Перайсьці да зьместу

Індаэўрапейскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Індаэўрапейская моўная сям'я»)
Індаэўрапейскія мовы
Арэал
Лінгвістычная клясыфікацыя Самастойнае моўнае аб'яднаньне
Настратычная макрасям’я ?
Пратамова Праіндаэўрапейская мова
Склад
Код у Ethnologue 17-3
ISO 639-5: ine

     Краіны з большасьцю носьбітаў індаэўрапейскіх моваў.

     Краіны з індаэўрапейскай моўнай меншасьцю з афіцыйным статусам.

     Краіны, дзе няма афіцыйнага статусу індаэўрапейскай мовы, але існуе значная індаэўрапейская моўная меншасьць.

Ізаглёсы індаэўрапейскіх моваў:

     мовы кентум.

     мовы сатэм.

     мовы з існаваньнем аўгмэнту.

     мовы зь пераходам праіндаэўрапейскага *-tt- > -ss-.

     мовы зь пераходам праіндаэўрапейскага *-tt- > -st-.

     мовы з канчаткам на -m- у множным ліку давальнага, творнага склону й аблятыву і, часам, таксама ў адзіночным і парным.

Індаэўрапе́йскія мо́вы — адна з найбуйнейшых сем’яў гіпатэтычнае макрасям’і настратычных моваў. Налічвае больш за 400 існуючых і мёртвых моваў, носьбіты якіх складаюць больш за палову насельніцтва Зямлі. Мовы індаэўрапейскай сям’і роднасна зьвязаныя паміж сабой і паходзяць з адзінай мовы індаэўрапейцаў, радзімай якіх, як мяркуецца, былі поўдзень сучаснай Расеі й паўночны ўсход сучаснай Украіны (курганная гіпотэза, найчасьцей распаўсюджаная гіпотэза прарадзімы індаэўрапейцаў).

У сучаснай лінгвістыцы індаэўрапейскія мовы прынята падзяляць на дзесяць асноўных галінаў, якія разгаліноўваюцца на групы, падгрупы й асобныя мовы. Некаторыя з індаэўрапейскіх моваў прынята не залічваць да ніводнае з галінаў, праз што яны разглядаюцца як асобныя адгалінаваньні індаэўрапейскай сям’і. У наступным разьдзеле галіны індаэўрапейскіх моваў прыведзеныя паводле старажытнасьці іх першых пісьмовых помнікаў.

