Перайсьці да зьместу

Тарас Шаўчэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шаўчэнка.
Тарас Шаўчэнка
укр. Тарас Григорович Шевченко
Аўтапартрэт, 1840 г.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка
Псэўданімы Кабза́р
Нарадзіўся 9 сакавіка 1814(1814-03-09)[1][2][3][…]
Памёр 10 сакавіка 1861(1861-03-10)[2][1][3][…] (47 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Рыгор Шаўчэнка[d]
Кацярына Бойка[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці маляр, паэт, антраполяг, артыст, пісьменьнік, драматург, этнограф, празаік, філёзаф
Гады творчасьці 1836—1856
Мова расейская мова, царкоўнаславянская мова, украінская мова[8] і паўднёва-ўсходняя гаворка ўкраінскай мовы[d]
Значныя творы Баляда «Сурочаная» (1837), паэма «Наймічка» (1845), аповесьць «Княгіня» (1847)
Подпіс
Творы на сайце Knihi.com

Тара́с Шаўчэ́нка (па-ўкраінску: Тарас Григорович Шевченко; стар. ст. 9 сакавіка 1814 — 10 сакавіка 1861) — украінскі мастак, літаратар.

Аб’яднаўшы ў сваіх паэтычных творах жывую размоўную мову са сродкамі кніжнае мовы, Шаўчэнка ўзьнёс украінскую літаратурную мову на новы, якасна болей высокі ўзровень. Шырока карыстаючыся лексыкаю розных галінаў навукі й мастацтва, Шаўчэнка фактычна заклаў падмурак тэрміналягізацыі ўкраінскае лексыкі.

Нарадзіўся 9 сакавіка 1814 году ў сяле Морынцы, у сям’і прыгонных сялянаў. Бацька — Рыгор Шаўчэнка, маці — Кацярына Бойка (Шаўчэнка). Калі Тарасу быў адзін год, сям’я пераехала ў Кырылаўку, цяпэр сяло Шаўчэнкава Чаркаскай вобласьці. Жыў у Вільні й Пецярбурзе. Перапахаваны ва Ўкраіне згодна з уласным запаветам (гл. верш «Запавет»).

Карціна Тараса Шаўчэнкі «Кацярына» (алей, 1842)

Пісаць пачаў каля 1836-37. Выдаў зборнік «Кабзар» (1840). Творы Тараса Шаўчэнкі прасякнутыя любоўю да радзімы, напісаныя народнай мовай, вызначаюцца блізкасьцю да фальклёру, разнастайнасьцю рытмаў, мэлядычнасьцю. У раньняй творчасьці (вершы, баляды, паэмы «Кацярына», 1838, «Гайдамакі», 1841; драма «Назар Стадоля», 1843) спалучэньне рамантызму з рэалістычнымі тэндэнцыямі. У паэме «Наймічка» (1845) стварыў яркі драматычны вобраз жанчыны-маці. У паэмах «Сон» (1844), «Каўказ», «Ератык» (абедзьве 1845), «Нэафіты» (1857), цыклах «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэзіі пэрыяду ссылкі, аповесьцях «Княгіня» (1853) і «Музыка» (1855) рэвалюцыйныя і антыпрыгоньніцкія матывы. Аўтар паэмаў «Сьляпая» (1842), «Князёўна» (1847), «Марына» (1848), «Юродзівы» (1857), «Марыя» (1859), баляды «Сурочаная» (1837), трыпціха «Доля», «Муза», «Слава» (1858), аповесьцяў «Варнак» (1845), «Няшчасны», «Капітанша», «Блізьняты» (усе 1855), «Мастак» (1856), «Прагулка з задавальненьнем і не без маралі» (1856—1958). Многія вершы сталі народнымі песьнямі.

Скульптура пісьменьніка ў Луганскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі (скульптар Мікалай Шмацько)

Тарас Шаўчэнка — заснавальнік рэалістычнага кірунку ва ўкраінскім выяўленчым мастацтве. Майстар партрэта, гістарычных і жанравых кампазыцыяў, ілюстрацыяў, натурных замалёвак, афортаў («Аўтапартрэт», 1840-41; «Кацярына», 1842; сэрыя афортаў «Жывапісная Ўкраіна», выд. 1844). За працы ў галіне гравюры атрымаў званьне акадэміка (1860). Яго мастацкая спадчына прасякнута народнасьцю, сацыяльнай накіраванасьцю, гуманістычным патасам.

У сваёй творчасьці выразіў думкі і настроі, якія былі важнымі ў жыцьці ўкраінцаў у той час. Яго творчасьць знайшла водгук у сэрцах людзей, аб чым сьведчыць тое, што ў другой палове XIX і на пачатку XX ст. ці не адзінаю кніжкаю ў большасьці вясковых хат Украіны быў «Кабзар», вершы зь яго вучылі напамяць, па яму вучыліся чытаць. У той час творы Шаўчэнкі аб’ядналі ўкраінскі народ, асабліва жыхароў Левабярэжнай Украіны.

