Перайсьці да зьместу

Андрэй Раўкоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Андрэй Раўкоў
лац. Andrej Raŭkoŭ
2015 г.
2015 г.
Амбасадар Беларусі ў Азэрбайджане
19 лістапада 2020 — цяперашні час
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка
Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі
20 студзеня 2020 — 3 верасьня 2020
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар
Папярэднік Станіслаў Зась
Наступнік Валеры Вакульчык
8-ы міністар абароны Рэспублікі Беларусь
27 лістапада 2014 — 20 студзеня 2020
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар
Папярэднік Юры Жадобін
Наступнік Віктар Хрэнін
Камандавальнік войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня
16 лістапада 2012 — 27 лістапада 2014
Камандзір 103-й мабільнай брыгады
2005 — 2006
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся25 чэрвеня 1967 (57 гадоў)
вёска Равякі, Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Партыя
АдукацыяМаскоўская вышэйшая агульнавайсковая камандная вучэльня(ru) (1988), Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь (1999), Вайсковая акадэмія Генэральнага штабу Расеі(ru) (2005)
Дзеці дачка Юлія
Бацька Аляксей Раўкоў
Узнагароды
Ордэн За службу Радзіме 3 ступені
Ордэн За службу Радзіме 3 ступені
мэдаль «За бездакорную службу» 2-й ступені

Андрэ́й Аляксе́евіч Раўко́ў (1967, в. Равякі, Бешанковіцкі раён, цяпер Беларусь) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь. Генэрал-лейтэнант (2015).

У 1984 годзе скончыў Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню. У 1988 годзе скончыў з адзнакай і залатым мэдалём Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню(ru) (Расейская СФСР). З 1988 па 1997 гады прайшоў службовыя ступені ад камандзіра ўзводу да камандзіра батальёну ў Заслонаве (Лепельскі раён), дзе месьціцца 19-я гвардзейская асобная мэханізаваная брыгада[1]. У 1999 годзе скончыў з адзнакай і залатым мэдалём камандна-штабны факультэт Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 1999 па 2003 гады праходзіў вайсковую службу на пасадах начальніка штабу і камандзіра базы захоўваньня ўзбраеньня і тэхнікі. 26 траўня 2004 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 253 «Аб прысваеньні вайсковых і спэцыяльных званьняў», якім надаў Раўкову званьне палкоўніка. У 2005 годзе скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Расеі(ru)[2].

У 2005—2006 гадах быў камандзірам 103-й мабільнай брыгады(be) ў Віцебску. З 2006 году па 16 лістапада 2012 году займаў пасады начальніка апэратыўнага аддзелу і начальніка штабу Паўноўна-заходняга апэратыўнага камандаваньня(be) (ПЗАК) ў Барысаве (Менская вобласьць). 22 лютага 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 62 «Аб прысваеньні А. А. Раўкову вайсковага званьня» генэрал-маёр. Ад 16 лістапада 2012 году па 27 лістапада 2014 году — камандавальнік войскамі ПЗАК. У траўні 2014 году атрымаў ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені. У 2014 годзе стаў дэпутатам Менскага абласнога савету дэпутатаў ад Барысава ў выніку безальтэрнатыўных выбараў па 26-й Лядзішчанскай акрузе, дзе набраў 82% (9782) галасы[3].

27 лістапада 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ аб ягоным прызначэньні 8-м міністрам абароны Рэспублікі Беларусь. 7 траўня 2015 году атрымаў званьне генэрал-лейтэнанта[4].

22 лютага 2018 году міністар Раўкоў адзначыў за час свайго кіраўніцтва ведамствам набыцьцё беларускіх радыёлякацыйных станцыяў «Раса-РБ» і «Ўсход-Д» ды расейскіх «Праціўнік-Г», «Сопка» і «Падлёт» для пераабсталяваньня выведкі паветранага праціўніка і супрацьпаветранай абароны Беларусі. За гэты ж час у Расеі закупілі 4 дывізіёны «С-300» і зэнітна-ракетныя комплексы «Тор-М2» для зэнітна-ракетнага палка, а таксама мінамёты 2Б23 «Нона» для стварэньня 2 дывізіёнаў у 38-й(be) і 130-й дэсантных брыгадах у Берасьці і Віцебску. На ўзбраеньне прынялі беларускія лёгкабраняваныя аўтамабілі «Кайман» і «V-1». Таксама набылі 8 расейскіх навучальных самалётаў «Як-130» і падпісалі дамову на пастаўку яшчэ 4 разам з 12 зьнішчальнікамі «Су-30СМ»[5].