  1. Анаталійская галіна — найбольш старажытныя пісьмова засьведчаныя з індаэўрапейскіх моваў. У неіндаэўрапейскай, сэміцкай акадзкай мове ўжо ў ХІХ-ХХ ст. да н. э. зьяўляюцца першыя фіксацыі словаў гецкай і лювійскай моваў, адных з анаталійскіх моваў. Першыя тэксты, цалкам складзеныя на гэтых мовах (гецкай) — 1650 гг. да н. э.[1][2].
  2. Грэцкая галіна — узьнікненьне фрагмэнтарных запісаў на мікенскай мове ў 1450—1350 гг. да н. э.[3]
  3. Індаіранская галіна — прыкладна 1400 гг. да н. э.
  • Індаарыйская група — першыя фіксацыі прыблізна ў 1400 гг. да н. э. са зьяўленьнем у гецкіх тэкстах сьлядоў некаторых словаў індаарыйскага паходжаньня[4][5]. З ІІІ ст. да н. э. — пісьмовыя помнікі ў выглядзе пракрыту, пісьмовая традыцыя захоўвалася дзякуючы Рыгвэдзе й вэдыйскай мове.
  • Іранская група — першыя пісьмовыя помнікі ў якасьці авэстыйскай мовы.
  • Дардзкая й нурыстанская групы — параўнальна позьнія фіксацыі, у большасьці моваў — адсутнасьць пісьмовых помнікаў старога пэрыяду або згадак сучасьнікаў з прычыны іх адноснай ізаляцыі. Вялікая частка дасьледаваньняў (асабліва старых) уключаюць дардзкія мовы ў склад індаарыйскіх, не вылучаючы іх як асобны таксон сярод індаіранскіх. Акрамя таго, нурыстанскія мовы памылкова лічыліся часткай дардзкіх.
  1. Італійская галіна, у тым ліку лаціна з нашчадкавымі раманскімі мовамі — першыя пісьмовыя помнікі прыпадаюць на VII ст. да н. э.
  2. Кельцкая галіна — зьяўленьне пісьмовых помнікаў у VI ст. да н. э. у выглядзе мёртвай гальскай мовы. Першыя фіксацыі продкаў цяпер існуючых моваў — для архаічнай ірляндзкай мовы, V ст. н. э.
  3. Германская галіна — раньнія сьведчаньні рунічным пісьмом у ІІ ст. н. э.
  4. Армянская мова — у складзе індаэўрапейскай сям’і вылучаецца ў якасьці асобнай галіны. Першыя пісьмовыя помнікі — пачатак V ст. н. э.
  5. Тахарская галіна — галіна вымерлых моваў, што складалася з моваў, умоўна вядомых як тахарская А і тахарская B; былі распаўсюджаныя на захадзе Кітаю ў сучасным Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне. Існавалі ва ўжытку задоўга да нашай эры, аднак першыя пісьмовыя помнікі прыпадаюць толькі на пэрыяд VI—IX ст. н. э. Зьніклі ў сувязі зь цюрскімі заваёвамі прыкладна ў Х ст. н. э.
  6. Балта-славянская галіна — галіна індаэўрапейскіх моваў, якая ўтвараецца славянскімі й балтыйскімі мовамі. На думку шэрагу індаэўрапэістаў, славянскія й балтыйскія мовы складаюць адзіную ўласную галіну ў складзе індаэўрапейскай сям’і[6], што, аднак, ставіцца пад сумнеў іншымі лінгвістамі, на думку якіх балта-славянскія падабенствы тлумачацца ўзаемным кантактным уплывам.
  • Славянская галіна — узьнікненьне першых пісьмовых помнікаў з ІХ ст. н. э. у якасьці стараславянскай мовы.
  • Балтыйская галіна — адносна позьнія пісьмовыя помнікі (з XIV ст.), што зьвязана з ізаляцыяй тагачасных балтыйскіх плямёнаў ды іх позьняй інтэграцыяй у дзяржаўныя ўтварэньні Эўропы. Зьяўляюцца досыць архаічнымі ў параўнаньні зь іншымі індаэўрапейскімі мовамі, маючы шмат рысаў, якія прыпісваюцца праіндаэўрапейскай мове.
  1. Альбанская мова — аналягічна з армянскай мовай не залічваецца да будзь-якіх галінаў індаэўрапейскай сям’і і лічыцца асобнай галіной у складзе індаэўрапейскай сям’і. Першыя пісьмовыя помнікі прыпадаюць на XIV ст. Існуюць гіпотэзы, згодна зь якімі праальбанская мова можа мець сваё паходжаньне ад адной з старажытных індаэўрапейскіх моваў Балканаў (г.зв. палеабалканскія мовы)[7].

У дадатак да сучасных моўных галінаў і гістарычна засьведчаных вымерлых галінаў гістарычна існавалі іншыя індаэўрапейскія мовы, дакладная клясыфікацыя якіх унутры індаэўрапейскай сям’і паддаецца цяжкасьцям.

  1. Ілірыйскія мовы — мёртвыя мовы, мелі сувязі зь мёртвай мэсапскай мовай і, згодна зь некаторымі гіпотэзамі, з альбанскай мовай.
  2. Вэнэцкая мова — мова, распаўсюджаная ў антычныя часы на паўночным захадзе Італіі. Паводле шэрагу гіпотэзаў магла мець сувязі з італійскімі або кельцкімі мовамі, мае шмат паралеляў з германскімі мовамі.
  3. Лібурнская мова — мова, распаўсюджаная ў антычныя часы на заходнім узьбярэжжы Харватыі. Прыналежнасьць да індаэўрапейскіх зьяўляецца спрэчнай.
  4. Мэсапская мова — мова, распаўсюджаная за антычнымі часамі ў сучаснай Апуліі. Зьяўляецца неканчаткова расшыфраванай.
  5. Фрыгійская мова — мова, распаўсюджаная ў антычныя часы на паўночным захадзе сучаснай Турэччыны. Меркавана мела сувязі з грэцкай, тракійскай і армянскай мовамі.
  6. Пэанійская мова — мова, распаўсюджаная ў антычныя часы на поўнач ад сучаснай Грэцыі.
  7. Тракійская мова — мова, распаўсюджаная ў антычныя часы ў гістарычным рэгіёне Тракія. Мела фіксацыі грэцкай і лацінскай пісьмовасьцю.
  8. Дакійская мова — мова, распаўсюджаная да другой паловы першага тысячагодзьдзя н. э. на тэрыторыяй сучаснай Румыніі, Малдовы, сумежных частак суседніх краінаў. Паступова была выцесьненая вульгарнай лацінай, зь якой разьвілася румынская мова.
  9. Старажытнамакедонская мова — меркавана мела сувязі грэцкай, ілірыйскімі, тракійскай або фрыгійскай мовамі.
  10. Лігурская мова — мова, што была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснае Лігурыі. На думку некаторых лінгвістаў мелі сувязі з кельцкімі мовамі або належала да іх[8].
  11. Сыкульская мова — мова дагрэцкага й дакартагенскага насельніцтва цэнтральнай Сыцыліі. Высоўваюцца гіпотэзы пра прыналежнасьць да італійскіх або да даіндаэўрапейскіх моваў[9].
  12. Люзытанская мова — адна з дараманскіх моваў сучаснай Партугаліі й паўднёва-заходняй Гішпаніі. Верагодна, мела сувязі з кельцкімі, італійскімі або лігурскай мовамі.

