Віктар Карамазаў
Віктар Карамазаў | |
Віктар Філімонавіч Карамазаў | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 27 чэрвеня 1934 (89 гадоў) Чэрыкаў |
Памёр | 16 жніўня 2023 (89 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | літаратар |
Гады творчасьці | 1958 — дасюль |
Кірунак | проза |
Мова | беларуская |
Прэміі | Дзяржаўная прэмія БССР імя К. Каліноўскага |
Узнагароды | |
http://karamazov.by/by/ |
Вíктар Філімонавіч Карамáзаў (27 чэрвеня 1934, Чэрыкаў, Магілёўская вобласьць, БССР — 16 жніўня 2023) — беларускі пісьменьнік.
Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Скончыў аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газэты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газэты «Шлях сацыялізма», загадваў адзелам у міжраённай газэце «Новае жыцьцё» (Крычаў). У 1962—1963 г. — уласны карэспандэнт абласной газэты «Магілёўская праўда». З 1964 працаваў у газэце «Звязда» — літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзелу навукі, ВНУ і школ, а пасьля загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва. У 1969—1971 г. быў літсупрацоўнікам, пасьля загадчыкам аддзелу культуры газэты «Літаратура і Мастацтва», загадчыкам аддзелу мастацкіх фільмаў Галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм», сябрам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачаньня. З сакавіка 1982 — загадчык аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя». У 1982—1986 г. — кансультант СП БССР. Сябар СП СССР з 1969.
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першае апавяданьне надрукаваў у 1958 (альманах «Советская Отчизна»). Першы зборнік апавяданьняў «Падранак» (1968). У зборніках «Па талым сьнезе» (1973), «Сьпіраль» (1974) сьцьвярджае дабрыню, духоўную годнасьць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1979, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Лімінскай пушчы на Чэрыкаўшчыне мастацкімі сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесьць «Дзень Барыса і Глеба» (1981) пра сучасную вёску. Падзеям Вялікай Айчыннай вайны прысьвечаны раман «Бежанцы» (часопіс «Полымя», 1990). Аповесьць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В. Бялыніцкага-Бірулю. У аповесьці «Краса белага шляху» (1992) тэма Чарнобыльскай трагедыі.
Аўтар нарысаў (зборнік «Вясёлка сярод зімы», 1978), кнігі публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе…» (1989).
Аўтар сцэнару мастацкага тэлевізійнага фільму «Зялёныя фрэгаты» (пастаўлены ў 1974) і шэрагу дакумэнтальных кінастужак.
Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя К. Каліноўскага (1990) за кнігу «Проста ўспомніў я цябе…».
- ордэн «Знак Пашаны».
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларускія пісьменьнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994.
- Траяноўскі А. Карамазаў // БЭ ў 18 т. Т. 8. — Мн., 1999.