Геаграфічны факультэт БДУ
Каардынаты: 53°53′35″ пн. ш. 27°32′55″ у. д. / 53.893142° пн. ш. 27.548522° у. д.
Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — найбуйнейшы ў Беларусі вучэбна-навуковы цэнтар падрыхтоўкі географаў, геолягаў, гідролягаў і мэтэаролягаў. Знаходзіцца ў Менску на вул. Ленінградзкай, 16. Дэкан факультэту — Алена Кальмакова.
На факультэце навучаецца каля 1000 студэнтаў дзённай і завочнай формаў навучаньня, 18 асьпірантаў і суіскальнікаў вучоных ступеняў. Пэдагагічную і навуковую працу забясьпечваюць больш за 100 супрацоўнікаў, сярод якіх 15 дактароў навук, прафэсараў, 40 дацэнтаў і 15 старшых навуковых супрацоўнікаў. Навучаньне вядзецца па спэцыяльнасьцях: «Геаграфія» (13 спэцыялізацыяў: турызм, дэмаграфія, глебазнаўства, картаграфія, гідралёгія і іншыя), «Географа-інфармацыйныя сыстэмы (ГІС)», «Геаэкалёгія», «Геалёгія і выведка радовішчаў карысных выкапняў» (3 спэцыяльнасьці), «Гідрамэтэаралёгія».
На другім паверсе будынка факультэту працуе Музэй землязнаўства. Некалькі разоў на год музэй арганізуе масавую мінэралягічную выставу «Каменная казка». Выданьне факультэту — студэнцкая газэта «Экватар». На геаграфічным факультэце дзейнічае рэспубліканская грамадзкая арганізацыя Беларускае геаграфічнае таварыства.
Гісторыя факультэту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная дата стварэньня — 1934 год. Аднак яшчэ ў 1921 годзе на рабфаку БДУ геаграфія была прадстаўленая як вучэбная дысцыпліна. Першапачатковая назва — геоляга-глебава-геаграфічны факультэт. Факультэт быў арганізаваны пры падтрымцы вучоных М. Н. Сьмірнова, І. М. Іванова і іншых. У першыя гады існаваньня на факультэце працавалі акадэмікі АН БССР Я. Н. Афанасьеў, М. Ф. Бліядухо, чалец-карэспандэнт АН БССР А. М. Жырмунскі, дацэнты С. С. Малярэвіч і іншыя. Пачаткова на факультэце працавалі дзьве катэдры: фізычнай геаграфіі і глебазнаўства. У пасьляваенныя гады былі сфармаваныя катэдры фізычнай геаграфіі, эканамічнай геаграфіі, глебазнаўства і геалёгіі. У 1951—1958 гг., 1966—1969 гг. і з 1993 г. па нашыя дні на факультэце дзейнічае катэдра дынамічнай геалёгіі.
Дэканы геаграфічнага факультэту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ф. Ф. Дзярбенцьеў (Дзярбенцаў) (15.08.1934 — 29.03.1935)
- Казакоў (15.04.1935 - 1935)
- М.Ф. Чурын (1935 — 1936)
- Ануфрый Нестаравіч Андрушчанка (1936—1938)
- Іван Сцяпанавіч Жылінскі (1938 — 1941)
- Васіль Аляксеевіч Дзяменцьеў (1943—1947)
- Мікалай Тарасавіч Раманоўскі (1947—1955)
- Ануфрый Нестаравіч Андрушчанка (1955—1958)
- Іван Іванавіч Трухан (1958—1962)
- Мікалай Тарасавіч Раманоўскі (1962—1983)
- Расьціслаў Жмойдзяк (1983—1998)
- Іван Іванавіч Пірожнік (1998—2013)
- Зьміцер Іваноў (в. а., канец 2013, 2014—2017)
- Мікалай Клебановіч (2017 — 2019)
- Зьміцер Курловіч (2019 — 2022)
- Алена Кальмакова (з 2022)
Структура факультэту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Катэдры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Катэдра геаграфічнай экалёгіі (заг. катэдры — прафэсар А. М. Вітчанка)
- Катэдра геадэзіі і картаграфіі (заг. катэдры — кандыдат геаграфічных навук А. П. Раманкевіч)
- Катэдра дымамічнай геалёгіі (заг. катэдры — прафэсар В. М. Губін)
- Катэдра агульнага землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі (заг. катэдры — прафэсар П. С. Лопух)
- Катэдра глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сыстэмаў (заг. катэдры — дацэнт М. В. Клебановіч)
- Катэдра фізычнай геаграфіі сусьвету і адукацыйных тэхналёгіяў (заг. катэдры — прафэсар Я. К. Яловічава)
- Катэдра эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаваў Садружнасьці (заг. катэдры — Генадзь Озем)
- Катэдра эканамічнай геаграфіі замежных краін (заг. катэдры — прафэсар К. А. Анціпава)
- Катэдра інжынэрнай геалёгіі і геафізыкі (заг. катэдры — д. г.-м. н., праф. Аляксандар Санько)
Навукова-дасьледчыя лябараторыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Возеразнаўства
- Экалёгіі ляндшафтаў
У складзе НДЛ працуюць 18 супрацоўнікаў (у тым ліку 1 доктар навук і 4 кандыдаты навук).
