Перайсьці да зьместу

Інстытут гісторыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Інстытут гісторыі АН Беларусі»)
Інстытут гісторыі

Уваход у інстытут (2019 г.)
Абрэвіятура ІГ
Дата ўтварэньня 15 кастрычніка 1929 (95 гадоў таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Штаб-кватэра Першамайскі раён, Акадэмічная вул., д. 1[1]
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°55′11″ пн. ш. 27°35′54″ у. д. / 53.919625° пн. ш. 27.598332° у. д. / 53.919625; 27.598332
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Кіраўнік Вячаслаў Даніловіч
Намесьнік у навуковай працы Вадзім Лакіза
Намесьнік у агульных пытаньнях Фёдар Шаўко
Навуковы сакратар Андрэй Салаўянаў[2]
Кіроўны орган Кіраўніцтва
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Колькасьць супрацоўнікаў 92
Колькасьць валянтэраў 22 асьпіранты[3] і 20 дактарантаў[4] (2018 год)
Сайт history.by/be
Колішняя назва Інстытут гістарычных навук (да 1931 году)

Інстыту́т гісто́рыі — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1929 году ў якасьці Інстытуту гістарычных навук.

У інстытуце праводзіцца дасьледаваньне сацыяльна-эканамічнага, грамадзка-палітычнага, дзяржаўнага, нацыянальнага ды культурнага разьвіцьця Беларусі, у тым ліку дасьледаваньні па спэцыяльных гістарычных дысцыплінах. Супрацоўнікамі інстытуту праводзяцца архэалягічныя дасьледаваньні помнікаў гісторыі Беларусі, распрацоўка праблем гісторыі і тэндэнцый разьвіцьця матэрыяльнай культуры Беларусі[5]. На 2020 год у асьпірантуру прымалі па 5 спэцыяльнасьцях: 1) айчынная гісторыя; 2) антрапалёгія; 3) археалёгія; 4) гістарыяграфія, крыніцазнаўства і мэтады гістарычнага дасьледаваньня; 5) этнаграфія і этналёгія[3]. У дактарантуру па першых 4-х зь іх[4]. Выпускаліся 3 штогоднікі: «Актуальныя пытаньні антрапалёгіі» (з 2006 году), «Гістарычна-археалягічны зборнік» (з 1927 г.) і «Матэрыялы па археалёгіі Беларусі» (з 1957 г.)[6]. Штогод ладзілі Міжнародную школу гісторыка-археалягічных дасьледаваньняў з інстытутамі краінаў Азіі (Казахстан і Туркмэністан) і 13 дасьледчымі ўстановамі з 7 краінаў Эўропы — Латвіі, Летувы, Польшчы (3: Падляскі музэй), Расеі (4) і Ўкраіны (2), а таксама Італіі (Мадэнскі ўнівэрсытэт) і Францыі (Цэнтар напалеонаўскіх дасьледаваньняў)[7].

На 2024 год Інстытут гісторыі ўлучаў Цэнтральны гістарычны архіў і 6 цэнтраў:

  1. Цэнтар археалёгіі Беларусі — 3 аддзелы: 1) аддзел археалёгіі першабытнага грамадзтва, 2) аддзел археалёгіі Сярэдніх вякоў і Новага часу, 3) аддзел захаваньня і выкарыстаньня археалягічнай спадчыны з фондам і калекцыямі археалягічных артэфактаў;
  2. цэнтар гісторыі Беларусі IX—XVIII стчт. і спэцыяльных гістарычных навук — 2 аддзелы: 1) аддзел гісторыі Беларусі IX—XVIII стст. і археаграфіі, 2) аддзел археаграфіі;
  3. цэнтар гісторыі Беларусі канца XVIII—XXI стст. — 2 аддзелы: 1) аддзел гісторыі Беларксі канца XVIII—пачатку XXI ст., 2) аддзел навейшай гісторыі Беларусі;
  4. цэнтар ваеннай гісторыі;
  5. цэнтар усеагульнай гісторыі, міжнародных зносін і геапалітыкі;
  6. цэнтар гісторыі навукі і архіўнай справы, у які ўваходзіць Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі[8].
Таблічка Інстытуту гісторыі (2019 г.)

15 кастрычніка 1929 г. Прэзыдыюм Беларускай акадэміі навук зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Інстытуту гістарычных навук, які стаў 1-й навукова-дасьледчай установай акадэміі. Першым кіраўніком Інстытуту быў акадэмік Усевалад Ігнатоўскі, які займаў пасаду старшыні Беларускай акадэміі навук. Першапачаткова Інстытут налічваў 9 супрацоўнікаў. З 1931 году стаў называцца Інстытутам гісторыі. Першапачаткова дасьледавалі: Паўстаньне Каліноўскага 1863—1864 гадоў (У.Ігнатоўскі), Кастрычніцкі пераварот 1917 году і станаўленьне Саветаў (Павал Горын-Каляда), вызваленчыя і грамадзкія рухі (Васіль Шчарбакоў), фэадалізм і капіталізм у Беларусі (Дзяніс Дудкоў, Канстантын Кернажыцкі і Антон Ясінскі). За 1929—1941 гг. выдалі 32 манаграфіі[9].

