Філялягічны факультэт БДУ
Філялягічны факультэт БДУ | |
Уваход на філфак (2019 г.) | |
Заснаваны | 21 ліпеня 1939 (85 гадоў таму) |
---|---|
Тып | дзяржаўны |
Колькасьць студэнтаў | 2500 (2019 г.) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 53°53′56″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.89889° пн. ш. 27.55889° у. д.Каардынаты: 53°53′56″ пн. ш. 27°33′32″ у. д. / 53.89889° пн. ш. 27.55889° у. д. |
Горад | Менск |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Знаходзіцца ў складзе | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Вэб-сайт | philology.bsu.by/by |
Філялягічны факультэт БДУ |
Філялягі́чны факультэ́т БДУ (філфак) — падразьдзяленьне Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, заснаванае ў ліпені 1939 году.
Месьціцца ў Ленінскім раёне Менску па вул. К.Маркса, д. 31. На 2019 год філфак БДУ налічваў звыш 2500 студэнтаў, зь іх каля 200 іншаземцаў[1]. Навучаньне па 5 спэцыяльнасьцях вялося па-расейску. На філялягічным факультэце працавала аддзяленьне Фундамэнтальнай бібліятэкі БДУ, што зьмяшчала звыш 250 000 кніг у абанэмэнце навучальнай літаратуры. Бібліятэчная мэдыятэка мела 28 кампутараў з доступам да элэктроннай бібліятэкі БДУ і звыш 16 000 выданьняў[2].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год філялягічны факультэт БДУ ўлучаў навучальна-навуковую лябараторыю беларускага фальклёру і 14 катэдраў: 1) ангельскага мовазнаўства, 2) беларускага мовазнаўства, 3) гісторыі беларускай літаратуры, 4) дастасоўнай лінгвістыкі, 5) замежнай літаратуры, 6) кітайскай філялёгіі, 7) клясычнай філялёгіі, 8) нямецкага мовазнаўства, 9) раманскага мовазнаўства, 10) расейскай літаратуры, 11) расейскай мовы, 12) рыторыкі і мэтодыкі выкладаньня, 13) тэарэтычнага й славянскага літаратуразнаўства, 14) тэарэтычнага й славянскага мовазнаўства.
Навучаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год філялягічны факультэт БДУ праводзіў навучаньне па 5 спэцыяльнасьцях мовазнаўства:
- беларускае — адмысловец у справавых зносінах, кампутарны мовазнавец або літаратурны рэдактар[3];
- клясычнае — перакладнік клясычных моваў і выкладнік антычнай літаратуры;
- рамана-германскае — перакладнік і выкладнік ангельскай, італьянскай, нямецкай або францускай мовы й літаратуры;
- расейскае — выкладнік расейскай мовы як замежнай, адмысловец у справавых зносінах, кампутарны мовазнавец або літаратурны рэдактар[4];
- славянскае — перакладнік баўгарскай, польскай, славацкай, сэрбскай, украінскай або чэскай мовы і выкладнік славянскай літаратуры[5];
- усходняе — перакладнік і выкладнік кітайскай мовы й літаратуры[6].
У магістратуру набіралі на вочнае й завочнае навучаньне па 7 спэцыяльнасьцях:
- германскія мовы,
- інавацыі ў навучаньні мовам як замежным,
- літаратура народаў краінаў замежжа,
- літаратуразнаўства,
- мовазнаўства,
- тэорыя й мэтодыка навучаньня й выхаваньня,
- тэорыя мовы[7].
Падрыхтоўку дасьледнікаў у асьпірантуры й дактарантуры ажыцьцяўлялі па 12 спэцыяльнасьцях:
- беларускае літаратуразнаўства;
- беларускае мовазнаўства;
- дастасоўнае й матэматычнае мовазнаўства;
- літаратура народаў краінаў замежжа;
- параўнальна-гістарычнае, тыпалягічнае й супастаўляльнае мовазнаўства;
- расейскае літаратуразнаўства;
- расейскае мовазнаўства;
- славянскія мовы;
- тэорыя й мэтодыка навучаньня й выхаваньня;
- тэорыя літаратуры й тэксталёгія;
- тэорыя мовы;
- фальклярыстыка[8].