Прафэсарска-выкладчыцкі склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На кастрычнік 2009 году прафэсарска-выкладчыцкі склад налічваў 75 чалавек:
- 15 дактароў навук (зь іх 10 прафэсараў),
- 41 кандыдат навук (зь іх 36 дацэнтаў і 5 старшых выкладчыкаў),
- 19 старшых выкладчыкаў, выкладчыкаў і асыстэнтаў без вучонай ступені.
Суадносіны студэнты/выкладчыкі: з улікам сумяшчальнікаў — 9 студэнтаў на 1 выкладчыка, без уліку — 14.
Вучэбная геаграфічная станцыя (геабаза) «Заходняя Бярэзіна»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца ў Валожынскім раёне на беразе р. Заходняя Бярэзіна, недалёка ад в. Калдыкі і в. Куцяняты.
Весьнік геаграфічнага факультэту «Экватар»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаваны ў пачатку 2006 году па ініцыятыве дэканату факультэта. У той момант у студэнцкае жыцьці востра не хапала ўласнае друкаванага выданьня, аднак, з прычыны нізкага ўзроўню арганізацыі студэнтаў актыўна займацца аніхто не хацеў. Тады намесьнік дэкану М. В. Кухарчык абраў зь ліку студэнтаў 1-2 курсу адказных рэдактараў: Ю. Губараву, А. Малокіна, Я. Рыбіна і М. Шчарбакову. Яны далі весьніку новае імя (раней выданьне нерэгулярна выходзіла пад назвай «Мерыдыян») і выпусьцілі два нумары (сакавіцкі і травеньскі — прысьвечаны географам-франтавікам). Варта адзначыць, што публіцыстычны, роўна як і эстэтычны характар выданьня выклікаў нараканьні са шматлікіх бакоў. Зьмест нумароў быў дыктаваны дэканатам, а таму знаходзіўся далёка па-за патрэбамі студэнтаў у цікавай і карыснай інфармацыі. Наклад выданьня быў моцна абмежаваны: у асноўным распаўсюджваўся па катэдрам, у дэканаце, а таксама вывешваўся на дошку аб’яваў (1-й паверх паўднёвага крыла).
Магутны штуршок да разьвіцьця весьнік атрымлівае з восені 2006 году, калі ў склад рэдкалегіі ўвайшоў студэнт 4 курса Павал Чумакоў. Зь яго імем зьвязана зьмяненьне рэдакцыйнае палітыкі, прыцягненьне журналістаў зь ліку студэнтаў, карэннае зьмяненьне дызайну (набліжэньне яго да выдавецкіх стандартаў) і выхад у колы грамадзтва: у гэты пэрыяд максымальныя наклады дасягалі 100-150 асобнікаў.
Зьмяняецца і зьмест весьніка: старонка навінаў, пасланьні галоўнага рэдактара, інтэрвію з выкладчыкамі і студэнтамі, надзённыя артыкулы, рэдакцыйныя праекты (напрыклад, мапа зь месцамі нараджэньня выкладчыкаў факультэту), гумарыстычная геаграфічная паэзія. У сувязі з рэбрэндынгам весьніку, прымаецца рашэньне абнуліць яго нумарацыю. Нумар ад лістападу 2006 становіцца першым. Увясну 2008 году весьнік геафаку «Экватар» прыняў удзел у штогадовым конкурсе выданьняў БДУ, якое прайшло ў САК «Брыганціна».
