Крыштап Мікалай Дарагастайскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Крыштап Дарагастайскі»)
Крыштап Мікалай Дарагастайскі
К. М. Дарагастайскі. Гравюра І. Садэляра, 1605 год
К. М. Дарагастайскі. Гравюра І. Садэляра, 1605 год

Герб «Ляліва»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 сакавіка 1562
Памёр 3 жніўня 1615 (53 гады)
Род Дарагастайскія
Бацькі Мікалай Дарагастайскі
Ганна з Войнаў
Жонка Соф’я з Хадкевічаў
Соф’я з Радзівілаў
Аляксандра зь Верашчакаў
Дзеці ад Соф’і з Радзівілаў:
Дарота, Уладзіслаў
Дзейнасьць паэт

Крыштап Мікалай Дарагастайскі[1] (2 сакавіка 1562 — 3 жніўня 1615) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1588—1590), крайчы (1590—1592), падчашы (1592—1597) і маршалак вялікі літоўскі (з 1597 году)[2].

Доктар мэдыцыны. За баявыя заслугі атрымаў тытул барона Сьвятой Рымскай імпэрыі. Валодаў Дарагастаямі на Валыні, Мураванай Ашмянкай у Віленскім ваяводзтве. Трымаў Ваўкавыскае, Шарашоўскае, Вялёнскае, Мсьцібаўскае, Навамлынскае, Дынемундзкае староствы, арандатар ялаўскі і курылаўскі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З шляхецкага роду Дарагастайскіх гербу «Ляліва», сын Мікалая, ваяводы полацкага, і Ганны з Войнаў.

Выхоўваўся ў кальвінізьме. Атрымаў хатнюю адукацыю, потым навучаўся ў гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу і Фрыбурга-Брызгоўскай акадэміі, дзе атрымаў ступень докатара мэдыцыны.

Падарожнічаў па Эўропе, найбольш упадабаў Італію, зрабіўся ганаровым грамадзянінам Вэнэцыі. У Нідэрляндах удзельнічаў у ваенных дзеяньнях. Пасябраваў зь некаторымі слыннымі прадстаўнікамі палітычнай эліты эўрапейскіх краінаў. Дапамагаў прынцу Г. Аранскаму асабістым удзелам у вайсковых справах.

Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне (1558—1582) з Масковіяй. Па сьмерці караля і вялікага князя Стэфана Баторыя некаторы час уваходзіў у прамаскоўскую палітычную групоўку, 9 жніўня 1587 году ў мястэчку Акунёва пад Варшавай разам з сэнатарамі Вялікага Княства Літоўскага вёў перамовы з маскоўскімі амбасадарамі пра абраньне на сталец Рэчы Паспалітай маскоўскага цара Фёдара I Іванавіча і ўтварэньня уніі трох дзяржаваў: Вялікага Княства, Кароны і Масковіі. Падтрымліваў габсбурскую палітыку Жыгімонта Вазы, спрыяў ягонаму шлюбу з Ганнай Габсбург.

У вайне супраць Швэцыі (1600—1629) адыграў галоўную ролю ў перамогах пад Какенгаўзэнам (Кукенойс) і Дыямэнтам (1601). Кіраваў абаронай Рыгі (1601)[3].

На сойме 1605 году выступаў супраць падтрымкі Дзьмітрыя Самазванца I, аднак у 1609 годзе далучыўся да падрыхтоўкі маскоўскай выправы Жыгімонта Вазы. Перад генэральным штурмам Смаленску (1611) камандаваў часткай паўночнай аблогавай арміі, адзін зь першых уварваўся ў фартэцыю, быў паранены.

Соф’я з Радзівілаў

Бараніў інтарэсы шляхты Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку правы і свабоды пратэстантаў, патрабаваў выгнаньня езуітаў з каралеўскага двара. Як адзін з пратэктараў беларускай Рэфармацыі, К. М. Дарагастайскі шчодра фундаваў кальвінісцкія зборы на Віленшчыне і Валыні. У 1615 годзе ў маёнтку Мураваная Ашмянка фінансаваў выданьне «Цэнзуры…», палемічнага твору ў 6 частках мясцовага кальвінісцкага прапаведніка В. Салінарыюса, скіраванага супраць арыянаў.

