Перайсьці да зьместу

Ніжненямецкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ніжненямецкая мова
Plattdüütsch, Nedderdüütsch
Ніжненямецкія дыялекты на мапе Эўропы (лічбы 1 — 10)
Ужываецца ў Нямеччыне, Нідэрляндах, Даніі, Бразыліі, ЗША, Канадзе
Рэгіён Паўночная Эўропа, у меншай ступені — Амэрыка
Колькасьць карыстальнікаў
  • 5 000 000 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў Мэксыцы[1], Балівіі[2], Парагваі[3]
Статус: 7 Нясталы[d][4]
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-2(Б) nds
ISO 639-2(Т) nds
ISO 639-3 nds

Ні́жненяме́цкая мова (саманазва: Plattdüütsch, Nedderdüütsch) — мова інгвэонскае падгрупы[5] заходнегерманскае групы германскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і, распаўсюджаная пераважна на поўначы Нямеччыны і ўсходзе Нідэрляндаў. Паходзіць ад раньняе формы старажытнасаксонскае мовы. Колькасьць носьбітаў — прыкладна 5 млн чал.

Гістарычна тэрыторыя распаўсюджваньня ніжненямецкае мовы ўключала ў сябе сучасныя поўнач Польшчы, Калінінградзкую вобласьць Расеі і частку паўднёвае Летувы, аднак носьбіты мовы з гэтых рэгіёнаў выселеныя па заканчэньні Другой сусьветнай вайны. Ніжненямецкая мова была таксама мовай нямецкіх супольнасьцяў краінаў Балтыі.

Ніжненямецкая мова зьяўлялася лінгва-франка Ганзейскага зьвязу, праз што яна аказала значны ўплыў на мовы скандынаўскае групы германскае галіны (нарвэская, швэдзкая, дацкая, фарэрская, ісьляндзкая мовы).

Ніжненямецкая мова ў Эўропе распаўсюджаная галоўным чынам у паўночна-ўсходніх рэгіёнах Нідэрляндаў і поўначы Нямеччыны.

Дыялекты ніжненямецкае мовы былі шырока распаўсюджаныя ў шэрагу рэгіёнаў паўночнае Нямеччыны, такіх як Ніжняя Саксонія, Паўночны Райн — Вэстфалія, Шлезьвіг-Гальштайн, Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Саксонія-Ангальт, Брандэнбург, у якіх распаўсюджаная і зараз, аднак у значна меншай ступені. Разам з гэтым, у арэал распаўсюджваньня ніжненямецкае мовы традыцыйна ўваходзяць паўночныя часткі Гэсэну ды Турынгіі. Гістарычна мова мела носьбітаў у Польшчы і Балтыі, а таксама ў Бэрліне, аднак у Польшчы і Балтыі носьбіты зьніклі праз вынікі паваенных дэпартацыяў, у Бэрліне — з прычыны ўрбанізацыі і ўніфікацыі нацыянальнае палітыкі ў дзяржаве.

Апрача гэтага, вызначаная частка носьбітаў назіраецца серад невялікае колькасьці недэпартаваных немцаў паўночнага ўсходу Польшчы і ваколіцаў мястэчка Бранева (поўнач Польшчы, ля мяжы з Расеяй), носьбіты ніжненямецкае мовы таксама пражываюць на поўдні Ютляндыі, што ў Даніі.

Існуюць імігранцкія ніжненямецкія супольнасьці, якія на цяперашні момант пражываюць у краінах заходняга паўшар’я: у Канадзе, ЗША, Мэксыцы, Бэлізе, Вэнэсуэле, Балівіі, Аргентыне, Бразыліі, Парагваі й Уругваі. У некаторых з гэтых краінаў ніжненямецкая мова зьяўляецца адной з частак рэлігіі ды культуры мэнанітаў — адной з пратэстанцкіх дэнамінацыяў, чальцы якой у значнай колькасьці пражываюць таксама і ў краінах Амэрыкі. Гэтыя перасяленцы паходзяць у асноўным ад нідэрляндзкіх пасяленцаў, якія сьпярша пасяліліся ў рэгіёне Віслы ў XVIXVII стагодзьдзях, напрыканцы XVIIIХІХ стагодзьдзяў перасяліліся на тэрыторыі тагачаснай Расейскай імпэрыі, а ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя заснавалі паселішчы ў Амэрыцы.

