72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар
Каардынаты: 54°10′48″ пн. ш. 28°28′45″ у. д. / 54.18° пн. ш. 28.47917° у. д.
72-і Аб’яднаны навучальны цэнтар | |
Эмблема 72-га АНЦ | |
Гады існаваньня | 2001— |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусі |
Уваходзіць у | Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусі |
Тып | навучальная вайсковая часьць |
Колькасьць | к. 4500 тыс. чалавек |
Дысьлякацыя | Печы, Барысаў |
Мянушка | Печы |
72-гі гвардзе́йскі Ро́венскі о́рдэна Ле́ніна, Чырванасьця́жны, о́рдэна Алякса́ндра Суво́рава II ступе́ні Аб’ядна́ны навуча́льны цэ́нтар падрыхто́ўкі пра́паршчыкаў і мало́дшых спэцыялі́стаў — навучальная вайсковая часьць, найбуйнейшае падразьдзяленьне Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусі. Асабовага складу тут налічваецца больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. Навучальны цэнтар займаецца падрыхтоўкай прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў для Ўзброеных сілаў[1]. Вайсковая часьць № 20193[2].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 ліпеня 1940 року ў м. Ліўны Арлоўскай вобласьці РСФСР на падставе дырэктывы Народнага камісара абароны СССР пачалося фармаваньне 120-й стралковай дывізіі, якое завяршылася 15 жніўня 1940. Новае падразьдзяленьне ўвайшло ў Арлоўскую вайсковую акругу. Дывізія па штаце ваеннага часу мела 14 000 чалавек і складалася з: 401-га, 474-га і 540-га стралковых палкоў, 559-га лёгкага артылерыйскага палка, 150-га асобнага выведвальнага батальёна, 224-га батальёна сувязі, 193-га сапёрнага батальёна, 180-га супрацьтанкавага дывізіёна, 185-га зэнітнага дывізіёна, 192-й асобнай аўтароты падвозу.
На пачатку нямецка-савецкай вайны дывізія знаходзілася на вучэньнях у летніх лягерох «Лужкі», пасьля дакаўкамплектаваньня прыняла ўдзел у баёх за Ельню. 26 верасьня 1941 року «за мужнасьць, доблесьць і высокае ўменьне», выяўленыя ў баёх пад гэтым местам, пераўтвораная ў 6-ю гвардзейскую стралковую дывізію з уручэньнем гвардзейскага сьцягу. 26 верасьня адгэтуль лічыцца днём утварэньня вайсковай часьці.
Далей дывізія ў складзе Заходняга фронту ваявала пад Тулай, за Яфрэмаў. Увосені 1942 — узімку 1943 рокаў падчас наступу вызваліла больш за 170 населеных пунктаў. У ліпені 1943 узяла ўдзел у бітве на Курскай дузе, за мужнасьць і гераічнасьць, праяўленыя ў баёх пад Понырамі(ru), 21 ліпеня ўказам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ўзнагароджаная ордэнам Чырвонага Сьцяга.
Пасьля Курскай бітвы дывізія ўдзельнічала ў бітвах на тэрыторыі УССР: удзельнічала ў фарсіраваньні рэк Дняпро, Дзясны, Прыпяці, у вызваленьні шматлікіх гарадоў і вёсак Украіны. 7 лютага 1944 року часьці дывізіі вызвалілі Роўна, пасьля чаго яна атрымала ганаровае найменьне «Ровенская».
У складзе 1-га Ўкраінскага фронту дывізія фарсіравала Заходні Буг, вызваліла Раву-Рускую і ўвайшла на тэрыторыю Польшчы, дзе ў другой палове 1944 року ўдзельнічала ў баёх на Сандомерскім пляцдарме(pl). «За пасьпяховыя баявыя дзеяньні, мужнасьць і ўстойлівасьць», выяўленыя пры фарсіраваньні ракі Віслы, утрыманьне Сандомерскага пляцдарму, указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР 9 жніўня 1944 року дывізія была ўзнагароджаная Ордэнам Суворава 2-ой ступені.