Тройчы быў жанаты:

У 1614 годзе памерла 3-я жонка К. М. Дарагастайскага, сам ён накіраваўся на лячэньне ў Вэрону (Італія) і ў часе гэтай выправы памёр па дарозе ўва Уроцлаў у заезным двары «Пад Залатым Дрэвам» 3 ліпеня 1615 году.

Паводле тэстамэнту, цела К. М. Дарагастайскага пахавалі ў Мураванай Ашмянцы ў радавым склепе, а сэрца — ува ўроцлаўскім храме. Дасьледнікі мяркуюць, што радавы склеп знаходзіўся ў крыпце кальвінскага збору, які стаяў на месцы драўлянага касьцёла Панны Марыі, збудаванага ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў[4].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Гіпіка, альбо Кніга пра коней»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Гіпіка…» (1603)
Тытульны аркуш
Ілюстрацыя Т. Макоўскага да 3-й кнігі «Гіпікі»
Ілюстрацыя Т. Макоўскага
Са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы
Са збораў бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту, 1647 год

Найбольшую вядомасьць К. М. Дарагастайскаму прынесла «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» (Кракаў, 1603) — першы ў Рэчы Паспалітай дапаможнік па конегадоўлі і коннай язьдзе (неаднаразова перавыдаваўся).

«Гіпіку» ілюстравалі гравюры Т. Макоўскага, яна складалася з 4 кніжак (частак): 1-я распавядала пра міталягізаваную гісторыю коннай язды, конскія масьці і прыкметы, пра расплоджваньне коней, 2-я прысьвячалася пачатковай падрыхтоўцы баявых, рыцарскіх коней, а таксама зьмяшчала апісаньне стайні і патрабаваньні да слугаў, у 3-й паказваліся ўзоры муштукоўі цугляў, 4-я — вэтэрынарны лячэбнік.

К. М. Дарагастайскі выкарыстаў працы антычных аўтараў і сваіх сучасьнікаў, а таксама багаты ўласны досьвед, упрыгожыў тэкст цытатамі з рымскіх паэтаў Вэргіліюса і Марцэля.

У перакладзе на беларускую мову «Гіпіка» выйшла ў 2007 годзе. Аўтар перакладу са старапольскай мовы — Сьвятлана Ішчанка, рэдактар гістарычна-краязнаўчага аддзелу газэты «Культура». Пераклады архіўных дакумэнтаў выконваліся супольна з галоўным палеографам аддзелу старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Германам Брэгерам. У падрыхтоўцы кнігі да друку, складаньні камэнтароў удзельнічала вялікая творчая група: навукоўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, гісторыкі, мовазнаўцы і пісьменьнікі[5].

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апрача «Гіпікі», К. М. Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасьці засталіся ў рукапісах[6].

У Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх ува Ўроцлаве захоўваюцца рукапісныя юнацкія ўкладаньні К. М. Дарагастайскага на лацінскай, польскай і старажытнагрэцкай мовах, ягоныя асобныя дакумэнты. Лісты К. М. Дарагастайскага таксама захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, Галоўным архіве старажытных актаў, Бібліятэцы Польскай АН і інш.[7]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншыя варыянты імя: Хрыстафор, Крыштоф, Крыштаф
  2. ^ Святлана Ішчанка. Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) Крыштоф Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 711.
  3. ^ Андрэй Нарбут. Дарагастайскія // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 208.
  4. ^ Ірына Клімковіч. «Гіпіка», альбо Кніга для тых, хто рыцарскі дух мае і «любасць да коней прыроджаную, а не прымусовую» // «Маладосць» № 2 (651), люты 2008. С. 134.
  5. ^ Андрэй Каштанаў. У гонар Дарагастайскага і ягонай «Гіпікі» // «Культура» № 36 (802), 8—14 верасьня 2007.
  6. ^ Святлана Ішчанка. Жыццё і літаратурная творчасць Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага // Рэфармацыя і грамадства: XVІ стагоддзе / Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2005. С. 45—54.
  7. ^ Святлана Ішчанка. Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) Крыштоф Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 712.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Hippika o koniach (пол.). Polska Biblioteka Internetowa. Праверана 22 студзеня 2011 г.