Выжываньне мовы ў гэтых рэгіёнах знаходзіцца пад пагрозай. Тым ня менш, мову выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці мэнаніты Канады, мэнаніты захаду штату Нью-Ёрк (ЗША) практыкуюць памятныя сустрэчы, а нашчадкі нямецкіх перасяленцаў у Бразыліі нават захоўваюць своеасаблівы гонар датычна сваёй рэлігійнай спадчыны ды культуры.

Носьбіты ніжненямецкае мовы ў Нямеччыне звычайна называюць сваю мову словамі Plattdüütsch або Nedderdüütsch. Нідэрляндзкія носьбіты мовы звычайна пазначаюць сваю мову plat альбо словам, адпаведным сваёй вёсцы, мястэчку ці рэгіёну.

Афіцыйна ў Нямеччыне мова пазначаецца тэрмінам Niederdeutsch (літаральна па-беларуску: «ніжненямецкая»), у Нідэрляндах — Nedersaksisch (літаральна па-беларуску: «ніжнесаксонская»). Лінгвістычныя школы Нямеччыны выкарыстоўваюць тэрміны Plattdeutsch і Niederdeutsch, у той час як лінгвісты Нідэрляндаў ужываюць тэрміны Platduits і Nedersaksisch. У дацкай мове для пазначэньня мовы выкарыстоўваюцца прыметнікі Plattysk, Nedertysk альбо, радзей, Lavtysk.

Ніжненямецкая мова мэнанітаў звычайна ўказваецца тэрмінам Plautdietsch (ангельская, нямецкая, нідэрляндзкая літаратура, уласна саманазва).

Беларускі тэрмін ніжненямецкая зьяўляецца складовым прыметнікам і зьмяшчае корань ніжне-, які ўказвае на лінгвістычнае ды геаграфічнае супрацьпастаўленьне ніжненямецкае мовы верхненямецкім, што распаўсюджаныя значна паўднёвей — у паўднёвай Нямеччыне, Аўстрыі й Швайцарыі[6].

Існуе гутарковы тэрмін Platt, якім пазначаюцца абедзьве групы ніжненямецкіх дыялектаў і наогул любыя не-нямецкія ідыёмы. Гэтае слова ў асноўным выкарыстоўваецца ў паўночнай і заходняй Нямеччыне, аднак лічыцца некарэктным зь лінгвістычнага пункту гледжаньня[7].

Моўны код для мовы паводле ISO 639-2 утвораны ад тэрміну nedersaksisch і мае выгляд nds (нададзены ў траўні 2000 году).

Пад тэрмінам ніжненямецкая мова ў заходняй лінгвістычнай літаратуры могуць мець на ўвазе любыя заходнегерманскія дыялекты, у якіх не адбылося верхненямецкае перасоўваньне зычных, і якія пры гэтым ня могуць быць клясыфікаваныя як ніжнефранконскія або англа-фрыскія — гэтыя дыялекты апісваюцца ў існым артыкуле. Тым ня менш, тэрмін ніжненямецкая мова можа мець шырэйшы сэнс — пад гэтым тэрмінам могуць разумець значную частку заходнегерманскіх моваў і дыялектаў, у якіх няма верхненямецкага перасоўваньня зычных і якія пры гэтым ня могуць быць клясыфікаваныя як англа-фрыскія, праз што тэрмін уключае яшчэ й ніжнефранконскія дыялекты Нямеччыны (але бязь ніжнефранконскіх дыялектаў Нідэрляндаў, такіх як галяндзкая (нідэрляндзкая) мова).

Пытаньне пра самастойнасьць ніжненямецкае мовы або пра яе сутнасьць як дыялекту нямецкае альбо нідэрляндзкае мовы заставалася ў лінгвістыцы прадметам дыскусіяў.

У лінгвістыцы вылучаліся, у прыватнасьці, аргумэнты на карысьць статусу ніжненямецкіх дыялектаў як дыялектаў нямецкае мовы[8][9]. Гэтыя тэзісы засноўваліся не на лінгвістычных, а грамадзка-палітычных аргумэнтах, праз што мова лічылася псэўдадыялектызаванай Abstandsprache[a].

У адрозьненьне ад гэтых тэзісаў, старажытнасаксонская і сярэдненіжненямецкая (мова-продак ніжненямецкай) мовы звычайна лічацца асобнымі мовамі. З XVIII ст. ніжненямецкая мова зазнала значны заняпад шляхам успрыманьня рысаў верхненямецкае й нідэрляндзкае мовы, праз што будучыя носьбіты страцілі здольнасьць размаўляць на ранейшай, уласна ніжненямецкай форме мовы.

