Гістарычны факультэт БДУ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Будынак гістарычнага факультэту БДУ (Менск, вуліца Чырвонаармейская, 6)

Гістарычны факультэт БДУ — буйны вучэбна-навуковы цэнтар падрыхтоўкі гісторыкаў, археолягаў, архівазнаўцаў і спэцыялістаў музэйнай справы. Заснаваны ў 1934 годзе. На факультэце 9 катэдраў. Сёньняшні дэкан — доктар гістарычных навук Аляксандар Каханоўскі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычны факультэт БДУ заснаваны ў 1934 годзе[1]. Фактычна арганізаваў гістарычны факультэт першы рэктар БДУ Ўладзімер Пічэта, які сам быў гісторыкам. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця гістарычнага факультэту штат выкладчыкаў БДУ істотна складаўся з гісторыкаў (Мікалай Нікольскі, Дзьмітры Канчалоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Васіль Дружчыц, Мітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя). Першым дэканам гістарычнага факультэту быў прызначаны акадэмік АН БССР Васіль Шчарбакоў, які прабыў дэканам два гады. У 1936 ён быў звольнены, а ў 1938 годзе рэпрэсаваны. Другім дэканам факультэту стаў філёзаф Іван Чымбург, які пазьней стаў рэктарам БДУ. У 1937 годзе адчыненая асьпірантура ды дактарантура па гісторыі. Ад 1937 да 1941 году дэканам быў Аляксей П’янкоў.

Падчас вайны факультэт аднавіў сваю працу ў эвакуацыі на станцыі Сходня (Маскоўская вобласьць). Часова абавязкі дэкана выконваў У. І. Шаўчэнка.

Ад 1944 да 1947 г. дэканам быў Лука Шашкоў, ад 1947 да 1953 г. — Фёдар Нячай, ад 1953 да 1955 г. — Аляксей Сідарэнка. На працягу амаль дваццаці гадоў (1955—1973 гг.) дэканам гістарычнага факультэту быў Пётар Савачкін, потым працяглы час Іраіда Царук. Факультэт прапаноўваў навучаньне па трох формах — дзённай, вячэрняй і завочнай. Падчас перабудовы і заняпаду СССР дэканам гістарычнага факультэту быў Э. Загарульскі. У гэты час на факультэце заснаванае аддзяленьне гісторыі КПСС, на якім навучаліся студэнты з розных краінаў СССР.

Ад 1992 году на факультэце пачалася падрыхтоўка студэнтаў па спэцыяльнасьцях «Гісторыка-архівазнаўства», «Музэязнаўства і ахова помнікаў гісторыі і культуры», «Міжнародныя стасункі»[2]. У 1995 годзе на базе аддзяленьня міжнародных стасункаў быў утвораны факультэт міжнародных стасункаў.

Катэдры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 2001 году на катэдры працуюць 9 катэдраў[3]

  1. Катэдра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў
  2. Катэдра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу
  3. Катэдра гісторыі старажытнага сьвету і сярэдніх вякоў
  4. Катэдра гісторыі новага і найноўшага часу
  5. Катэдра гісторыі Расеі
  6. Катэдра гісторыі паўднёвых і заходніх славян
  7. Катэдра крыніцазнаўства
  8. Катэдра археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплінаў
  9. Катэдра этналёгіі, музэязнаўства і гісторыі мастацтваў

Вучэбныя лябараторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Вучэбная лябараторыя музэйнай справы
  2. Вучэбная лябараторыя беларускай нацыянальнай культуры
  3. Вучэбная лябараторыя тэхнічных сродкаў навучаньня
  4. Вучэбная лябараторыя інфарматыкі

Таксама дзейнічае кабінэт гістарычных навук.

Вядомыя выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гістарычны факультэт Аб падраздзяленні — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
  2. ^ О факультете — Официальный сайт исторического факультета Белорусского государственного университета (рас.)
  3. ^ Кафедры — Официальный сайт исторического факультета Белорусского государственного университета (рас.)