім часткам пашчасьціла ўварвацца ў нямецкія акопы, аднак іх амаль адразу ж выбівалі адтуль. Пасьля сямі безвыніковых атак бой сьціх. Найбольш гарачы бой разгарэўся каля Сталавіч. Пра страты кажа такі факт, што адно з умацаваньняў недалёка ад Торчыцаў было названая немцамі «Расейская магіла». Тамака немцы здолелі спыніць расейцаў за 10 крокаў ад акопаў — пачалося супрацьстаяньне з выкарыстаньнем ручных гранатаў.

Расейскае камандваньне маючы колькасную перавагу ня здолела правільна скарыстацца рэзэрвамі. За гэты дзень загінула ці трапіла ў палон каля 7000 расейскіх салдат. Грэнадзерскі корпус быў амаль цалкам зьнішчаны. Захоплена было толькі адно нямецкае ўмацаваньне «Балотны холм» на захадзе вёскі Старыя Войкавічы. Аднак ранкам 14 чэрвеня пасьля артабстрэлу і штыхавой атакі немцы здолелі адбіць і яго. Пасьля на баранавіцкім участку ўсё сьціхла. Немцы з новым імпэтам пачалі аднаўляць свае ўмацаваньні, ствараць штучныя перашкоды, нацягваць новыя шэрагі калючага дроту. Расейцы ж праводзілі перагрупоўку войска, падрыхтоўку прыладаў для хуткага фарсаваньня ракі Шчары. Падцягвалася цяжкая артылерыя. Новы наступ рыхтаваўся з улікам памылак. Яго мэтаю быў «Брэст-Літоўск праз Баранавічы», дзеля падтрымкі Брусілаўскага прарыву.

2-я атака[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палонныя расейцы з-пад Дарава ў Баранавічах. Нямецкая паштоўка 1918 году

2 ліпеня а 7 раніцы распачалася расейская артпадрыхтоўка[2]. У гэты час расейцы здолелі навесьці праз р. Шчару і р. Сервеч масткі. На ўчастку ВыгадаКарчова распачаўся наступ 4-й расейскай арміі ген. Рагозы ў склад якой уваходзілі акрамя грэнадэраў Х, ХІХ, ХХV корпусы пяхоты, узмоцненыя 11 сыбірскай дывізіяй і 112 дывізіяй пяхоты.

Ля Высокага і Скробава расейскія салдаты захапілі 1-ю лінію аўстрыйскіх умацаваньняў. Было ўзята ў палон каля 3000 нямецкіх і аўстра-вугорскіх жаўнераў. 3 ліпеня расейская артылерыя пачала абстрэл 2-й лініі абароны праціўніка. 4 ліпеня зацятая бойка трывала каля вёсак Дарава, Літва і Гірава. Але захапіць 2-ю нямецкую лінію здолелі толькі на Дараўскім участку. У ночы пайшоў моцны лівень, што ператвараў акопы і ірвы ў бурлівыя патокі. Гэтым скарысталіся немцы і імкліваю атакаю ў 7 гадзін раніцы выбілі расейцаў з «Дараўскай высаты».

5 ліпеня расейцы паспрабавалі прабіць аўстрыйскія часткі на ўчастку ЦырынВыгада, але таксама былі адкінуты[3]. Пасьля гэтага баі на нейкі час сьціхлі.

Па словах ген. Рагозы, 6 ліпеня плянаваліся артпадрыхтоўка і новы штурм у кірунку Баранавічаў, але гэткі спосаб быў прызнаны пасьпешным і неэфэктыўным, таму дзеля перагрупоўкі атака была адкладзена на 7 ліпеня.

Асноўныя атакі былі накіраваны на аўстрыйскія пазыцыя ЦырынКарчова і КрашынАдахаўшчына. Аўстрыякі лічыліся менш стойкімі й на іх участках расейцы мелі найбольшы посьпех. Немцы ж умацавалі аўстрыйцаў баварскай кавалерыйская дывізіяй[4]. Наступ распачаўся ў другой палове дня 7 ліпеня, у некаторых месцах даходзіла да рукапашных боек. Да вечара расейцы захапілі цэнтар 1-я лініі аўстрыйскага ХІІ корпусу недалёка вёскі Скробава. Зацятая бойка трывала тут да 16 гадзіны 9 ліпеня[5][6].

14 ліпеня а 17 гадзіне генэрал Войрш распачаў контрнаступ. Пасьля моцнага артабстрэлу каля Скробава распачалася нямецкая атака. Пры навальніцы і залеве немцы вярнулі сабе некалішнюю сваю 1-ю лінію абароны. Спробы расейцаў адбіць акопы назад былі безвыніковымі.