Агульныя прынцыпы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знаходжаньне ўсіх індаэўрапейскіх моваў у складзе індаэўрапейскае сям’і моваў вызначаецца іх узаемнай генэтычнай роднасьцю, што, у сваю чаргу, вызначае паходжаньне ўсіх індаэўрапейскіх моваў ад аднаго продку — праіндаэўрапейскай мовы. Разьмеркаваньне ўсіх індаэўрапейскіх моваў па галінах, групах і падгрупах гэтае сям’і таксама вызначаецца паводле крытэру наяўнасьці агульных інавацыяў, якія не існуюць у іншых індаэўрапейскіх мовах. Прыкладам да таго, вялікая частка славянскіх моваў (славянская галіна індаэўрапейскай сям’і) мае шэраг уласьцівасьцяў адносна структуры й фаналёгіі, якія паўстаюць ад агульнай мовы-продку — праславянскай мовы. Усе мовы-продкі сучасных галінаў індаэўрапейскае сям’і, як правіла, аддзяляліся ад праіндаэўрапейскае мовы, дробячыся пазьней на асобныя мовы. Гэты працэс не адбываўся раўнамерна: так, большасьцю сучасных лінгвістаў прызнана аддзяленьне праанаталійскае мовы як першае з гэтых моваў.

Да свайго распаду на праіндаэўрапейскай мове, хутчэй за ўсё, размаўляла адносна цэлая этнапляменная супольнасьць, умоўна вядомая як праіндаэўрапейцы. На падставе лінгвістычных, археалягічных і нават біялягічных (спрадвечны характар лексэмаў для пазначэньня тых ці іншых відаў флёры й фаўны) крытэраў вылучаюцца некалькі гіпотэзаў прарадзімы індаэўрапейцаў (то бок, тэрыторыі, на якой пражывалі праіндаэўрапейцы да свайго распаду на іншыя этнапляменныя групы). Найбольш папулярнымі гіпотэзамі зьяўляюцца курганная гіпотэза (якая месьціць прарадзіму індаэўрапейцаў на поўдні Расеі й усходзе Ўкраіны), анаталійская гіпотэза (усходняя Турэччына), армянская гіпотэза (Армянскае сугор’е), гіпотэза палеалітычнае бесьперапыннасьці (Балканы, Панонія) і гіпотэза сыходу з Індыі (паўночны захад Індыі). Найбольшую падтрымку й аргумэнтную базу мае курганная гіпотэза, найменшую — гіпотэза сыходу з Індыі, зрэшты, ніводная зь іх не зьяўляецца агульнапрынятай.

Датычна эвалюцыйнае гісторыі моўнае сям’і звычайна выкарыстоўваецца дрэвавідная мадэль, асабліва калі гістарычныя грамады не працягвалі шчыльныя кантакты пасьля распаду агульнай мовы-продку. Іншым поглядам зьяўляецца г.зв. хвалявідная мадэль, якая адлюстроўвае карціну запазычваньняў між асобнымі галінамі сям’і і, такім чынам, паказвае толькі ўзаемны ўплыў пасьля распаду, а не генэтычную клясыфікацыю.

