Перайсьці да зьместу

Сяргей Касьцян

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Касьцян
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
сьнежань 1996 — верасень 2008
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
29 лістапада 1995 — 24 лістапада 1996
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся15 студзеня 1941(1941-01-15) (84 гады)
вёска Ўсохі, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
ПартыяКамуністычная партыя Беларусі (з 1970-х гг.)
АдукацыяМенскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут (1970)
Сужэнец жанаты
Дзеці некалькі
Бацька Іван Касьцян
Узнагароды Мэдаль Ушакова (2001, Расея)

Сяргей Іванавіч Касьцян (нарадзіўся 15 студзеня 1941 году, в. Усохі, Клічаўскі раён, цяпер Беларусь) — беларускі палітык. Кандыдат гістарычных навук (1980), дацэнт (1981)[1].

Зь верасьня 1947 году навучаўся па-беларуску ва Ўсоскай 7-гадовай школе, якую скончыў у чэрвені 1954 году[2]. Тамсама ў 1953 г., у 12-гадовым узросьце, уступіў у Камуністычны саюз моладзі (камсамол). Пасьля школы працаваў у калектыўнай гаспадарцы «Камсамолец» (в. Усохі). У верасьні 1956 г., 15-гадовым юнаком, пачаў навучаньне ў будаўнічай школе Чалябінску (Расейская СФСР), якую скончыў у чэрвені 1957 году са спэцыяльнасьцю цесьляра 5-разраду. У 1957—1960 гг. працаваў цесьляром у жыльлёва-будаўнічым цэху Чалябінскага трактарнага заводу(ru) і адначасна навучаўся ў школе працоўнай моладзі. У 1960—1964 гг. служыў у Вайскова-марскім флёце СССР на Ціхім акіяне, дзе быў вызваленым сакратаром камітэту камсамолу і супрацоўнічаў з газэтай «Баявая вахта» (Уладзівасток). Па сканчэньні тэрміновай вайсковай службы атрымаў афіцэрскае званьне малодшага лейтэнанта. У 1964—1966 гг. працаваў выхавальнікам школы-інтэрнату(en) № 2 Чалябінску. У верасьні 1965 г. паступіў на гістарычны факультэт Чалябінскага пэдагагічнага інстытуту(ru). У 1966 годзе пераехаў у Мазыр (Гомельская вобласьць, Беларуская ССР), у чэрвені 1970 году скончыў гістарычны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту[1].

У 1967—1979 гг. займаў пасады ад сакратара камітэту камсамолу ў калгасе «Каменка» (Мазырскі раён, Гомельская вобласьць) да 1-га сакратара Мазырскага раённага камітэту камсамолу, ад інструктара да загадніка аддзелу агітацыі і прапаганды Мазырскага раённага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1979 г. скончыў асьпінатуру пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1980 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Удзел камсамолу Беларусі ў мэліярацыі беларускага Палесься (1966–1975 гг.)». У 1979—1997 гг. выкладаў у Мазырскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, дзе стаў загаднікам катэдры гісторыі і паліталёгіі. У 1981 г. атрымаў навуковае званьне дацэнта[1].

Зь лістапада 1995 г. па лістапад 1996 г. быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. Са сьнежня 1996 г. па верасень 2008 г. — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га, 2-га (2000—2004) і 3-га скліканьняў ад Палескай выбарчай акругі № 45 (Ельскі, Лельчыцкі, Мазырскі і Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласьці). У Палаце прадстаўнікоў быў намесьнікам старшыні Камісіі ў міжнародных справах і адначасна ўваходзіў у склад камуністычнай фракцыі[1]. У 1997—2004 гг. быў сакратаром Цэнтральнага камітэту КПБ. У 2001 годзе заснаваў і ўзначаліў грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі славянскі камітэт». У той жа год атрымаў расейскі дзяржаўны мэдаль Ушакова(ru), які прысвойваецца расейскім вайсковым маракам «за асабістую мужнасьць і адвагу, праяўленыя пры абароне …дзяржаўных інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі».

  1. ^ а б в г Касьцян // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 166. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Зоя Варанцова. За мову замовяць слова // Зьвязда : газэта. — 1 лістапада 2011. — № 208 (27072). — С. 4. — ISSN 1990-763x.