Гайдэльскія мовы
гайдэльская падгрупа | |
Народнасьць | шатляндцы (гэлы), ірляндцы, мэнцы |
---|---|
Арэал | Ірляндыя, Шатляндыя, Мэн |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Склад |
Гайдэ́льскія (гэ́льскія) мовы — адна з падгрупаў моваў астраўной групы кельцкіх моваў індаэўрапейскай моўнай сям’і. Уключаюць ірляндзкую, шатляндзкую гэльскую ды мэнскую. Носьбіты кожнае з трох пералічаных моваў называюць сваю проста «гэльскаю» (ірляндцы — Gaeilge, шатляндцы — Gàidhlig, мэнцы — Ghaelg).
Усе сучасныя гайдэльскія мовы паходзяць ад старажытнаірляндзкае мовы, якая існавала ў V — 11 стагодзьдзях, старажытнаірляндзкая, у сваю чаргу, ад архаічнаірляндзкай, вядомае толькі паводле агамічных надпісаў. Ад старажытнаірляндзкае паходзіў таксама галоўэйскі гэльскі дыялект, цяпер мёртвы. Гаворкі, што сталі продкамі шатляндзкай і мэнскай моваў, паўсталі ў сучаснай Вялікабрытаніі дзякуючы перасяленьні старажытных гэльскіх плямёнаў з востраву Ірляндыя, выцесьніўшы з Шатляндыі й востраву Мэн тамтэйшыя тагачасныя гаворкі брыцкага паходжаньня (напрыклад, узьнікненьне шатляндзкай мовы зьвязваецца з утварэньнем гэламі каралеўства Дал Рыяда на паўднёвым захадзе Шатляндыі).
Некаторыя рысы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пісьмовым дачыненьні гайдэльскія мовы маюць даволі архаічную пісьмовую норму, адметнай рысай якіх зьяўляецца шырокае выкарыстаньне спалучэньняў разнастайных літараў для пазначэньня адной фанэмы і залежнасьць знаходжаньня літары ў слове ад навакольных літараў. Выключэньне з гэтага складае мэнская мова, чыя артаграфія створаная пазьней за ірляндзкую й шатляндзкую і нагадвае ангельскія й валійскія пісьмовасьці.
Адносна дыялекталёгіі гайдэльскіх моваў адзначаецца вызначаная ўзаемназразумеласьць між усімі мовамі, а таксама дыялектны кантынуўм між ірляндзкай і шатляндзкай мовай: так, ольстэрскі дыялект ірляндзкай мовы шэрагам рысаў збліжаецца з шатляндзкай мовай, а дыялекты некаторых выспаў між Ірляндыяй і Шатляндыяй ня могуць быць дакладна залічанымі да ірляндзкай або шатляндзкай, зьяўляючыся пераходнымі між дзьвюма мовамі. Параўнальна зь іншымі кельцкімі мовамі вылучаюцца захаваньнем старажытнага кельцкага гуку *kʷ у выглядзе [k], які амаль ва ўсіх кельцкіх мовах перайшоў у [p]. У мэнскай мове і, у меншай ступені, шатляндзкай гэльскай — уплыў скандынаўскіх моваў, што зьвязана з скандынаўскімі ўварваньнямі на тэрыторыі Шатляндыі й Мэну.
Сучаснае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасныя гайдэльскія мовы зьяўляюцца мовамі, што ў пэўнай ступені знаходзяцца пад пагрозаю зьнікненьня. Мэнская мова вымерла адносна нядаўна — у ХХ ст., але на цяперашні час існуюць групы энтузіястаў, што адраджаюць мову, а сама мова мае некаторую рэгіянальную падтрымку на востраве Мэн. Ірляндзкая мова найбольш распаўсюджаная ў невялікіх ізаляваных рэгіёнах на паўночным захадзе, захадзе й паўднёвым захадзе востраву Ірляндыя, шатляндзкая — на Зьнешніх Гебрыдзкіх астравох (на паўночны захад ад асноўнай Шатляндыі) і, у меншай ступені, на гарыстым паўночным захадзе Шатляндыі (Гайлэнд). Ірляндзка- й шатляндзкамоўныя рэгіёны маюць назву гэлтахт, пры гэтым у Ірляндыі гэты тэрмін мае афіцыйны ўжытак.
Ірляндзкая мова зьяўляецца адной з афіцыйных моваў Рэспублікі Ірляндыя (побач з ангельскай) і адзінай кельцкай мовай, што мае афіцыйны статус у Эўрапейскім Зьвязе. Шатляндзкая й мэнская мовы абараняюцца ўрадам Вялікабрытаніі паводле прынятай краінай Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў, акрамя таго, паводле Хартыі й некаторых брытанска-ірляндзкіх пагадненьняў ірляндзкая мова мае рэгіянальную падтрымку ў Паўночнай Ірляндыі.