Сэзон, восень 2008 году, «Экватар» сустрэў бяз большай часткі старой рэдкалегіі: Павал Чумакоў выпусьціўся з унівэрсытэту, Ю. Губарава, А. Малокін і А. Безручонак зьехалі на гадавыя стажыроўкі ў замежжа. Перад Марыяй Шчарбаковай паўстала пытаньне аб папаўненьні кадраў для працягу плённай працы. Яна была абраная рэдактарам весьніка. Андрэй Безручонак, знаходзячыся ў Партугаліі, выконваў вёрстку і дызайн. Артыкулы для «Экватара» актыўна пачалі пісаць студэнты малодшых курсаў: Зьміцер Валадзько, Алена Кочуб, Валеры Жук, Яўген Шавялеў. У лютым 2010 году рэдактарам «Экватару» стаў Андрэй Безручонак, Марыя паехала на стажыроўку ў Анкару. У гэты час газэта стала выходзіць рэгулярна з паўнатой 8—12 старонак. Былі перапрацаваныя канцэпцыі дызайну, зьмест артыкулаў і моўнае пытаньне: выгляд весьніка стаў больш яскравым і сучасным, а артыкулы пачалі друкавацца пераважна на беларускай мове. Восеньню 2010 году «Экватар» стаў найлепшай маланакладнай газэтай БДУ.
Значныя зьмены ў працы газэты адбываюцца ў 2011 годзе. «Экватар» выдаецца цалкам на беларускай мове, зьмяняецца дызайн. Зьмены адбываюцца і ў рэдкалегіі. Ад старога складу практычна нікога не застаецца. Рэдактарам становіцца Марына Карней. Таксама прыходзяць і новыя людзі — Ніна Літвінка, Вікторыя Койпіш, Ягор Левачоў, Багдан Пачапскі. Са старога складу застаецца толькі Валадзько Зьміцер. Вясной 2011 году рэдкалегія весьніка прымае ўдзел у «Зімовай школе студэнцкай журналістыкі» на САК «Брыганціна». «Экватар» заваёўвае першае месца ў намінацыі «За арыгінальнасьць і творчы падыход».
У 2013 годзе весьнік геаграфічнага факультэту БДУ «Экватар» становіцца найлепшым беларускамоўным выданьнем унівэрсытэту. У 2014 годзе «Экватар» мяняе канцэпцыю друку па прапанове Ягора Левачова і адмаўляецца ад цалкам каляровага друку. Цяпер газэта выходзіць з каляровай вокладкай. У гэтым жа годзе выпускаецца значная частка рэдкалегіі — Марына Карней, Вікторыя Койпіш, Наста Кулак, Ніна Літвінка. Ягор Левачоў зьязджае ў стажыроўку ў Францыю (Бардо). Нагляд за весьнікам бярэ на сябе Ніна Літвінка і прызначаецца рэдактаркай. Што і выклікае спрэчкі ў рэдкалегіі. У 2015 годзе адміністрацыя ўнівэрсытэту не дазволіла друкаваць артыкул пра рух "Студэнты супраць", таму 38 нумар весьніка выйшаў з белай плямай.
Весьнік выходзіў накладам у 120 асобнікаў з пэрыядычнасьцю 4 нумары на год. Артыкулы ахоплівалі шырокі спэктар тэматык, цікавыя студэнтамі і выкладчыкамі. «Экватар» выклікаў цікавасьць таксама ў актывістаў і пэрсаналу іншых факультэтаў БДУ.
З лістапада 2022 выдаецца ў фармаце Тэлеграм-каналю - "Экватар | Больш, чым геаграфія"
Вядомыя выпускнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навукоўцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Валерый Аношка — глебазнаўца, сябар НАН Рэспублікі Беларусь.
- Валянцін Лукашоў — геахімік, чалец-карэспандэнт, доктар геоляга-мінэралягічных навук, прафэсар[1].
- Браніслава Манак — навуковец-географ у галіне дэмаграфіі.
- Іван Пірожнік — дэкан геаграфічнага факультэта БДУ, навуковец у сфэры эканамічнай геаграфіі.
