Перайсьці да зьместу

Георгі Кандрацьеў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Георгі Кандрацьеў
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 7 студзеня 1960(1960-01-07)[1][2] (66 гадоў)
Рост 177 см
Вага 76 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1978—1979 Віцебск 82 (22)
1980—1988 Дынама Менск 211 (66)
1981 → Дынама Берасьце 12 (6)
1989—1990 Чарнаморац Адэса 52 (20)
1991 Лякаматыў Масква 22 (7)
1991—1992 Санкт-Пёльтэн 12 (3)
1992 Маладэчна-2018 19 (4)
1992—1993 Тэмп Шапятоўка[d] 28 (15)
1993 Вісмут Гера[d] 5 (2)
1998 Славія Мазыр 11 (2)
Зборныя
1984—1986 СССР 14 (4)
Трэнэрскія клюбы
2003—2004 Віцебск
2005—2008 Смаргонь
2009—2011 Беларусь (да 21)
2016—2017 Менск
2018 Белшына

Гео́ргі Пятро́віч Кандра́цьеў (лац. Hieorhi Piatrovič Kandracjeŭ; нар. 7 студзеня 1960 году) — беларускі футбаліст і трэнэр. У 2011—2014 гадах — галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі. Заслужаны трэнэр Беларусі (2012). Уваходзіць у Клюб беларускіх бамбардзіраў для футбалістаў, якія забілі 100 і болей галоў на найвышэйшым узроўні[3]. Найлепшы трэнэр Беларусі 2011 году.

У дзяцінстве займаўся многімі відамі спорту адразу, у тым ліку браў удзел у раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Паступіўшы ў Віцебскі тэхнікум фізычнай культуры, пачаў сур’ёзна займацца футболам. У гэты ж час быў залічаны ў групу падрыхтоўкі віцебскай «Дзьвіны», а празь некаторы час пачаў выступаць у гэтай камандзе за асноўны склад у Другой лізе СССР. За два сэзоны ў камандзе выявіў талент бамбардзіра, у кожным з двух сэзонаў у 1978 і 1979 гадах забіваючы па 11 мячоў.

У 1980 годзе быў запрошаны ў «Дынама» (Менск). Паколькі ў камандзе быў дэфіцыт форвардаў, амаль адразу замацаваўся ў асноўным складзе. У першым сэзоне згуляў 11 гульняў. Ужо наступны сэзон быў няўдалым, таму большую частку Кандрацьеў гуляў у дублі. Больш за тое, два месяцы ў 1981 гуляў за «Дынама» (Берасьце), адначасова зьяўляючыся яшчэ і вайскоцам. У канцы году ўсё ж такі вернуўся ў Менск. Пасьля гэтага Кандрацьеў ужо стала замацаваўся як асноўны гулец менчукоў. Быў капітанам каманды адзін сэзон. У сэзоне 1988 году ўжо па вяртаньні ў Менск Эдуарда Малафеева ў якасьці галоўнага трэнэра, гуляў нестабільна, правёўшы ўсяго толькі адзін гол. У выніку Малафееў адлічыў Кандрацьева з «Дынама».

У 1989 годзе нападнік пераехаў у Адэсу, дзе згуляў некалькі сэзонаў за «Чарнаморац». У 1991 годзе, разьлічваючы на дапамогу ў замежным працаўладкаваньні, пераехаў гуляць у Маскву за «Лякаматыў». У другой палове 1991 году тры месяцы бараніў колеры аўстрыйскага «Санкт-Пёльтэну», у якога бракавала асноўнага форварда праз траўму. Па вяртаньні да шыхтаў нападніка, Кандрацьеў зьехаў дадому.

У 1992 годзе гуляў за маладэчанскі «Мэталюрг», а ў стартавым матчы чэмпіянату Беларусі 1992—1993 гадоў ударыў судзьдзю і атрымаў дыскваліфікацыю на 15 гульняў. У 1993 годзе пераехаў ва Ўкраіну, дзе разам з экс-дынамаўцам Сяргеем Гоманавым выступаў за «Тэмп» (Шапятоўка). У 1993 годзе гуляў у обэрлізе за «Вісмут». Пасьля пяці гульняў, зьехаў дадому рабіць візу, але аформіць яе ў тэрмін не пасьпеў. У клюбе адмовіліся плаціць футбалісту заробак за спазьненьне і Кандрацьеў зноў вярнуўся дадому. У 1994—1997 гадах гуляў у Фінляндыі разам зь Юрыем Жалудковым і Валерам Алейнікам. У 1998 годзе завяршыў гульнёвую кар’еру ў мазырскай «Славіі».

З 1984 году пачаў прыцягвацца да гульняў у складзе зборнай СССР. Згуляў за каманду 14 гульняў, у пяці зь іх выходзіў у стартавым складзе. Адзначыўся чатырма галамі. Кар’ера ў зборнай завяршылася адразу пасьля зьняцця з пасады галоўнага трэнэра зборнай Эдуарда Малафеева ўлетку 1986 году.

Праца трэнэрам

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 2003 годзе паступіў і скончыў ВШТ. 12 сьнежня 2010 году ў Маскве скончыў 240-гадзіннае навучаньне ў ВШТ на трэнэрскіх курсах і атрымаў ліцэнзію Pro.