На просьбу ўраду нямецкае фэдэральнае зямлі Шлезьвіг-Гальштайн урад Нямеччыны надаў ніжненямецкай мове статус рэгіянальнай. Афіцыйныя ўстановы ў Шлезьвіг-Гальштайне абавязаныя прымаць заявы на ніжненямецкай мове нароўні са стандартнай нямецкай[10]; пры гэтым, вярхоўны фэдэральны суд Нямеччыны абавязаў у асобным выпадку забесьпячэньне абслугоўваньня на ніжненямецкай нават у Мюнхэне — горадзе, які не знаходзіцца ўнутры ніжненямецкага моўнага арэалу.

З 1999 году ніжненямецкая мова прызнаная як рэгіянальная мова ўрадамі Нямеччыны й Нідэрляндаў паводле Эўрапейскае хартыі рэгіянальных моваў. Тым ня менш, артыкул 1а Хартыі не прадугледжвае падобны статус для дыялектаў афіцыйных моваў (у выпадку, калі лічыць ніжненямецкую дыялектам нямецкай). Прыхільнікі разьвіцьця ніжненямецкае мовы лічаць, што падобнае рашэньне стане штуршком для прызнаньня ніжненямецкай мовы як асобнай мовы і дапаможа пашырыць галіны ўжываньня мовы[11].

Клясыфікацыя і роднасныя мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Лінія Бэнрата.

Зь лінгвістычнага пункту гледжаньня ніжненямецкая мова належыць да заходнегерманскага дыялектнага кантынуўму.

На захадзе ніжненямецкая мова паступова пераходзіць у ніжнефранконскія дыялекты, у якіх маюцца два канчаткі множнага ліку ў адрозьненьне ад аднаго канчатку множнага ліку ў ніжненямецкай. На поўдні арэал ніжненямецкае мовы мяжуе зь сярэдненямецкай дыялектнай групай верхненямецкіх дыялектаў (моваў/ідыёмаў), у якіх, у адрозьненьне ад ніжненямецкай, адбыўся працэс перасоўваньня зычных. Гэты падзел грунтуецца на г.зв. лініі Бэнрата, якая зьяўляецца ізаглёсай maken — machen і аддзяляе ніжненямецкія дыялекты ад верхненямецкіх. На ўсходзе ніжненямецкая мова мела мяжу з кашубскай мовай, а па сканчэньні Другой сусьветнай вайны і засяленьні захаду сучаснае Польшчы палякамі — цяпер і з польскай. Поўначчу й паўночным захадам арэал ніжненямецкае мовы мяжуе з фрыскімі й дацкай мовамі, пры гэтым, гістарычна ніжненямецкая мова аказала моцны ўплыў на фрыскія мовы, значна скараціўшы арэал іх распаўсюджваньня (у прыватнасьці, ніжненямецкая мова геаграфічна поўнасьцю атачае затэрляндзкую фрыскую мову). Дыялекты ніжненямецкае мовы гэтых рэгіёнаў маюць значны фрыскі субстрат.

Некаторыя дасьледчыкі клясыфікуюць ніжненямецкую мову як мову ў складзе інгвэонскае падгрупы поруч з ангельскай, фрыскімі мовамі і мовай скотс, аднак большая частка лінгвістаў не ўключае ніжненямецкую мову ў склад гэтых моваў (якія часта называюцца англа-фрыскімі) з прычыны наяўнасьці ў ніжненямецкай толькі невялікае часткі адметных інгвэонскіх рысаў: напрыклад, у ніжненямецкай мове толькі ў частцы дыялектаў рэалізавалася правіла насавых сьпірантаў (згодна зь якім, у шэрагу словаў англа-фрыскіх моваў выпаў гук /n/) і поўнасьцю адсутнічае паляталізацыя гуку /k/ на ўзор англа-фрыскіх (параўн. ніжненямецкае Kees/Kaise, нямецкае Käse, нідэрляндзкае kaas з фрыскім tsiis і ангельскім cheese).

Ніжненямецкая мова характарызуецца выразнай дыялектнай раздробненасьцю. Група дыялектаў ніжненямецкае мовы Нідэрляндаў звычайна вылучаецца асаблівым чынам і мае назву ніжнесаксонскія дыялекты Нідэрляндаў.

