Канстантын Кернажыцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Канстанцін Іванавіч Кернажыцкі (8 кастрычніка [ст. ст. 25 верасня] 190228 лютага 1942) — беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук (1934), дацэнт.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Выдранка Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні ў сям’і сьвятара. У 1911 ён скончыў земскую вясковую школу. З 1911 вучыўся ў Гомельскім духоўным вучылішчы, у 1915—1916 — у Магілёўская духоўная семінарія. З 1917 працуе у ваенным стале Стаўпецкага валасного рэвалюцыйнага камітэту, пазьней — з жніўня 1919 настаўнік ў школцы в. Стаўбун Гомельскага павету. У 1921—1926 студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Адначасова з 1922 году працуе настаўнікам ў школе №3 г. Менску. Сярод яго вучняў па гэтай школцы была і вядомая беларуская паэтка Эдзі Агняцвет. Вось што яна піша пра яго: «Мне хочацца ўспомніць добрымі словам і свайго першага настаўніка Канстанціна Іванавіча Кернажыцкага… Ён прыходзіў да нас і чытаў беларускія народныя казкі, вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, байкі Крапівы. Мы слухалі як зачараваныя. А пасьля, калі ўжо самі навучыліся чытаць, не маглі ўявіць сабе жыцьця безь літаратуры…» У 1927 ў БДУ была адчынена асьпірантура, сярод першых аспірантаў быў і Кернажыцкі па катэдры гісторыі гаспадаркі Беларусі на пэдагагічным факультэце. Навуковым кіраўніком быў акадэмік і прафэсар, рэктар БДУ Уладзімер Пічэта. Пасьля заканчэньня быў залічаны на пасаду асыстэнта катэдры гісторыі народнай гаспадаркі факультэту народнай гаспадаркі. Амаль адначасова ён быў прыняты на пасаду навуковага супрацоўніка ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі. 1 жніўня 1931 г. з прычыны рэарганізацыі БДУ быў пераведзены на працу ў Вышэйшы пэдагагічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка). З 1934 зацверджаны кандыдатам гістарычных навук і пераведзены на пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка інстытуту гісторыі АН. З 1 лістапада 1934 ён назначаецца памочнікам рэдактара аддзела гісторыі Рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі. Быў сакратаром Археаграфічнай камісіі Інстытуту Беларускай культуры (пазьней ператвораная ў АН)[1]. Аўтар каля 20 навуковых прац, сярод іх шэраг манаграфіяў. Займаўся дасьледаваньнямі эканамічнай гісторыі Беларусі 18 — пачатку 20 ст. Арыштаваны 11 сьнежня 1937. 14 траўня 1939 асуджаны на 8 гадоў лягераў. Памёр у лягерным шпіталі ГУЛАГ у г. Канск Краснаярскага краю. Рэабілітаваны 5 чэрвеня 1958 году.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гаспадарка старостваў на Беларусі і экономічны стан іх насельніцтва ў другой палове ХVІІІ сталецьця // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы клясы гісторыі. Кн. 3. Т. 2. Менск, 1928;
  • Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельіцтва з ХVІІ да пал. ХІХ ст. Менск, 1931;
  • Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імпэрыялістычнай вайной. Менск, 1932;
  • Старонка з гісторыі рабочага руху часоў імперыалістычнай вайны. Менск,1932;
  • Гаспадарка прыгоньнікаў на Беларусі ў канцы XVIII і першай палове XIX ст.: (Да праблемы разлажэньня фэадалізму ў Беларусі). Менск, 1935.
  • Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Т. 1. IX-XVIII ст. / Склалі: акадэмік В. К. Шчарбакоў, дацэнт К.І. Кернажыцкі і вучоны археограф Д. І. Даўгяла. Менск, 1936.
  • Брожскі ключ,1639-1810 г.. Менск, б.г.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Уладзіміраў, Ю.Н. Новыя звесткі пра археаграфічную дзейнасць У. І. Пічэты і яго аспірантаў у 1929 г. / Ю.Н. Уладзіміраў, В.У. Скалабан, М.М. Смальянінаў // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 / Рэд. кал.: Р. П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БелНДІДАС, 2002. – С. 50–54.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Э. Р. Іофэ Летапісец дзвюх эпох.К.Кернажыцкі // Адукацыя і выхаванне. - 1995. - №12. - с.101-104
  • В. Панюціч Кернажыцкі Канстатцін Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 4. - Мн.,1997. - с.165
  • В. Панюціч "на парэформеннай Беларусі развіццё аграрнага ладу мела капіталістычны характар." // Навіны Беларускай Акадэміі навук. - 1992. - 25 верасня.
  • Токарев Н. "Его работы сохраняют свою научную ценность." // Навіны Беларускай Акадэміі навук. - 1992. - 27 лістапада.