Перайсьці да зьместу

Маратгі (мова)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маратгі
मराठी
Ужываецца ў Індыі
Рэгіён штаты Магараштра, Гоа, Карнатака, Мадг’я-Прадэш, Чгатысгарг, Гуджарат, Андгра-Прадэш;
хаўрусныя тэрыторыі Дадра і Нагаргавэлі, Даман і Дыў, Дэлі
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Індыя: штат Магараштра;
хаўрусныя тэрыторыі Даман і Дыў, Дадра і Нагаргавэлі
Рэгулюецца Асацыяцыяй літаратуры Магараштры (Магараштра Сагіт’я Парышад)
Статус: 2 Правінцыйны[d][1]
Пісьмо дэванагары[d] і Modi[d]
Коды мовы
ISO 639-1 mr
ISO 639-2(Б) mar
ISO 639-2(Т) mar
ISO 639-3 mar

Мара́тгі (саманазва: मराठी; трансьл. Marāṭhī, вымаўл. [məˈɾaʈʰi]) — мова індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная ў заходняй частцы цэнтральнай Індыі, у прыватнасьці, у штаце Магараштра. Колькасьць носьбітаў складае каля 73 млн. чал.[2] , што робіць мову адной з найраспаўсюджаных моваў сьвету і чацьвертай паводле колькасьці носьбітаў мовай Індыі паводле зьвестак перапісу насельніцтва краіны ў 2001 годзе[3].

Мова маратгі адносіцца да пераліку з 23 моваў, афіцыйна прызнаных урадам Індыі; афіцыйная мова штату Махараштра, дзе большасьць насельніцтва складае індаарыйскі народ маратгі — асноўныя носьбіты мовы маратгі.

Арэал мовы маратгі.

Мова маратгі перадусім распаўсюджаная сярод насельніцтва штату Магараштра на захадзе цэнтральнай Індыі, дзе носьбіты мовы складаюць большасьць ад насельніцтва. Апрача іншага, маратгі таксама мае ўжытак ў памежных раёнах штатаў Гуджарат, Мадг’я-Прадэш, Гоа, Карнатака, Чгатысгарг ды Андгра-Прадэш, а таксама ў хаўрусных тэрыторыях Індыі Даман і Дыў ды Дадра і Нагаргавэлі. У згаданых штатах мова маратгі мае прыкметнае прадстаўленьне дзякуючы мігранцкім грамадам у такіх гарадох, як Барода, Сурат, Агмадабад, Бэлгаўм, Індаўр, Гваліёр, Адоні, Танджор.

У дыяспары мова распаўсюджаная перш за ўсё ў ЗША, Ізраілі, Маўрыцыі й Канадзе[3].

Маратгі мае афіцыйны статус у індыйскім штаце Магараштра і зьяўляецца адной з афіцыйных моваў у хаўрусных тэрыторыях Даман і Дыў і Дадра і Нагаргавэлі. У суседнім з штатам Магараштра штаце Гоа афіцыйны статус мае толькі блізкароднасная мова канкані, але ў гэтым штаце маратгі можа выкарыстоўвацца ў афіцыйных галінах дзейнасьці. Згодна з канстытуцыяй Індыі мова маратгі прызнаная як адна з 23 афіцыйных моваў краіны.

Мова маратгі адносіцца да г.зв. новаіндыйскіх моваў індаарыйскае групы — моваў, пачатак разьвіцьця й узаемнага адасабленьня пачынаецца прыкладна зь першае паловы ІІ тыс. н.э. Пачатак разьвіцьця мовы маратгі зь сярэднеіндыйскіх дыялектаў заклала ўзьнікненьне адной з формаў пракрыту — магараштры, пасьля якой пэўны пэрыяд існавала эпоха г.зв. апабграншы, позьняга пэрыяду разьвіцьця сярэднеіндыйскіх дыялектаў, якія існавалі пасьля пракрытаў і зьяўляліся непасрэдным зьвеньнем перад узьнікненьнем асобных новаіндыйскіх моваў.