Дыялекты Нямеччыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Заходненіжненямецкая (ніжнесаксонская) група дыялектаў:
    • Усходнефрыскі дыялект (ня блытаць з усходнефрыскай мовай);
    • Паўночнаніжнесаксонскі дыялект;
    • Вэстфальская мова (дыялект/ідыём);
    • Остфальскі дыялект.
  • Усходненіжненямецкая група дыялектаў:
    • Марска-брандэнбурскі дыялект;
    • Мэкленбурска-пярэднепамяранскі дыялект;
    • Сярэднепамяранскі дыялект;
    • Усходнепамяранскі дыялект;
    • Ніжнепрускі дыялект (ня блытаць з прускай мовай, якая ўвогуле не належыць да германскіх моваў);
    • Пляўтдытч (нямецка-пляцкі дыялект) — ніжненямецкае маўленьне мэнанітаў, часта выкарыстоўваецца дыяспарай.

Дыялекты Нідэрляндаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжнесаксонскія дыялекты Нідэрляндаў, якія таксама могуць вызначацца як галяндзкія, уключаюць:

  • Вэстэрквартырская група дыялектаў:
    • Калюмэрпомстэрскі дыялект;
    • Калюмэрляндзкі дыялект;
    • Мідагляндзкі дыялект;
    • Сярэдневэстэрквартэрскі дыялект;
    • Паўднёвавэстэрквартэрскі дыялект;
  • Гронінгенская група дыялектаў:
    • Гагеляндстэрскі дыялект;
    • Стадсгронінгенскі дыялект;
    • Вэстэрвольдзкі дыялект;
    • Вээкаляніяльскі дыялект;
    • Альдамбтстэрскі дыялект;
  • Стэлінгварфскі дыялект;
  • Сярэднедрэнцкі дыялект;
  • Паўднёвадрэнцкі дыялект;
  • Твэнцкі дыялект;
  • Твэнцка-граафшапскі дыялект;
  • Гелдэрс-авэрэйсэльская група дыялектаў:
    • Ахтэрхооцкі дыялект;
    • Саляндзкі дыялект;
    • Уркерскі дыялект;
  • Вэлюўскі дыялект;
    • Усходняя, заходняя гаворкі.

Старажытнасаксонскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя разьвіцьця ніжненямецкае мовы пачынаецца з пэрыяду існаваньня старажытнасаксонскае мовы, таксама вядомай як старажытнаніжненямецкай. Задакумэнтаваны пэрыяд існаваньня мовы цягнецца з ІХ да ХІІ стагодзьдзя, калі пачынаецца пэрыяд існаваньня сярэдненіжненямецкае мовы. Носьбіты гэтае мовы былі вядомыя як саксы, якія жылі на паўночна-заходнім узьбярэжжы Нямеччыны і ў Даніі. Гэтая мова была цесна зьвязанай са старажытнафрыскай і стараангельскай мовамі, яе часткова закрануў працэс узьнікненьня правіла насавых зычных інгвэонскіх моваў. На гэтай мове захавалася параўнальна невялікая частка пісьмовых тэкстаў.

Сярэдненіжненямецкі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэдненіжненямецкая мова зьяўляецца непасрэдным продкам сучаснай ніжненямецкай мовы. Пэрыяд яе існаваньня адзначаецца прыкладна ХІІXVI стагодзьдзямі. Гэтая мова ўтварала дыялектны кантынуўм зь іншымі заходнегерманскімі мовамі — сярэднегаляндзкай на захадзе і сярэдневерхненямецкай на поўдні, якая пазьней разьвілася ў раньненоваверхненямецкую мову. Сярэдненіжненямецкая мова зьяўлялася лінгва-франка Ганзейскага зьвязу, з прычыны чаго яна была распаўсюджаная па ўсім узьбярэжжы Паўночнага й Балтыйскага мораў. Разьвілася літаратурная мова на аснове гаворкі Любэку, якая, аднак, так і не была кадыфікаваная.

Па сканчэньні існаваньня Ганзейскага зьвязу пачаўся заняпад ніжненямецкае мовы, які паскорыла распаўсюджваньне адукацыі ў Нямеччыне ў ХІХХХ стагодзьдзях.