- Георгій Рылюк (1963) — прафэсар, навуковец у галіне тапанімікі і фізычнай геаграфіі[2].
- Іван Трухан (асьпірантура) — навуковец у сфэры эканамічнай геаграфіі. Дэкан геафака БДУ, рэктар БДЭУ.
- Вольга Якушка — навуковец-географ у галіне возеразнаўства.
- Мікалай Чартко (1957) — геахімік, глебазнаўца.
- Аляксей Гайдашоў — навуковец-палярнік, тройчы быў у экспэдыцыі ў Антарктыдзе[3][4].
- Леанід Турышаў — навуковец-палярнік.
Іншыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Георгі Калдун — сьпявак ды тэлевядучы.[5]
- Канстанцін Драпеза — музыка, удзельнік дуэта «Аляксандра і Канстанцін».
- Уладзімер Кіслы (1979) — мастак-рэстаўратар, адзін з тых, хто адшукалі крыпту караля Станіслава Аўгуста ў в. Воўчын.[6]
- Арцём Махакееў — аўтар і вядучы праграмы «Дабравест» на тэлеканале «Лад».[7]
- Мікалай Мірны — бацька тэнісіста Максіма Мірнага.
- Андрэй Місюра (Сяргей Малышаў, Амін аль-Ансары) — затрыманы ў сьнежні 2006 году ў Гішпаніі па падазрэньні ў сувязі з тэрарыстычнай арганізацыяй Аль-Каіда.[8]
- Ігар Пазьняк — тэлевядучы СТВ (праграмы «Неделя», «24 часа»).[9]
- Павал Севярынец (2000) — заснавальнік і шматгадовы лідэр «Маладога Фронту».
- Вячаслаў Сіўчык (1984) — палітык, сябар Партыі БНФ.
- Барыс Тасман — журналіст, працаваў у газэтах «Свабода» (1997), «БДГ» (1999—2002), «Белорусская газета» (2002), прэс-аташэ Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА), працуе ў газэце «Прэсбол».[10]
- Віктар Таўкач — сябар каманды КВН БДУ, чэмпіён вышэйшай лігі КВН.
- Юры Шуканаў — гулец зборнай Беларусі па футболе.
- Сяргей Канановіч (1995) — гітарыст праектаў «Крамбамбуля» і Zet, бас-гітарыст гурта Pomidor/OFF.
- Хамза Гальлямаў (1978) — старшыня Рэгіянальнага духоўнага ўпраленьня мусульман Рэспублікі Башкартастан, муфцій, кіраўнік мячэту «Хамза-Хаджы» ў г. Уфа
- Ніка Сандрас — мастачка[11]
Зь літаратуры:
- На завочным аддзяленьні геафаку вучыўся (але быў выгнаны за двойкі і пропускі) Бабнік — герой кнігі Адама Глёбуса «Дамавікамерон найноўшы»:[12]
Бабнік прыпёрся ў Менск да брата-жывапісца. …Яго вабіла мастацкая эліта, асабліва жаночая палова. Бабнік соваўся па майстэрнях, весяліўся, …і з дапамогаю брата паступіў ва ўнівэрсытэт, на завочны геафак. | ||
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Жыцьцё, адданае навуцы: Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў
- ^ [1]
- ^ http://belta.by/7days_plus.nsf/All/6C1EC29D2015A81E42257457004E5172?OpenDocument(недаступная спасылка)
- ^ http://old.nv-online.info/index.php?c=ar&i=1031(недаступная спасылка)
- ^ Георгій Калдун. Аўтабіяграфія(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Уладзімір Кіслы — лекар сакральнага мастацтва
- ^ Асобы канала. Арцём Махакееў
- ^ Белорус работал на Аль-Каиду? // TUT.BY, 21 сьнежня 2005 г. (рас.)
- ^ Твары СТВ. Ігар Пазьняк (рас.)
- ^ Борис Тасман: в роли телеграфного столба // «Прессбол», 19 чэрвеня 2007 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20120629014138/http://ng.by/ru/issues?art_id=50958
- ^ Дамавікамерон найноўшы — Адам Глёбус, навэлі з кнігі
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сайт геаграфічнага факультэту
- БДГ: «Геофак БГУ открывается после реставрации»(недаступная спасылка)
|
|