Са студзеня 1945 дывізія прымала ўдзел у бітвах на тэрыторыі Нямеччыны, фарсіравала шэраг найцяжкіх водных перашкод (рэкі Найсэ(de), Одэры, Шпрэе) і да канца красавіка падышла да Эльбы. Указам Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР за мужнасьць, гераізм і высокае майстэрства, выяўленыя пры фарсіраваньні Одэру, 26 траўня 1945 была ўзнагароджаная ордэнам Леніна.
Дывізія скончыла баявы шлях вызваленьнем сталіцы Чэхаславаччыны — Прагі. За пэрыяд вайны дывізія прасунулася ў заходнім кірунку 4520 кілямэтраў, вызваліла 18 местаў, 1458 населеных пунктаў, зьнішчыла 58 тысячаў і ўзяла ў палон 10 328 нямецкіх салдатаў, зьнішчыла і захапіла 128 самалётаў, 579 танкаў, 945 гарматаў і мінамётаў, 328 бронетранспартэраў, 4035 аўтамашын, 1389 кулямётаў і іншай вайсковай тэхнікі.
Паваенныя гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесну 1946 року, вяртаючыся з Чэхаславаччыны і Аўстрыі, дывізія закватаравалася ў месьце Магілёве, а ў красавіку 1947 року была перадысьлякаваная ў вайсковае мястэчка Печы. Займалася падрыхтоўкай да дзеяньняў ва ўмовах усіх відаў бою, авалоданьнем новым тэхнічных сродкаў, у тым ліку выкананьня задачаў ва ўмовах выкарыстаньня атамнай зброі і іншых новых сродкаў барацьбы. У верасьні 1954 року гвардзейцы дывізіі ўзялі ўдзел у тактычных вучэньнях з ужываньнем ядзернай зброі ў Тоцкім вучэбным цэнтры(ru).
У 1960-м року за выдатныя паказчыкі ў навучаньні дывізію было вырашана зрабіць навучальнай. Выпускнікі навучальнай часткі бралі ўдзел у вайсковых вучэньнях «Днепр-67», «Вясна-75», «Захад-77», «Бярэзіна-78», «Захад-81». У Печах праходзілі першыя выпрабаваньні савецкія танкі Т-64, Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-1, БМП-2. Менавіта ў гэтым навучальным падразьдзяленьні канструктар Міхаіл Калашнікаў ствараў свой кулямёт ПКТ.
У 1979—1989 роках шматлікія афіцэры і прапаршчыкі з навучальнай дывізіі бралі ўдзел у вайне ў Афганістане[2].
У Рэспубліцы Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1992 року на базе 72-га акруговага навучальнага цэнтру і навучальных часьцёў былой ЧБВА пачалося рэфармаваньне. У 2001 року была сфармаваная 114-я гвардзейская школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў, адгэтуль часьць перайменаваная ў «72-гі гвардзейскі Аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў». Сюды перадысьлякаваныя практычна ўсе навучальныя часьці Ўзброеных Сілаў Беларусі.
16 чэрвеня 2012 году каля 2000 (25%) з амаль 8000 заклічнікаў ва Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь прынялі прысягу ў 72-м аб’яднаным навучальны цэнтры ў Барысаве[3].
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У структуры 72-га АНЦ:
- управа
- школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спэцыялістаў харчовай службы
- пяць школаў па падрыхтоўцы спэцыялістаў родаў войскаў і спэцыяльных войскаў
- цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня
- цэнтар тылавога забесьпячэньня
- асобны батальён аховы і абслугоўваньня[4].