Найстаражытным пісьмовым сьведчаньнем пісьмовае мовы маратгі зьяўляецца надпіс на тысячагадовай статуі ў горадзе Шравана-Бэлангола, што на поўдні Індыі. Надпіс зьмяшчае зьвесткі пра цара Гангараю, які аплаціў збудаваньне статуі, а таксама пра ягонага даводца Чамундараю, які кіраваў будоўляй.

Пачатак літаратуры на маратгі зьвязваецца са зьяўленьнем дынастыі Ядава, якая кіравала на захадзе Індыі з ІХ па XIV стагодзьдзі, прыняўшы мову маратгі ў якасьці афіцыйнай мовы судоў уласнае дзяржавы і спрыяючы тагачасным навукоўцам; а таксама з рэлігійнымі рухамі Маганубгаў-Пант і Варкары-Пант, якія прымянялі мову маратгі ў мэтах прасоўваньня ўласных рэлігійных поглядаў. У часы знаходжаньня на стальцы апошніх ядавідаў на маратгі складаецца вялікая колькасьць вершаванай і празаічнай літаратуры, працаў па астралёгіі й мэдыцыне, робяцца пераклады філязофскіх і гістарычных тэкстаў пэрыяду санскрыту — Пуранаў і Вэданты.

Самым раньнім узорам прозы на маратгі лічыцца твор Вівэкасындгу, напісаны блізу другой паловы ХІІ ст. Мукундараджам, іншы ягоны твор, Парамамрыта, зьяўляецца першай сыстэматычнай спробай складаньня камэнтароў да Вэданты на мове маратгі. У першай палове XIII ст. заўважную ролю ў папулярызацыі маратгі адыграў рэлігійны рух Маганубгаў. У другой палове гэтага ж стагодзьдзя адзначаецца дзейнасьць вядомага пісьменьніка Індыі, Днянэшвара, які займаўся перакладам сьвятых індуісцкіх тэкстаў з санскрыту на маратгі. Асноўным унёскам у разьвіцьцё тагачаснае літаратурнае мовы маратгі лічыцца дзейнасьць паэта Тукарама і паэтаў-чальцоў рэлігійнага руху Варкары.

Зь першае паловы XVII ст. роля маратгі ўзмацняецца дзякуючы заваёвам імпэрыі маратгаў, якая ў часы свайго росквіту займала тэрыторыі практычна ўсёй цэнтральнай Індыі, справаводзтва гэтага пэрыяду пераходзіць з пэрсыдзкае мовы, мовы папярэдняй Магольскае дынастыі, на мову маратгі. Незважаючы на гэта, да канца XVIII ст. пачынаецца адзначацца заняпад мовы.

З пачатку брытанскага кіраваньня Індыйскім паўвостравам умоўна адлічваецца сучасны пэрыяд у гісторыі мовы маратгі.

У першай палове ХІХ ст. дзякуючы дзейнасьці брытанскага місіянэра У. Кэры пачаўся працэс стандартызацыі граматыкі маратгі, ім жа быў складзены маратгі-ангельскі слоўнік. У 1831 годзе Дж. Томасам былі складзеныя больш поўныя ангельскія слоўнікі, але яны дагэтуль знаходзяцца ў выданьні. З 1830-х гадоў пачынаецца выхад пэрыядычных выданьняў.

Літаратурнае разьвіцьцё канца гэтага ж стагодзьдзя адзначалася значным уплывам ангельскае літаратурнае традыцыі з прычыны ангельскага культурнага ўплыву ў Брытанскай Індыі й пераважна брытанскай адукацыі мясцовай інтэлігенцыі. У пачатку ХХ ст. вылучаюць новы этап у эвалюцыянаваньні маратгамоўнае культуры, зьвязаны з актыўным разьвіцьцём драматургіі й складаньня музычных твораў.

Па абвяшчэньні незалежнасьці Індыйскага Зьвязу ў 1947 годзе маратгі трапляе ў пералік моваў, афіцыйна прызнаных фэдэральным урадам. У 1960-я гады адбываецца рэарганізацыя штатаў, межы якіх, будучы заснаванымі на ранейшых правінцыйных межах Брытанскай Індыі, былі зьмененыя ў адпаведнасьці зь лінгвістычнымі арэаламі найбуйнейшых этнічных групаў, у рамках чаго з тэрыторыяў старых штатаў быў вылучаны штат Магараштра, які ўключыў пераважна маратгамоўныя тэрыторыі Індыі. У сучаснай Індыі маратгі мае афіцыйны статус перадусім у штаце Магараштра, а таксама мае афіцыйны статус у памежных хаўрусных тэрыторыях Дадра і Нагаргавэлі й Даман і Дыў, мова пералічаная ў сьпісе 23 моваў, прызнаных фэдэральным урадам Індыі.