У пачатку ХХ ст. нідэрляндзкія дасьледчыкі спрабавалі аргумэнтаваць, што выкарыстаньне дыялектаў перашкаджае вывучэньню літаратурнае дзяржаўнае мовы, з-за чаго зносіны на ніжненямецкай не рэкамэндаваліся. Тым ня менш, многія бацькі працягвалі размаўляць са сваімі дзецьмі па-ніжненямецку, бо яны звычайна не валодалі нідэрляндзкай, а рэгіёны іх пражываньня (усход Нідэрляндаў) эканамічна былі слаба зьвязаныя з цэнтральнай часткай краіны, на дыялектах якой заснаваная літаратурная нідэрляндзкая мова. Да сярэдзіны XVIII ст. сярэдненіжненямецкая таксама зьяўлялася афіцыйнай мовай спачатку Кальмарскай уніі, а па яе распадзе — Швэцыі й Даніі-Нарвэгіі.

З падвышэньнем адукацыі і паглыбленьнем глябалізацыі ніжненямецкія (ніжнесаксонскія) дыялекты Нідэрляндаў скарацілі сфэру свайго ўжываньня, што асабліва яскрава адзначылася ў местах ніжнесаксонамоўных частак Нідэрляндаў. Для жыхароў гэтых рэгіёнаў, якія нарадзіліся да 1980-х гадоў, адзін зь ніжнесаксонскіх дыялектаў часта зьяўляўся родным. Зь сярэдізны 1970-х гадоў і надалей пачалі атрымоўваць папулярнасьць музычныя гурты й выканаўцы, якія складалі свае песьні на ніжнесаксонскіх дыялектах.

У сучасных Нямеччыне ды Нідэрляндах прыкладаюцца намаганьні па абароне ніжненямецкае мовы ў якасьці рэгіянальнай. Паводле некаторых падлікаў, ніжненямецкія дыялекты ў стане разумець прыкладна 10 млн чал., 3 млн чал. на поўначы Нямеччыны лічаць мову роднай. Большасьць з гэтых носьбітаў звычайна жывуць у сельскай мясцовасьці і зьяўляюцца людзьмі пажылога ўзросту. У Нідэрляндах распаўсюджваньне ніжненямецкае мовы шырэйшае: так, напрыклад, паводле дасьледаваньняў 2005 году, у гістарычным рэгіёне Твэнтэ, што на ўсходзе Нідэрляндаў, 62% насельніцтва выкарыстоўвае ніжнесаксонскія дыялекты штодня, амаль 75% — на рэгулярнай аснове.

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтычныя зьмены

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і англа-фрыскія і скандынаўскія мовы, ніжненямецкая мова не зазнала перамяшчэньня зычных на ўзор верхненямецкіх дыялектаў, апрача старажытнага пераходу /ð/ у /d/, з гэтае прычыны вялікая частка ніжненямецкае мовы мае фанэтычныя падабенствы з ангельскай мовай. Тым ня менш, існуюць адрозьненьні, такія як аглушэньне шумных зычных у канцы словаў, што адлюстравана ніжэй на прыкладзе словаў «добры» і «вецер». Падобная асаблівасьць уласьцівая таксама галяндзкай ды нямецкай мовам, у якіх дадаткова адлюстроўваецца пазыцыйная нэўтралізацыя супрацьпастаўленьня звонкіх і глухіх шумных у складзе (то бок, адбываецца пераход t = d у канцы складу). Гэтая зьява не адсочваецца ў ангельскай, акрамя графства Ёркшыр, дзе гэты пераход вядомы як Ёркшырская асыміляцыя[12].

У табліцы ніжэй прыведзенае адлюстраваньне перасоўваньня зычных у ніжненямецкай на прыкладзе параўнаньня некаторых словаў зь іхнымі аналягамі ў некаторых іншых германскіх мовах, дзе падобныя зрухі адбыліся, і з тых германскіх моваў, у якіх не адбылося падобных працэсаў.

