Перайсьці да зьместу

Крыніцазнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Крыніцазна́ўства — гэта спэцыяльная гістарычная навука, якая займаецца вывучэньнем гістарычных крыніц. Аб’ектам крыніцазнаўства зьяўляецца ўся сукупнасьць гістарычных крыніц. Прадметам — пэўныя ўласьцівасьці крыніц, якія вывучаюцца ў вызначаны момант з вызначанай мэтай. Крыніцазнаўства падзяляецца на дзьве вобласьці дасьледаваньня: тэарэтычнае і прыкладное крыніцазнаўства.

Тэарэтычнае і прыкладное крыніцазнаўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэарэтычнае крыніцазнаўства распрацоўвае агульныя мэтады вывучэньня і дасьледаваньня гістарычных крыніц. Гэтыя мэтады канкрэтызуюцца пры вывучэньні асобных груп крыніц, або вызначаных іх характарыстык. Прадметам дасьледаваньня для тэарэтычнага крыніцазнаўства зьяўляюцца мэтады, ў прыкладным крыніцазнаўстве мэтад — гэта вызначаная прылада вывучэньня крыніц, іх інтэрпрэтацыя. Прыкладное крыніцазнаўства займаецца такімі праблемамі, якія ўзьнікаюць пры працы з гістарычнымі крыніцамі, як усталяваньне часу, месца стварэньня крыніцы, яе аўтара, рэканструкцыя крыніцы і г. д.

Гісторыя крыніцазнаўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзя працамі нямецкіх навукоўцаў Аўгуста-Людвіга Шлёцэра, Бартольда-Георга Нібура і Леапольда фон Ранке ствараецца мэтад гістарычнай крытыкі. А ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя крыніцазнаўства сфармавалася як навуковая дысцыпліна ў працах па тэорыі і мэтадалёгіі гісторыі ангельскага гісторыка Эдуарда Фрымэна («Мэтады гістарычнага дасьледаваньня», 1886), нямецкіх мэтадолягаў Эрнста Бэрнгейма («Падручнік гістарычнага мэтаду», 1889) і Ёгана-Густава Дройзэна. Крыніцазнаўства разьвівалася пад уплывам пазытывісцкай канцэпцыі мэтадалёгіі гісторыі, найбольш яскравым праяўленьнем якой стаў дапаможнік прафэсараў Парыскай школы вышэйшых дасьледаваньняў пры Сарбоне Шарля-Віктора Ланглуа і Шарля Сэнёбоса «Уводзіны ў вывучэньне гісторыі» (1898).

Дасьледаваньні гістарычных крыніц у Расейскай імпэрыі былі пачатыя з канца 18 стагодзьдзя ў працах гісторыкаў Васіля Тацішчава, Мікалая Карамзіна, Сяргея Салаўёва, князя Міхаіла Шчарбатава і інш. Прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Яўхім Лялевель у 1822 годзе выдаў кнігу «Навукі, якія дазваляюць вывучаць крыніцы».

Вялікую ролю ў выданьні і вывучэньні крыніц мелі Археаграфічныя камісіі. Напрыклад, Археаграфічная камісія ў Санкт-Пецярбургу, якая распачалая сваю дзейнасьць зь сярэдзіны 30-х гадоў 19 стагодзьдзя, выдала «Поўны збор рускіх летапісаў», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расеі», ў якіх было шмат дакумэнтаў па гісторыі Беларусі XIV–XVII стагодзьдзяў.

Крыніцазнаўства як спэцыяльная гістарычная дысцыпліна сфармавалася ў Расейскай імпэрыі толькі ў 1890-я. Васіль Ключэўскі чытаў курс «Крыніцазнаўства» ў Маскоўскім унівэрсытэце ў 1894 годзе. У пачатку 20 стагодзьдзя вялікую ролю ў разьвіцьці крыніцазнаўства мелі працы Аляксея Шахматава па вывучэньні летапісаў і Аляксандра Лапо-Данілеўскага, які распрацаваў мэтадалёгію крыніцазнаўства і арыгінальны падыход у дасьледаваньні крыніц.

Пасьля Першай сусьветнай вайны зьмяняецца падыход да вывучэньня крыніц. Люсьен Феўр і Марк Блок, прадстаўнікі францускай школы «Аналаў», напачатку 30-ых гадоў 20 стагодзьдзя прапанавалі выкарыстоўваць у дасьледаваньнях прынцып «татальнай гісторыі», т.б. вывучэньне гістарычных падзей з розных пунктаў гледжаньня: палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай, псыхалягічнай.