Для слухачоў прапаноўвалі 2-гадовае вечаровае навучаньне па 3 гадзіны двойчы на тыдзень адной з 13 замежных моваў: ангельскай, баўгарскай, гішпанскай, італьянскай, кітайскай, нямецкай, польскай, славацкай, сэрбскай, турэцкай, украінскай, францускай і чэскай[9].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 ліпеня 1939 году Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт заснаваў філялягічны факультэт з 2 адьдзяленьнямі: беларускай мовы й літаратуры, а таксама расейскай. Першым дэканам стаў 1-ы загадчык катэдры расейскай мовы й літаратуры Цімафей Ломцеў. 22 чэрвеня 1941 году Філфак БДУ прыпыніў дзейнасьць у сувязі з пачаткам Нямецка-савецкай вайны. 15 траўня 1943 году Савет народных камісараў СССР зацьвердзіў Пастанову аб аднове дзейнасьці БДУ, у тым ліку Філфаку, на станцыі Сходня Хімкінскага раёну Маскоўскай вобласьці. Пасьля заняцьця Менску Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 году Філфак БДУ вярнуўся ў сталіцу Беларускай ССР. На 1949 год на Філфаку БДУ дзейнічала 2 аддзяленьні: 1) лёгікі, псыхалёгіі і расейскай мовы, 2) журналістыкі. У 1951 годзе налічвалася 4 аддзяленьні: 1) беларускай мовы і літаратуры, 2) расейскай мовы і літаратуры, 3) журналістыкі, 4) лёгікі і псыхалёгіі. У чэрвені 1967 году са складу філфаку вылучылі факультэт журналістыкі БДУ. У выніку на філфаку БДУ засталося 2 аддзяленьні: 1) беларускай мовы і літаратуры, 2) расейскай мовы і літаратуры. У 1968/1969 навучальным годзе на філфаку навучалася 2652 студэнты, што рабіла яго найбольшым факультэтам БДУ, якім той заставаўся 40 наступных гадоў. У кастрычніку 1968 году студэнты Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ сабралі подпісы большасьці студэнтаў філфаку пад лістом да 1-га сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Машэрава з патрабаваньнем вярнуць выкладаньне на беларускай мове. Узімку 1969 году Разанава і Ярца выключылі з БДУ. У 1969 годзе філфак усталяваў зносіны з адпаведнымі факультэтамі ВНУ іншых рэспублік СССР[10].
12 лістапада 1985 году на філфаку зьявілася навукова-дасьледчая лябараторыя (НДЛ) беларускага фальклёру і дыялекталёгіі, якую ўзначаліў прафэсар Алег Лойка. 1 красавіка 1987 году запрацавала НДЛ тэарэтычнай і дастасоўнай лінгвістыкі, якую ачоліў прафэсар Уладзімер Карпаў. 24 чэрвеня 1988 году з катэдры расейскай мовы вылучылі 2 іншыя катэдры: 1) расейскай мовы як замежнай, загаднікам якой стаў прафэсар Уладзімер Макараў, 2) мэтодыкі выкладаньня беларускай і расейскай мовы і літаратуры, якую ўзначаліла прафэсарка Ларыса Мурына. У верасьні 1993 году на філфаку ўтварылі катэдру славістыкі, на якой сталі рыхтаваць славяназнаўцаў. Адначасна катэдру беларускай літаратуры падзялілі на 2 катэдры: 1) тэорыі і гісторыі літаратуры, 2) беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Таксама катэдру беларускай мовы падзялілі на 2 катэдры: 1) сучаснай беларускай мовы, 2) гісторыі беларускай мовы. У верасьні 1994 году катэдру тэорыі і гісторыі літаратуры пераўтварылі ў катэдру тэорыі літаратуры. У 1994 годзе правялі 1-ы набор на спэцыяльнасьць «Клясычныя мовы й літаратуры». У верасьні 1995 году на Філфаку зьявілася катэдра клясычнай філялёгіі. У 1995 годзе адбыўся 1-ы набор на 3 спэцыяльнасьці, што спалучалі беларускую мову з ангельскай, нямецкай і францускай адпаведна. Адначасна аддзяленьні беларускай мовы і літаратуры ды расейскай мовы і літаратуры сталі сумесна навучаць спэцыяльнасьці «Беларуская і расейская мовы і літаратуры». У 2001 годзе пачалі рыхтаваць кітаязнаўцаў. З 2003 году пры падтрымцы амбасадаў замежных дзяржаваў на філфаку адчынілі адмысловы кабінэт аўдыёвізуальных сродкаў і 10 адмысловых кабінэтаў мовазнаўства: у 2003 годзе — кітайскага і польскага, у 2004-м — беларускага і ўкраінскага, у 2005-м — італьянскага, у 2007-м — расейскага, у 2009-м — нямецкага, у 2011-м — славацкага і чэскага, у 2014-м — сэрбскага. У 2006 годзе на факультэце заснавалі музэй беларускай народнай культуры і асяродак турэцкай культуры[10].
