Менская балотная досьледная станцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Менская балотная досьледная станцыя — першая навуковая ўстанова на Беларусі. Была заснаваная паводле рашэньня Менскага земства 21 жніўня 1911 року. Першым дырэктарам быў А. Ф. Флёраў. Досьледная гаспадарка станцыі знаходзілася ля прыпынку Лахва Палескай чыгункі.

Досьледы вяліся на 7,5 дзесяцінах балотнай глебы. Вывучаліся пытаньні земляробзтва, расьлінаводзтва, лугаводзтва, мэліярацыі, глебазнаўства, аграхіміі і агратэхнікі. У 1912—1917 роках выдаваўся адмысловы навуковы часопіс «Болотоведение» (па-беларуску: «Балотазнаўства») (з 1915 року выходзіў у Маскве), які друкаваў справаздачы пра дзейнасьць станцыі, навуковыя артыкулы, прысьвечаныя распрацоўцы і гаспадарчаму выкарыстаньню балотаў, тарфянікаў, паведамленьні пра новыя машыны па асушэньні забалочаных глебаў і здабычы торфу, агляды айчыннай і замежнай літаратуры па балотнай справе.

У 1912 року станцыя прыняла ўдзел у юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужнай выставе, арганізаванай Смаленскім таварыствам сельскай гаспадаркі. У навуковым аддзеле экспанаваліся фатаздымкі балотаў, узоры балотавых глебаў і расьліннасьці, чорнага (моранага) дуба, у навукова-прыкладным — фатаздымкі досьледнай балотнай гаспадаркі ў Лахве, узоры культураў, вырашчаных на досьледных дзялянках, адмысловыя прылады працы, балотныя чаравікі для коней. Тады ж супрацоўнікі станцыі ўдзельнічалі ў нарадзе па кармавых расьлінах, лугаводзтву і асушэньні балотаў Беларусі.

У 1913 року Менская балотная станцыя ператварылася ў раённую. Пад яе дзейнасьць падпалі Менская, Валынская, Гарадзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губэрні.

У 1930 року на базе станцыі і аддзела асушэньня і культуры балотаў Беларускага дзяржаўнага інстытуту сельскай гаспадаркі арганізаваўся навукова-дасьледчы інстытут балотнай гаспадаркі.

Станцыя знаходзілася на рагу цяперашніх менскіх вуліцаў Максіма Багдановіча і Сурганава.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 276—278

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.