Напрыклад, некаторыя лінгвісты сьцьвярджаюць, што найбольш выразныя асаблівасьці італійскіх моваў тлумачацца арэальным уплывам. Іншым прыкладам падобнага ўзаемнага ўплыву зьяўляецца наяўнасьць пэўнае колькасьці агульных інавацыяў у германскіх мовах і балта-славянскіх, якія больш праўдападобна тлумачацца арэальным уплывам, а не існаваньнем прагермана-балта-славянскай мовы. Зрэшты, існаваньне самой балта-славянскай галіны прызнаецца ня ўсімі лінгвістамі і часта таксама тлумачыцца як вынік узаемнага балцкага й славянскага ўплыву[10].

Балканскі моўны зьвяз ёсьць іншым сучасным прыкладам, дэманструючы агульныя падабенствы між мовамі розных галінаў індаэўрапейскай сям’і.

Гіпотэзы па галінах

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шэраг лінгвістаў высоўвалі або высоўваюць гіпотэзы пра існаваньне большых падабенстваў між некаторымі галінамі індаэўрапейскіх моваў, чым з астатнімі, што цягне за сабою гіпотэзы пра існаваньне галінаў, прамежкавых між індаэўрапейскай сям’ёю і галінамі індаэўрапейскай сям’і. Сярод падобных гіпотэзаў найвядомымі зьяўляюцца гіпотэзы італа-кельцкай, грэка-арыйскай, грэка-армянскай і германа-балта-славянскай галінаў, якія распадаюцца на адпаведныя падгаліны. Навуковае абгрунтаваньне падобных гіпотэзаў зьмяняецца зь цягам часу: так, у мінулым італа-кельцкая галіна лічылася прызнанай галіной у складзе індаэўрапейскай сям’і, аднак нацяпер большасьць лінгвістаў прызнае існаваньне ў складзе індаэўрапейскай сям’і толькі асобных італійскай ды кельцкай галінаў. У выпадку з італа-кельцкай гіпотэзай гэтаму паспрыяла няправільнае тлумачэньне большай часткі доказаў дадзенай гіпотэзы[11].

Існуюць агульныя рысы паміж фрыгійскай і грэцкай[12], тракійскай і армянскай[13] разам з індаіранскай галіною індаэўрапейскае сям’і[14], аднак гэтыя мовы прынята залічваць у склад індаэўрапейскае сям’і асобна, паколькі азначаная роднасьць не зьяўляецца цалкам даведзенай.

Некаторыя фундамэнтальныя рысы (напрыклад, выкарыстаньне аорысту з пэрфэктнай часьціцай -s) адсочваюцца між анаталійскімі й тахарскімі мовамі[15]. Зь іншага боку, падобныя падабенствы, як, напрыклад, між балтыйскімі й славянскімі мовамі, могуць тлумачыцца пазьнейшымі ўзаемнымі кантактамі[16].

Інда-гецкая гіпотэза пастулюе падзел індаэўрапейскае сям’і на дзьве галоўныя галіны — анаталійскую ды іншую, у якой сабраныя астатнія індаэўрапейскія мовы. Анаталійскія мовы маюць шэраг асаблівасьцяў, якія адасабляюць іх ад іншых індаэўрапейскіх, і якія тлумачацца захаваньнем у анаталійскіх архаічных рысаў або разьвіцьцём уласных інавацыяў у выніку працяглай ізаляцыі; сярод іншых доказаў на карысьць гіпотэзы — захаваньне ў анаталійскіх мовах індаэўрапейскіх зычных лярынгалаў і індаэўрапейскай сельскагаспадарчай тэрміналёгіі[17][18]. Нягледзячы на гэта, гіпотэза мае вялікую колькасьць контрааргумэнтаў[18][19].

Разьмеркаваньне індаэўрапейскіх моваў па галінах і групах звычайна адбываецца згодна з улікам генэтычных сувязяў і моўных зьменаў з прычыны таго, што дыфэрэнцыяцыя праіндаэўрапейскае мовы адбывалася ў выніку моўных кантактаў і набыцьця агульных інавацыяў на розных тэрыторыях.

У складзе індаэўрапейскай сям’і існуе групоўка моваў сатэм, якая звычайна тлумачыцца шэрагам інавацыйных зьменаў, што адбыліся ў пэўны гістарычны этап і пазьней распаўсюдзіліся па ўсім кантынуўме праіндаэўрапейскай мовы акрамя пэрыфэрыйных рэгіёнаў[18]. На думку Ф. Кортлянта, удзел у сатэмізацыі ўзялі продкі балтаў і славянаў, пасьля чаго сатэмныя рысы пачалі сваё распаўсюджаньне[20] (гл. падрабязьней у наступным разьдзеле).

