Палацава-паркавы комплекс Булгакаў (Жылічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Сядзіба
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Сядзібны комплекс Булгакаў "Добасна" 2.jpg
Краіна Беларусь
Пасёлак Жылічы
Каардынаты 53°9′20.76″ пн. ш. 29°41′21.04″ у. д. / 53.1557667° пн. ш. 29.6891778° у. д. / 53.1557667; 29.6891778Каардынаты: 53°9′20.76″ пн. ш. 29°41′21.04″ у. д. / 53.1557667° пн. ш. 29.6891778° у. д. / 53.1557667; 29.6891778
Архітэктурны стыль клясыцызм
Аўтар праекту Клабукоўскі, Караль Падчашынскі
Заснавальнік Ігнат Булгак
Дата заснаваньня 1830-я
Будынкі:
палац • парк • гаспадарчыя пабудовы
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 511Г000459
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў
Commons-logo.svg Палацава-паркавы комплекс Булгакаў на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры позьняга клясыцызму ў пасёлку Жылічах Качэрыцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Заснаваны ў XVIII—XIX стагодзьдзях на беразе ракі Добасны. Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі міжнароднага значэньня[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Булгакаў на малюнку Напалеона Орды, XIX стагодзьдзе
Палац Булгакаў на малюнку Напалеона Орды, XIX стагодзьдзе
Палацава-паркавы комплекс у другой палове XIX стагодзьдзя

Палац збудаваны ў 1830-я рокі на замову бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798—1848)[2] паводле праекту архітэктара Караля Падчашынскага[1]. Будаваўся ў два прыёмы: спачатку быў узьведзены галоўны П-падобны корпус, а пазьней у 1864—1876 рр. да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканьнямі[2]. Такое архітэктурнае рашэньне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор[2]. Паводле некаторых зьвестак, заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 року[1].

Першымі работамі з 1825 року кіраваў навучэнец Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі[3].

У 1848 па сьмерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да ягонага малодшага сына Эдгара. Пры ім быў дабудаваны палац — зьявіліся два аднапавярховыя флянгі з царквой, аранжарэяй[2] і службовымі памяшканьнямі. Будаўніцтвам, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі[3][4].

Апошні ўласьнік маёнтку, пляменьнік Эдгара Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Па бальшавіцкага перавароту 1917 року тут разьмяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-х роках — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Вялікай Айчыннай вайны было разабрана паўднёвае крыло пабудовы, у якім знаходзілася аранжарэя[4]. Палац ператвораны ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых жаўнераў[5].

Пасьля Вялікай Айчыннай вайны ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасьля таго, як для яе быў пабудаваны непадалёк новы будынак, палац пачаў прыходзіць у занядбаньне. На першым паверсе заставалася бугальтэрыя з аддзелам кадраў[1]. У 1973 року архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі комплексу, які ў далейшым быў рэалізаваны[6].

Цяпер у будынку разьмешчаны краязнаўчы музэй і музычная школа, якія арганізавалі ў 1996 року[1].

Да нашага часу захаваліся палац, флігель, сьвіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, астатнія разбураліся[1].

У 2009 року пачалася рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу. Паводле пастановы Савету Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 року №437 ён уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаваньне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[7].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унутраны двор палацу ў часе рэканструкцыі
Унутраны двор палацу ў часе рэканструкцыі

Рэзыдэнцыя ўяўляла сабой даволі вялікі добра сплянаваны палацава-паркавы ансамбль. У ягоны склад акрамя палацу з паркам уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы[1].

Палац[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны фасад палацу ў пачатку XX стагодзьдзя

Палац уяўляў у пляне прастакутнік з калённым порцікам на галоўным фасадзе і прастакутным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасьцікалённым порцікам карынцкага ордару[2] з франтонам, дэкараваным ляпным гербам[3], і бэльведэрам над лесьвічнай кратай. Тарцы галоўнага корпусу аформленыя ідэнтычнымі чатырохкалённымі порцікамі. Па пэрымэтры будынку праходзіць разьвіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разэткамі[1].

Галоўны фасад бакавога корпусу прарэзаны арачнымі ваконнымі праёмамі і ўпрыгожаны калянадай. Цэнтар вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Пляніроўку палац мае зьмяшаную — калідорна-анфілядную[1][2].

Інтэр’ер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Столь
Пазалочаныя капітэлі і барэльефы з антычнымі сцэнамі
Інтэр’ер залі палаца ў пачатку XX стагодзьдзя

Распрацоўку ўнутраных памяшканьняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму[3]. Унутранае аздабленьне насычана[2] ляпнінай, дробнай скульптурнай плястыкай, росьпісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаныя ампірныя элемэнты: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі[1]. Прычым кожны з 100 пакояў[3] дэкараваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпусу вылучаецца прастакутная ў пляне парадная заля, падзеленая калёнамі на 3 часткі. Зала дэкараваная шырокім шматфігурным барэльефным фрызам зь сюжэтамі на тэмы паляваньня, бітвы, ахвярапрынашэньня. Калёны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны плястычны эфэкт стварае кесанаваная столь з багата арнамэнтаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй[1].

Тадэвуш Раствароўскі на замову гаспадароў сядзібы аздобіў пляфоны(ru) заляў палацу сцэнамі з антычнымі міталягічнымі сюжэтамі.

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт парку

Палац зьяўляецца цэнтрам кампазыцыі вялікага палацава-паркавага ансамблю, замкнёнага ў выцягнуты з усходу на захад[4] прастакутнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку складае 18 га[2], а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваньнямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае рака Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёну-купальні, альтанак, масткоў. Перад галоўным фасадам палацу парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненьне. Астатняя частка парку мае пэйзажны характар, які быў створаны ў 1830-я, з разнастайнасьцю насаджэньняў, у тым ліку і экзотаў, напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і інш[1][3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.. — Менск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
  • Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
  • Памяць: гісторыка-дакумент. хроніка Кіраўскага раёна. - Мн.: Выш. шк., 1997. - С. 108—115.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  511Г000459