Сучасныя мовазнаўцы вылучаюць у складзе мовы маратгі 42 дыялекты, адрозьненьні між якімі ў асноўным палягаюць у лексыцы, фанэтыцы ды фаналёгіі. Дыялектам тэрыторыяў, што мяжуюць з арэаламі іншых індаарыйскіх моваў, як правіла, уласьцівыя характарыстыкі, якія збліжаюць іх з бліжэйшымі мовамі. Уласныя дыялекты маюць дыяспары маратгі ў іншых штатах Індыі, якія зьведалі гістарычную міграцыю ў гэтыя рэгіёны (паўднёвы, дэшэсцкі). Вядзецца праца арганізацыяў, якія ставяць на мэце захаваньне дыялектнае разнастайнасьці мовы маратгі. Гістарычна адасобленую пазыцыю займае г.зв. маратга-габрэйская мова — адна з габрэйскіх моваў, якая, як іншыя ідыёмы, абагульненыя пад тэрмінам габрэйскія мовы, зьяўляецца дыялектам адной з моваў рэгіёну пасяленьня габрэяў, у якім існуе пэўная колькасьць лексыкі сэміцкага паходжаньня.

Незважаючы на вялікую ступень дыялектнае раздробленасьці, дыялекты маратгі ў значнай ступені зьяўляюцца ўзаемназразумелымі[4].

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гукавы лад мовы маратгі ў асноўным мае паралелі зь іншымі мовамі індаарыйскае групы.

  • Зычныя:

На ўзор фанэтыкі іншых індаарыйскіх моваў маратгі ўласьцівая наяўнасьць прыдыхальных зычных, шырокае распаўсюджваньне афрыкатаў і існаваньне рэтрафлексных зычных, рэдкіх у іншых індаэўрапейскіх мовах. Ніжэй прыведзены лад зычных мовы маратгі[5].

  Лябіяльныя Зубныя Альвэалярныя Рэтрафлексныя Альвэапалятальныя Вэлярныя Глётальныя
Выбухныя
(глухія)
p

t̪ʰ
ts
ʈ
ʈʰ

tʃʰ
k
Выбухныя
(зычныя)
b

d̪ʱ
dz
dzʱ
ɖ
ɖʱ

dʒʱ
ɡ
ɡʱ
Фрыкатывы
(глухія)
s ʃ h
Насавыя m

n̪ʱ
ɳ
Плыўныя ʋ
ʋʱ
l ɾ
ɾʱ
ɭ̆[6] j

Старыя зубныя прыдыхальныя афрыкаты *tsʰ, dzʱ страцілі афрыкатную рэалізацыю, іх артыкуляцыя была зьмененая на /s/, [zʱ]. У пісьмовай мове сэрыі альвэалярных /ts, dz, zʱ/ не адрозьніваліся ад альвэапалятальных /tʃ, tʃʰ, dʒ, dʒʱ/.

  • Галосныя:

Ніжэй прыведзены лад галосных маратгі:

  Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
i   u
Сярэдняга
ўздыму
e ə o
Ніжняга
ўздыму
 æ a ɒ 

Лад галосных гукаў маратгі вылучаецца сярод іншых індаарыйскіх моваў захаваньнем назалізацыі галосных санскрыту (г.зв. анусвара, пазначаецца сымбалем у міжнароднай сыстэме трансьлітарацыі санскрыту). Акрамя гэтага, захоўваецца фінальны галосны ў шэрагу словаў, у кагнатах якіх у іншых індаарыйскіх моваў адбылася страта гэтага галоснага.