З 1935 г. пачалося напісаньне абагульняльнага дасьледаваньня гісторыі Беларусі, якому замінула беспадстаўнае асуджэньне каля 20 супрацоўнікаў Інстытуту: 6 акадэмікаў П.Горын-Каляда, Станіслаў Матулайціс, Уладзімер Пічэта, Езэкіль Рыўлін (1901—1978), Віталь Сярбента (1895—1980), В.Шчарбакоў, кандыдаты навук К.Кернажыцкі, Аляксандар Ляўданскі. Меншасьць перажыла рэпрэсіі. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны ў 1941 г. частка супрацоўнікаў выехала ў тыл. У Чырвоную армію заклікалі кандыдатаў навук Дз. Дудкова і Яфіма Шлосбэрга (1906—1970), мастака Міхаіла Федасеева. Добраахвотнікам пайшоў супрацоўнік Яфрэм Карнейчык (1900—1972). Асьпірант М.Матусевіч кіраваў дывэрсійнай групай у партызанскім атрадзе. Некаторыя загінулі на фронце: А.Калечык і Восіп Лочмель (1907—1942). Бязь вестак прапаў супрацоўнік Эдуард Галубок (1905—1942). У 1944 годзе ў Менскім падпольлі загінуў навуковы сакратар Інстытуту М.Махнач. Нямецкія акупанты вывезьлі археалягічныя калекцыі[9]. Зьніклі картатэка ўліку помнікаў, археалягічная фотатэка і рукапісы неапублікаваных працаў.

У чэрвені 1944 г. Інстытут аднавілі паводле Пастановы АН БССР у складзе 10 супрацоўнікаў. У 1946 годзе ўжо працавалі 2 дактары і 6 кандыдатаў навук, 7 старэйшых і 4 малодшых навуковых супрацоўнікаў. У 1954 і 1961 гадах выйшлі 1-ы і 2-і тамы 2-томніка «Гісторыя Беларусі». У 1972—1975 гг. выйшаў 5-томнік «Гісторыя Беларускай ССР» пад кіраўніцтвам старшыні рэдакцыйнай калегіі Іларыёна Ігнаценкі (1919—2002) і пры ўдзел галоўных рэдактараў тамоў Канстанціна Шабуні (1912—1984), Івана Марчанкі (1923—1997), І. Краўчанкі і Аляксандра Філімонава (1918—2007). У 1982 г. у Берасьці адчынілі музэй гораду высілкамі археолягаў Інстытуту. У 1976—1985 гг. выдалі звыш 150 кніг. На кастрычнік 1999 г. у Інстытуце працавалі 13 дактароў і 52 кандыдаты навук. 1/3 складалі археолягі. У 1985—1998 гг. выдалі звыш 250 кніг. За ўвесь час каля 540 манаграфіяў, зборнікаў і брашураў. У 1990-я: 2-томнік «Нарысы гісторыі Беларусі», 1-я тамы 4-томніка «Археалёгія Беларусі» і 3-томніка «Гісторыя сялянства Беларусі»[9].

  1. ^ Кантакты // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  2. ^ Адміністрацыя // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  3. ^ а б Асьпірантура // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  4. ^ а б Дактарантура // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  5. ^ Национальная Академия наук Беларуси / Под общей редакцией академика П. А. Витязя. — Минск: РУП "Издамельский дом "Белорусская наука", 2009. — С. 33. — 2000 ас.
  6. ^ Матэрыялы па археалёгіі Беларусі (МАБ) // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  7. ^ Міжнародная школа гісторыка-археалягічных дасьледаваньняў // Інстытут гісторыі, 2020 г. Праверана 1 жніўня 2020 г.
  8. ^ Інстытут гісторыі: прастора навуковых адкрыццяў і супрацоўніцтва // Беларускі гістарычны часопіс. — 2024. — № 9. — С. 5.
  9. ^ а б в Міхаіл Касьцюк. Гісторыяй апантаныя // Зьвязда : газэта. — 15 кастрычніка 1999. — № 196-197 (23797-23798). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  • Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў асобах (1929-2008 гг.) = Институт истории Национальной академии наук Беларуси в лицах (1929-2008 гг.): биобиблиогр. справ. / Корзенко Г. В. [и др.]; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск: Белорус. наука, 2008. — 423 с. — 400 ас. — ISBN 978-985-09-0855-4