Дэканы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цімафей Ломцеў (1939—1941)
- Міхась Ларчанка (1943—1945)
- Міхаіл Жыркевіч (1945—1947)
- Лука Шашкоў (1947—1951)
- Марыя Жыдовіч (1951—1952)
- Юры Васільеў (1952—1955)
- Міхась Ларчанка (1955—1963)
- Рыгор Булацкі (1963—1967)
- Аляксей Воўк (1967—1990)
- Алег Лойка (1991—1996)
- Ларыса Мурына (1996—2002)
- Іван Роўда (з 2002 году)
Выпускнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікола Аўрамчык (1950) — паэт і ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964)
- Алесь Адамовіч (1950) — пісьменьнік і сябар-карэспандэнт (1980)
- Сьцяпан Александровіч (1950) — пісьменьнік і заслужаны работнік культуры Беларусі (1984)
- Іван Навуменка (1950) — народны пісьменьнік Беларусі (1995)
- Уладзімер Дамашэвіч (1953) — ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1992)
- Мікола Арочка (1956) — паэт
- Ніл Гілевіч (1956) — народны паэт Беларусі (1991)
- Адам Мальдзіс (1956) — літаратуразнавец і 1-ы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (1991—2005)
- Сэрафім Андраюк (1957) — літаратуразнавец і 3-ы галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1981—1993)
- Іван Чыгрынаў (1957) — народны пісьменьнік Беларусі (1994)
- Віктар Карамазаў (1958) — пісьменьнік і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Кастуся Каліноўскага (1990)
- Анатоль Клышка (1958) — пісьменьнік і перакладнік Новага Запавету на беларускую мову (1990)
- Валянціна Лемцюгова (1958) — мовазнаўца і аўтарка 1-га «Ўкраінска-беларускага слоўніка» (1980)
- Кастусь Цьвірка (1958) — пісьменьнік, перакладнік і старшыня ГА «Беларускі кнігазбор»
- Рыгор Барадулін (1959) — народны паэт Беларусі (1992)
- Аляксандар Булыка (1959) — мовазнавец і сябар-карэспандэнт (1994)
- Генадзь Бураўкін (1959) — паэт і старшыня Дзяржкамітэту БССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні (1978—1990)
- Васіль Зуёнак (1959) — паэт, перакладнік і ганаровы сябар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000)
- Барыс Сачанка (1960) — пісьменьнік і 4-ы галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» (1993—1995)
- Уладзімер Карызна (1961) — паэт і аўтар зьмененага гімну «Мы, беларусы» (2002)
- Леанід Дайнека (1967) — ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1989)
- Вольга Іпатава (1967) — пісьменьніца і 1-я галоўная рэдактарка газэты «Культура» (1991—1995)
- Генрых Далідовіч (1968) — пісьменьнік і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1996)
- Сяргей Законьнікаў (1969) — паэт і ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982)
- Валянціна Коўтун (1969) — паэтэса і ляўрэтка Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1986)
- Алесь Жук (1970) — пісьменьнік і ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1992)
- Анатоль Бутэвіч (1971) — пісьменьнік і міністар культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996)
- Уладзімер Адамушка (1973) — старшыня Дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Беларусі (2002—2016)
- Зьміцер Падбярэскі (1974) — музычны журналіст і крытык, пісьменьнік і тэлевядучы
- Уладзімер Ягоўдзік (1978) — драматург і ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994)
- Сяржук Сокалаў-Воюш (1979) — бард
- Алена Анісім (1983) — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі (з 2016 году) і 4-я старшыня Таварыства беларускай мовы (з 2017 году)
- Сяргей Чыгрын (1985) — пісьменнік, журналіст, краязнавец, лаўрэат прэміі імя Гетройца
- Зьміцер Саўка (1988) — суаўтар сучаснай нармалізацыі беларускага клясычнага правапісу (2005)
- Алесь Бадак (1990) — паэт-песеньнік і ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003)
- Міхась Скобла (1991) — ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2000)
- Алесь Пашкевіч (1994) — 8-ы старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (2002—2011)
- Аксана Спрынчан (1995) — паэтка
- Андрэй Хадановіч (1995) — паэт і 5-ы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру (2009—2017)
- Віка Трэнас (2007) — паэтка[11]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Падрыхтоўка спэцыялістаў з замежных краін // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Аб бібліятэцы // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Спэцыяльнасьць «Беларуская філялёгія» (па напрамках) // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Спэцыяльнасьць «Расейская філялёгія» (па напрамках) // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Спэцыяльнасьць «Славянская філялёгія» // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Спэцыяльнасьці «Рамана-германская філялёгія», «Усходняя філялёгія» // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Плян прыёму ў магістратуру (рас.) // Філялягічны факультэт БДУ, 2017 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Асьпірантура // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Навучальныя курсы // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ а б Зь гісторыі // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- ^ Выпускнікі // Філялягічны факультэт БДУ, 2017 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навучальныя матэрыялы // Філялягічны факультэт БДУ, 2019 г. Праверана 23 красавіка 2019 г.
- Лябараторыя беларускага фальклёру БДУ
- Музэй беларускай культуры на Філфаку БДУ
- Партал «Філялёгія»
- Рада маладых навукоўцаў Філфаку БДУ
- Альманах «Дзьмухавец»
- Катэдра клясычнай філялёгіі БДУ (рас.)
- Катэдра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ (рас.)
|