Задачы 72-га АНЦ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]72-і гвардзейскі аб’яднаны навучальны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў зьяўляецца адным са складнікаў падрыхтоўкі вайсковых кадраў, на які ўскладзены такія задачы, як:
- падтрыманьне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці на ўзроўні, які забясьпечвае своечасовае і якаснае выкананьне мерапрыемстваў пераводу навучальнага працэсу на паскоранае навучаньне спэцыялістаў, фармаваньне ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АНЦ ПП і МС вайсковых часьцяў, падрыхтоўку іх сіл і сродкаў да выкананьня задачаў паводле іх прызначэньня;
- падрыхтоўка спэцыялістаў для Ўзброеных Сілаў; фармаваньне ў спэцыялістаў высокіх прафэсійных і маральна-псыхалягічных якасьцей;
- падтрыманьне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ва ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АНЦ ПП і МС фармаваньнях, вайсковых часьцяў забесьпячэньня і абслугоўваньня, у баегатовым стане, своечасовае іх тэхнічнае абслугоўваньне пры забесьпячэньні навучальнага працэсу;
- удасканаленьне навучальна-выхаваўчага працэсу і разьвіцьцё навучальнай матэрыяльнай базы;
- арганізацыя абароны дзяржаўных сакрэтаў, яе забесьпячэньне і кантроль ва ўласнай дзейнасьці, удзел у арганізацыйна-мэтадычным кіраўніцтве па пытаньнях абароны дзяржаўных сакрэтаў і кантролі за яе станам у 72-м гвардзейскім АНЦ ПП і МС[5].
Здарэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 верасьня 2013 року ў 2-й навучальнай танкавай роце 3-й школы 72-га АНЦ памёр вайсковец тэрміновай службы радавы Ўладзіслаў Ягадкін. Праверка сьледчай камісіі паказала, што гвалтоўнай сьмерці не было, чыньнікам сьмерці стала вострая каранарная недастатковасьць з прычыны ішэмічнай хваробы сэрца. Паводле заключэньня вайскова-лекавай камісіі, Ягадкін быў абмежавана прыдатны да праходжаньня вайсковай службы, бо меў артэрыяльную гіпэртэнзію 1-й ступені[6].
21 сакавіка 2015 року[7] ў Печах выявілі павешаным Міхаіла Беўзюка[8].
19 студзеня 2017 у навучальным цэнтры памёр салдат паветрана-дэсантных войскаў. Паводле інфармацыі ад крыніц, хлопцу стала кепска проста на пляцы, выратаваць яго ня здолелі[9].
3 кастрычніка 2017 року на тэрыторыі 3-й школы быў знойдзены павешаным вайсковец тэрміновай службы пінчук Аляксандар Коржыч. Сьледчы камітэт праводзіць праверку паводле факту сьмерці.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га скліканьня ў красавіку 2010 року адным з кандыдатаў быў начальнік 72-га АНЦ Валеры Гнілазуб[10], якому супрацьстаяла кандыдатка ад кампаніі «Гавары праўду» Тамара Каважэнка. Паводле афіцыйных зьвестак, на закрытых участках у вайсковых частках 72-га АНЦ Гнілазуб атрымаў практычна стоадсоткавую перамогу, але на грамадзянскіх участках большасьць галасоў была ў кандыдаткі ад «Гавары праўду». У выніку перамогу на выбарах атрымаў Валеры Гнілазуб[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Николай Левчук. Кузница кадров в Печах под Борисовом // Белорусская военная газета. — 27 ліпеня 2011. — № 139.
- ^ а б Гістарычная даведка Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ Факты // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Арганізацыйная структура Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ Задачы вучэбнага цэнтра Адукацыя. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ Синюк, Екатерина (18 сакавіка 2014) Гибель солдата в Печах. СК: Он умер из-за болезни сердца, насилия не было (рас.) Грамадзтва. TUT.BY. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ В Печах солдат срочной службы покончил жизнь самоубийством (рас.) Новости онлайн. СТБ (22 сакавіка 2015). Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ Маліноўскі, Ілля (18 кастрычніка 2017) Самагубства ў Печах, якое засталося без увагі СМІ ў 2015 годзе Соцыюм. Эўрарадыё. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ АЯ. (2 сакавіка 2017) У Пячах памёр малады салдат Здарэньні. Наша Ніва. Праверана 18 кастрычніка 2017 г.
- ^ РПГА «Беларускі хельсінскі камітэт» — Барысаў: сустрэча з кандыдатамі на «закрытым» участку
- ^ «Праваабаронцы за свабодныя выбары». (26 красавіка 2010) Барысаў: прадказальны вынік Выбары-2010. ПЦ «Вясна». Праверана 18 кастрычніка 2017 г.