Марфалёгія мовы маратгі захоўвае шэраг паралеляў зь іншымі індаарыйскімі мовамі. Між іншым, марфалягічна мова супрацьпастаўленая іншым індаарыйскім з прычыны захаваньня трох граматычных радоў (мужчынскі, жаночы, ніякі), з усіх індаарыйскіх моваў ніякі род захаваны толькі ў маратгі. Акрамя дадзеных марфалягічных паказчыкаў, існуе стан (актыўны, пасіўны, загадны), адрозьніваюцца часьціны мовы (назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, прыслоўе, займеньнік і г.д.) і склон (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, мясцовы, ускосны), пры гэтым маратгі зьяўляецца адзінай індаарыйскай мовай, якая захоўвае мясцовы склон.

Прыметнік звычайна зьмяняецца паводле роду й ліку, аднак дадзеная акалічнасьць уласьцівая толькі прыметнікам, якія маюць фінальнае . Дзеяслоў можа зьмяняцца паводле часу (мінулы, цяперашні, будучы) і дапасоўвацца разам зь дзейнікам або дапаўненьнем, утвараючы актыўныя ды пасіўныя станавыя канструкцыі адпаведна, дапасаваньне дзеяслову ажыцьцяўляецца таксама зь іншымі членамі сказу.

Лексыка, што зьяўляецца запазычваньнямі санскрыцкага паходжаньня, пры скланеньні падпарадкоўваецца парадыгмам санскрыту.

Датычна займеньніку адрозьніваецца крытэр інклюзіўнасьці («мы безь цябе», але «мы з табою»), што не ўласьціва іншым індаэўрапейскім мовам і лічыцца сьлядамі ўплыву не-індаэўрапейскіх моваў Індастану (гл. таксама давэдыйскі субстрат).

Асноўны парадак словаў у сказе — SOV, сказ будуецца паводле схемы дзейнік-дапаўненьне-выказьнік[7].

Большую частку лексычнага фонду ўтвараюць лексэмы індаарыйскага паходжаньня, у прыватнасьці, згаданыя лексэмы маратгі маюць сваё паходжаньне з санскрыту, пракрытаў (асабліва з магараштры) і апабграншы. Гістарычныя кантакты арыяў з дравідыйцамі, якія пражывалі на тэрыторыі Індастану да прыходу індаарыйскіх плямёнаў, абумоўліваюць запазычваньні дравідыйскага паходжаньня, пазьнейшыя гістарычныя кантакты спрычыніліся да пранікненьня лексыкі пэрсыдзкага, арабскага, ангельскага й партугальскага паходжаньня. У першай палове ХХ ст. адзначылася дзейнасьць аднаго з ідэолягаў індыйскага нацыянальнага руху Вінаяка Дамадара Саваркара, які вёў працу па канструяваньні лексыкі з каранёў маратгі наўзамен лексычным запазычваньням зь іншых моваў.

Лексыка санскрыцкага паходжаньня акэрсьліваецца тэрмінам татсам, ёй характэрна агульнае захаваньне каранёў і частая страта фінальнага галоснага або зычнага (напрыклад, nantaram > nantar, karaṇam > karaṇ, vichitram > vichitra і г.д.).

Ангельскія лексэмы маюць шырокае выкарыстаньне ў гутарковай мове, праз што пры існаваньні адпаведніку маратгі паходжаньня перавага можа аддавацца ангельскаму запазычваньню (напрыклад, pen «асадка» пры існаваньні लोखणी lekhaṇii).

Словаўтварэньне ў маратгі ўключае ў сябе такія працэсы як суфіксацыя, прэфіксацыя й словаскладаньне, існуе даданьне пасьлялогаў[8]. У выпадку, калі пры словаскладаньні першы й другі карані маюць фінальны й ініцыяльны галосны адпаведна, гэты працэс падпарадкоўваецца правілу сандгі — марфалягічна замацаванай зьмене гукаў у залежнасьці ад іх месца ў слове або ва ўрыўку тэксту. Пры існаваньні ў другім корані ініцыяльнага зычнага, словаскладаньне рэгулюецца паводле самаасу, у якога, між іншага, не існуе вызначаных заканамернасьцяў. Словаўтварэньне ў лічэбніках вылучаецца наяўнасьцю асобных словаў для дробавых лічбаў 1/4, 1/2, 3/4, 3/2 і 5/2, а таксама разрадаў чыслаў да трыльёну, што збольшага характэрна для іншых індаарыйскіх моваў. Пры вымаўленьні (а таксама пры напісаньні назвы) лічбы ад 18 першым ужываецца назва другога разраду (напрыклад, 21 एक-वीस ēka-vīsa, літаральна адзін дваццаць), пры наяўнасьці ў другім разрадзе двухразраднае лічбы чысла 9 назва лічбы будуецца паводле мадэлі «наступны дзясятак мінус 1» (напрыклад, 29 एक-उणे-तीस ēka-uṇē-tīsa), літаральна «трыццаць мінус адзін»).