«Запаведзь» (па-ўкраінску: «Заповіт»), адзін з самых вядомых вершаў, беларускай моваю (пераклад Янкі Купалы):

ЗАПАВЕДЗЬ
Як памру я, пахавайце
На Ўкрайне мілай,
Сярод стэпу на кургане,
Дзе продкаў магіла:
Каб нязьмеранае поле,
Дняпро і абрывы
Было відна,— было чутна,
Як раве бурлівы!
Як пагоняць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожжу… Во тады я
І нівы і горы —
Ўсё пакіну й да самога
Бога палунаю
Маліцеся… А да тых пор —
Бога я ня знаю!
Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
І варожай злой крывёю
Волю акрапіце!
І мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і новай, вольнай,
Не забудзьце памянуці
Добрым ціхім словам.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тарас Шаўчэнка на купюры наміналам 100 украінскіх грыўняў
50 рублёў ПМР з выявай Тараса Шаўчэнкі

Імем Тараса Шаўчэнкі назван шэраг геаграфічных аб’ектаў (населеных пунктаў, вуліцаў), навучальных установаў і іншых арганізацыяў Украіны.

Імя Тараса Шаўчэнкі маюць вышэйшыя навучальныя ўстановы — Кіеўскі і Луганскі нацыянальныя ўнівэрсытэты, Чарнігаўскі пэдагагічны ўнівэрсытэт, Крамянецкі абласны гуманітарна-пэдагагічны інстытут і галоўны ўнівэрсытэт Прыднястроўя; тэатры — Нацыянальная опэра Ўкраіны, Тэрнопальскі, Валынскі й Харкаўскі драматычныя тэатры, Днепрапятроўскі ўкраінскі музычны драматычны тэатар, Крывароскі тэатар драмы і музычнай камэдыі, Чаркаскі і Чарнігаўскі музычна-драматычныя тэатры, а таксама шматлікія кінатэатры, пік Шаўчэнкі, горад Форт-Шаўчэнка, з 1964 па 1991 гады горад Актаў называўся Шаўчэнка.

Помнікі Тарасу Шаўчэнку ўсталяваныя ва ўсіх абласных цэнтрах Украіны, многіх гарадах і вёсках краіны, а таксама ў шматлікіх сталіцах і гарадах за мяжой. Увогуле, ва Ўкраіне і сьвеце больш за 1000 помнікаў паэту. Гэта найбольшая колькасьць манумэнтаў, ўсталяваных адной асобе, калі не ўлічваць правадыроў таталітарнага рэжыму і невядомых жаўнераў. Адным зь лепшых лічыцца помнік у Харкаве, вялікія помнікі Кабзару ўсталяваныя таксама ў Кіеве, Дніпры, Данецку, Львове і іншых гарадах. У Беларусі помнікі Тарасу Шаўчэнку ўсталяваныя ў Берасьці, Гомелі, Менску, Магілёве, Слуцку.

Вуліцы імя Тараса Шаўчэнкі існуюць амаль у кожным населеным пункце Ўкраіны. У Беларусі вуліцы Тараса Шаўчэнкі ёсьць у Баранавічах, Берасьці, Бабруйску, Браславе, Воршы, Гомелі, Гародні, Лідзе, Пружанах, Століне, у Берасьці і Менску ёсьць бульвары Тараса Шаўчэнкі.

Партрэт Тараса Шаўчэнкі адлюстраваны на банкноце Нацыянальнага банку Ўкраіны наміналам 100 грыўняў і на залатой памятнай манэце наміналам 200 грыўняў.

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Наймічка. Мн., 1940.
  • Выбраныя вершы і паэмы. Мн., 1948.
  • Кабзар. 2-е выд. Мн., 1952.
  • Кацярына. Мн., 1964.
  • Вершы / Уклад.і камент. Э. М. Мартынавай; Паэмы. — Мн.: Мастац. літ., 1989. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Кабзар: Выбранае / Тарас Шаўчэнка; Пер. з укр. Т.Мельчанкі — Гомель: Полеспечать, 2004.

У 2014 годзе да 200-годзьдзя народзінаў Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі выйшла кніга перакладаў яго твораў «Мастак». Беларускі пераклад ажыцьцявіў Валер Стралко[9].

  1. ^ а б Taras Hryhorovych Shevchenko // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б інтэрнэт-энцыкляпэдыя
  3. ^ а б Taras Hryhorowytsch (Grigorjewitsch) Schewtschenko // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б Шевченко Тарас Григорьевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ Historic Oakville statue stolen (анг.) // Toronto StarCanada: 2007. — ISSN 0319-0781
  6. ^ Ukraine’s regions
  7. ^ encyclopedia.com (анг.)HighBeam Research.
  8. ^ Ševčenko, Taras Grigorʹevič // CONOR.SI
  9. ^ Ларыса Цімошык. Па-мастакоўску: чытаньне з разуменьнем // Жырандоля. — 29 сакавіка 2014. — № 8 (225).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]