Прагерманская
мова
Верхненямецкая
мова
Ніжненямецкая
мова
Галяндзкая
мова
Ангельская
мова
Нямецкая
мова
Заходнефрыская
мова
Швэдзкая
мова
k ch maken, moaken, maaken maken make machen meitsje maka (архаізм)
k k Kerl («хлопец») kerel churl Kerl[b] tsjirl (архаізм) karl
d t Dag, Dach dag day Tag dei dag
t ss eten, äten eten eat essen ite äta
t z (/t͡s/) teihn, tian tien ten zehn tsien tio
t tz, z (/t͡s/) sitten zitten sit sitzen sitte sitta
p f, ff Schipp, Schepp schip ship Schiff skip skepp[c]
p pf Peper, Päpa peper pepper Pfeffer piper peppar
β b Wief, Wiewer wijf, wijven[d] wife, wives Weib, Weiber[e] wiif, wiven viv[f]

З агульнага пункту гледжаньня ніжненямецкая мова мае шмат падабенстваў з граматыкамі нідэрляндзкай, заходнефрыскай, ангельскай моваў і мовы скотс, аднак дыялекты паўночнае Нямеччыны падзяляюць некаторыя рысы і зь нямецкай мовай, асабліва ў галіне сынтаксісу ды лексыкі.

  • Назоўнік:

У назоўніку ніжненямецкае мовы адзначаюцца толькі два марфалягічна маркіраваныя склоны. Пры гэтым, давальны й вінавальны склоны разам утвараюць ускосны склон, родны склон страчаны наогул. Ніжэй прыведзеныя прыклады маркіраваньня склонаў на ўзоры словаў Boom («дрэва»), Bloom («кветка»), Land («зямля [рэгіён]»):

  Мужчынскі Жаночы Ніякі
Адзіночны Множны Адзіночны Множны Адзіночны Множны
Назоўны een Boom, de Boom Bööm, de Bööm een Bloom, de Bloom Blomen, de Blomen een Land, dat Land Lannen, de Lannen
Ускосны een Boom, den Boom Bööm, de Bööm een Bloom, de Bloom Blomen, de Blomen een Land, dat Land Lannen, de Lannen

У большасьці сучасных дыялектаў ніжненямецкае мовы назоўны і ўскосны склоны адрозьніваюцца пераважна ў назоўніках мужчынскага роду адзіночнага ліку. У некаторых дыялектах (напрыклад, мэнаніцкім) таксама адрозьніваецца й родны склон: мужчынскі пэўны паказчык de мяняецца на dän. У адрозьненьне ад ніжненямецкай, нямецкая мова адрозьнівае чатыры склоны: назоўны, родны, давальны й вінавальны. Пэўны артыкль назоўніку мужчынскага роду адзіночнага ліку можа мець формы адпаведна der, des, dem і den, што, такім чынам, паказвае больш разнастайную сыстэму склонаў у нямецкай у адрозьненьне ад ніжненямецкай.

  • Дзеяслоў:

Ніжненямецкі дзеяслоў можа адрозьнівацца паводле асобы, ліку і часу. Паводле асобы можа адрозьнівацца толькі дзеяслоў у адзіночным ліку. З часоў, паводле якіх можа зьмяняцца дзеяслоў у ніжненямецкай, вылучаюцца цяперашні, прэтэрыт, пэрфэкт і плюсквампэрфэкт, а ў мэнаніцкай ніжненямецкай — яшчэ цяперашні пэрфэкт (напр., фраза Ekj sie jekomen азначае прыход апавядальніка і яго заставаньне на месцы прыходу. Праз адсутнасьць у беларускай мове падобнага часу можа быць перакладзена толькі прыблізна — «я прыйшоў»).

Прыклад зьмяненьня дзеясловаў у ніжненямецкай мове на ўзоры дзеяслову slapen («спаць»).

  Цяперашні
час
Прэтэрыт Пэрфэкт
Адзіночны Множны Адзіночны Множны Адзіночны Множны
1-я асоба ik slaap wi slaapt/slapen ik sleep wi slepen ik hebb slapen wi hebbt/hebben slapen
2-я асоба du slöppst ji slaapt/slapen du sleepst ji slepen du hest slapen ji hebbt/hebben slapen
3-я асоба he, se, dat slöppt se slaapt/slapen he, se, dat sleep se slepen he, se, dat hett slapen se hebbt/hebben slapen

У адрозьненьне ад галяндзкай, нямецкай і паўднёвых дыялектаў ніжненямецкае мовы, у паўночных ніжненямецкіх дыялектах дзеепрыметнік утвараецца без прыстаўкі ge- як у скандынаўскіх, заходнефрыскай і ангельскай мовах. У некаторых выпадках ge- можа не выкарыстоўвацца ў дыялектах паўднёвей Гронінгену, што значна паўднёвей.

Апрача гэтага, дзеяслоў мае 26 афіксаў.