Ужо ў 1890 годзе нямецкім лінгвістам П. фон Брадке была распрацаваная тэорыя пра падзел індаэўрапейскіх моваў на групу моваў сатэм і групу кентум. У сваёй працы фон Брадке высунуў вэрсію, што першапачатковыя індаэўрапейцы адрозьнівалі два віды гутуральных зычных гукаў, гутуральныя або вэлярныя ды два палятальныя шэрагі, з наяўнасьцю прыдыханьня й без. Фон Брадке палічыў вэлярныя як гутуральныя ў «вузкім сэнсе», акрэсьліўшы іх як «чыстыя K-гукі», палятальныя, на думку фон Брадке, часта ішлі перад лябіялізацыяй (агубленьнем). Апошняя прыкмета прымусіла фон Брадке прыйсьці да высновы пра падзел індаэўрапейскіх палятальных шэрагаў на сьпіранты (сьвісьцячыя) і чыстыя К-гукі, тыповымі прыкладамі чаго стала авэстыйскае слова satəm і лацінскае centum, празь якія тэорыя й атрымала сваю назву[21].

На цяперашні час тэорыя кентум-сатэм разьвітая й дапоўненая іншымі лінгвістамі і зьяўляецца агульнапрызнаным крытэрам фанэтычнай эвалюцыі індаэўрапейскіх моваў. Беларуская мова, зьяўляючыся часткай славянскай галіны, дэманструе тыповыя сатэмныя рысы, выяўляючы сьвісьцячыя гукі на месцы праіндаэўрапейскага *ḱ і зьліцьцё вэлярных зь лябіявэлярнымі.

У ХІХ — пачатку ХХ ст. меркавалася, што падзел на мовы кентум і мовы сатэм зьвязаны з геаграфічным падзелам з прычыны таго, што тыпова кентумныя мовы месьцяцца на захадзе індаэўрапейскага арэалу, тады як сатэмныя — на ўсходзе. Адкрыцьцё ў ХХ ст. тахарскіх моваў, якія знаходзіліся на крайнім усходзе тагачаснага расьсяленьня індаэўрапейцаў, але мелі тыпова кентумныя рысы, абвергла гэтае палажэньне.

Уключэньне тых ці іншых галінаў у кентумныя ці сатэмныя мовы не зьяўляецца выразна замацаваным з прычыны таго, што ступень сатэмізацыі або кентумізацыі можа хістацца (напрыклад, з усіх сатэмных моваў балтыйскія зьяўляюцца мовамі, у якіх сатэмныя рысы праяўленыя найменш за ўсе астатнія з сатэмных).

Гіпотэзы вышэйшае роднасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя лінгвісты прапаноўваюць гіпотэзы, згодна зь якімі індаэўрапейская сям’я ўваходзіць у настратычную надсям’ю і ў яе рамках аб’ядноўваецца з картвэльскай, уральскай, дравідыйскай і афразійскай сем’ямі. Апрача таго існуюць тэорыі эўразійскай, пантыйскай ды інда-ўральскай сем’яў, аднак усе яны, разам з настратычнай, застаюцца ў вялікай ступені дыскусійнымі і не прызнаюцца большасьцю лінгвістаў.

Сур’ёзнай перашкодай у пляне доказаў падобных гіпотэзаў зьяўляецца цяжкасьць адрозьненьня агульных падабенстваў ад позьніх запазычваньняў.

Індаэўрапейскія мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Індаэўрапейскія мовы

Ніжэй прыведзены пералік моваў, якія большасьцю лінгвістаў прызнаюцца ў якасьці моваў, прыналежных да індаэўрапейскай сям’і. Увесь сьпіс гэтых моваў разьмеркаваны па галінах індаэўрапейскай сям’і, якія, у сваю чаргу, драбяцца на групы й падгрупы.

Колькасьць моваў можа хістацца ў залежнасьці ад спрэчнага статусу некаторых моваў, якія часам могуць лічыцца дыялектамі іншых моваў, і наадварот (напрыклад, русінская, шатляндзкая германская, латгальская). Мёртвыя мовы пазначаныя сымбалем крыжа.