Зноў над фронтам усталявалася зацішша. Немцы ды аўтрыйцы аднаўлялі і ўмацоўвалі пашкоджаныя пазыцыі, расейцы рыхтаваліся да новага наступу.

3-я атака[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імша па 7 нямецкім жаўнерам Ландверу. Вайсковыя могілкі ў лесе пад Баранавічамі. Нямецкая паштоўка 1916 году

25 ліпеня ў раёне Агінскага каналу на поўначы вёскі Выгада распачалася новая расейская атака[7]. На невялікі адрэзак 3 км меркаванага прарыву, быў нанесены артылерыйскі ўдар. Пасьля ў атаку пайшлі 55 і 67 дывізія 35 корпусу і 52 дывізія 3 Каўказкага корпусу. Абарону трымала 201 нямецкая дывізія. Было адбіта некалькі хваляў атакі. Пад вечар расейцам пашчасьціла захапіць участак ў 150 мэтраў, але далей прабіцца не атрымалася. Да раніцы немцы здолелі адбіць і гэты ўчастак. 26 ліпеня атака працягваецца на адцінках Адахаўшчына — Скарчава і Дарава — Лабузы. У 7 гадзін 30 хвілін у атаку ўздымаецца 9 расейская дывізія, але нясе вялікія страты, так і не здабыўшы нямецкіх умацаваньняў. У ночы польскі легіён на нейкі час умацоўваецца на «Балотным халме», але да раніцы немцы выбіваюць і яго[8]. 27 ліпеня безвыніковыя атакі пачынаюцца каля вёскі Лабузы і вёскі Дарава[9]. Гэты жахлівы крывавы наступ скончыўся нічым толькі пад раніцу 29 ліпеня[10][11].

Гэты дзень лічыцца заканчэньнем празванай пасьля Скробава-Гарадзішчанскай ці Баранавіцкай апэрацыі. Больш на баранавіцкім участку актыўных баявых дзеяньняў не адбывалася да канца І Сусьветнай вайны.

Страты расейскага войска ацэньваюцца ў 40 тысячаў забітых і 60 тысячаў параненых. Страты нямецкіх войск пад камандваньнем ген. Войрша — каля 8 тысячаў забітымі й параненымі, пры гэтым 16-я аўстрыйская дывізія мусіла адысьці з фронту з-за панесеных ёю вельмі вялікіх страт. На яе ўчастку адбыліся найбольш крывавыя баі.

Расейскі наступ на баранавіцкім участку быў няўдалы, бо не дасягнуў пастаўленых мэтаў. Аднак ён затрымаў групу Войрша, якая нават была ўзмоцнена між першай і другой атакамі. Гэтыя сілы не маглі быць ужытыя ў праціўнікам іншым месцы.

На сёньняшні дзень пра месцы зацятых баёў напамінаюць толькі нешматлікія нямецкія могілкі (расейскія амаль не захаваліся), бэтонныя нямецкія бліндажы і доты, ды парэшткі акопаў, што засталіся ў навакольных лясах.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_06_14.htm Der Weltkrieg am 14. Juni 1916
  2. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_03.htm Der Weltkrieg am 3. Juli 1916
  3. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_05.htm Der Weltkrieg am 5. Juli 1916
  4. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_08.htm Der Weltkrieg am 8. Juli 1916
  5. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_09.htm "Der russische Vorstoß auf Baranowitschi" Dr. Fritz Wertheimer, Kriegsberichterstatter
  6. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_10.htm "Der russische Vorstoß auf Baranowitschi. Gorodischtsche, 10. Juli" Dr. Fritz Wertheimer, Kriegsberichterstatter
  7. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_26.htm Der Weltkrieg am 26. Juli 1916: Russische Angriffe bei Gorodischtsche und Beresteczko abgeschlagen
  8. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_27.htm Der Weltkrieg am 27. Juli 1916: Russische Sturmangriffe zurückgeschlagen
  9. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_28.htm Der Weltkrieg am 28. Juli 1916" Zwei russische Armeekorps zurückgeschlagen
  10. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_29.htm Der Weltkrieg am 29. Juli 1916
  11. ^ http://www.stahlgewitter.com/16_07_30.htm Der Weltkrieg am 30. Juli 1916

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вальтэр Фогель «DIE KÄMPFE UM BARANOWITSCHI», Verlag von Gerard Stalling, Oldenburg-Berlin, 1924