Перайсьці да зьместу

Ян Радзівіл «Барадаты»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ян Радзівіл Барадаты»)
Ян Радзівіл
лац. Jan Radzivił
Ян Радзівіл «Барадаты»
Ян Радзівіл «Барадаты»

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1474
Памёр не раней за 24 сакавіка 1522 і не пазьней за 5 ліпеня 1522[1]
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Стары»
Соф’я з Манівідаў
Жонка Альжбета з Гаштольдаў
Ганна з Кішкаў
Багдана з Лукомскіх
Дзеці ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ян, Ганна
ад 3-га шлюбу: Соф'я
Дзейнасьць палітык

Ян Радзівіл (мянушка «Барадаты»; каля 1474 — 1522) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (1499—1514) і земскі (1514—1522), кашталян троцкі (1522). Заснавальнік алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў.

Валодаў Нягневічамі і Лахвай на Наваградчыне, Зьдзітавам на Слонімшчыне, Уздой на Меншчыне, Алыкай на Валыні, а таксама маёнткамі на тэрыторыі сучаснай Летувы. Быў старостам вількійскім (1495—1501) і слонімскім (з 1505).

З шляхецкага роду Радзівілаў гербу Трубы, сын Мікалая «Старога», ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага, і Соф’і з Манівідаў. Меў братоў Мікалая, князя Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзях і Мядзелах[2], ваяводу віленскага і канцлера вялікага літоўскага, Войцеха, біскупа віленскага, Юрыя, гетмана вялікага літоўскага, і сястру Ганну, жонку Конрада III Рудога, апошнюю ўдзельную мазавецкую княгіню[2].

Ян Радзівіл і яго жонка Альжбета Гаштольд. Невядомы мастак, 1733—37 гг.

Юнаком трапіў у Кракаў на выхаваньне, якое атрымліваў пры каралеўскім двары. Набліжаны да вялікага князя Аляксандра, спрыяў ягонаму абраньню ў 1501 годзе каралём польскім, падпісаў акт Мельніцкай уніі (1501 год). Пазьней падтрымліваў палітыку Аляксандра, скіраваную на скасаваньне мельніцкіх дамоўленасьцяў.

У 1505 годзе атрымаў ад вялікага князя Слонімскае староства, пачаў будаваць замак у Слоніме.

Браў удзел у Клецкай бітве 1506 году, а таксама ў бітве пад Вішняўцом 1512 году[3].

Ачольваў пасольства ў Маскву ў 1507 і 1508 гадох. Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1512—1522).

У 1499 годзе атрымаў урад маршалка гаспадарскага, у 1514 годзе — маршалка земскага. У 1522 годзе стаў кашталянам троцкім.

Першы раз ажаніўся ў 1492 годзе з Альжбетай (пам. 1502), дачкой ваяводы троцкага і маршалка земскага Марціна Гаштольда[4]. Меў зь ёй 2 дачок і 3 сыноў[5], якія аднак памерлі ў раньнім веку. Другі раз ажаніўся з Ганнай, дачкой маршалка вялікага літоўскага Станіслава Кішкі. У гэтым шлюбе меў 2 сыноў і дачку. Трэці раз пабраўся шлюбам з Багданай Лукомскай, зь якой меў дачку. У другім і трэцім шлюбах нарадзіліся дзеці:

  • Мікалай «Чорны» (1515—1565), канцлер вялікі літоўскі і ваявода віленскі
  • Ян (1516—1551), крайчы вялікі літоўскі
  • Ганна (пам. 1554), жонка Мікалая Кезгайлы і Станіслава Кішкі
  • Соф’я (пам. 1541), жонка Шчаснага Ільлініча

У 1522 годзе прадчуваючы блізкую сьмерць, пакінуў тэстамэнт, у якім прасіў вялікага князя Жыгімонта Старога ўзяць апеку над ягонай сям’ёй. Існуе меркаваньне, што яго атруцілі[3].

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт невядомага мастака XVII ст. зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

  1. ^ Urzędnicy podlascy XIV―XVIII wieku: spisy / пад рэд. E. Dubas-UrwanowiczKórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. — С. 91. — 199 с. — ISBN 83-85213-16-3
  2. ^ а б Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста / Пераклад з: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. — W-wa, 1985 // «Спадчына» № 5, 1994. — Эл. рэсурс www.pawet.net Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
  3. ^ а б Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. [1]
  4. ^ Pietkiewicz K. Radziwiłł Jan h. Trąby (ok. 1474—1522) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/1, zeszyt 124. S. 192.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 500.