Фізычны факультэт БДУ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Фізычны факультэт БДУ

Фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — адзін з самых вялікіх факультэтаў галоўнай ВНУ Беларусі. Створаны ў 1958 годзе. У складзе факультэту 11 катэдраў, 13 навукова-дасьледчых лябараторыяў, «Беларускі міжвузаўскі цэнтар» і абсэрваторыя. На факультэце вядуцца фундамэнтальныя і прыкладныя дасьледаваньні, а таксама прамысловыя, тэхналягічныя і іншыя распрацоўкі.

Гісторыя факультэту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Факультэт бярэ пачатак ад фізыка-матэматычнага аддзяленьня пэдагагічнага факультэту БДУ, утворанага ў 1932 годзе. У 1933 годзе зь фізыка-матэматычнага аддзяленьня быў створаны фізыка-матэматычны факультэт. У 1938 годзе фізыка-матэматычны факультэт уключаў 4 катэдры: катэдру агульнай фізыкі (заг. — дацэнт Ільля Некрашэвіч), катэдру тэарэтычнай фізыкі (заг. катэдры — дацэнт Фёдар Фёдараў), катэдру рэнтгенафізыкі (заг. — дацэнт Іосіф Шапіра), катэдру электрамагнітных ваганьняў (заг. — прафэсар Яўген Сьняткоў). У 1941 годзе, у сувязі з вайной і акупацыяй, фізыка-матэматычны факультэт прыпыніў сваю дзейнасьць і зь верасьня 1943 году функцыянаваў на станцыі Сходня пад Масквой, дэканам з таго моманта да 1950 году быў Фёдар Фёдараў. У 1944 годзе супрацоўнікі вярнуліся ў Менск. Першыя пасьляваенныя выпускі складалі 5—10 чалавек штогод[1]. У 1950-я гг. на аддзяленьні фізыкі навучалася толькі 50 студэнтаў. У 1953 гадзе акадэмікі АН БССР Антон Сеўчанка, Барыс Сьцяпанаў і крыху пазьней Міхаіл Ельяшэвіч пераехалі ў Менск і пачалі працаваць у БДУ. Зь іхнімі імёнамі зьвязанае стварэньне буйных навуковых школ. Імі адпаведна ўсталёўваецца сувязь паміж будовай і спэктральна-люмінесцэнтнымі ўласьцівасьцямі злучэньняў урану, разьвіваецца спэктраскапія адмоўных плыняў сьвятла, разьвіваюцца мэтады разьліку ваганьняў малекулярных комплексаў[2]. У 1953 годзе створаная катэдра спэктральнага аналізу, для спэцыялізацыі на катэдру былі накіраваныя 20 студэнтаў[3]

У кастрычніку 1958 году фізыка-матэматычны факультэт разьдзяліўся на фізычны факультэт і матэматычны факультэт (апошні у 1975 годзе перайменаваны ў мэханіка-матэматычны факультэт). Першым дэканам факультэту стаў Міхаіл Халімановіч. У 1960—1970 гады фізычны факультэт актыўна разьвіваўся. У 1971 годзе на дзённым аддзяленьні вучыліся 1875 студэнтаў, існавала таксама вячэрняе аддзяленьне, на якім вучыліся 455 студэнтаў. На базе навукова-дасьледчых лябараторыяў фізычнага факультэту ў 1971 годзе ствараецца Навукова-дасьледчы інстытут прыкладных фізычных праблемаў пад кіраўніцтвам акадэміка Антона Сеўчанкі. У 1976 годзе на базе 4-х катэдраў фізычнага факультэту быў створаны факультэт радыёфізыкі і электронікі. У 1984—2003 гг. загадчыкам катэдры тэарэтычнай фізыкі быў прафэсар Леанід Баркоўскі. У 1986 пры падтрымцы загадчыка катэдрай ядзернай фізыкі Станіслава Шушкевіча (малодшага) ствараецца Інстытут ядзерных праблемаў, які ўзначаліў прафэсар катэдры ядзернай фізыкі Уладзімер Барышэўскі.

У 2018 годзе катэдра атамнай фізыкі і фізычнай інфарматыкі ліквідаваная, супрацоўнікі перайшлі ў склад катэдры фізычнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі. 17 сьнежня 2018 году загадам рэктара БДУ дэканам факультэта прызначаны кандыдат фізіка-матэматычных навук Міхаіл Ціваноў, які да гэтага з'яўляўся загадчыкам кафедры энергафізікі.[4].