Як і ў галяндзкай мове, ніжненямецкая мова мае прагрэсіўную форму дзеясловаў у цяперашнім часе. Яна фармуецца з дапамогаю дзеяслову ween («быць»), прыназоўнікаў an і dat:

  Ніжненямецкая Галяндзкая Ангельская
Галоўная
форма
Ik bün an’t Maken. Ik ben aan het maken. I am making.
Галоўная
форма 2
Ik do maken.[g] -
Альтэрнатыўная
форма
Ik bün an’n Maken.[h] Ik ben aan het maken. -
Альтэрнатыўная
форма 2
Ik bün maken.[i] Ik ben makende. I am making.
  • Галосныя:

Ніжэй прыведзенае кароткае апісаньне гукавага ладу ніжненямецкае мовы на прыкладзе пляцкага дыялекту.

Пазначэньне
(паводле IPA)
Апісаньне Прыклад
у слове
Монафтонгі
i~iː Неагублены галосны
пярэдняга шэрагу верхняга ўздыму
hia
ɪ Ненапружаны неагублены
галосны
пярэдняга шэрагу верхняга ўздыму
Kjint
ɛ Неагублены галосны
пярэдняга шэрагу сярэдне-ніжняга ўздыму
met
æ Ненапружаны галосны
пярэдняга шэрагу ніжняга ўздыму
Kjoakj
ɒ Агублены галосны
задняга шэрагу ніжняга ўздыму
Gott
ʊ Ненапружаны агублены
галосны
задняга шэрагу верхняга ўздыму
Bock
y Агублены галосны
пярэдняга шэрагу верхняга ўздыму
Hüs
ʌ~ɐ Неагублены галосны
задняга шэрагу сярэдне-ніжняга ўздыму;
ненапружаны галосны
сярэдняга шэрагу ніжняга ўздыму
Lost
ɜ~ɜː Неагублены галосны
сярэдняга шэрагу сярэдне-ніжняга ўздыму
ferhäa
ə Шва
(сярэдняга шэрагу ніжняга ўздыму)
schmäare
e Неагубленая галосная
пярэдняга шэрагу верхняга ўздыму
Tän

У адрозьненьне ад нямецкае мовы, у ніжненямецкай адсутнічаюць галосныя /ɛː, yː, œ, øː/, у шматлікіх дыялектах таксама /ʏ/. Маюцца дыфтонгі /ɔɪ, ɔʊ, yə/ і дыфтангічныя спалучэньні з вакалізаваным r: /iɐ, eɐ, oɐ, uɐ/ і г. д. Захоўваюцца старажытныя германскія ē, ō. Монафтангізуюцца ai, au (ням. Baum «дрэва», але ніжн.-ням. Bom), захоўваюцца вузкія доўгія галосныя.

  • Зычныя:

Ніжненямецкая мова ня мае адзінага інвэнтару зычных гукаў. Ніжэй прыведзены склад зычных гукаў паўночна-заходніх гаворак ніжнесаксонскіх дыялектаў[13]:

  Лябіяльныя Альвэалярныя Постальвэалярныя Палятальныя Глётальныя
Выбухныя p  b t  d   k  ɡ  
Фрыкатывы f  v s  z ʃ x  ɣ h
Насавыя m n   ŋ  
Апраксыманты   r l    

Адсутнічаюць афрыкаты, увулярнае r, у большасьці дыялектаў — палятальнае /ç/, маецца аналягічнае беларускаму /ɣ/. У мэнаніцкім дыялекце адзначаецца поўны палятальны шэраг /c, ɟ, ç j, ɲ/. Выпадзеньне ў шэрагу словах насавых сьпірантаў (гл. вышэй) з наступным падаўжэньнем галоснай.

Ніжненямецкая мова выкарыстоўвае пісьмовасьць на лацінскай аснове. Ніжненямецкая пісьмовасьць адрозьніваецца адсутнасьцю агульнапрынятых артаграфічных нормаў: носьбіты мовы ў Нідэрляндах выкарыстоўваюць пісьмовасьць на аснове галяндзкай артаграфіі, у Нямеччыне — на аснове нямецкай.

Існуе варыянт адзінай артаграфіі, распрацаваны арганізацыяй Sass. Гэты варыянт выкарыстоўваецца ў сучасных афіцыйных выданьнях і інтэрнэт-сайтах, у прыватнасьці ў ніжненямецкім разьдзеле Вікіпэдыі.

