Ян Радзівіл «Барадаты»
Ян Радзівіл «Барадаты» | |
Герб Трубы | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1474 |
Памёр | не раней за 24 сакавіка 1522 і не пазьней за 5 ліпеня 1522[1] |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Радзівіл «Стары» Соф’я з Манівідаў |
Жонка | Альжбета з Гаштольдаў Ганна з Кішкаў Багдана з Лукомскіх |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ян, Ганна ад 3-га шлюбу: Соф'я |
Дзейнасьць | палітык |
Ян Радзівіл (мянушка «Барадаты»; каля 1474 — 1522) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак гаспадарскі (1499—1514) і земскі (1514—1522), кашталян троцкі (1522). Заснавальнік алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў.
Валодаў Нягневічамі і Лахвай на Наваградчыне, Зьдзітавам на Слонімшчыне, Уздой на Меншчыне, Алыкай на Валыні, а таксама маёнткамі на тэрыторыі сучаснай Летувы. Быў старостам вількійскім (1495—1501) і слонімскім (з 1505).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Радзівілаў гербу Трубы, сын Мікалая «Старога», ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага, і Соф’і з Манівідаў. Меў братоў Мікалая, князя Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзях і Мядзелах[2], ваяводу віленскага і канцлера вялікага літоўскага, Войцеха, біскупа віленскага, Юрыя, гетмана вялікага літоўскага, і сястру Ганну, жонку Конрада III Рудога, апошнюю ўдзельную мазавецкую княгіню[2].
Юнаком трапіў у Кракаў на выхаваньне, якое атрымліваў пры каралеўскім двары. Набліжаны да вялікага князя Аляксандра, спрыяў ягонаму абраньню ў 1501 годзе каралём польскім, падпісаў акт Мельніцкай уніі (1501 год). Пазьней падтрымліваў палітыку Аляксандра, скіраваную на скасаваньне мельніцкіх дамоўленасьцяў.
У 1505 годзе атрымаў ад вялікага князя Слонімскае староства, пачаў будаваць замак у Слоніме.
Браў удзел у Клецкай бітве 1506 году, а таксама ў бітве пад Вішняўцом 1512 году[3].
Ачольваў пасольства ў Маскву ў 1507 і 1508 гадох. Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1512—1522).
У 1499 годзе атрымаў урад маршалка гаспадарскага, у 1514 годзе — маршалка земскага. У 1522 годзе стаў кашталянам троцкім.
Першы раз ажаніўся ў 1492 годзе з Альжбетай (пам. 1502), дачкой ваяводы троцкага і маршалка земскага Марціна Гаштольда[4]. Меў зь ёй 2 дачок і 3 сыноў[5], якія аднак памерлі ў раньнім веку. Другі раз ажаніўся з Ганнай, дачкой маршалка вялікага літоўскага Станіслава Кішкі. У гэтым шлюбе меў 2 сыноў і дачку. Трэці раз пабраўся шлюбам з Багданай Лукомскай, зь якой меў дачку. У другім і трэцім шлюбах нарадзіліся дзеці:
- Мікалай «Чорны» (1515—1565), канцлер вялікі літоўскі і ваявода віленскі
- Ян (1516—1551), крайчы вялікі літоўскі
- Ганна (пам. 1554), жонка Мікалая Кезгайлы і Станіслава Кішкі
- Соф’я (пам. 1541), жонка Шчаснага Ільлініча
У 1522 годзе прадчуваючы блізкую сьмерць, пакінуў тэстамэнт, у якім прасіў вялікага князя Жыгімонта Старога ўзяць апеку над ягонай сям’ёй. Існуе меркаваньне, што яго атруцілі[3].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, 1646—53 гг.
-
Невядомы мастак, каля 1709 г.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт невядомага мастака XVII ст. зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Urzędnicy podlascy XIV―XVIII wieku: spisy / пад рэд. E. Dubas-Urwanowicz — Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. — С. 91. — 199 с. — ISBN 83-85213-16-3
- ^ а б Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста / Пераклад з: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. — W-wa, 1985 // «Спадчына» № 5, 1994. — Эл. рэсурс www.pawet.net Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. [1]
- ^ Pietkiewicz K. Radziwiłł Jan h. Trąby (ok. 1474—1522) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — Tom XXX/1, zeszyt 124. S. 192.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 500.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Менск: «Беларусь», 2007. — 240 с.: іл. ІSBN 978-985-01-0740-4.