Юры Падабед
Юры Падабед | |
Дата нараджэньня | 1962 |
---|---|
Месца нараджэньня | Слуцак, Менская вобласьць, БССР, СССР |
Занятак | вайсковец |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Падабед.
Юры Падабед (нарадзіўся ў 1962, Слуцак) — былы камандзір палка міліцыі адмысловага прызначэньня ГУУС Мінгарвыканкама. Уваходзіць у «Чорны сьпіс ЭЗ».
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Юры Падабед нарадзіўся ў 1962 годзе ў Слуцку. У 1985 скончыў Менскую вышэйшую ваенную палітычную вучэльню, у 2001 — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь па спэцыяльнасьці «Дзяржаўнае кіраваньне і справавое адміністраваньне». Пяць гадоў служыў у Польшчы, чатыры гады — на Далёкім Усходзе, а таксама ў Летуве і Нямеччыне. У 1996 годзе вярнуўся ў Беларусь, камандаваў батальёнам спэцпрызна МУС. У красавіку 1999 году прызначаны начальнікам штаба менскага АМАПа, праз паўгода стаў камандзірам атрада міліцыі адмысловага прызначэньня. У канцы ліпеня 2008 году па ўласным жаданьні пакінуў гэтую пасаду па стане здароўя.
Ю. Падабед так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
«Я прыняў такое рашэньне сам. Дзе буду працаваць далей, яшчэ ня ведаю. У мяне ёсьць некаторыя праблемы са здароўем, прычым сур’ёзныя. У мяне з хрыбетнікам праблемы, і ціск скача. Нічога дзіўнага — работа нэрвовая. Яшчэ раз паўтару: рашэньне пра сыход я прыняў сам, на мяне ніхто ня ціснуў. Магу сказаць, што жонка толькі задаволеная. Маладым дарогу трэба саступаць, а зьмена ў мяне больш чым годная».
Яго месца заняў Юры Караеў. Паводле розных вэрсіяў, пасьля адстаўкі Падабеду прапанавалі працу ў ГУУС, але ён адмовіўся, бо не хацеў працаваць намесьнікам Аляксандра Найдзенкі. Такім чынам, Падабед сышоў на пэнсію ва ўзросьце 46 гадоў.
Пасьля сыходу ў сваіх інтэрвію Падабед казаў, што можа паспрабаваць сябе ў іншай якасьці на нейкім прадпрыемстве.
З 2009 году ўзначальвае Службу бясьпекі вядомага беларускага бізнэсмэна Юрыя Чыжа.
Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
За жорсткі разгон мірных дэманстрацыяў і зьбіваньне супрацоўнікамі АМАПа ўдзельнікаў акацыяў пратэсту Юры Падабед у 2004 годзе быў занесены ў сьпіс неўяздных у краіны Эўразьвязу і ЗША.
Чыны й званьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Палкоўнік міліцыі
Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Юры Падабед быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені.
Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Юры Падабед жанаты другі раз. Мае двух дарослых сыноў ад першага шлюбу і дачку ад другога.