Урывак з паэмы Днянэшвары, пісьмовасьць модзі.

На ўзор большай часткі індаарыйскіх моваў у пісьмовай мове маратгі ў асноўным выкарыстоўваецца сылябічнае пісьмо дэванагары, якое паходзіць ад старажытнаіндыйскага пісьма брагмі. Першыя пісьмовыя помнікі маратгі вядомыя з ХІ ст. у выглядзе надпісаў на камянёх і медных пласьцінах. З ХІІІ ст. выкарыстоўвалася ўласнае пісьмо — модзі, якое зьяўляецца скарапісным варыянтам дэванагары для маратгі, аднак ужо зь сярэдзіны ХХ ст. у мове афіцыйна выкарыстоўваецца пісьмо дэванагары[9]. Прынцып выкарыстаньня дэванагары для маратгі супадае зь іншымі мовамі з ужываньнем гэтае пісьмовасьці (сымбаль па змоўчваньні пазначае спалучэньне Ca, дзе C — зычны; для прыбраньня a або зьмены яго на іншы галосны выкарыстоўваюцца дыякрытычныя знакі, парадак сымбаляў — зьлева направа). Існуюць сымбалі для спэцыфічных фанэмаў маратгі, выкарыстоўваюцца заходнія знакі прыпынку.

Для перадачы ўласных назваў мовы, як правіла, выкарыстоўваецца міжнародны альфабэт трансьлітарацыі санскрыту, які, незважаючы на яго прызначнасьць для санскрыту, можа ўжывацца й для сучасных індаарыйскіх моваў. Апрача іншага, сярод унармаваных пісьмовасьцяў таксама выкарыстоўваецца лацінскі альфабэт, які мае пэўнае пашырэньне ў нефармальнай камунікацыі з прычыны мажлівай адсутнасьці тэхнічнай падтрымкі модзі або дэванагары.

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Nationalencyklopedin. Världens 100 största språk 2007. — 2007.
  3. ^ а б Marathi | Ethnologue (анг.)
  4. ^ Khodade, 2004
  5. ^ Colin Masica. The Indo-Aryan Languages. — Cambridge University Press, 1993. — 539 с.
  6. ^ Masica (1991:97)
  7. ^ Language Marathi (анг.). WALS Online. Праверана 21 траўня 2014 г.
  8. ^ Marathi (анг.). UCLA. Праверана 21 траўня 2014 г.
  9. ^ Marathi language, alphabet and pronunciation (анг.). Omniglot. Праверана 21 траўня 2014 г.
  • Gāwḍi, A.M.Ghatage & P.P.Karapurkar. VIII // A Survey of Marathi Dialects. — Bombay: The State Board for Literature and Culture, 1972.
  • Prabhakar Machwe. Marathi: The Language and its Linguistic Traditions. — Indian and Foreign Review, 1985.
  • Dr. V. L. Vardhe. Essential Marathi Gramma = Atyavashyak Marathi Vyakaran.
  • Moreshvar Sakharam More. Marathi Grammar = Marathi Vyakaran.
  • Marathi Vishwakosh, Khand 12, Maharashtra Rajya Vishwakosh Nirmiti Mandal, Mumbai
  • Dr. Kolarkar. Marathyancha Itihaas. — Nagpur: Shrimangesh Publishers.
  • C. V. Vaidya. History of Medieval Hindu India from 600 CE to 1200 CE.
  • Kusumavati Deshpande. Marathi Sahitya (Review of the Marathi Literature up to 1960). — New Delhi: Maharashtra Information Centre.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]