25 кастрычніка 2018 году на базе 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады ў Асіпавічах (Магілёўская вобласьць) міністар Андрэй Раўкоў паведаміў, што «празь месяц у ходзе чарговага закліку будзе сфармавана на базе Вайсковай акадэміі новае падразьдзяленьне — рота інфармацыйных тэхналёгіяў. Там будуць праходзіць вайсковую службу маладыя людзі, якія маюць вышэйшую тэхнічнае адукацыю па ІТ-спэцыяльнасьці»[6]. 15 сьнежня ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Барысаве міністар Раўкоў прапанаваў скараціць наданьне адтэрміноўкі ад вайсковай службы, бо «каля 80% маладых людзей не атрымліваюць вайскова-ўліковую спэцыяльнасьць ва Ўзброеных сілах пры прахаджэньні тэрміновай ці іншых відаў службы. Гэта ўплывае на стан абароненасьці дзяржавы і абароназдольнасьці яе»[7].

20 студзеня 2020 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў Раўкова дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь[8]. Адстаўлены 3 верасьня 2020[9].

19 лістапада таго ж году прызначаны амбасадарам у Азэрбайджане[10].

Міжнародныя санкцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 жніўня 2020 году Раўкоў быў уключаны ў сьпіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію й забарона на ўезд у Летуву ў сувязі з тым, што «сваімі дзеяньнямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня й наступнае гвалтоўнае здушэньне мірнае пратэстаў»[11]. 6 лістапада 2020 году Раўкова дадалі ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[12]. Пры абгрунтаваньні ўвядзеньня санкцыяў адзначалася, што ён як Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі, які цесна зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнка, нясе адказнасьць за кампанію рэпрэсіяў і запалохваньня дзяржаўнага апарату ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў, у прыватнасьці, адвольныя арышты й жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньні, мірнае дэманстрантаў, а таксама запалохваньне й гвалт у дачыненьні да журналістаў[13].

24 лістапада 2020 году да санкцыяў ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[14], а 11 сьнежня — й Швайцарыя[15]. Акрамя таго, 6 лістапада Раўкоў трапіў пад санкцыі Вялікабрытаніі[16] й Канады[17].

  1. ^ Вераніка Канюта. Эксклюзіўная адкрытасьць // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2018. — № 203 (28567). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Раўкоў Андрэй Аляксеевіч // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 24 сьнежня 2018 г.
  3. ^ Зьміцер Панкавец. «Былых крамлёўцаў не бывае» // Наша ніва : газэта. — 3 сьнежня 2014. — № 45 (882). — С. 4. — ISSN 1814-1614.
  4. ^ Чарговыя воінскія і спэцыяльныя званьні прысвоеныя кіраўнікам сілавых ведамстваў // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 7 траўня 2015 г. Праверана 24 сьнежня 2018 г.
  5. ^ Вераніка Канюта. Андрэй Раўкоў: Я ня марыў быць генэралам // Газэта «Зьвязда», 23 лютага 2018 г. Праверана 24 сьнежня 2018 г.
  6. ^ Андрэй Раўкоў: Аптымізацыя — прыярытэт будаўніцтва беларускай арміі // Зьвязда. — 26 кастрычніка 2018. — № 207 (28823). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Міхась Карпечанка, Марыя Шут, Марыя Парашкова. Свяшчэнны доўг кожнага мужчыны // Зара над Друцьцю : газэта. — Бялынічы: 19 сьнежня 2018.
  8. ^ Лукашэнка перавёў міністра абароны Раўкова ў Савет бясьпекі, Радыё Свабода, 20-01-2020
  9. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 3 сентября 2020 года № 328 «Об А.А.Равкове». pravo.by. Праверана 2020-09-05 г.
  10. ^ Равков – новый посол Беларуси в Азербайджане
  11. ^ Латвія, Літва і Эстонія ўключылі Лукашэнку і яшчэ 29 чыноўнікаў ў спіс пэрсон нон-грата. Поўны сьпіс Радыё Свабода Праверана 2021-09-08 г.
  12. ^ Евросоюз ввел санкции против Лукашенко и ряда белорусских чиновников (рас.). naviny.by (2020-11-06).
  13. ^ Consolidated text: Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (анг.). EUR-Lex(pl).
  14. ^ Declaration by the High Representative on behalf of the EU on the alignment of certain countries concerning restrictive measures against Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага Зьвязу[прыбраць шаблён] (2020-11-24). Праверана 2021-09-08 г.
  15. ^ Belarus: Federal Council extends scope of sanctions (анг.). Фэдэральная рада Швайцарыі(uk) (2020-12-11). Праверана 2021-09-06 г.
  16. ^ Consolidated List of Financial Sanctions Targets in the UK (анг.). Урад Вялікабрытаніі(sr)Праверана 2021-09-08 г.
  17. ^ Belarus sanctions (анг.). Урад Канады(pl) (2020-11-06). Праверана 2021-09-08 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]