Мовы, што не адносяцца да будзь-якой галіны індаэўрапейскай сям’і і лічацца мовамі, якія ўваходзяць у яе непасрэдна, указаныя асобна. Некалькі моваў, якія не ўтвараюць асобнай галіны ў складзе індаэўрапейскай сям’і і дачыненьне якіх адносна іншых галінаў недаведзенае, указаныя асобна.

Справа прыведзенае дрэва клясыфікацыі індаэўрапейскай сям’і ў выглядзе схемы.

Шэрагам лінгвістаў індэўрапейскі характар прыпісваўся мове бурушаскі (Ілія Чашуле, на падставе лексычных сыходжаньняў, без шырокай падтрымкі) і філістымлянскай мове (мова старажытных філістымлянаў).

Схема клясыфікацыі індаэўрапейскіх моваў

Анаталійская галіна †

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Германская галіна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індаіранская галіна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Італійская галіна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сабэльская група †
    • Оская мова †
      • Вольская мова †
    • Умбрская мова †
  • Лаціна-фаліская група
  • Вэнэцкая мова (прыналежнасьць да італійскіх дыскусійная) †

Славянская галіна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Тахарская А
  • Тахарская В

Ніжэй прыведзеныя мовы, клясыфікацыя якіх адносна іншых галінаў індаэўрапейскае сям’і неабгрунтаваная.

  1. ^ The peaks and troughs of Hittite (анг.). Лейдэнскі ўнівэрсытэт. Праверана 6 сакавіка 2014 г.
  2. ^ Hans G. Güterbock The Hittite computer analysis project. — oi.uchicago.edu. — С. 23.
  3. ^ Tablet Discovery Pushes Earliest European Writing Back 150 Years (анг.) science20.com Праверана 6 сакавіка 2014 г.
  4. ^ Allied Publishers. Indian History. — Allied Publishers.
  5. ^ Mittani (анг.). Ancient History Encyclopedia. Праверана 6 сакавіка 2014 г.
  6. ^ Гл. напрыклад Schleicher 1861, Szemerényi 1957, Collinge 1985, Beekes 1995.
  7. ^ Thracian (анг.) MultiTree:A Digital Library of Language Relationships Праверана 6 сакавіка 2014 г.
  8. ^ Kruta, Venceslas. The Celts. — Thames and Hudson, 1991. — С. 54.
  9. ^ Fine, John. The ancient Greeks: a critical history. — 1985. — С. 72. — ISBN 0674033140
  10. ^ Бернштейн С. Б. Сравнительная грамматика славянских языков. — М.: Издательство Московского университета, Издательство «Наука», 2005. — С. 31-36.
  11. ^ Mallory J.P., D. Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European Culture. — London: Fitzroy Dearborn, 1997.
  12. ^ Lubotsky. 26 // The Old Phrygian Areyastis-inscription. — Kadmos, 1988. — С. 9-26.
  13. ^ F. Kortlandt. 31 // The Thraco-Armenian consonant shift. — Linguistique Balkanique, 1988. — С. 71-74.
  14. ^ Renfrew, Colin. Archaeology & Language. The Puzzle of the Indo-European Origins. — London: Jonathan Cape, 1987. — ISBN 0-224-02495-7
  15. ^ Энцыкляпэдыя Britannica, 22-е выд.
  16. ^ George S. Lane, Douglas Q. Adams. The Tocharian problem // Энцыкляпэдыя Britannica. — 15-е выд..
  17. ^ Renfrew, C. The Anatolian origins of Proto-Indo-European and the autochthony of the Hittites / R. Drews. — Washington: Institute for the Study of Man, 2001. — С. 36-63.
  18. ^ а б в Энцыкляпэдыя Britannica, 15-е выд.
  19. ^ Holm, Hans J. The Distribution of Data in Word Lists and its Impact on the Subgrouping of Languages / Preisach, Christine; Burkhardt, Hans; Schmidt-Thieme, Lars et al. — Data Analysis, Machine Learning, and Applications. Proc. of the 31st Annual Conference of the German Classification Society (GfKl), University of Freiburg, March 7–9, 2007. — Heidelberg-Berlin: Springer-Verlag, 2008. — ISBN 978-3-540-78239-1
  20. ^ Frederik Kortlandt. The spread of the Indo-Europeans. — 1989.
  21. ^ von Bradke, Peter. Über Methode und Ergebnisse der arischen (indogermanischen) Alterthumswissenshaft. — Giessen: Ricker'che Buchhandlung, 1890.