Разнастайнасьць у артаграфічных сыстэмах выкліканая шматвяковай адсутнасьцю афіцыйнага ўжытку і геаграфічнай адасобленасьцю, з прычыны чаго розная артаграфія стала ў сваім родзе адным з фактараў падзелу носьбітаў мовы. Большасьць гэтых артаграфічных сыстэмаў, што параўнальна зь беларускай артаграфіяй, засноўваюцца на фанэматычным, а не этымалягічным прынцыпе; апрача таго, некаторыя пісьменьнікі дазваляюць сабе адхіленьні ад гэтых артаграфіяў.

У 2011 некаторыя ўдзельнікі разьдзелу Вікіпэдыі на ніжнесаксонскіх дыялектах Нідэрляндаў распрацавалі свой асаблівы правапіс, які зьяўляўся кампрамісным варыянтам для ўсіх ніжнесаксонскіх дыялектаў, аднак мясцовыя ўстановы палічылі гэтую сыстэму непатрэбнай празь перасьцярогі заблытаньня пісьменьнікаў на асобных ніжнесаксонскіх дыялектах. Тым ня менш, новая артаграфія ўстаноўленая ў разьдзеле Вікіпэдыі па-ніжнесаксонску.

  1. ^ Неперакладаны тэрмін, якім пазначаюць ідыём, што структурна даволі дастаткова адрозьніваецца ад мовы, каб лічыцца асобнай мовай.
  2. ^ Запазычаньне зь ніжненямецкай.
  3. ^ З XVII ст. вымаўляецца праз /ʃ/.
  4. ^ Чаргаваньне Wief-wijf не зьяўляецца сэмантычным, гэтыя словы зьяўляюцца кагнатамі — словамі розных моваў, якія маюць адзін корань, паходжаньне і гучаньне як мінімум у дзьвюх самастойных мовах. Значэньні гэтых словаў у некаторых мовах зьмяніліся зь цягам часу: словы wijf, Weib, viv маюць архаічнае значэньне ў нямецкай і швэдзкай адпаведна і прыніжальнае — у галяндзкай. На цяперашні час правільнымі адпаведнікамі для панятку «жонка» ў галяндзкай, нямецкай, швэдзкай зьяўляюцца vrouw, Frau, fru адпаведна. У ангельскай мове не існуе адпаведнага слова-кагнату з вышэйузгаданымі словамі, аднак ёсьць у старажытнаангельскай — frōwe.
  5. ^ Гл. папярэднюю зноску.
  6. ^ Гл. папярэднюю зноску.
  7. ^ Замест формаў to wesen, wean («быць») для маркіраваньня цяперашняга працягнутага часу ў ніжнесаксонскіх дыялектах выкарыстоўваецца форма doon («рабіць»).
  8. ^ ’n — гутарковая форма.
  9. ^ Лічыцца архаізмам.
  1. ^ Los menonitas dejan México (гішп.) ABC.es Праверана 1 студзеня 2014 г.
  2. ^ Los menonitas en Bolivia (гішп.) CNNMeéxico.com Праверана 1 студзеня 2014 г.
  3. ^ Menonitas cumplen 85 años en Paraguay con prosperidad sin precedentes (гішп.) Elcomercio.com Праверана 1 студзеня 2014 г.
  4. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  5. ^ Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanischen und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Strasbourg: Hünenburg, 1942.
  6. ^ Напрыклад, паводле азначэньня Оксфардзкага слоўніка ангельскае мовы.
  7. ^ Mundart/Platt (ням.) Universität Augsburg Праверана 1 студзеня 2014 г.
  8. ^ Sanders, W. Sachsensprache — Hansesprache — Plattdeutsch. Sprachgeschichtliche Grundzüge des Niederdeutschen. — Göttingen: 1982.
  9. ^ J. Goossens. Niederdeutsche Sprache. Versuch einer Definition / J. Goossens.. — Niederdeutsch. Sprache und Literatur. — Neumünster: 1973 Т. I.
  10. ^ https://web.archive.org/web/20110719082318/http://www.schleswig-holstein.de/cae/servlet/contentblob/633574/publicationFile/SprachenchartaberichtDownload.pdf
  11. ^ Institut für niederdeutsche Sprache (ням.) INS Праверана 2 студзеня 2014 г.
  12. ^ John Wells. Accents of English. — Cambridge University Press, 1981. — С. 366-367.
  13. ^ R.E. Keller. German Dialects. Phonology and Morphology. — Manchester: 1960.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]