Трэнерскую працу пачаў у 1998 годзе ў якасьці другога трэнэра мазырскай «Славіі», дзе скончыў гульнёвую кар’еру. У 2000—2002 гадах працаваў другім трэнэрам «Дынама» (Менск), прычым зь ліпеня па кастрычнік 2001 году выконваў абавязкі галоўнага трэнэра. Працаваў галоўным трэнэрам віцебскага «Лякаматыва» (2003—2004) і «Смаргоні» (2005—2008) — вывеў апошні клюб у Найвышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе. З 2009 году ачольваў моладзевую зборную Беларусі, зь якой стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату Эўропы (2011) і здабыў права на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2012 году. Са сьнежня 2011 году адначасова быў галоўным трэнэрам зборнай Беларусі па футболе.

На Алімпійскіх гульнях зборная пад кіраўніцтвам Кандрацьева заняла трэцяе месца ў групе, што не дазволіла ёй прабіцца ў чвэрцьфінал. Як галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай правёў увесь адборачны цыкль да чэмпіянату сьвету 2014 году, у якім Беларусь выступіла няўдала, заняўшы апошняе месца ў групе. На старце кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы 2016 году Беларусь у гасьцёх згуляла ўнічыю з зборнай Люксэмбургам (1:1), пасьля чаго ў хатніх матчах саступіла зборнай Украіне (0:2) і Славаччыны (1:3). На наступны дзень пасьля апошняй паразы, то бок 13 кастрычніка 2014 году, Кандрацьеў пакінуў пасаду галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай[4][5].

У сэзоне 2015 году заставаўся бяз працы, але ў лістападзе стала вядома, што Кандрацьеў стане новым галоўным трэнэрам футбольнага клюбу «Менск»[6]. У студзені 2016 году афіцыйна ачоліў сталічны клюб[7]. У сэзоне 2016 году прывёў каманду да чацьвертага месца ў чэмпіянаце. У сэзоне 2017 году «Менск» узяў курс на амаладжэньне, і Кандрацьеў пагадзіўся падоўжыць супрацоўніцтва зь мяшчанамі. У новым складзе, большасьць якога фармавалі маладыя ўласныя выхаванцы, каманда апынулася ў ніжняй частцы табліцы і скончыла сэзон на 14-м радку. Па заканчэньні чэмпіянату Кандрацьеў пакінуў каманду.

У студзені 2018 году ўзначаліў бабруйскую «Белшыну»[8], якую пакінуў у кастрычніку 2018 году[9]. У кастрычніку 2018 году, пасьля паразы ад мазырскай «Славіі» (0:2), якое фактычна пазбавіла бабруйскую каманду шанцаў на выхад у Найвышэйшую лігу, пакінуў пасаду галоўнага трэнэра[10]. У студзені 2019 году ўвайшоў у трэнэрскі штаб гарадзенскага «Нёману»[11]. У лютым 2019 года стаў таксама памочнікам Міхаіла Мархеля ў моладзевай зборнай Беларусі[12]. У сакавіку праз занятасьць Мархеля самастойна праводзіў збор моладзевай каманды[13]. У чэрвені 2019 году, з прызначэньнем Мархеля галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі, увайшоў у ягоны штаб[14], у сувязі з чым пакінуў «Нёман»[15].

У красавіку 2021 году, пасьля адстаўкі Мархеля, быў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра зборнай Беларусі[16], а ў ліпені таго ж году быў зацьверджаны на пасадзе[17]. Пад кіраўнітвам Кандрацьева зборная трывала шэсьць паразаў запар у адборы да чэмпіянату сьвету 2022 году, а ў 2022 годзе, пасьля шэрагу перамог у таварыскіх матчах, няўдала выступіла ў Лізе нацыяў УЭФА, заняўшы апошняе месца ў групе. Адбор да чэмпіянату Эўропы 2024 году пачаўся з трох паразаў, і толькі 19 чэрвеня 2023 году зборная нарэшце здабыла перамогу ў афіцыйным матчы, адолеўшы зборную Косава (2:1). 29 чэрвеня 2023 году кіраўніцтва АБФФ звольніла Кандрацьева з пасады галоўнага трэнэра[18].

  1. ↑ Georgi Kondratjev // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ↑ Georgi Kondratiev // FBref (анг.)
  3. ↑ Клуб бомбардиров. Незаконченный Роман (рас.)
  4. ↑ Руководство АБФФ приняло отставку Георгия Кондратьева
  5. ↑ Георгий Кондратьев покидает пост главного тренера сборной Беларуси (рас.)
  6. ↑ Георгий Кондратьев назначен главным тренером "Минска"
  7. ↑ Георгий Кондратьев официально возглавил "Минск"
  8. ↑ Георгий Кондратьев официально возглавил «Белшину» (рас.)
  9. ↑ Кондратьев покинул пост главного тренера «Белшины» (рас.)
  10. ↑ Кондратьев покинул пост главного тренера "Белшины"
  11. ↑ Георгий Кондратьев вошел в тренерский штаб «Немана» (рас.)
  12. ↑ Болтрушевич, Мирослав Хлебосолов и еще 17 футболистов вызваны для подготовки к матчу против Гибралтара
  13. ↑ Кондратьев из-за занятости Мархеля с U-17 проведет сбор молодежной сборной Беларуси
  14. ↑ Кондратьев, Юрий Мархель, Сулима и Ровнейко войдут в штаб Михаила Мархеля в сборной Беларуси
  15. ↑ Георгий Кондратьев покинул "Неман"
  16. ↑ Георгий Кондратьев назначен и.о. главного тренера сборной Беларуси
  17. ↑ Георгий Кондратьев утвержден в должности главного тренера сборной Беларуси
  18. ↑ Георгий Кондратьев покинул сборную Беларуси (рас.) Праверана 2023-07-19 г.