Перайсьці да зьместу

Мікалай Радзівіл «Руды»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікалай Радзівіл
лац. Mikałaj Radzivił
Партрэт Мікалая Радзівіла «Рудога», XVII ст.
Партрэт Мікалая Радзівіла «Рудога», XVII ст.

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1512(1512)
Нясьвіж
Памёр 27 красавіка 1584
Вільня
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Юры Радзівіл
Барбара з Колаў
Жонка Кацярына з Івінскіх
Дзеці Мікалай, Крыштап
Дзейнасьць дыплямат, палітык

Мікалай Радзівіл (мянушка «Руды»; 1512, Нясьвіж — 27 красавіка 1584, Вільня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1544—1551), лоўчы вялікі літоўскі (1546—1554), ваявода троцкі (1550—1566) і віленскі (1566—1579), гетман (1553—1566 і з 1577) і канцлер вялікі літоўскі (1566—1579).

Па сьмерці бацькі (1541) атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы, Жупраны, Дубінкі і дзясяткі іншых маёнткаў. За заслугі перад радзімай быў узнагароджаны местамі Барысавам, Лідай, Мазыром, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках (1574).

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Юрыя «Геркулеса», гетмана вялікага літоўскага, і Барбары з Колаў. Меў сястру Барбару і стрыечнага брата Мікалая «Чорнага».

Атрымаў хатнюю адукацыю, ведаў беларускую[1], польскую і лацінскую мовы.

М. Радзівіл. Фрагмэнт карціны Яна Матэйкі «Люблінская унія», 1869 г.

Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1534—1537 гады), у тым ліку ў аблозе Старадуба (1535 год).

Значна павялічыў свой уплыў у дзяржаве ў выніку шлюбу сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам (1547 год). У 1549 годзе атрымаў правы вялікакняскага намесьніка з рэзыдэнцыяй у Вільні. Дзеяў разам з стрыечным братам Мікалаем «Чорным».

З 1561 году браў удзел у Інфлянцкай вайне. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў пераможнай бітве на рацэ Уле (1564 год).

Быў супраціўнікам Люблінскай уніі і прыхільнікам захаваньня самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага ў складзе саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Даводзіў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат рэгіёнаў дэкрэтамі. Пасьля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі». Ад’язджаючы з Кракава пасьля таго, як скончыліся перамовы, з болем і горыччу сказаў: «Нават вораг падчас перамір’я не парушае ўласнасьці, а нас, жывучых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасьці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!»[2]. У далейшым на Люблінскі сойм не паехаў і не падпісаў акту ўніі[1].

У часе кампаніі Стэфана Баторыя падтрымаў новага гаспадара. Узяў Вэндэн і Вялікія Лукі, браў удзел у аблозе Пскова.

Адным зь першых сярод уплывовых магнатаў прыняў кальвінізм, істотна паўплываў на пашырэньне і прапаганду рэфармацыйных ідэяў. Заснаваў найвышэйшую школу для кальвінісцкай моладзі. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячоў прысьвяцілі яму свае творы. Нават пісьменьнікі-каталікі славілі яго за перамогу пад Вулай.

У шлюбе з Кацярынай Івінскай меў сыноў Мікалая і Крыштапа.

Памёр у Вільні ў 1584 годзе. Спачыў у Дубінках у кальвінскім зборы.

  1. ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 493.
  2. ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. [1]