У 1950-я Фэрнан Брадэль і Жак Лё Гоф, зьвярнулі ўвагу на вывучэньне мэнталітэту розных народаў. У 1980–1990-я пад уплывам ідэй постструктуралізму і постмадэрнізму (Жак Дэрыда і інш.) азначыўся «лінгвістычны» і «антрапалягічны» паварот у дасьледаваньнях па гісторыі, які арыентаваны на вывучэньне асабістага досьведу чалавека ў гісторыі.

Крыніцазнаўства ў Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае значэньне ў вывучэньні і публікацыі крыніц па гісторыі Беларусі мела Віленская Археаграфічная камісія, якая ў пэрыяд з 1865 па 1915 гады выдала 39 тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі» і шмат іншых зборнікаў дакумэнтаў.

У 19–пачатку 20 стагодзьдзя вывучэньнем крыніц па гісторыі Беларусі займаліся таксама польскія і нямецкія навукоўцы. Вялікае значэньне мелі працы Мітрафана Доўнара-Запольскага, ў якіх вывучаліся гаспадарчыя апісаньні і рэвізіі 16 стагодзьдзя, Баркулабаўскі летапіс, мытныя кнігі і іншыя крыніцы.

Распрацоўка крыніцазнаўства гісторыі Беларусі, як асобай дысцыпліны дасьледаваньня і выкладаньня, пачалася ў 1920-я гады. У гэты пэрыяд у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце Зьміцер Даўгяла чытаў курс «Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі», у якім надавалася вялікая ўвага заканадаўчым крыніцам, актам Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага, археалягічным крыніцам. Аднак рэпрэсіі 1930–1950-х гадоў прывялі да зьнішчэньня шматлікіх дасьледчыкаў, якія працавалі ў крыніцазнаўстве (Мітрафан Доўнар-Запольскі, Зьміцер Даўгяла, Уладзімер Пічэта і інш.).

Толькі з пачатку 1960-х актывізуюцца дасьледаваньні па крыніцазнаўстве гісторыі Беларусі. Мікалай Улашчык, які працаваў у Маскве, дасьледаваў крыніцы па гісторыі Беларусі 19 стагодзьдзя. Асноўныя дасягненьні Ўлашчыка былі зьвязаныя з вывучэньнем і выданьнем беларуска-літоўскіх летапісаў. Дасьледаваньнем беларуска-літоўскіх летапісаў займаецца таксама Вячаслаў Чамэрыцкі, які распрацаваў класыфікацыю ўсіх летапісаў па летапісных зборах. П.Г. Казлоўскі і З.Ю. Капыскі дасьледавалі гаспадарчыя апісаньні, рэестры і іншыя справаводныя дакумэнты гаспадарак. Мэмуарныя крыніцы па гісторыі Беларусі дасьледаваліся А.Ф. Коршунавым. Валянцін Грыцкевіч і Адам Мальдзіс вывучалі занатоўкі падарожнікаў, якія праяжджалі праз тэрыторыю Беларусі.

З канца 1970-х у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ствараецца спэцыяльны курс па крыніцазнаўстве гісторыі БССР. Новая хваля цікавасьці да крыніцазнаўства гісторыі Беларусі пачалася ў другой палове 1980-х — пачатку 1990-х, калі была створаная катэдра крыніцазнаўства і музэязнаўства на гістарычным факультэце БДУ, аддзел спэцыяльных гістарычных навук у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Зьявіліся новыя працы, прысьвечаныя заканадаўчым крыніцам па гісторыі Беларусі, кнігам Літоўскай Мэтрыкі, беларуска-літоўскім летапісам, літаратурным творам. Выйшлі першыя навучальныя дапаможнікі Сьвятланы Марозавай, прысьвечанае пісьмовым крыніцам па гісторыі Беларусі да 18 стагодзьдзя, і Сяргея Ходзіна, які распачаў гісторыка-генэтычнае і кампаратыўнае вывучэньне крыніц па гісторыі Беларусі. На катэдры працуюць таксама Уладзімер Сідарцоў, Сяргей Каун, Вячаслаў Насевіч, Вольга Шутава, Міхаіл Шумейка і іншыя. З 30 чэрвеня 2001 году на новаўтвораную катэдру этналёгіі, музэялёгіі і гісторыі мастацтва перайшлі супрацоўнікі катэдры крыніцазнаўства па кірунку музэязнаўства. Цяпер існуе адзіная катэдра крыніцазнаўства пад кіраўніцтвам Сяргея Ходзіна.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]