Структура факультэту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Катэдры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Катэдра агульнай фізыкі (заснаваная ў 1938; загадчык — дацэнт Анатоль Слабадзянюк[5])
  2. Катэдра біяфізыкі (засн. ў 1973; заг. — д. б. навук Рыгор Марціновіч[6])
  3. Катэдра вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізыкі (засн. ў 1961; заг. — прафэсар Наталля Абрашына-Жадаева[7])
  4. Катэдра лязэрнай фізыкі і спэктраскапіі (засн. ў 1953; заг. — прафэсар Аляксей Толсцік[8])
  5. Катэдра кампутарнага мадэляваньня (засн. ў 1988; заг. — дацэнт А. Г. Раманаў[9])
  6. Катэдра тэарэтычнай фізыкі і астрафізыкі (засн. ў 1938; заг. — прафэсар Аляксандар Фурс[10])
  7. Катэдра фізыкі цьвёрдага цела (засн. ў 1957; заг. — прафэсар Уладзімер Вуглоў)
  8. Катэдра фізыкі паўправаднікоў і нанаэлектронікі (засн. ў 1966; заг. — прафэсар Уладзімер Аджаеў[11])
  9. Катэдра фізычнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі[12] (засн. ў 1953; заг. — прафэсар Анатоль Мінько)
  10. Катэдра энэргафізыкі (засн. ў 1965; заг. — канд. фіз.-мат. навук Аляксандар Мазанік[13])
  11. Катэдра ядзернай фізыкі (засн. ў 1961; заг. — дацэнт А. І. Цімошчанка[14])

Навукова-дасьледчыя лябараторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Біяфізыкі і біятэхналёгіяў
  2. Высокаэнэргетычнай іённай імплантацыі і функцыянальнай дыягностыкі
  3. Нелінейнай оптыкі і спэктраскапіі
  4. Спэктраскапіі паўправаднікоў
  5. Фізыкі і тэхнікі паўправаднікоў
  6. Фізыкі іённа-плязмавай мадыфікацыі цьвёрдых целаў
  7. Фізыкі электронных матэрыялаў
  8. Дыэлектрычнай спэктраскапіі гетэрагенных сыстэм
  9. Біяаналітычных сыстэм
  10. Вузавай інжынэрыі ды нанабіятэхналёгіяў
  11. Навуковага прыборабудаўніцтва
  12. Спэктраскапічных сыстэм
  13. Энэргаэфэктыўных матэрыялаў ды тэхналёгіяў.

Вядомыя выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Физический факультет БГУ им. В. И. Ленина. К юбилею университета // Вестник БГУ. Серия 1. — 1971. — № 3.
  2. ^ Развитие исследований по физико-математическим наукам в Белорусском гоударственном университете имени В. И. Ленина. // Вестник БГУ. Серия 1. — 1978. — № 3.
  3. ^ Кафедре лазерной физики и спектроскопии — 50 лет // Вестнік БДУ. Серия 1: Физ. Мат. Информ. — 2003. — № 3.
  4. ^ Дэканам фізічнага факультэта БДУ прызначаны Міхаіл Сяргеевіч Ціваноў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. 17 сьнежня 2018.
  5. ^ Список сотрудников(рас.). Физический факультет БГУ.
  6. ^ Кафедра биофизики(рас.). Физический факультет. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  7. ^ Персаналii кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі БДУ
  8. ^ Анатоль Мінько. Фарміраванне школы фізічнай оптыкі ў БДУ. Да 115-годдзя з дня нараджэння акадэміка А. Н. Сеўчанкі // Унiверсiтэт. — 2018.
  9. ^ Список сотрудников — Физический факультет БГУ
  10. ^ Александр Николаевич Фурс. БГУ. Праверана 27 мая 2018 г.
  11. ^ Кафедра фізікі паўправаднікоў
  12. ^ Кафедра фізычнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі(рас.) Праверана 9 мая 2018 г.
  13. ^ Сотрудники.(рас.) Кафедра энергофизики. Праверана 18 сакавіка 2019
  14. ^ сотрудники кафедры ядерной физики БГУ(рас.)
  15. ^ Пять фактов о создателе World of Tanks // Хартыя’97 (рас.)
  16. ^ Inc. 500 Interview: EPAM Systems // inc.com (анг.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]